У полі, у доле, з сялянскаю доляй – Вадоль. Чытайце пачатак тут
Адданыя вёсцы і працы на зямлі
31 жніўня 1952 года на агульным сходзе жыхароў вёскі Вадоль быў створаны калгас “Борец”. Ён праіснаваў да сакавіка 1954 года.
Па загаду зверху партыйных і савецкіх органаў пачалося ўзбуйненне дробных гаспадарак на Іўеўшчыне. 5 сакавіка 1954 года калгас “Борец” вёскі Вадоль, калгас “Победа” вёскі Васілевічы, калгас імені Панамарэнка вёскі Хілевічы, калгас імені Льва Талстога вёскі Якунька былі далучаны да калгаса “1 Мая” Суботніцкага сельсавета, цэнтр якога знаходзіўся ў вёсцы Кіслыя. Такі аб’яднаны калгас з пяці вясковых гаспадарак праіснаваў каля сямі гадоў і быў далучаны да саўгаса “Жамыслаўль” Суботніцкага сельсавета 06.07.1960 года.

У 1960-м годзе ў саўгас “Жамыслаўль” уваходзілі 5 вытворчых брыгад: “Цэнтральная”, “Раманы”, “Гіравічы”, “Залессе”, “Васілевічы”. У 1981 годзе брыгады ўзбуйнілі ў тры вытворчыя ўчасткі: “Цэнтральны”, “Раманы” і “Васілевічы”. У вытворчы ўчастак “Васілевічы” уваходзілі вёскі Васілевічы, Кіслыя, Хілевічы, Вадоль, Залессе, Нарбуты, участак Залессе (тры хаты).
У вёсцы Васілевічы, дзе размяшчаўся цэнтр вытворчага ўчастка, знаходзіўся мехдвор, дзе стаялі трактары і прычапны інвентар. На абгароджанай тэрыторыі размяшчалася драўляная кузня, заправачнае паліва для трактараў. Паблізу мехдвара стаяла цагляная баня для механізатараў.
Паміж вёскамі Васілевічы і Кіслыя размяшчалася ферма з двух будынкаў па адкорму жывёлы. У адной з іх стаялі цялушкі на адкорме 100 галоў, у другой – бычкі на адкорме – 300 галоў.
Ганна Станіславаўна Кулеш родам з вёскі Ціконі Геранёнскага сельсавета закончыла Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, па спецыяльнасці бухгалтар. Пачынала працоўную дзейнасць у брыгадзе “Васілевічы” саўгаса “Жамыслаўль” у 1976 годзе. З брыгадай і вёскай Васілевічы звязала сваё жыццё. Адразу працавала бухгалтарам, а праз некаторы час узначаліла вытворчы ўчастак. Тут працоўны стаж яе дзейнасці склаў 39 гадоў. Яна добра ведае мясцовасць, землі, добра памятае людзей, якія працавалі ў саўгасе.
Калектыў участка “Васі-левічы” апрацоўваў 580 га зямлі. Лепшыя землі каля Жамыслаўля, а тут зямля сярэдняй урадлівасці, але дзякуючы догляду за палямі, унясенню дастатковай колькасці арганічных і мінеральных угнаенняў, вытворчы ўчастак “Васілевічы” атрымоўваў добрую ўраджайнасць культур. Вырошчвалі жыта, ячмень, авёс, сумесі аднагадовых культур на корм жывёле, кармавыя буракі, 20-30 га бульбы.
У ліку лепшых механізатараў вытворчага ўчастка “Васілевічы” былі і многія механізатары з вёскі Вадоль. Часлаў Пятровіч Белаус працаваў на трактарах МТЗ-50, МТЗ-80. Умела выконваў усе віды палявых работ: ворыва, культывацыю, сеў, унясенне ўгнаенняў. У перыяд жніва Часлаў сядаў за руль зернеўборачнага камбайна і дабіваўся добрых намалотаў.
Механізатар Часлаў Іванавіч Жэбрык працаваў на трактары Т-40 з прычэпам. Ён займаўся перавозкай грузаў на тэрыторыі ўчастка.
Яўгеній Вітольдавіч Калыска працаваў на гусянічным трактары Т-74, а затым перайшоў на працу слесарам на фермы Васілевічы і Залессе.
У 1990-2000 гады ў вытворчым участку “Васілевічы” старанна працавалі маладыя механізатары з Вадолі — Станіслаў Станіслававіч Казіміровіч, Віктар Бранісла-вавіч Гражынскі, Павел Альфрэдавіч Мураўскі, Віктар Браніслававіч Кяўра. Яны любілі сваю прафесію, былі адказныя і акуратныя ў рабоце. Усе працавалі на трактарах новай мадыфікацыі МТЗ-82 і своечасова праводзілі ворыва, сеў, унясенне ўгнаенняў і іншыя работы. Віктар Кяўра перайшоў працаваць на трактар Т-150, а затым быў прызначаны механікам участка “Васілевічы”.
На будучы ўраджай механізатары працавалі круглы год. Зімой вазілі ў бурты тарфакрошку з кар’ераў каля в. Казары за Геранёнамі, з-пад Лукашына, з Дакудава Лідскага раёна і нарыхтоўвалі торфанавозныя кампосты на палі.
Вадольскія паляводы, як і іншыя паляводы ўчастка, завозілі на фермы торф і салому на подсціл, салому на корм жывёле на фермы, убіралі з палёў ураджаі бульбы і буракоў, збіралі каменне з палёў.
У час пасяўной добра працавалі паляводы з Вадолі Іван Казіміравіч Кяўра, Віктар Іванавіч Белаус, Вацлаў Пятровіч Жэбрык, Станіслаў Матвеевіч Казіміровіч, сеяльшчык Франц Іванавіч Жульпа.
02.07.2007 года вытворчы ўчастак “Васілевічы”, як і СВК “Жамыслаўль”, былі далучаны да Суботніцкага СВК “Умястоўскі”.

У цені клёнаў і бяроз, з уласным, перажытым лёсам…
На сённяшні дзень у вёсцы Вадоль налічваецца 10 гаспадарак. Прапісаных у вёсцы 15 жыхароў, 12 з іх пражываюць тут пастаянна, назаўсёды звязалі сваё жыццё з вёскай.
Гэта Станіслаў Віктаравіч Латвіс, Віктар Юзэфавіч і Ганна Чаславаўна Станулевічы, Валянціна Данілаўна Казіміровіч з сынамі Андрэем і Юрыем, Альфрэд Іванавіч Мураўскі з сынам Паўлам, Іван Браніслававіч Жэбрык, Ядвіга Браніславаўна Калыска, Наталля Іванаўна Вярцінская з сынам Дзмітрыем. Самая старэйшая жыхарка Вадолі Уладзіслава Вікенцьеўна Жульпа, 1935 г.н., пражывае ў пляменніцы ў Суботніках. У сакавіку 2025 года яна адзначыць свой юбілей – 90-годдзе. У час наведвання вёскі нам удалося пагаварыць з яе жыхарамі.

Станіслаў Віктаравіч Латвіс, 1959 г.н., родам з Вадолі. Яго бацька Віктар Зыгмунтавіч працаваў вартаўніком у брыгадзе “Васілевічы” саўгаса “Жамыслаўль”, рабочым на чыгунцы. Маці Ядвіга Іосіфаўна працавала ў паляводстве.
Іх старэйшая дачка Таццяна з сям’й пражывае ў Лідзе, да выхаду на пенсію працавала вязальшчыцай у Доме быту. Другая дачка Марына працавала ў Лідзе на заводзе “Лідсельмаш”, а затым пераехала з сям’ёй у горад Масты і там да пенсіі працавала на чыгуначным вакзале.
Сын Станіслаў закончыў вучылішча механізацыі ў г.п. Воранава і аўташколу ў Ашмянах на вадзіцеля катэгорыі С. Пасля набыцця прафесіі “трактарыст – машыніст шырокага профілю”, Станіслаў працаваў трактарыстам у брыгадзе “Васілевічы” саўгаса “Жамыслаўль”, затым – на трактары ў саўгасе “Суботнікі”.
З апошняга месца працы Станіслаў быў прызваны на службу ў Савецкую Армію і служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ва Украіне. Вярнуўшыся са службы ў арміі, звязаў сваю прафесійную дзейнасць з Іўеўшчынай. 2,5 гады працаваў шафёрам на аўтабазе № 15 у г.п. Юрацішкі, а затым у Ліпнішкаўскай сельгастэхніцы на бензавозе. Абслугоўваў калгасы і саўгасы раёна на машынах ГАЗ-53, ЗІЛ-554, ЗІЛ-555. Вазіў сілас, зерне, тарфакрошку і іншыя грузы.
Калі адмянілі арганізаваны падвоз на працу ў Ліпнішкі, Станіслаў уладкаваўся на працу ў Ліпнішкаўскае лясніцтва і працаваў рабочым лесу, лясніком у абходзе ад Вадолі да рэчкі Гаўі.
За 34 гады агульнага стажу Станіслаў Латвіс паспеў папрацаваць і паляводам мясцовага саўгаса. Прыказка: “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” – гэта пра яго, чалавека, адданага роднаму краю. Цяпер ветэран працы на пенсіі. У вольны час захапляецца збіраннем грыбоў, рыбалкай.
Ганна Чаславаўна Станулевіч, 1956 г.н., родам з вёскі Вялікая Показь Ліпнішкаўскага сельсавета. У маладосці працавала на Іўеўскім кансервавым заводзе. Выйшла замуж за Станіслава Станулевіча з вёскі Вадоль. У 1980-м годзе сям’я пераехала жыць у Вадоль, у бацькаву хату Станіслава. Тут нарадзіліся два хлопчыкі – Гена і Валерык. Станіслаў працаваў на ферме “Васілевічы” саўгаса “Жамыслаўль”, у будаўнічай брыгадзе саўгаса. Ганна пайшла працаваць у паляводчую брыгаду. Яе працавітасць, стараннасць і арганізатарскія здольнасці прыкмеціла кіраўніцтва саўгаса і прызначыла звеннявой ільнаводчага звяна ўчастка “Васілевічы”.

Лён на землях ўчастка ў той час вырошчвалі на плошчы 30-50 гектараў. Працэс яго апрацоўкі ад севу да здачы льнотрастой і саломкай дзяржаве быў цяжкі і працяглы. Яго рвалі льнорвалкамі, вязалі ў снапкі, затым малацілі галоўкі, загружалі снапкі ў машыны і адпраўлялі на здачу на станцыю Гаўя ці ў Ашмяны. Цаніўся лён — даўгунец, чысты, якасны, з добрым валакном. Пра гэта і клапацілася звеннявая Ганна Станулевіч, суправаджаючы машыны з прадукцыяй на здачу.
— Таварны выгляд заўсёды меў важнае значэнне пры здачы льнотрасты, — успамінае Ганна Чаславаўна. — Таму я старалася заўсёды перад адпраўкай накрыць машыну, загружаную снапамі, брэзентам ад дажджу ці снегу. Прыёмшчыца ўлічвала гэта і ставіла нас ў прыклад здатчыкам з іншых гаспадарак.
У нашай брыгадзе “Васілевічы” было дружнае ільнаводчае звяно з 15 жанчын. Яны працавалі старанна і безадказна. Асабліва хочацца адзначыць перадавых ільнаводаў з вёскі Вадоль Станіславу Станіславаўну Белаус, Марыю Канстанцінаўну Ракець, Ядвігу Людвікаўну Новік, Ядвігу Браніславаўну Калыска.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег Ігліцкі. Працяг будзе.






