Трабы — адзіны рэгіён на Іўеўшчыне, дзе можна сустрэць мужчын у ваеннай форме. У недалёкім лесе ажно з 1964 года дыслацыраваўся зенітны ракетны дывізіён. Афіцэры і іх жонкі гарманічна ўліваліся ў жыццё рэгіёна, станавіліся амаль сваімі мясцовым жыхарам, » ваендамы» (так называлі тут афіцэрскіх жанок) працавалі ў розных установах, заставаліся многія тут і пасля заканчэння службы. Салдаты хадзілі ў звальненне, кружылі ў вальсах на танцах у мясцовым клубе, жаніліся на мясцовых прыгажунях…
Потым на базе зенітнага ракетнага дывізіёна 1 красавіка 1977 года быў створаны радыётэхнічны цэнтр 2288-га артб.
А калі распаўся Савецкі Саюз, і між Беларуссю і Літвой з’яві-ліся межы, Трабы сталі пагранічнай зонай. І грыбныя месцы ў літоўскім лесе, якія былі «прыстрэлянымі» палянкамі ціхага палявання, сталі замежжам. А суседнія Нарвілішкі, куды жанчыны з Пяцкунаў хадзілі доўгімі зімовымі вечарамі «на сяло», а нядзелямі на богаслужэнне ў адзіны на гэтыя вёскі касцёл, таксама сталі чужымі. Напачатку ў гэта не верылася. Памятаю, як хадзіла па гэтых вёсках, калі яшчэ толькі размова пайшла пра межы, а людзі казалі:» Як выйдзем усёй вёскай, ніякія граніцы не спыняць». Ды ўсё ж спынілі…
І зноў у Трабскім рэгіёне пабольшала мужчын у форме — з’явіліся пагранічнікі. Два гады назад у суседніх Сурвілішках размясціўся пост Лідскага пагранічнага атрада. Зараз дзяржаўную граніцу незалежнай Рэспублікі Беларусь тут ахоўваюць салдаты, афіцэры, ваеннаслужачыя-кантрактнікі.

Новыя суткі ў гэтым воінскім падрадзяленні пачынаюцца не ў 12 гадзіне ночы, а ў 20.00. І пачынаюцца яны святым для кожнага пагранічніка рытуалам — баявым разлікам.
Граніца з’ўляецца атрыбутам дзяржаўнасці, першым рубяжом забеспячэння бяспекі краіны, мостам, які яднае эканомікі дзяржаў і садзейнічае міжасабістаму ўзаемадзеянню. … Плыве ў неба дзяржаўны сцяг. І пачынаецца той самы рытуал, калі можна так сказаць. Баявы разлік на пагранзаставе, а ў нашым выпадку на Сурвілішскім пагранічным пасту — штодзённае мерапрыемства па размеркаванні службова-баявых і іншых абавязкаў асабістага састава паста на наступныя суткі, праводзіцца ў пэўны час, які таксама зацверджаны распарадкам дня. На баявым разліку знаходзяцца ўсе пагранічнікі. Пастраенне праводзіцца без зброі (у астатні час пагранічнікі — гэта ваеннаслужачыя аддзельнага воінскага фарміравання, якія ходзяць на службе ўзброеныя. Адсюль выцякае і асаблівая адказнасць салдат і афіцэраў, адсюль і асаблівыя патрабаванні да тых, хто збіраецца служыць на граніцы).
Начальнік паста даводзіць дадзеныя абставіны і аб’яўляе вынікі службы за суткі, якія прайшлі. Затым хтосьці назначаецца на ахову Дзяржаўнай граніцы, іншыя ваеннаслужачыя адпраўляюцца займацца тэхнічным абслугоўваннем ўзбраення і тэхнікі, гаспадарчымі работамі…
Здаецца, так усё аднолькава.Так проста. Аднак, не зусім так. У размове з ваеннаслужачымі паста я паверыла ў іх выснову, што на Дзяржаўнай грані-цы няма двух аднолькавых дзён, хоць кожны з іх і запланаваны, зацверджаны на баявым разліку.
Што і казаць, шмат сёння гавораць пра тое, што моладзь зусім іншая пайшла, і служыць тэрміновую службу мала хто хоча. Таму што раней гэта быў гонар. Выклікала непаразуменне, калі хлопца не бралі ў армію. Сёння ж непаразуменне выклікае той, хто ідзе служыць. Маўляў, няма каму айчыну абараняць. Доля праўды ў гэтых сцвярджэннях, безумоўна, ёсць. Аднак, якое шчасце, што ёсць і людзі, якія добраахвотна абіраюць прафесію афіцэра, прафесію Радзіму абараняць, ёсць юнакі, якія разумеюць, што спрадвеку мужчынскай справай была воінская, ратная справа. Падабаецца табе ці не, аднак патрэбна быць мужчынай, адказным за свае ўчынкі, адказным за мір на зямлі роднай Айчыны.
У Сурвілішках я сустрэла людзей, якія ніколі не мелі сумнення, служыць ці не. Наадварот, усёй справай жыцця абралі яны прафесію афіцэра-пагранічніка: начальнік паста старшы лейтэнант Максім Юр’евіч Хвалько, намеснік начальніка паста старшы лейтэнант Іван Мікалаевіч Дзятчэня, лейтэнант Уладзіслаў Эдуардавіч Генрых. Колькі цудоўнага патрыятычнага пафасу, колькі гонару за сваю прыналежнасть да органаў паграничнай службы! Іх прыемна слухаць, з імі прыемна мець суадносіны. Граматныя, разумныя, выхаваныя. Зусім яшчэ маладыя, а адчуванне, што размаўляеш з вельмі дарослымі мужчынамі, якія спасціглі і жыццё, і яго сэнс.
Афіцэры падкрэслілі, што галоўная нагрузка на граніцы кладзецца на салдат. Яны заўжды першыя, на галоўных рубяжах, яны павінны ўмець працаваць з сабакамі, умець быць следапытамі ( гэта адна з галоўнейшых навук у тактыцы пагранічнай службы) і г.д. А яшчэ гэтыя ваеннаслужачыя павінны і ўмеюць быць адказнымі за мір, за жыццё, зрэшты… Сёлета сяржант тэрміновай службы з Сурвілішскага пагранічнага паста Аляксандр Буры даказаў усё тое, аб чым я сказала вышэй.
У маі мінулага года яго, ураджэнца вёскі Нялепава Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, забралі на тэрміновую службу. Трапіў служыць на граніцу.
Інструктар-кінолаг Аляксандр Буры разам са сваім службовым сабакам Ціанай затрымалі ноччу парушальнікаў, якія спрабавалі перакінуць праз граніцу кантрабандныя матэрыяльна-таварныя каштоўнасці.
Сяржант Буры быў адзначаны Падзякай камандзіра падраздзялення граніцы і дадатковымі пяццю днямі да водпуску. Затрымаў Аляксандр і трох вучэбных парушальнікаў (такія раз-пораз з’яўляюцца на граніцы па-за ведама афіцэраў і салдат паста).
Перамаглі сяржант Буры і чацвераногі пагранічнік Ціана і ў спаборніцтвах па вызначэнні лепшай «трывожнай групы». Дзякуючы сваім навыкам, якія былі набыты ў кіналагічным цэнтры, Ціана пад кіраў-ніцтвам сяржанта Бурага прайшла адлегласць у 5 кіламетраў з даўнасцю следа 5 гадзін і знайшла ўсе вучэбныя закладкі. Сабака застаўся дома, а вось яе інструктар атрымаў звальненне на трое сутак.
… На нядаўнім рэгіянальным свяце ў Трабах пагранічніку ўручылі грамату мясцовага сельвыканкама, тым самым падкрэсліўшы, што справа аховы Дзяржаўнай граніцы — агульная справа і ваеннаслужачых, і мясцовага насельніцтва. Толькі разам мы зберажом свой агульны дом ад няпрошаных «гасцей».
В. Гулідава.
Варта пачытаць: Рэгіён. Першыя крокі па роднай зямлі
Рэгіён. Вялікія справы малога бізнесу
РЭГІЁН. Добрыя, шчодрыя, звязаныя адной зямлёй. Мінулае і сучаснасць, як адно ўспрыманне






