18 лістапада ў г.п. Воранава аграрыі Гродзенскай вобласці адсвяткуюць сваё прафесійнае свята — «Дажынкі-2016».
Культурная праграма «Дажынак» уразіць жанравай разнастайнасцю. Будуць прадстаўлены фальклорныя, эстрадныя і харэаграфічныя творчыя калектывы. Каля 500 артыстаў будуць задзейнічаны на канцэртных пляцоўках. Ад парку да школьнага стадыёна раскінуцца гандлёва-выставачныя і культурна-забаўляльныя зоны.
З 9.00 пачнуць сваю працу выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі «Слаўлю працу тваю, хлебароб!», выстаўка-продаж харчова-прамысловых тавараў «Воранаўшчына гасцінная» і вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Жыватворныя крыніцы». Гасцей свята будуць чакаць на тэматычных сельскагаспадарчых падворках раёнаў Гродзенскай вобласці «Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!». Сваёй разнастайнасцю здзівіць выстаўка-конкурс караваяў раёнаў «Жыві, яга Вялікасць Хлеб!». Яркі фон «здобнай» выстаўцы створаць фларыстычныя пано і дэкаратыўныя снапы, зробленыя калектывамі школ раёна. Цэнтральную плошчу райцэнтра ўпрыгожыць галоўны знак свята — шмат’ярусны 4-метровы сноп, сабраны з хлебных ніў Воранаўшчыны.
У 11.00 у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбудзецца выстаўка-прэзентацыя прамысловага патэнцыялу прадпрыемстваў раёна. На школьным стадыёне моладзь Гродзеншчыны зможа пазмагацца за прызы ў «Сельскай вясёлай эстафеце». Тут жа адбудзецца фінал абласнога праекта БРСМ «Сельскія «Алімпійскія гульні».
Знакавай падзеяй абласнога фестывалю стане адкрыццё сацыяльна значнага аб’екта — гарадскога парку. Госці свята змогуць ацаніць яго пераўтварэнне пасля рэканструкцыі. Сапраўдным упрыгожваннем зоны адпачынку варанаўчан стане алея драўляных скульптур. Яна складзецца з работ, прадстаўленых усімі раёнамі вобласці. Кожны паспрабаваў перадаць у розных фігурах каларыт свайго краю. Пасля рэканструкцыі парку змянілася і летняя эстрада. Сюды самых маленькіх гасцей свята запрашае «Гульнёвы падворак».
З 11.00 у г.п. Воранава будуць працаваць тры адкрытыя канцэртныя пляцоўкі: у гарадскім парку «Ад зерня ды каравая», па вуліцы Юбілейнай «Роднай зямлі шматгалоссе», на цэнтральнай плошчы «Свята склікае сяброў» і «Палітра талентаў». Адзін аднаго на сцэне будуць змяняць лепшыя творчыя калектывы Гродзеншчыны.
Усе жыхары і госці райцэнтра ў 13.15 змогуць павітаць святочную калону ўдзельнікаў урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года. Галоўная ўрачыстасць свята будзе праходзіць у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў сельскагаспадарчай галіны Гродзеншчыны ўпрыгожыць святочны канцэрт. На сцэне абноўленага цэнтра культуры выступіць ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» з Гродна, здзівіць віртуознай ігрой на скрыпках група PALLADIUM Electric Band, парадуе песнямі Іскуі Абалян.
З 18.30 на галоўнай сцэне свята (цэнтральная плошча) у рамках акцыі ФПБ «Мы — вместе!» выступяць артысты беларускай эстрады Вольга Плотнікава, Саша Нэма, Эдуард Ханок. На гэтай жа сцэне адбудзецца ўшанаванне працоўных дынастый Воранаўскага раёна, маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў. Яркім акцэнтам завяршэння сельскагаспадарчага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2016» стане святочны феерверк.






