0
Культура и творчество

Паэтычныя прагнозы навагоднія, як і сам паэт, старамодныя! Святочнае прывітанне ад Івана Карэнды

ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ
НАВАГОДНІЯ,
ЯК І САМ ПАЭТ,
СТАРАМОДНЫЯ

У нашы дні трывожныя
прагнозы асцярожныя
чуваць з усіх кутоў.
Сіноптыкі, астролагі
і знаўцы-палітолагі
з экранаў і гуртоў
сцвярджаюць: навагоднія
надзеі мала годныя —
нібы гульня ў лато.

А я свае, лірычныя,
прагнозы паэтычныя,
прапанаваць гатоў —
з гарантыяй нязменнаю,
зусім не летуценнаю, —
ажно на 100 гадоў!
Што бачу я, — адбудзецца,
на 100 адсоткаў збудзецца,
на ўсе, паверце, 100!

Няварта нам маркоціцца:
жыццё назад не скоціцца,
не выйдзе за кругі:
крутыя, высачэзныя,
але зусім не цесныя
стагоддзі-берагі.
І ўсё ж крыху палепшае,
таму і рытм для вершыка
я выберу другі…

* * *
Толькі Новы год сустрэнем —
пойдзе ўсё на новы лад.
Прагу жыць у сэрцы вернем,
будзе новых планаў шмат.

З першых дзён, без прамарудкі,
будзем шчыра працаваць
і краіне да мінуткі
час рабочы аддаваць.

Адзімуем, не замёрзнем —
хопіць дроў і газу нам,
дый мароз не будзе грозны,
не запозніцца вясна.

Сонца будзе крыху болей,
чым у леташнім жыцці.
А зямля нап’ецца ўволю —
дождж часцей будзе ісці.

Здзівяць буйным цветам вішні —
хоць да шлюбу іх вядзі.
Будзем з радасцю, увішна
агароды зноў садзіць.

Потым прыйдзе час праполкі, —
гэта нельга забываць, —
паасобку, ці суполкай
будзем зелле з градак рваць.

Не заўважым, як на градах
стануць зыркаць агуркі, —
ох, як будуць вельмі рады
мець закуску мужыкі!

Зацвітуць на полі ўроссып
сярод жыта васількі.
Пабяжым мы лугам росным
на купанне да ракі.

Будзе сёлета раскоша
ўсім заядлым рыбакам:
кожны дзень лаві хоць кошык —
горш затое чарвякам.

Лес па ягады пакліча,
а за імі — па грыбы.
Хто багацце гэта злічыць?! —
тут багач ужо любы!

Будзем з пахкім, свежым хлебам,
з караваем для гасцей —
цалаваць вачыма неба
будзем з кожным днём часцей.

Зноў парадуе нас бульба,
і гатунак хоць які:
ураджай рэкордны будзе —
насыпай адно ў мяшкі.

Малака рагулі ўдосталь
будуць круглы год даваць,
будзе нават больш, чым досыць, —
лішкі будзем прадаваць.

І з прыплодам ладным будзем —
без скаціны жыць нам як? —
будуць радавацца людзі:
падрастае маладняк.

Мацаваць здароўе будзем,
напаткаем менш хвароб,
пра таблеткі ўраз забудзем:
будзем біць хваробе ў лоб.

Пазіраць мы меней будзем
на марскія берагі.
Стане болей любы людзям
край наш родны, дарагі.

Будуць з ног валіць жанчыны
чарадзейнай пекнатой.
Ой, пазнаюць зух мужчыны! —
у каго і быў прастой.

Будзе больш у нас вяселляў —
шмат каму хто будзе люб.
Стане горкім пустазеллем
зарастаць бясшлюбны шлюб.

Нараджацца будуць дзеці —
з імі столькі хараства!
Весялейшая на свеце
беларуская дзятва!

Азірацца рэдка будзем
на мінулыя вякі:
што мы ў іх цяпер здабудзем? —
мы ж наперад хадакі.

Мы наперад будзем крочыць,
не прыпынімся нідзе.
Будзе шчасціць днём і ноччу
беларускай грамадзе!

Будзе добра добрым людзям —
вось галоўны мой прагноз.
Пацвярджае гэта Зюзя —
беларускі Дзед Мароз.

З Новым, 2024-м годам!