0
Местное управление и самоуправление

Пра адметнасць і паўсядзённасць

Той, хто хоць аднойчы пабываў у аграгарадку Морына, абавязкова захоча сюды вярнуцца зноў. Жывапісны прынёманскі куток вабіць да сябе сваёй непаўторнай прыроднай прыгажосцю і асаблівай утульнасцю. Нездарма гэтыя мясціны аблюбавалі гараджане, у асноўным — жыхары сталіцы. З 269 дамоў у Морыне 122 эксплуатуюцца як дачы. Такія лічбы прывяла ў гутарцы з карэспандэнтамі раённай газеты старшыня Морынскага сельвыканкама Таісія Валянцінаўна Лось. Гэты факт можна разглядаць з двух бакоў: са шкадаваннем, што вёска з кожным годам сірацее, а з другога боку  з аптымізмам — адсутнасць пустуючых дамоў і як вынік — добраўпарадкаваныя сядзібы.

Адметнасць Морынскага сельсавета — у развіцці агратурызму. На сённяшні дзень тут зарэгістравана 8 аграсядзібаў.

У этнічным стылі аформлена сядзіба «Над Гаўяй» (в. Залейкі, гаспадыня Л. Марціновіч). Тут створана база адпачынку з мэтай знаёмства з нацыянальнай культурай, традыцыйнай беларускай кухняй і гістарычнымі месцамі Беларусі. Да паслуг турыстаў — драўляны дом у этнічным стылі з двумя ізаляванымі пакоямі, абсталяваны кухняй, пячным ацяпленнем, электрычным абсталяваннем, ванным пакоем, гарачай вадой і каналізацыяй.

Прыём першых наведвальнікаў адбыўся у чэрвені 2008 года.

Аграсядзіба «Прыбярэжная» ў в. Залейкі (гаспадыня М. Шкурская), адчынена ў 2013 годзе. Да паслуг турыстаў — летні домік з камінам, баня, а ў асноўным доме — камфартабельныя пакоі, зал для правядзення ўрачыстасцяў з сучаснай кухняй. У планах — развіццё воднага турызму.

З кастрычніка 2010 года ажыццяўляе аграэкатурыстычную дзейнасць сядзіба «Каля Нёмана» ў аг. Морына. Асноўны напрамак работы — сямейны адапачынак. Адпачываючым прапануюцца экскурсіі па г. Іўе, па «Залатому кальцу Іўеўшчыны», наведванне музея ў аг. Морына.

Зарэгістраваны таксама сядзібы ў в. М. Сонтакі (гаспадыня В. Аўдзевіч), у в. Лугавая (І. Шарый), у в. Каўкелі (Г. Юхневіч).

За апошнія гады многае змянілася ў сельсавеце. Кожны сацыяльна значны аб’ект быў адрамантаваны, прайшла аптымізацыя інфраструктуры.

Паралельна з гэтым не спынялася і больш прывычная, бясконцая праца па добраўпарадкаванні і вырашэнні іншых штодзённых праблем насель-ніцтва: ажыццяўляўся знос безгаспадарчых будынкаў, аварыйных дрэў, рамонт дарог, вулічнага асвятлення і г. д. Заўсёды заставаліся аб’ектамі ўвагі і клопату месцы воінскіх пахаванняў: у мінулым годзе ў аг. Морына абнесены новай сучаснай агароджай помнік воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На сённяшні дзень на тэрыторыі сельсавета, у склад якога ўваходзіць 19 населеных пунктаў, налічваецца 9 пустуючых дамоў, якія падлягаюць зносу. Засталося толькі, як гаворыцца, уладкаваць папяровыя справы. Пасля зносу дамоў пустуючая зямля ўцягваецца ў сельгасабарот, выдзяляецца пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі.

У той жа час, па словах кіраўніка мясцовай улады, пачынаючы з 2009 года і па сённяшні дзень, пад новае будаўніцтва прадастаўлена 36 участкаў агульнай плошчай 7, 45 га. Толькі ў бягучым годзе пажадалі пабудаваць жыллё ў Морынскім сельсавеце 7 чалавек. Такая статыстыка, без сумнення, абнадзейвае.

Т. Лось адзначае, што хаця на тэрыторыі сельсавета і налічваецца 396 незаселеных дамоў, аднак цесная сувязь з іх уладальнікамі наладжана. Маюцца адрасы і тэлефоны, каб у любым выпадку можно было паведаміць аб неабходнасці прывядзення сядзібы ў належны санітарны стан або вырашыць іншыя ўзнікаючыя тэрміновыя пытанні.

 Адным словам, штодзённая работа мясцовых органаў улады па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, па навядзенні і падтрыманні парадку звычайна не застаецца незаўважанаю.

У гэтым сэнсе ды і не толькі першымі памочнікамі старшыні мясцовай улады выступаюць старас-ты. Т. Лось адзначае найбольш актыўных: Лідзію Канстанцінаўну Найдзен (в. Крывічы), Лілію Казіміраўну Лебедзь (в. Старчаняты), Леакадзію Осіпаўну Кавалеўскую (аг. Морына), Ганну Нікадзімаўну Траццякевіч (в. Дуды), Ядзвігу Вацлаваўну Квач (в. Збойск). Усіх іх аб’ядноўвае адна характэрная рыса — неабыякавасць да лёсу сваёй маленькай радзімы і актыўная жыццёвая пазіцыя, імкненне зрабіць наша жыццё лепшым. Старасты інфармуюць органы мясцовага самакіравання аб тым, каму з жыхароў у іх  вёсцы патрабуецца нейкая дапамога ў складанай жыццёвай сітуацыі, дапамагаюць весці прафілактычную работу з асобамі, схільнымі да асацыяльнага ладу жыцця, арганізоўваць насельніцтва для правядзення масавых мерапрыемстваў, суботнікаў.

— Вядома, хочацца, каб для сельскага жыхара  выгодаў станавілася з кожным годам усё больш, — разважае кіраўнік мясцовай улады. —  Хочацца, каб транспарт хадзіў некалькі разоў на дзень, каб ліхтар свяціў каля кожнай хаты, ў крамах быў самы поўны асартымент, які задаволіў бы і сталічнага жыхара.

Жаданні зусім не звышнатуральныя, можна сказаць, элементарныя, толькі ў сучаснай дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі задаволіць іх у поўным аб’ёме нерэальна, да таго ж вырашэнне такіх маштабных пытанняў адбываецца на іншых узроўнях, не ў сельвыканкамах.

Але ўсё ж важная роля мясцовых Саветаў у забеспячэнні захавання інтарэсаў грамадзян відавочная. Старшыня сельсавета, дэпутаты першымі даведваюцца аб актуальных праблемах сваёй мясцовасці, і ім жа даводзіцца інфармаваць жыхароў аб перспектывах вырашэння гэтых праблем, тлумачыць, якой дапамогі можна чакаць, а што патрэбна рабіць уласнымі сіламі.

Адным з самых, напэўна, цяжкіх напрамкаў дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца работа з такой праблемнай катэгорыяй грамадзян, як алкаголікі, асобы, схільныя да правапарушэнняў і асацыяльнага ладу жыцця.  Як вярнуць такіх людзей на правільны шлях?

— Сапраўды, не сакрэт, што праблема гэта вострая ва ўсёй краіне, і тэрыторыя нашага сельсавета — не выключэнне, — гаворыць Таісія Валянцінаўна. —  У рабоце з такімі людзьмі я заўсёды стараюся займаць пазіцыю супрацоўніцтва: не асуджаць іх, не сварыцца на іх, не «маралі чытаць», а паспрабаваць зразумець і дапамагчы, вярнуць цікавасць да жыцця, падтрымаць маральна, а па магчымасці — і справаю. Напрыклад, заўсёды садзейнічаю ў працаўладкаванні.

Дапамагае ў вырашэнні праблем падобнага характару работа назіральнай камісіі, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі ўсіх зацікаўленых службаў. Увага звяртаецца, найперш, на сацыяльна неабароненыя катэгорыі людзей, тых, хто знаходзіцца ў «зоне рызыкі». Так, у сельсавеце пражываюць 4 сям’і з 9 дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 283 адзінока пражываючых грамадзян пенсійнага ўзросту, 40 адзінокіх пенсіянераў, шэсць шмадзетных сямей, 68 інвалідаў 1 і 2 групы.

 Увогуле, дэмаграфія выглядае тут наступным чынам: з 877 усіх жыхароў Морынскага сельсавета — 389 працаздольнага ўзросту, 67 — моладзь. За мінулы год нарадзілася 5 дзяцей, зарэгістравана 24 смерці, заключаны 1 шлюб. А гэта статыстыка прымушае задумацца…

З 2004 года ў Морынскім сельвыканкаме ўкаранілася традыцыя — ўрачыстая рэгістрацыя залатых юбіляраў, тых сямейных пар, якія пражылі ў шлюбе 50 гадоў. Прыкладна кожны год марш Мендэльсона гучыць у гонар 2-3 «залатых» пар.

Напрыканцы гутаркі старшыня сельвыканкама Т. Лось адзначыла, што вырашэнне многіх праблем залежыць ад зацікаўленасці саміх людзей, ад іх жадання зрабіць сваё жыццё лепшым. Толькі агульнымі намаганнямі ўладаў і жыхароў магчымы нейкі станоўчы вынік. Бо нездарма ж існуе і вельмі часта выкарыстоўваецца ў  народзе выказванне: «Адзін у полі — не воін».

І. БУТУРЛЯ.

С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).