Майстэрня Жаравых – адзіная ў Беларусі, якая выкарыстоўвае ўнікальныя тэхнікі іконапісання – энкаўстыку і залачэнне сусальным золатам на палімент. Дарэчы, тэхніка Жаравых вельмі даўняя, яна была дасканала вывучана майстрамі і адроджана. Цікава, што такі спосаб дазваляе захаваць фарбы на многія-многія гады. Іконы, напісаныя Андрэем Жаравым, знаходзяцца ў храмах Беларусі, Расіі, Польшчы, Малдовы. Стваралі абразы і для Каложскай царквы.
Іканапісная майстэрня Доўнара таксама афармляе фрэскамі і абразамі інтэр’еры храмаў не толькі Беларусі, але і Еўропы. Як распавёў Віктар Доўнар на адкрыцці экспазіцыі, іх майстэрня прадставіла для выставы ў асноўным работы, якія былі створаны падчас пленэру ў Лагойску. Яго тэмай былі праваслаўныя цудатворныя абразы. На выставе можна пабачыць багата абразоў Божай Маці – Жыровіцкі, Навагрудскі, Лагойскі, Маларыцкі, Купяцінскі ды іншыя. Яны выкананы ў цікавых сучасных тэхніках, але з захаваннем беларускіх і візантыйскіх традыцый іканапісу.
Распавядаючы пра розныя тэхнікі, майстры патлумачылі, у чым, да прыкладу, розніца ў напісанні Божай Маці. У візантыйскай традыцыи Божая Маці асабліва сумная, нават суровая. Бо яна ведае, што яе дзіця будзе забіта – як вытрываць такое? Беларуская Божая Маці ведае, што яе дзіця будзе забіта, аднак абавязкова ўваскрэсне. Адсюль – лёгкая ўсмешка на твары.
Упрыгожвае выставу саламяная Царская брама знакамітага графіка, жывапісца, народнага майстра Беларусі па саломапляценні Ларысы Лось. Такія брамы – таксама беларуская традыцыя. Прадстаўленая на выставе нагадвае браму, што захоўваецца ў Новым замку. Дарэчы, рэстаўрацыяй гродзенскага артэфакта займалася ў 1970-я гады Ларыса Лось – яна была адзіным майстрам, хто валодаў старадаўняй тэхнікай стварэння саламяных брам. Сучасная брама не мае абразоў, але захавала адну адметнасць: сяляне стваралі з саломы такія брамы, упрыгожвалі іх кавалачкамі чырвонай і зялёнай тканіны, якія на фоне залатой саломкі нагадвалі каштоўныя камяні і радавалі вока прыхажан.
«ГП».






