Чытайце частку 1, частку 2, частку 3
ЛІХАРАД Мікалай Лявонцьевіч нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Морына. У гады нямецкай акупацыі пражываў у роднай вёсцы. У лістападзе 1944 года быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Пачынаў службу ў 35-ым асобным штрафным тылавым батальёне, які з’яўляўся накапляльна-перасыльным пунктам і знаходзіўся ў горадзе Барысаве Мінскай вобласці.
Хутчэй за ўсё, мабілізаваны Мікалай Ліхарад быў накіраваны ў дадзенае фарміраванне таму, што, па нейкіх прычынах, ён не пайшоў на фронт у першую хвалю мабілізацыі з іншымі морынцамі ў ліпені 1944 года. Быў мабілізаваны на фронт толькі ў снежні 1944 года. Магчыма, у Ліхарада былі нейкія праблемы ў сям’і, бо на той час яму споўніўся 41 год.
З Барысава Мікалай Ліхарад быў накіраваны на ваенна-перасыльны пункт 176-га армейскага запаснога стралковага палка 3-й гвардзейскай арміі.
З 08.02.1945 года радавы Ліхарад ваяваў на фронце ў складзе 37-й асобнай штрафной роты 3-й ударнай арміі, а затым у складзе 6-й гвардзейскай арміі. 3-я ўдарная армія з снежня 1944 года ўваходзіла ў склад 2-га Прыбалтыйскага фронта.
Адразу ў складзе 3-й ударнай арміі, а затым у складзе 6-й гвардзейскай арміі радавы Ліхарад вызваляў ад гітлераўскіх захопнікаў тэрыторыю Беларусі, пачынаючы з Полацка, а затым тэрыторыі Літвы і Латвіі. На тэрыторыі Латвіі 6-я армія засталася як рэзерв для фронта.
У Латвіі 2-гі Прыбалтыйскі фронт быў расфарміраваны і частка яго вайсковых злучэнняў увайшла ў Курляндскую групу войск (часовае аператыўнае аб’яднанне савецкіх войск).
Баявая ўзнагарода – медаль “За боевые заслуги” – была ўручана ветэрану вайны з Морына 24.09.1966 года, праз 21 год пасля яе завяршэння.
Вярнуўшыся з фронту, Мікалай Лявонцьевіч пайшоў працаваць абпальшчыкам цэглы на морынскі завод “Красный кирпичник” і працаваў па гэтай спецыяльнасці да пенсіі. Яго змяніў на гэтай жа працы малодшы сын Уладзімір, які таксама шмат гадоў адпрацаваў абпальшчыкам.
Старэйшы сын Мікалая Ліхарада Яўгеній таксама набыў вялікі працоўны стаж на выгрузцы абпаленай цэглы з печы.
Дынастыя Ліхарадаў упісала сваю працоўную старонку ў гісторыю морынскага цагельнага завода.
СПІРЫН Яўгеній Іосіфавіч нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Чараміс Краснаслабадскога раёна Мардоўскай АССР. У 1931 годзе працаваў у вёсцы на сялянскай гаспадарцы. З 1931 па 1936 год працаваў кладаўшчыком у Масгаржылбудсаюзе і пражываў у Маскве на станцыі Нахабіна. У 1936 годзе быў прызваны на воінскую службу ў Чырвоную армію і служыў да 1938 года. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Маскве шліфоўшчыкам па металу на пратэзным заводзе з 1938 да чэрвеня 1941 года.

Калі фашысцкая Германія вераломна напала на краіну, Яўгеній Спірын у ліку першых з’явіўся у ваенкамаце Ленінградскага раёна Масквы і стаў у рады народнага апалчэння з 14 ліпеня 1941 года па 1 красавіка 1942 года. З красавіка 1942 года Леанід пайшоў у Чырвоную армію на пярэдні край абароны сталіцы. Ваяваў у званні сяржант на пасадзе камандзіра аддзялення 52-га артылерыйскага палка 18-й Ленінградскай дывізіі. У кастрычніку 1941 года чырвонаармеец Спірын з іншымі байцамі трапіў у нямецкае акружэнне каля горада Вязьма Смаленскай вобласці. У палоне знаходзіўся з 25 лістапада 1941 года па 2 снежня 1941 года. На тэрыторыі Беларусі здзейсніў з таварышамі пабег з палону.
5 мая 1942 года Яўгеній Спірын быў прыняты ў партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага. Займаў пасаду камандзіра ўзвода.
З баявой характарыстыкі партызана вядома, што за час знаходжання ў партызанскім атрадзе ён удзельнічаў у дыверсіях па падрыву чыгуначных рэек 17.09.1943 г., 24.09.1943 г., 23.01.1944 г., 19.06.1944 г. За правядзенне дыверсіі 17.09.1943 г. усяму асабіс-таму саставу ўзвода аб’яўлена падзяка ад упаўнаважанага Лідскага міжрайпартцэнтра за смелае і ўмелае дзеянне па падрыву чыгуначных рэек.
Яўгеній Спірын удзель-нічаў з узводам у знішчэнні тэлефонна-тэлеграфнай лініі сувязі, малочных заводаў, смалакурных і спіртзаводаў, драўляных мастоў.
Вызначыўся у разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Вераскава 06.07.1943 г. Тут партызаны ўзвода смела ўварваліся ў гарнізон і ва ўпор расстрэльвалі паліцэйскіх і падпальвалі пабудовы, у якіх яны заселі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 снежня 1943 года Яўгеній Іосіфавіч Спірын узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
05.03.1944 года Яўгеній Спірын удзельнічаў у разгроме гарнізона казакаў у вёсцы Басіна, дзе смела, рашуча і ўмела кіраваў сваім узводам, трапным агнём знішчаў беглых у паніцы казакаў.
22.03.1944 года атрад імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага прымаў удзел у разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёна, дзе партызаны праявілі смеласць, адвагу і рашучасць, нягледзячы на моцны агонь праціўніка. Яўгеній Спірын на чале свайго ўзвода перабежкамі прабраўся да ўмацаванняў і трапным агнём знішчаў агнявыя кропкі праціўніка. Уварваўшыся ў гарнізон, партызаны ва ўпор расстрэльвалі казакаў, выбягаючых з умацаванняў, закідвалі гранатамі тых казакаў, якія заселі ў хатах і гумнах.
Напярэдадні вызвалення нашай тэрыторыі Чырвонай арміяй ад фашыстаў, партызаны вызвалілі ад акупантаў г.п. Любча. 6 ліпеня 1944 года тут адбыўся бой. Ні аднаму гітлераўцу не ўдалося сысці ад пакарання.
У баі за г.п. Любча Яўгеній Спірын праявіў сябе смелым, адважным і рашучым камандзірам. Камандаванне высока ацаніла яго здольнасці, адданасць сваёй Радзіме і ўзнагародзіла яго медалём “За Победу над Германией”, медалём “Партизану Отечественной войны І степени” ад 20.09. 1947 года.
Пасля вайны Яўгеній Іосіфавіч Спірын працаваў у многіх прадпрыемствах і арганізацыях рэспублікі. З 15 мая 1960 года ён працаваў старшым майстрам цагельнага завода ў Морыне. А яго жонка Соф’я Аляксандраўна – загадчыкам магазіна цагельнага завода.
Старэйшыя дзеці Спірына Анатоль, 1939 г.н., і Раіса, 1940 г.н., нарадзіліся ў шлюбе з першай жонкай, якая рана памерла. З Соф’яй Аляксандраўнай у Яўгенія Іосіфавіча трое дзяцей: Тамара, 1947 г.н., Леанід, 1952 г.н., Зоя, 1958 г.н.
У 1967 годзе сям’я Спірыных пераехала жыць у Навагрудскі раён, пасля пераводу Яўгенія Іосіфавіча на працу майстрам на цагельны завод у в. Марцулі.
У пенсійным узросце Спірыны пражывалі ў г. Ліда ў прыватным доме.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
(Працяг будзе).
Алег ІГЛІЦКІ.






