Экономика

Байцы Перамогі ў вайне 45-га года – ветэраны працы цагельнага завода (частка 3)

Чытайце частку 1, частку 2

Грыбоўскі Сцяпан Сцяпанавіч нарадзіўся ў 1920 годзе. З маці Марыяй Андрэеўнай Грыбоўскай з Кір’янаўцаў у морынскі маёнтак Брахоцкіх прыехала жыць і працаваць сям’я ў поўным складзе: сыны Сцяпан і Уладзімір, дочкі Зіноўя, Зофія, Гелена, Марыя. 

Сцяпан Грыбоўскі  (трэці справа) з рабочымі цагельнага завода

У 1943 годзе Сцяпан Грыбоўскі ажаніўся з морынскай дзяўчынай Валянцінай Мелех, 1922 г.н., якая таксама працавала ў маёнтку на палявых работах. У 1940 годзе Валянціна пайшла працаваць загадчыцай хатай-чытальняй у вёску Галімшчына Іўеўскага раёна. Праца бібліятэкара маладой дзяўчыне вельмі падабалася. Але ў чэрвені 1941 года пачалася вайна, і яна пешшу вярнулася ў Морына. 

У 1990-я гады Валянціна Антонаўна расказвала: 

-Тых, якія жылі ў панскім двары, морынцы называлі дворнымі ці дварнягой. Мы ўсе былі маладыя і не чакалі, калі хто-небудзь нас павесяліць. Самі сабе арганізоўвалі адпачынак. Збіраліся на рэпетыцыі, рыхтавалі канцэрты, спектаклі, якія называлі камадэйкамі. Актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці былі Уладзімір Вараніцкі, Сцяпан Грыбоўскі, яго родны брат Уладзімір Грыбоўскі, Генуэфа Шамяка, Казімір і Валянціна Дабраловічы.

Месцам для выступлення была недабудаваная панская абора (кароўнік). Удзельнікі самі зрабілі з дошак сцэну. Тут адбыліся пастаноўкі спектакляў “Мікітаў лапаць” па п’есе Міхася Чарота, “Збянтэжаны Саўка” па п’есе Леапольда Родзевіча. Ролю Саўкі выконваў Валодзя Грыбоўскі, а я – ролю Магрэты. Да таго ж Валодзя Грыбоўскі добра іграў на гармоніку і агучваў канцэрты. 

А вось у п’есе “Мікітаў лапаць” ролю Мікіты выдатна сыграў Валодзя Вараніцкі. А ролі Зоські і яе маці ігралі Генуэфа і Валянціна Дабраловіч – дваюрадныя сёстры.

А як танцы народныя гулялі! Любілі гуляць “Лявоніху” і нават з ёй ездзілі выступаць у Іўе. У танцах удзельнічалі мой Сцяпан Грыбоўскі, яго родная сястра Гелена, Казімір Дабраловіч. Любілі спяваць песні “Люблю наш край”, прыпеўкі “Скачуць хлопцы і дзяўчаты”, жартоўную песню “Ці я, мама, недарос”. А летнімі вечарамі морынская моладзь збіралася на беразе Нёмана і спявала песню “Плыве Нёман паміж берагоў».

У чэрвені 1941 года пачалася вайна. Мой тата Антон Канстанцінавіч Мелех, да вайны актыўны член КПЗБ, стаў партызанскім сувязным. Наша хата стаяла на самым беразе Нёмана, каля лесу. Бацька перавозіў на лодцы партызанаў праз Нёман, яны заходзілі да нас у хату паесці, пасушыць мокрае адзенне.

Я таксама выконвала просьбы партызан: насіла запіскі ў Бакшты, у вёску Дакудава Лідскага раёна. У мяне і пасведчанне было, што 8 месяцаў выконвала заданні, была сувязной, але пасведчанне дзесьці згубілася, і я нідзе не дабілася, каб далі другое.

А у ліпені 1944 года мужчын  нашых на фронт забралі: Сцяпана майго, яго роднага брата Валодзю Грыбоўскага, Мішу Беразоўскага, Валодзю Закрэўскага, Віктара Мацкевіча.

На сайце “Память народа” ёсць звесткі цэнтральнага архіва Міністэрства абароны пра ваенную службу Сцяпана Грыбоўскага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З ваенна-марского флота, праз Уладзімірскі ваенна-перасыльны пункт, радавы Грыбоўскі быў накіраваны ў 1-ю вучэбную роту 353-га запаснога стралковага палка для праходжання далейшай службы. Выбыў з воінскай часці 09.04.1945 года.

Захаваўся пайменны спіс ваеннаслужачых – каманда з 41 чалавека, якая была накіраваная ў распараджэнне 353-га запаснога стралковага палка. Дакумент падпісаны 07.04.1945 года начальнікам прыёмна-распарадчага пункта лейтэнантам Тарабаевым. Чым займалася каманда з 41 ваеннаслужачага? Такіх звестак, на жаль, не захавалася. 

Пасля заканчэння вайны Сцяпан Сцяпанавіч Грыбоўскі вярнуўся ў Морына і працаваў слесарам на цагельным заводзе. Яго жонка Валянціна Антонаўна – прыбіральшчыцай у канторы і клубе цагельнага завода, а ў свабодны час – на казлоўцы цэглы пад навесамі. 

Грыбоўскую добра ведалі ў Іўеўскім раёне як выдатную ткачыху, вышывальшчыцу, знаўцу народных песень з прыгожым голасам. Яна была неаднаразовым удзельнікам раённых, абласных выстаў народнай творчасці.

Сын Грыбоўскіх Іван, 1944 г.н., жыў з сям’ёй у горадзе Бярозаўка Лідскага раёна, а працаваў у Мурманску, хадзіў у плаванне на рыбалавецкім судне. 

Дачка Грыбоўскіх Таіса, 1948 г.н., пражывае ў пасёлку Сапёрнае Прыазёрскага раёна Ленінградскай вобласці. Працавала ў ваенным гарадку поварам у сталовай, кладаўшчыком на ваенным складзе.

Сын Грыбоўскіх Святаслаў, 1950 г.н., пражываў у Лідзе і працаваў кровельшчыкам у Лідскім будтрэсце №19.

Дачка Грыбоўскіх Марыя, 1952 г.н., закончыла Юрацішкаўскае медвучылішча. Па прафесіі медыцынская сястра. Пасля размеркавання працавала медсястрой у бальніцы №1 горада Гродна. Затым пераехала ў Ліду і працавала медсястрой у гарадской паліклініцы да пенсіі.

Мацкевіч Віктар Францавіч нарадзіўся 23 верасня 1908 года ў вёсцы Дабраўляны на Іўеўшчыне. Яго бацька Франц працаваў, а маці Міхаліна была хатняй гаспадыняй, бо гадавала дзяцей. Іх у сям’і было 12. Пяцёра памерлі ў малым узросце, сямёра выжылі.

Зямлі сваёй Мацкевічы не мелі, таму сям’я пераязджала з маёнтка ў маёнтак, каб знайсці пастаянную працу. Нейкі час Мацкевічы працавалі ў маёнтку пана Сялянкі ў Малым Бараве. Там Віктар закончыў тры класы школы ў Дудах. Затым сям’я пераехала на працу ў маёнтак Морын, уладальнікамі якога былі Брахоцкія.

У Морыне дзеці Мацкевічаў выраслі і раз’ехаліся па свеце. Юзік паехаў у Гальшаны. Пятрусь працаваў млынаром у Ліпнішках на млыне, што на ставе каля мястэчка. Хлопец убачыў, як на тонкім лёдзе праваліліся ў ваду двое дзяцей і кінуўся іх ратаваць. Дзяцей выратаваў – дастаў іх з глыбіні вадаёма на лёд, а сам загінуў. Яніна вышла замуж у вёску Каўкелі. Брат Стась і сястра Стэфаніда паехалі ў Польшчу. Віктар і сястра Браніслава засталіся жыць у Морыне.

У 1929-1931 гадах Віктар Мацкевіч быў прызваны на службу ў польскую армію і служыў у кавалерыйскім палку. У 1934 годзе ажаніўся з морынскай дзяўчынай Соф’яй Грыбоўскай. Працавалі абое ў гаспадарцы Брахоцкіх. Віктар – рознарабочым, у летні сезон – касцом. Соф’я – даяркай на ферме. Усе нягоды нямецкай акупацыі у час Другой сусветнай вайны сям’я перажыла ў Морыне. Двое іх дзяцей памерлі, чацвёра выжылі. 

У ліпені 1944 года Віктар Мацкевіч быў мабілізаваны Іўеўскім ваенкаматам у Чырвоную армію. Праходзіў навучальную падрыхтоўку ў 49-м стралковым палку. Набыў ваенную спецыяльнасць: стралок аўтамата і ручнога кулямёта. Затым быў пераведзены ў 50-ты вучэбны стралковы полк, дзе праходзіў службу з кастрычніка 1944 года па ліпень 1945 года. Служыў стралком у камендатуры пры перадзвіжной аўтамабільна-рамонтнай базе з ліпеня па жнівень 1945 года. Дэмабілізаваны ў жніўні 1945 года. За службу ў Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Віктар Францавіч Мацкевіч быў узнагароджаны юбілейнымі медалямі.

Вярнуўшыся пасля вайны, ён пайшоў працаваць на морынскі цагельны завод “Красный кирпичник”. 14 гадоў быў кладаўшчыком. Затым перайшоў на працу абпальшчыка цэглы і працаваў ім да выхаду на пенсію. Узнагароджаны медалём “За доблестный труд”. Абпальшчыкам цэглы на заводзе працавала і яго жонка Соф’я Сцяпанаўна. 

Вяселле Яніны Мацкевіч і Аляксандра Борыса ў 1966 г.

Дзеці Мацкевічаў перанялі ад бацькоў лепшыя задаткі стараннасці і працавітасці. Сын Янак жыў у Ленінградзе і працаваў шафёрам. Сын Станіслаў жыў у Ашмянах і таксама працаваў шафёрам. Дачка Генуэфа жыла ў горадзе Шчэціне ў Польшчы і працавала прадаўцом. 

Дачка Мацкевічаў Яніна засталася жыць у Морыне. У 14-гадовым узросце пайшла працаваць на завод, на казлоўку цэглы пад навесамі. У 17-гадовым узросце перайшла на працу ў фармовачны цэх па вырабу цэглы-сырца. Затым працавала падвозчыкам ваганеткай вугалю і торфу да печы па абпальванню цэглы. З 1983 года Яніна Віктараўна працавала загадчыцай зернесклада калгаса “Прынёманскі” да выхаду на пенсію. Яе муж Аляксандр Аляксандравіч Борыс быў перадавым трактарыстам і камбайнёрам калгаса “Прынёманскі”. Неаднаразова ўзнагароджваўся нагруднымі знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” па выніках сельскагаспадарчага года.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

(Працяг будзе).

Алег ІглІцкІ.