0
Местное управление и самоуправление

Ніяк не магу я напіцца зарніц мігатлівай красы і чую ў кожнай расінцы сваіх землякоў галасы

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся і вырас. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. Ёсць бэз пад акном і чаромха на гумнішчы, водар якіх соладка кружыў галаву ў юнацтве. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога…

Родная вёска — гэта тая аснова, з якой пачынаюцца і першы крок у вялікае жыццё, і першае слова, якое прыйшло ад маці, і першая ўсмешка, якая не толькі грэе,  але і дорыць веру ў будучыню.

Вёска — гэта незабыўная казка, у якую хочацца вяртацца зноў і зноў.

І ўжо каторы год гэтаму вяртанню да каранёў сваіх, на вуліцу дзяцінства спрыяе неабыякавая жанчына — бібліятэкар з Красоўшчынскага філіяла №29 Марыя Станіславаўна Дудко. Яна ладзіць святы не толькі той вёскі, дзе працуе, але і па ўсім Іўеўскім сельсавеце. Ды якія святы!

Як спяшаюцца на іх вяскоўцы! Едуць здалёк госці, дзяцінства якіх і юнацтва праходзілі менавіта тут. А колькі ўражанняў, колькі ўспамінаў!

Таму што ў кожнае такое свята Марыя Станіславаўна дадае часцінку сваёй душы, укладвае вялікую павагу і любоў да людзей зямлі. Робіць  свята пра іх і дзеля іх. Прадумвае кожную дробязь, кожны нюанс. Таму і атрымліваецца тое, што атрымліваецца.

Апошняя такая ўрачыстасць прайшла ў мінулую нядзелю. Прайшла ў Ганчарах (іўеўскіх). Сказаць зноў жа, што вёска чужая, ужо нельга. Марыя Станіславаўна тут нарадзілася, тут жыве. Кожнага чалавека знае з маленства. Таму і сцэнарый свята быў такім цёплым, такім чулым, такім асаблівым!

Напачатак любой добрай справы ў добрых людзей гучыць малітва. Вось і на свяце прайшла імша за вёску Ганчары і яе людзей, якую ад-правіў ксёндз Ян Гавецкі.

Пачаў  свята старшыня Іўеўскага сельвыканкама Фелікс Пятровіч Варанюк, які павіншаваў вяскоўцаў, падзякаваў ім за працу, за жыццё, пажадаў здароўя і добрых, светлых дзён.  А дзяўчаты паднеслі старшыні сельвыканкама хлеб-соль, як і заведзена на нашых святах.

Адна з вядучых сказала:

— У гэтай вёсцы мы нарадзіліся, выраслі, працуем, тут нарадзіліся нашы дзеці, унукі, тут наша жыццё і наша шчасце. Дык давайце зазірнем у яе ўчарашні дзень, аддадзім павагу бацькам і дзядам нашым.

Канешне, сумна, але прыходзіцца прызнаць, што дзень учарашні быў больш шчаслівым для вёскі. Яна была яшчэ жывой, поўнілася галасамі дзяцей і моладзі. І вяселляў было больш, чым пахаванняў. І дамы былі, як і гаспадары, яшчэ маладымі. Аднак і сёння жывуць тут людзі. І ствараюцца маладыя сем’і. Сёлета пажаніліся Вольга і Віталій Карпіцкія.

Заглядваючы ў дзень учарашні, ніяк нельга было не ўспомніць, што тут дзейнічала і зараз працуе жывёлагадоўчая ферма»Ганчары». Спачатку яна знаходзілася на хутары Мураўшчызна. А потым была перанесена ў Ганчары. Першым загадчыкам фермы быў Іван Іванавіч Александровіч, які адпрацаваў на той пасадзе 35 гадоў. Затым калектыў фермы ўзначальвалі:  Марыя Вікенцьеўна Кяўлен, Ядзвіга Пятроўна Ясюлевіч, Станіслава Аляксандраўна Кахоцкая,  Святлана Аляксандраўна Жамайтук. Зараз кіруе фермай Таіса Віктараўна Еўтух, шматдзетная маці. Яна любіць сваю працу, паважае сваіх калег. Больш дваццаці гадоў сумесна з мужам яны працуюць на ферме.

Пачыналі  шанаванне вяскоўцаў з імені самага старэйшага жыхара Ганчароў  — Яніны Ізыдораўны Варанюк. Усё жыццё працавала яна ў калгасе. Шчаслівай і багатай старасці пажадалі жанчыне вядучыя свята, а Марыя Станіславаўна ўручыла ёй каштоўны падарунак.

Цёпла і прыгожа гаварыла пра родную вёску Ядзвіга Пятроўна Жэбрык, зараз жыхарка горада Іўе. Яна ўспомніла людзей, на якіх трымалася, здавалася, усё, якія заўжды былі і лепшымі гаспадарамі, і каштоўнымі дарадчыкамі, і сапраўднымі сем’ямі, бацькамі. Гэта сем’і Сельскіх, Байдан, Бакун, Квач, Губко. У кожнай вёсцы ёсць такія асаблівыя людзі, што з’яўляюцца гонарам яе.

На  свяце прысутнічаў і госць з блізкага замежжа. Палкоўнік  у адстаўцы расійскіх узброеных сіл Яўген Станіслававіч Квач сказаў, што нездарма ён так імкнуўся прыехаць на гэтае свята. Больш цёплай, душэўнай і сардэчнай урачыстасці не бачыў за ўсё жыццё.

На свяце прысутнічала заслужаная кагасніца Станіслава Аляксандраўна Кахоцкая. У 15-гадовым узросце пайшла яна працаваць даяркай на ферму Закасцельцы. Затым паступіла ў Ваўкавыскі ветэрынарны тэхнікум. Адначасова працавала. Была даяркай, загадчыцай фермы. Узнагароджана медалямі, ганаровымі граматамі, абіралася дэпутатам абласнога Савета.

Быць першым, быць лепшым вельмі прыемна і вельмі адказна. Бо гэта значыць на вёсцы — працаваць ад цямна да цямна, не пакладаючы рук, не зважаючы на стому. Так працавалі і працуюць многія. І сярод іх —  Леаніда Антонаўна Бакун, былая даярка, маці шасці дзяцей, дбайная гаспадыня. Такімі ж працаўнікамі і годнымі людзьмі з’яўляюцца: Ванда Іванаўна Шарыч, Надзея Іванаўна Карпіцкая, Данута Іосіфаўна Дагіль.

Свята не толькі зазірнула ў мінулае, бо жыццё ж працягваецца. І сёння тут працуюць людзі. І гэтак  жа раненька спяшаюцца яны на тую самую ферму ці гоняць кароў у поле. Шчырыя словы і нізкі паклон тым, хто славіў і славіць сваёй працай родную вёску. Гэта:  Таццяна Віктараўна Мікша, Рэгіна Людвікаўна Карпіцкая, Станіслава Баляславаўна Цыдзік, Тамара Мустафаўна Абрамовіч, Людміла Іванаўна Грыкень, Мікалай Мазур, Уладзімір Грыбоўскі, Франц Адольфавіч Мацкевіч.

Словы ўдзячнасці і пашаны гучалі ў адрас ветэранаў працы, жывёлаводаў Генаэфы Канстанцінаўны Міновіч і Марыі Іосі-фаўны Варанюк. Пра такіх жанчын, як сказалі вядучыя, можна песні складаць і ім патрэбна нізка кланяцца за жыццё, за самаадданую працу.

У вёсцы нічога не ўтоіш, нічога не схаваеш. Усё бачна, усё ведама. І дрэннае, і добрае як на далоні. Таму заўжды вылучае вёска людзей асаблівых, асаблівыя сем’і, якія, як фундамент, як аснова асноў, на якіх трымаюцца і жыццё, і чалавечыя каштоўнасці. Шмат гадоў ідуць разам па жыцці Аліна Міхайлаўна і Іван Раманавіч Найдзены. Свята пажадала, каб кросны жыцця ткалі ім доўга-доўга бязвоблачную жыццёвую дарогу.

Незадоўга да свята быў аб’яўлены конкурс  на лепшы  двор, прысядзібны ўчастак.

Першае месца занялі Алена Віктараўна і Віктар Станіслававіч Бакуны, двор якіх напамінае батанічны сад, а фантазія гаспадароў, як ландшафтных дызайнераў, не мае межаў. Дварочак як вяночак таксама ў Вольгі і Міхаіла Кяўра, якім прысуджана 2-е месца.

Успомнілі добрым словам на свяце тых дбайных гаспадароў і цудоўных людзей, якія ўжо пакінулі гэтае жыццё. Але пакуль жывуць іх землякі, жыве і памяць пра добрых людзей, сапраўдных гаспадароў.

Усіх успомнілі на свяце, усім пакланіліся, усім прысвяцілі  сваё цудоўнае выступленне артысты аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны. 23 чалавекі атрымалі каштоўныя падарункі ад філіяла «Азот Агра» УСП «Новы Двор-Агра». І Марыя Станіславаўна вельмі ўдзячна яго дырэктару Аляксею Пятровічу Бухаловічу. А таксама  старшыні Іўеўскага філіяла Гродзенскага спажывецкага таварыства Рычарду Станіслававічу Лушко, які адгукнуўся на просьбу  Марыі Станіславаўны і выдзеліў аўтамагазін для гандлю на свяце. Вялікая ўдзячнасць таксама Іосіфу Станіслававічу Шарычу і Валерыю Янавічу Бакуну за дапамогу ў падрыхтоўцы свята.

Свята атрымалася шыкоўным, незабыўным. А юшка ад арганізатара і сапраўднай гаспадыні Марыі Станіславаўны Дудко, наогул, стала «цвіком праграмы». Таму напрыканцы свята  ўсе госці, усе удзельнікі дзякавалі жанчыну за часы адпачынку, за памяць, за шчырасць.

 … Мяняюцца стагоддзі, праходзяць і знікаюць людскія пакаленні. Нястрымнае і вечнае цячэнне ракі жыцця. Яна зносіць і людскую радасць, і смутак. І знесла б усё ў нябыт без астатку, калі б не былі такімі чыстымі крыніцы памяці, калі б не жылі сярод нас людзі, якія час ад часу напамінаюць нам, адкуль пайшлі наша зямля, наша родная вёска, адкуль мы ўсе…

В. ГУЛІДАВА.

Фотаздымкі са свята.