У канцы ХІХ стагоддзя на прамысловую аснову вытворчасць цэглы і чарапіцы ў Морыне паставіў Уладзіслаў Томаш Брахоцкі (1856-1932), сын Аляксандра Канстанціна, унук Роха – былых уладальнікаў маёнтка Морын. На тэрыторыі маёнтка была пабудавана фабрыка (так называлі прадпрыемства), дзе ўзвысіліся не толькі навесы для сушкі цэглы-сырца, але і вялікая печ сістэма Гофмана для абпальвання цэглы, якую ўзвялі запрошаныя майстры з Германіі. Высокі цагляны комін, які быў бачны за шмат кіламетраў, стаў сімвалам нараджэння тут прадпрыемства, якое славілася сваёй прадукцыяй далёка за межамі Гродзеншчыны.
Да верасня 1939 года фабрыка Брахоцкіх працавала як прыватнае прадпрыемства, а пасля ўсталявання савецкай улады яно было нацыялізаванае і стала ўласнасцю дзяржавы.
У 1944 годзе, адразу пасля вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былая фабрыка Брахоцкіх была перададзена Іўеўскаму прамкамбінату, які знаходзіўся ў ведамстве ўпраўлення прамысловай кааперацыі пры Савеце Міністраў БССР. Прадпрыемства атрымала назву арцель “Красный кирпичник». Перад калектывам арцелі стаяла задача — забяспечыць пасля вайны неабходным будаўнічым матэрыялам разбураную гаспадарку. Рабочай сілы ў той час хапала. У 1944 годзе ў Морыне пражывалі 1182 жыхары.
Калі ў 1930-я гады гліна для вырабу цэглы замешвалася ў чане з дапамогай коннай цягі, то ўжо ў сярэдзіне 1950-ых гадоў пачалася паступовая мадэрнізацыя прадпрыемства. Гліна перамешвалася з дапамогай мяшалкі, якая прыводзілася ў рух паравой машынай – лакамабілем.

У 1961-1962 гадах на заводзе ўстанавілі два генератары, якія працавалі на дызельным паліве і давалі электрычны ток. Дзякуючы ім, у фармовачным цэху запрацавалі механічны прэс і транспарцёры для падачы гліны.
Вёска Морына, цэнтральная сядзіба калгаса “Нёман”, была поўнасцю электрыфіцыравана ў 1964 годзе. Электрыфікацыя значна змяніла жыццё, вытворчасць і быт мясцовага прадпрыемства, якое ў сярэдзіне 1960-х гадоў набыло новага гаспадара і перайшло ў падпарадкаванне Астравецкага прамкамбіната. У гэты перыяд быў пабудаваны новы фармовачны цэх, устаноўлены механічны прэс з аўтаматычным разаком цэглы, а таксама – механічны канвеер з карэткамі для транспарціроўкі цэглы па тэрыторыі завода. Усё прыводзілася ў рух з дапамогай электраматораў.
Ручной працы на заводзе яшчэ заставалася шмат, але электрыфікацыя і пераход на трохзменную работу паскорылі вытворчасць цэглы больш за 3,5 мільёна штук у год.
2 сакавіка 1975 года цагельны завод быў перададзены ў ведамства мясцовага калгаса “Нёман”.
У 1986-1990-х гадах быў часткова адрамантаваны морынскі і пабудаваны гаўеўскі цагельны заводы. У сувязі з адкрыццём завода ў Гаўі, на цагельным заводзе ў Морыне вытворчасць была спынена канчаткова ў 1998 годзе.
З цагельным заводам у Морыне многія морынскія жыхары звязалі свае працоўныя біяграфіі. Тут працавалі сямейныя дынастыі братоў Ліхарадаў, Беразоўскіх, Мацкевічаў. У адным страі сярод калектыву завода, па розных вытворчых спецыяльнасцях, працавалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Ліхарад, Сцяпан Грыбоўскі, Міхаіл Беразоўскі, Арсеній Ярмош, Віктар Мацкевіч, Уладзімір Закрэўскі, Іван Ціткоў, Яўгеній Спірын, Мікалай Ліхарад.
Ветэранаў даўно няма ў жывых. Але іх франтавыя заслугі і працоўныя справы па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі вартыя добрых успамінаў нават праз шмат гадоў. Іх франтавыя і працоўныя біяграфіі, адшуканыя ў розных крыніцах, наглядна адлюстроўваюць рысы і характары таго ваеннага пакалення, якое адстаяла Перамогу ў цяжкі для краіны час.
Успомнім іх імёны і прозвішчы ў слаўную гадавіну 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Міхаіл Іосіфавіч Беразоўскі, 1907 г.н., прыехаў працаваць рольнікам (аратым) у морынскі маёнтак Брахоцкіх у пачатку 1940-х гадоў. У маёнтку аратых зямлі называлі фурнале. У гаспадарцы было 15 пар коней для апрацоўкі зямлі. За кожным фурнале было замацавана 2 кані, параконны інвентар, воз, плуг, дзве бараны, сані. Кожны фурнале паіў, карміў, чысціў сваіх коней. З вясны да позняй восені працаваў на палях. А зімой вазіў з лесу дровы для маёнтка і маёнткавых рабочых. За год зарабляў 100 пудоў жыта і 80 злотых.

Міхаіл Беразоўскі стаў літаратурным персанажам у вершы “Дух лорда Керзона” паэткі Зофіі Ільінскай (дзявочае – Брахоцкая):
Тут колісь Міхал –
Гожы быў ён у маладосці,
Жонку шукаў,
Каб добра кароў даіла.
Ён у двары на дажынках
Скакаў апантана.
Не хацеў ад жонкі
Ні прыгажосці, ні маладосці.
Аж знайшлася
На гаспадарку сіла:
Една ў хадаках драўляных.
У Морыне Міхаіл сустрэў будучую жонку Марыю, родам з вёскі Ацмінава, 1904 г.н., даярку морынскага маёнтка. Яны пажаніліся і назаўсёды засталіся ў Морыне.
У ліпені 1944 года Міхаіл Беразоўскі быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Перад адпраўкай на фронт прайшоў трохмесячныя навучальныя зборы ў горадзе Золін Іванаўскай вобласці РСФСР. Набыў ваенную спецыяльнасць артылерыста.
Па звестках цэнтральнага архіва Міністэрства абароны ў г. Падольску Маскоўскай вобласці Міхаіл Іосіфавіч Беразоўскі, 1907 г.н., з в. Морына, у час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце з 13.12.1944 г. па 11.05.1945 г. у складзе 1111-га гаўбічнага артылерыйскага палка, 171-ай гаўбічнай артылерыйскай брыгады, 4-й артылерыйскай дывізіі 1-га Украінскага фронта.
У час наступлення на Берлін у красавіку 1945 года Міхаіл Іосіфавіч быў цяжка паранены ў баі і лячыўся ў шпіталі. Яго баявы шлях адзначаны медалём “За Победу над Германией”.
Пасля вяртання з вайны Міхаіл Іосіфавіч пайшоў працаваць на прадпрыемства “Красный кирпичник”, якое размяшчалася побач з яго хатай. Адразу працаваў у фармовачным цэху, а пасля загрузчыкам цэглы ў печ на абпальванне. На пенсію выйшаў у 1968 годзе. За добрасумленную працу ўзнагароджаны медалём “За доблестный труд”. Жонка Марыя Дзмітрыеўна хадзіла на казлоўку цэглы і другія сезонныя работы на заводзе.
Старэйшы сын Беразоўскіх Янак жыў і працаваў у горадзе Экібастуз у Казахстане.
Сын Яўгеній пасля службы ў Савецкай Арміі працаваў на цагельным заводзе ў Морыне кладаўшчыком, загрузчыкам цэглы ў печ на абпальванне. Затым уладкаваўся на працу ў Іўеўскую МПМК-149, дзе працаваў будаўніком на будоўлях раёна.
Дачка Алена выйшла ў Морыне замуж за Міхаіла Ліхарада. Яна працавала на заводзе на загрузцы цэглы ў печ на абпальванне, муж – на выгрузцы абпаленай цэглы.
Малодшая дачка Валянціна выйшла замуж у в. Крывічы і працавала даяркай на малочна-таварнай ферме “Крывічы” калгаса “Прынёманскі”.
Вольга Фёдараўна Буяк, 1889 г.н., працавала ў морынскім маёнтку Брахоцкіх пакаёўкай і мела адзінага сына Мішу, гадавала яго без мужа.
У ліпені 1944 года Міхаіл Вольгавіч Буяк, 1913 г.н., жыхар в. Морына, быў мабілізаваны на фронт Іўеўскім раённым ваенным камісарыятам. На сайце “Подвиг народа” захоўваюцца звесткі, што баец Міхаіл Буяк ваяваў з захопнікамі аўтаматчыкам 142- гвардзейскага стралковага палка 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі. 13 красавіка 1945 года ад Буяка прыйшло дамоў апошняе пісьмо палявой поштай. Пасля гэтага сувязь маці з сынам спынілася. З гэтага дня радавы Буяк лічыцца прапаўшым без весткі.
На сайце “Подвиг народа” захавалася толькі інфармацыя аб тым, што 21.04.1945 года аўтаматчык 6-й стралковай роты гвардыі радавы Міхаіл Буяк прадстаўлены да ўзнагароды медалём “За боевые заслуги” за тое, што ён, удзельнічаючы ў наступальных баях палка, у раёне горада Маншноў на тэрыторыі Германіі дзейнічаў смела і рашуча і толькі за адзін дзень бою знішчыў са сваёй зброі двух немцаў.
Пасля вайны Вольга Фёдараўна Буяк пражывала ў пакоі інтэрната цагельнага завода і працавала на розных сезонных работах. Яна так і не дачакалася сына з фронту. Памерла 19 ліпеня 1980 года.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Алег ІглІцкІ.
Працяг будзе.
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ






