Экономика

Напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя ў аг. Субботнікі адбылося азеляненне месца адпачынку

Напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя ў аг. Суботнікі адбылося азеляненне месца адпачынку, добраўпарадкаванне якога пачалося яшчэ ў мінулым годзе. Зялёную акцыю ініцыявала раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на чале з Марыяй Антончык. Падтрымалі добрую справу раённы Савет дэпутатаў і Суботніцкі сельскі Савет дэпутатаў. 

На фота С. ЗЯНКЕВІЧА: супрацоўнікі райінспекцыі ПРіАНА М. Антончык, Я. Гурскі, тэхработнік Суботніцкага сельвыканкама А. Мікша

– Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя лічыцца Днём эколага. Гэта свята людзей, якія клапоцяцца аб экалогіі ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў, а таксама тых, хто любіць і шануе нашу прыроду, уносіць свой уклад у чысціню лясоў, берагоў рэк, займаецца пасадкай дрэў і г. д. Сёння мы вырашылі ўпрыгожыць зону адпачынку ў Субботніках. Выдатна, што нашу ініцыятыву падтрымалі. Разам справа ідзе спорна, — сказала кіраўнік райінспекцыі.

Добраўпарадкаванне месца адпачынку ў Суботніках распачала Валянціна Філон, якая ў той час займала пасаду старшыні мясцовага сельвыканкама. Сёння яна ўзначальвае раённы Савет дэпутатаў, аднак распачатую справу вырашыла падрымліваць і надалей.

— Калісьці гэта месца было звычайнай пустэчай.  З’явілася вялікае жаданне зрабіць тут зону адпачынку. Мары, напэўна, і засталіся б марамі, каб не дапамога і ўдзел грамадскасці аграгарадка.  Дэпутаты, кіраўнікі арганізацый, работнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства – ніхто не застаўся раўнадушным.

Добрую справу падтрымаў ксёндз Аляксандр, які дапамагаў і арганізаваць людзей, і сам паказваў добры прыклад. Так на былой пустэчы з’явілася рабінавая алея, у хуткім часе – лаўкі і клумба. Сёння месца ўпрыгожылася туямі. Аднак справа на гэтым не закончылася. Плануецца, што да канца года тут з’явіцца валейбольная і шахматная пляцоўкі. Плануецца  таксама ўладкаваць альтанку, — расказала Валянціна Філон. 

Да размовы далучыўся старшыня Суботніцкага сельвыканкама Уладзімір Трафімчык, які выказаў спадзяванне, што жыхары аграгарадка будуць актыўней далучацца да добраўпарадкавання тэрыторыі. Агульная справа яднае. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Ірына Бутурля.