0
Местное управление и самоуправление

Мая ты родная зямліца, хто палюбіў цябе навек, таму ты — творчасці крыніца, і той — шчаслівы чалавек

…Пад словамі «след на зямлі» мы разумеем не адбітак  нагі на мокрым пяску, а нейкія ўчынкі, справы чалавека, па якіх мы маглі б яго памятаць. Існуе ж мудрае выказванне, што чалавек пражыў не дарэмна, калі пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, выгадаваў сына, калі жыве па чалавечых законах, калі  гатовы прыйсці на дапамогу суседу, калі разам радуецца і гора гаруе. І кожным раннем, грымнуўшы ля печкі бярэмя дроў, паглядзіць у вакно: а як там у суседкі? Чаму дым не цягне з коміну, ці не захварэла?

Мне здаецца, што самыя адметныя, самыя  добрыя сляды — на зямлі вясковай. А рэгіянальныя святы, якія паўсюдна ўлетку праводзяць работнікі культуры, — гэта збіранне гэтых слядоў у  свой асаблівы летапіс. Гэта напамін кожнаму з удзельнікаў свята пра тое, што жыве яшчэ вёска, жывуць яе людзі-працаўнікі. І хоць непамерна ім цяжка, а ўсё ж  працуюць, шчыруюць і на палетках, і на сенажацях, і ў асабістых гародчыках.

Днямі святкавала сваё рэгіянальнае свята «Фарбы роднага краю» прынёманская вёска, некалі вялікая, шматлюдная — Морына.

Яна і зараз вялікая па працягласці: ідзеш-ідзеш — і канца няма. Аднак, вельмі шмат хат ужо маюць  зусім іншы выгляд. Няма старых гаспадароў, а дачнікі іх  майструюць на свой лад. Прыгожымі робяць,кветкамі абсаджваюць, а дзе-нідзе яшчэ настойліва вырастаюць штогод пад вокнамі вясковыя прыгажуні былых гаспадынь — мальвы і флоксы, падстаўляючы свае галоўкі сонцу і нёманскаму свежаму паветру…

І ўсё ж добра, што селяцца людзі ў вёсках, якія пусцеюць.

Свята ж вёскі збірае і абарыгенаў, і новых жыхароў. А пра дзетак і гаворкі няма. Іх было так шмат ля гарадка атракцыёнаў, які набыла культура раёна, і які вельмі папулярны ў дзетвары.

…З першымі гукамі музыкі выйшлі на імправі-заваную сцэну прыгажуні-дзяўчаты, каб аб’явіць, што свята пачынаецца.

Старшыня Морынскага сельвыканкама Таісія Валянцінаўна Лось, як і заўжды, была разам са сваімі землякамі. Яна вітала іх, падзякавала за працу, за цярпенне, за жыццё, аддадзенае роднаму краю, пажадала міру і спакою, дабрабыту і  ўпэўненасці ў будучым. Менавіта яна сёння ў Морыне і дарадчыца, і памочніца, і ўлада. На яе спадзяюцца, да яе ідуць, каб вырашыць праблемы.

Адна з першых старонак свята прысвячалася вялікай даце ў жыцці роднай краіны -70-годдзю Перамогі над фашыстамі ў Вялікай Айчыннай вайне.

І светлым сумам плыла над вёскай песня «Жураўлі», якая прысвячаецца  ўсім загінуўшым салдатам, і тым, хто памёр ад ран і старасці. Прынамсі, у Морыне ўжо не засталося ніводнага ветэрана.

На свяце гучалі прызнанні ў любові роднай вёсцы — такой цудоўнай, такой прыгожай, такой непаўторнай прынёманскай старонцы, яе людзям — працаўнікам сельскай гаспадаркі, настаўнікам, медыкам і г.д.

Гучалі прывітанні самай  сталай жыхарцы вёскі — 93-гадовай Ганне Матвееўне Абрамчык.

Морына багатае на людзей творчых, таленавітых, якія спасціглі і выснову жыцця, і вяршыні розных прафесій, аднак для вёскі засталіся ўсё ж тымі падлеткамі, якія ўсё лета, акрамя дапамогі бацькам, праводзілі на Нёмане. І твары іх ад загару нібы выцвіталі белымі плямамі.

Такія ж хлапчукі (ужо, напэўна, дачнікі) сядзелі на канцэрце з выпадку рэгіянальнага свята.

Дапамаглі морынцам адчуць урачыстасць моманту артысты з аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты, а таксама артысты з устаноў культуры Смаргонскага раёна.

В. ГУЛІДАВА.

Фота аўтара.