Чытайце пачатак, частку 2, 3, 4 і 5
Настойліва ішоў да сваёй мэты і муж Людмілы Іван Янавіч. Яшчэ юнаком, пасля заканчэння базавай школы, паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымаў тут прафесію механіка. А ў 2001 годзе завочна закончыў навучанне на факультэце транспартных камунікацый ВНУ, якая ў той час мела назву Беларуская дзяржаўная палітэхнічная акадэмія, атрымаў дыплом па спецыяльнасці “інжынер–будаўнік аўтамабільных дарог і транспартных камунікацый”.
Іван Янавіч Нехвядовіч прайшоў 30-гадовы працоўны шлях на розных пасадах у Іўеўскім ДРСУ-156: тэхнік, тэхнолаг, майстар, прараб, начальнік планава-вытворчага аддзела, галоўны інжынер. Яшчэ 9 гадоў працаваў начальнікам упраўлення капітальнага будаў-ніцтва Іўеўскага райвыканкама.
Дачка Нехвядовічаў Вольга пайшла па працоўных слядах бацькі. Яна закончыла на выдатна БНТУ па спецыяльнасці “інжынер-будаўнік аўтамабільных дарог і транспартных камунікацый”. Працуе ў Івацэвіцкім райвыканкаме галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва.
Сын Нехвядовічаў Юрый працуе вадзіцелем-даль-набойнікам і вельмі задаволены сваёй прафесіяй. У сям’і Нехвядовічаў чацвёра ўнукаў.
Меншыя дзеці Яўгена і Ганны Чакавых Валерый і Ванда таксама засталіся жыць і працаваць на Іўеўшчыне.

Сын Валерый закончыў Вадольскую васьмігадовую і Юрацішкаўскую сярэднюю школы. Да службы ў Савецкай Арміі атрымаў прафесію вадзіцеля на курсах, а пасля службы ў арміі закончыў Мінскае вучылішча грамадзянскай авіяцыі. Атрымаў дыплом па спецыяльнасці “авіяцыйны тэхнік”. Быў накіраваны па размеркаванні ў Цюмень і там працаваў па спецыяльнасці.
Але жаніцьба з старчаняцкай дзяўчынай Янінай карэнным чынам змяніла яго жыццё. Нявеста захацела жыць у Іўі, і жаніх вымушаны быў згадзіцца. Яны пасяліліся ў Іўі. Прафесія авіяцыйнага тэхніка тут, на жаль, аказалася незапатрабаванай. Валерый працаваў у “Беларусбанку” інкасатарам. Але праз нейкі час штат службы скарацілі. Дзелавы і энергічны малады чалавек не разгубіўся і стаў індывідуальным прадпрымальнікам па ўстаноўцы вокнаў і дзвярэй. Яго фірма і цяпер паспяхова працуе і аказвае патрэбныя паслугі жыхарам Іўеўскага і суседніх раёнаў.
Жонка Валерыя Яніна працавала ў дзіцячым садку №2 горада Іўе, цяпер на пенсіі.
Дачка Чакавых Ванда пасля заканчэння Вадольскай васьмігадовай і Юрацішкаўскай сярэдняй школ паступіла і закончыла Пінскі тэхнікум па спецыяльнасці “банкаўская справа”.
Каля 40 гадоў Ванда Яўгеньеўна Рэзвановіч адпрацавала у “Беларусбанку” г. Іўе на розных адказных пасадах. Ужо на пенсіі, але працягвае працаваць па спецыяльнасці. Яе муж Барыс Ібрагімавіч займаецца агародніцтвам.
З пачуццём удзячнасці землякам і малой радзіме
Лёс кожнага вадольца склаўся па-рознаму. Хтосьці ад’ехаў далёка ад вёскі і прыжыўся на прасторах былых рэспублік СССР, хтосьці з’ехаў за мяжу. Але шмат і тых, хто не адарваўся ад Беларусі, ад Гродзеншчыны, рупліва і старанна працаваў і працуе на карысць сваёй дзяржавы. Многія з іх пражываюць на Іўеўшчыне і праявілі тут свае працоўныя здольнасці, талент і прафесійныя веды. Іх прыкмецілі ў працоўных калектывах і даручылі ім самыя важныя ўчасткі на адказных пасадах.
Віктар Ракець родам з вёскі Вадоль. Пасля службы ў Савецкай Арміі, у 1984 годзе паступіў у Вышэйшую школу міліцыі ў Мінску. У цяперашні час гэта Акадэмія МУС. У 1988 годзе ён закончыў навучальную ўстанову, атрымаў дыплом эксперта – крыміналіста і быў накіраваны на працу ў Іўеўскі раён. Працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Іўеўскага РАУС, а затым доўгі час – начальнікам крымінальнага вышуку. Яму прысвоена міліцэйскае званне маёра.

З 2011 года Віктар Вацлававіч на пенсіі. Ветэран працы МУС з’яўляецца ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Будучы курсантам Вышэйшай школы міліцыі, ён быў накіраваны з іншымі курсантамі на ахову важных аб’ектаў чарнобыльскай зоны.
Жонка Віктара Вацла-вавіча Святлана Аляксандраўна родам з Украіны, з Адэскай вобласці. Яе мама – украінка, а бацька – беларус, які праходзіў у Адэскай вобласці службу па кантракту ў Савецкай Арміі. У 1969 годзе сям’я пераехала жыць у Беларусь.
У 2004 годзе Святлана закончыла Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці “менеджмент у культурнай сферы”. У сферы культуры працавала з 1995 года. Займала пасады загадчыка клуба ў Жылях, дырэктара Дома культуры ў Геранёнах.
З 2002 па 2024 год, да выхаду на заслужаны адпачынак, Святлана Аляксандраўна працавала дырэктарам Іўеўскага Дома культуры, які за перыяд яе дзейнасці змяніў назву на Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу.
Мастацкія калектывы цэнтра і асобныя самадзейныя артысты і майстры былі неаднаразовымі ўдзельнікамі і пераможцамі многіх рэспубліканскіх, абласных і раённых фестываляў, святаў, конкурсаў, выстаў. За дасягнутыя поспехі Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу і яго дырэктар неаднаразова атрымоўвалі Ганаровыя граматы аддзела культуры, упраўлення культуры аблвыканкама.
Па выніках 2019 года спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Дзеячам культуры і мастацтва” прысуджана праекту “Іўеўскі каларыт” калектыву Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу за захаванне, развіццё і папулярызацыю рэгіянальных культурных традыцый.
9 студзеня 2020 года ў Дварцы Рэспублікі адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Дырэктар Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Ракець атрымала гэтую высокую ўзнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.
Вадольскія карані і ў Галіны Вацлаваўны Ракець (па мужу – Протчанка).
У 1985 годзе Галіна паступіла ў Маскоўскі ўсесаюзны інстытут харчовай прамысловасці на інжынерна – эканамічны факультэт. У 1990-м годзе яна закончыла навучальную ўстанову і атрымала дыплом інжынера – эканаміста. Перад ёй адкрываліся шырокія магчымасці працаўладкавання ў гарадах Расіі і Беларусі. Але Галіне хацелася вярнуцца ў родныя мясціны, каб быць побач з бацькамі, роднымі і блізкімі людзьмі. Месцам працы яна выбрала Іўе. Працавала эканамістам у Іўеўскім гаспадарча – разліковым будаўнічым участку. У 1998 годзе перайшла на працу бухгалтарам аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама. З 2010 года Галіна Вацлаваўна Протчанка працуе ў райфінаддзеле і займае пасаду намесніка начальніка фінансавага аддзела Іўеўскага райвыканкама.
За шматгадовую і старанную працу ў дзяржаўных органах Галіна Вацлаваўна ўзнагароджана ганаровымі граматамі райфінаддзела і абласнога ўпраўлення фінансавага аддзела Гродзенскага аблвыканкама.
У 1980-я гады пра аграгарадок Геранёны і калгас імя ХХII партз’езда пад кіраўніцтвам Уладзіміра Аляксандравіча Баўма ведалі далёка за межамі Беларусі. З навін радыё і тэлебачання мільёны гледачоў бачылі і чулі, як паспяхова развіваецца перадавы калгас на Іўеўшчыне: расце вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, будуюцца аб’екты вытворчасці і сацкультбыту, жыллё для калгаснікаў і спецыялістаў. Жыць і працаваць у Геранёны ехалі з задавальненнем маладыя спецыялісты, нават сем’і з былых рэспублік СССР. Пераехалі ў Геранёны і 5 маладых сямёй з вёскі Вадоль. Мужчыны пайшлі працаваць вадзіцелямі, жанчыны знайшлі сабе работу па душы ў розных сферах гаспадаркі.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі. Заканчэнне будзе.






