…Кожная сям’я адметная і цёплая сваімі асабістымі традыцыямі. А горад — гэта ж таксама сям’я: адна, вялікая. І як цудоўна, што ёй далі магчымасць некалькі гадоў таму назад раз у год, летнім цёплым раннем, а потым — днём і вечарам — сустрэцца ўсім разам, святкаваць разам, гуляць па вуліцах і канцэртных пляцоўках разам…
Дзень горада — яшчэ адна цудоўная, цёплая традыцыя Іўя — зусім маладога маленькага горада і адначасова такога старажытнага, знакамітага падзеямі і людзьмі, мястэчка.
Ужо чацвёрты год чэрвеньскае ранне пачынаецца малітвай ва ўсіх храмах горада: за Айчыну, за горад, за людзей яго і яго ўлады. Айчына — яна ж у нас адна на ўсіх: і на беларуса, і на паляка, і на татарына, і на яўрэя…
Аб гэтым кожнаму, хто завітае ў старажытнае мястэчка, расказвае візітоўка горада — памятны знак сяброўства і верацярпення, міру і згоды між нацыямі і веравызнаннямі. І цяче вада ў крузе-вечнасці ля магутных знакаў чатырох канфесій, і чуецца ў імглівым цячэнні струмянёў подых мінуўшчыны, крокі ратнікаў, якіх збіраў князь Вітаўт для барацьбы з рыцарамі — крыжакамі; і скрыпяць праз стагоддзі колы кібітак, цокаюць капыты коней, якія везлі з далёкай Залатой Арды хана Тахтамыша і яго людзей, якія папрасілі палітычнага прытулку ў вялікага князя Вялікага княства Літоўскага, і чуецца ў гэтым шапаценні ўладарны голас Евы, жонкі князя Гедыміна, уладаркі і заснавальніцы мястэчка, якая сваёй уладай дае вольную грамату новым іўеўскім жыхарам — татарам… А вось галасы паўстанцаў 80-х гадоў 19 стагоддзя… І бягуць ранкам на заняткі ў арыянскую акадэмію шкаляры — дзеці і заможных, і бедных жыхароў мястэчка і навакольных вёсак… І замоўкла ўсё наўкол для іўеўскіх яўрэяў у святую суботу — шабат… І чуецца з тае вечнасці грукат танкаў і баявых машын, і гучаць фанфары Перамогі, і шчаслівы смех сучаснікаў… Вялікая захавальніца інфармацыі — вада — цячэ далей, у абшары вечнасці, каб збіраць і несці нашчадкам аповяд пра мінулае, сучаснае, будучыню, пра нашых прашчураў, нас, нашых дзяцей і іх нашчадкаў праз усе стагоддзі…
Штогод Дзень горада — гэта адкрыццё і для сэрцаў, і для розуму, і для жыцця асобных патрэбных аб’ектаў, знакаў памяці, куткоў-візітовак і для нас, і для нашых гасцей, і для вандроўнікаў, якія ўсё часцей свае маршруты пракладваюць праз наш горад.
Сёлетняе свята не стала выключэннем. У 11 гадзін паблізу касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла адбылася патрэбная і доўгачаканая падзея. Адкрыццё і прэзентацыю памятнай дошкі «Арыянская школа» падрыхтавала другая школа, таксама вядомая і сваімі настаўнікамі, і сваімі выпускнікамі, і сваім глыбокім веданнем гісторыі роднага краю — Іўеўская сярэдняя школа.
Нават прэзентацыя гаварыла аб тым, што ў гэтай установе ўсё добрае, станоўчае робіцца разам — вучнямі і настаўнікамі. Аб арыянскай школе расказвалі намеснік дырэктара Іўеўскай СШ Людміла Уладзіславаўна Гаўрук і вучань старэйшых класаў Уладзіслаў Карасёў.
Яны расказалі пра пачатак 14 стагоддзя, пра час рэфармацыйнага і гуманістычнага руху, калі на тэрыторыі ВКЛ узнікла вялікае мноства школ, друкарняў, з’явіліся першыя падручнікі і кнігі на беларускай, польскай і літоўскай мовах. У 1585 годзе (430 гадоў назад) была адкрыта школа арыян і ў Іўі. Яе заснаваў магнат Ян Кішка, якому ў той час належала мястэчка. Рэктарам школы стаў малады выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта Ян Ліцыній Намыслоўскі.
У школе набывалі веды дзеці шляхты і местачкоўцаў, якія належалі да розных веравызнанняў. Плата за навучанне была рознай. Багатыя плацілі, здольныя вучні-беднякі вызваляліся ад аплаты.
Якую цудоўную адукацыю атрымлівалі нашы разумнікі з сярэднявечча! Багаслоўе, асновы матэматыкі, логіка, гісторыя, паэзія, грамадскае права і кодэкс Юсцініяна, рыторыка, этыка, музыка, медыцына, фізіка, грэчаская, лацінская, старажытнаяўрэйская, польская, беларуская мовы — прадметы, якія вывучаліся ў арыянскай школе. Нездарма гэтую школу ў Іўі ў Вялікім княстве Літоўскім называлі акадэміяй. І нездарма Ян Ліцыній Намыслоўскі сказаў: «Ці можаш пакінуць спадчыну лепшую, чым удзячнасць дзяцей за бездакорнасць тваю?»

Гонар адкрыць памятную дошку быў прадастаўлены старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Іванавічу Булаку і краязнаўцу, жыхару горада Іўе Івану Адольфавічу Пракопчыку, якія звярнуліся са словамі прывітання і пажаданняў да іўяўчан.
Гісторыя горада складалася па каменьчыку, па цаглінцы. Велізарны камень — валун, на якім размешчана памятная дошка, зойме сваё пачэснае месца ў гэтай гісторыі, у жыцці нашага горада.
А тым часам у храмах Іўя ішло богаслужэнне за горад, за яго людзей, за яго ўлады.
А 12-й гадзіне з розных накірункаў горада пайшлі працэсіі. Гэта вялі сваіх вернікаў да месца святкавання ўрачыстасці настаяцель праваслаўнага храма святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага пратаіерэй Вячаслаў Пашкевіч, настаяцель каталіцкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла, ксендз дзекан Ян Гавецкі, імам мусульманскай мячэці горада Іўе Адам Радзецкі. Бы раўчукі веры, цярпення, гістарычнай народнай моцы сцякаліся яны на плошчу, каб разам святкаваць.

У гарадскім скверы, ля памятнага знака мірным жыхарам, салдатам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся мітынг-рэквіем, на якім выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Іванавіч Булак.

Кветкі і вянкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага савета дэпутатаў, служб і ўстаноў, ад дэлегацый і гасцей, што прыехалі на свята, былі ўскладзены да памятнага знака і мемарыяльнага помніка ў гонар загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, выхадцаў з Іўеўшчыны.

…У цэнтры горада адбылося ўрачыстае адкрыццё свята, своеасаблівы парад канфесій і нацыянальнасцей, які прымала гаспадыня горада, яснавяльможная княгіня Ева — абагульнены вобраз яркіх, разумных жанчын з родаў магнатаў, якія валодалі мястэчкам Іўе.

Работнікі культуры зноў вярнулі нас у тыя часіны, калі толькі закладваліся будучыя дружба і згода, мір і суседскія адносіны нашых прашчураў: літвінаў і беларусаў, палякаў, татараў, яўрэяў…

Свабодна, годна паплылі ў блакіт неба сцягі Рэспублікі Беларусь і горада Іўе.
Традыцыйна на гэтай частцы свята слова трымаюць святары горада.

Пратаіерэй Вячаслаў Пашкевіч сказаў, што мудры чалавек будуе свой дом на камні, якога не парушаць дажджы і ветры. Гэты камень — наша вера. Менавіта яна дапамагае нам жыць у любові і па законах Боскіх.

— Мы павінны,- сказаў ксёндз дзекан Ян Гавецкі, — быць удзячнымі нашым уладам, што падтрымліваюць нашу веру, падтрымліваюць мір і згоду ў нашым шматнацыянальным горадзе.

Імам Адам Радзецкі, у прыватнасці, сказаў:
— Усе мы любім сваю Радзіму, Беларусь. Любім свой прыгожы, зялёны горад. Любім за тое, што проста жывём тут, працуем, выхоўваем дзяцей. Я ўпэўнены, што гэтае традыцыйнае свята яшчэ мацней з’яднае сувязямі братэрства прадстаўнікоў усіх канфесій.

Прадстаўнік іўеўскіх яўрэяў Тамара Кошчар-Барадач сказала:
— Радзіма — гэта месца, дзе ты нарадзіўся, а краіна ці горад, дзе ты жывеш, — гэта месца жыхарства. Айцец Вячаслаў сказаў цудоўныя словы пра цярпенне, якое патрэбна кожнаму ў жыцці. Першае слова, якое прыйшлося нам вывучыць і зразумець яго сутнасць у Ізраілі — было менавіта «цярпенне». І мне, былой жыхарцы Іўя, яго было легка зразумець, як і кожнаму з нас, іўяўчан. Нездарма помнік талерантнасці (цярпення) стаіць толькі тут. І менавіта тут прыйшла ідэя аб яго ўзвядзенні.


… Пад гукі духавога аркестра і госці горада, і ўлады, і ўдзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення адправіліся на наберажную возера да асноўнага месца святкавання.




І тут адразу ж іх сустракалі падворкі ўсіх аграгарадкоў раёна. Музыка, песні, сардэчныя запрашэнні паспрабаваць нацыянальныя беларускія стравы, паглядзець на вырабы народных майстроў. Усё гэта заўжды надае святу асаблівы, зіхатлівы, гучны каларыт.


І не толькі нашы майстры і ўмельцы вітаюць свята. Традыцыйна на яго прыязджаюць рамеснікі і народныя майстры з Гродзенскай вобласці і ўсяе Беларусі. Якой толькі прыгажосці тут ні пабачыш! І не толькі народных вырабаў! Камяні-самацветы, розная біжутэрыя, модныя капялюшы, розныя прысмакі, якія так любяць дзеці, — усё прапаноўвалася гасцям свята і жыхарам горада.

Самыя малыя іўяўчане цэлы дзень правялі ў гульнях. Гарадок атракцыёнаў да цемры вабіў каруселямі, батутамі, горкамі, вежамі, на якія патрэбна было ўзбірацца, і рознымі іншымі гульнямі і атракцыёнамі…
Адкрыў масавае гулянне старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Аляксандравіч Хвасько.

А затым пачалася традыцыйная штогадовая цырымонія — уручэнне пасведчанняў пачэсных грамадзян горада Іўе. Сёлета гэтае званне прысуджана былому галоўнаму ўрачу Іўеўскай раённай бальніцы Георгію Уладзіміравічу Гасперу і былому пракурору Іўеўскага раёна, зараз начальніку ўпраўлення следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці генерал-маёру Іосіфу Эдвардавічу Леонку. Пасведчанні ўручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Булак.

Ужо традыцыйна адна старонка свята адводзіцца дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Генадзьеўне Кучынскай, якая заўжды мае што сказаць сваім выбаршчыкам, іўяўчанам, гасцям горада. Менавіта на свяце горада яна ўручае ўзнагароды свайго праекта, які датычыць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, адзначае людзей і ўстановы за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці.

Падзячныя лісты дэпутата Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь былі ўручаны: калектыву рэдакцыі газеты «Іўеўскі край», начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама Валянціне Іванаўне Ус, дырэктару прыватнага аўтатранспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Віцязь» Віктару Іванавічу Жыдзелю, індывідуальнаму прадпрымальніку Алене Іосіфаўне Кузьміч, індывідуальнаму прадпрымальніку Генавэфе Аўгусцінаўне Лянга, індывідуальнаму прадпрымальніку Але Уладзіміраўне Тацкойнавай, дырэктару прыватнага гандлёва- вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Геранёнскія кветкі» Тэрэсе Чаславаўне Шаталавай. 60 тамоў дзіцячай энцыклапедыі атрымалі выхаванцы і вучні Іўеўскага дзіцячага садка-пачатковай школы.

Наталля Генадзьеўна павіншавала іўяўчан са святам. Яна, у прыватнасці, сказала, што свята горада Іўе — гэта свята, якое дорыць надзею, падкрэслівае вялікае мінулае і веру ў будучыню. Традыцыі — гэта наш падмурак. Цудоўна, што новае кіраўніцтва раёна падтрымала новую традыцыю — свята горада. Усе, што робіцца талакой (разам), заўжды жыве доўга. Няхай, сказала дэпутат, добрым традыцыям добра жывецца на іўеўскай зямлі.

На свяце было шмат гасцей: дэлегацыя горада-пабраціма Азнакаева Рэспублікі Татарстан на чале з намеснікам главы Азнакаеўскага муніцыпальнага раёна Розай Алмасаўнай Галеевай, дэлегацыя Кайшадорскага раёна Літоўскай Рэспублікі на чале з мэрам Кайшадорскага раёна Віцянісам Томкусам, Наталля Генадзьеўна Кучынская — дэпутат Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Аляксандравіч Вітко — дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Сяргей Францавіч Глінскі — старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў, Валерый Уладзіміравіч Бітэль — старшыня праўлення Валожынскага спажывецкага таварыства, Сяргей Васільевіч Мішарын — старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў, Андрэй Уладзіміравіч Садоўскі — старшыня СПК «Прынёманскі» Навагрудскага раёна, Генадзь Васільевіч Харужык — старшыня Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта, Алег Мечыслававіч Таргонскі — старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта, Мікалай Уладзіміравіч Дуніч — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы старшыня Іўеўскага райвыканкама, Валянцін Мікалаевіч Пракопік — былы старшыня Іўеўскага райвыканкама, Тамара Маісееўна Барадач — кіраўнік праекта «Корни» цэнтра «Ізраіль- Беларусь», наша зямлячка, і іншыя.

Як вядома, у госці прынята хадзіць з падарункамі. Таму госці свята дарылі падарункі, жадалі шчасця і дабрабыту гораду і яго людзям.
Кіраўнік татарскай дэлегацыі Роза Галеева сказала, што татары і беларусы адной крыві — крыві сяброўства, звязаны былой краінай — Савецкім Саюзам, звязаны вялікай Перамогай. Яна перадала нізкі паклон усім ветэранам вайны, іх сем’ям, падзякавала Беларусі за тое, што жыве ў міры, што беражэ яго. І быў абавязковы татарскі «чак-чак», які раздалі ўсім, хто знаходзіўся ля сцэны свята.

Тамара Барадач прывезла каштоўнае выданне — кнігу «Бытие» со Старога Запавету з асабістай пячаткай легендарнага іўеўскага ксяндза, пісьменніка, асветніка Ільдэфонса Бобіча. Кніга захоўвалася ў сям’і Кошчараў доўгія гады.
Сцэнічная пляцоўка была прадастаўлена артыстам з суседніх раёнаў Гродзенскай вобласці, артыстам з Кайшадорыса, нашаму земляку, артысту Гродзенскай філармоніі Рыгору Лавышу — усе віншавалі іўяўчан да позняга вечара.

Амаль паўдня на другой пляцоўцы ішло свята плуга «Сабантуй», якое падрыхтавалі для нас члены татара-башкірскай грамады горада Гродна. Нацыянальныя гульні, спаборніцтвы, песні, танцы. Сапраўднае свята людзей, якія закончылі сяўбу, выканалі святы хлебаробскі абавязак.

Адкрыў Сабантуй гаспадар раёна, старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Булак. А Роза Алмасаўна Галеева сказала, што яны адчуваюць сябе, як дома, што яны пачулі так шмат добрых слоў у адрас мясцовых татар. А беларуская зямля і яе людзі, здаецца, напоўнены добразычлівасцю, сардэчнасцю. Яна пажадала нам добрага ўраджаю, своечасовага дожджыку на палі і палеткі, каб заўжды быў бохан хлеба на стале, а ў дамах і сем’ях панавалі шчасце, каханне, здароўе і дабрабыт.

Пажадаем жа таго ж самі сабе і нашым сябрам. Пажадаем плену і поспехаў кожнаму ў імя нашай айчыны, у імя нашага горада і раёна.

А зараз слова — гасцям святам, людзям, якія пэўны час самааддана працавалі ў нашым раёне:
Алег Мечыслававіч Таргонскі — былы старшыня калгаса імя Кірава, СПК «Лаздунскі», старшыня Слонімскага раённага выканаўчага камітэта:
— Вяртацца дамоў — заўжды шчасце. Нідзе мне так добра не спіцца, як у вясковай хаце ў Лаздунах, нідзе так лёгка не дыхаецца, як на зямлі, дзе вырас, дзе мой маленькі радзімы куток. Тут забываюцца праблемы і клопаты, тут адпачываеш душой.
Вельмі прыемна прысутнічаць на свяце, з задавальненнем адзначаць, як змяніўся горад за апошнія гады, як папрыгажэў, як шмат моладзі і дзяцей на свяце. І людзі адпачываюць, радуюцца, не ведаюць вайны і ўсіх тых катаклізмаў грамадска-палітычнага жыцця, што зведалі многія краіны постсавецкай прасторы.
У Слоніме таксама шмат гарадоў-пабрацімаў з розных краін. Нядаўна прадстаўнік украінскай дэлегацыі з Вінніцы, выступаючы, заплакаў і сказаў: «Беларусы, беражыце сваю краіну, сваю ўладу. Вы павінны разумець, што гэта вялікае шчасце — жыць у Беларусі, не ведаць вайны».
А такія святы маленькіх гарадоў і ёсць прызнанне ў вялікіх пачуццях да ўсёй краіны. Жадаю Іўю, яго людзям і ўладзе дабрабыту і росквіту, як бы цяжка ні прыходзілася гэтага дасягаць.
Іосіф Эдвардавіч Леонка — генерал-маёр юстыцыі, начальнік упраўлення следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці:
— 8 гадоў я працаваў у праваахоўных органах Іўеўскага раёна. Гэта не только месца маёй першай пасля заканчэння юрыдычнага факультэта працы. На Іўеўшчыне я нарадзіўся і вырас. Тут шмат сяброў, родных людзей. Таму яна назаўжды застаецца маёй жаданай прыстанню. Я ўдзячны за запрашэнне на свята, за магчымасць пабачыць, як змяніліся горад і яго людзі. Як вялікі аванс успрыняў паведамленне аб абранні мяне Пачэсным грамадзянінам горада. Дзякуй вам, землякі! Буду імкнуцца быць годным такога вялікага даверу.
Мікалай Уладзіміравіч Дуніч — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы старшыня Іўеўскага райвыканкама:
— Мы сёння пачулі пра славутыя старонкі жыцця нашага такога маладога і такога старажытнага горада. Старадаўняе мястэчка мы з вамі разам рабілі горадам. Рабілі будаўніцтвам жылля, добраўпарадкаваннем. Рабілі поспехамі прадстаўнікоў усіх галін народнай гаспадаркі. Таму што ў Іўі працуюць і жывуць надзвычай адказныя, працаздольныя і разумныя людзі. Толькі розумам можна растлумачыць гэтае добрасуседства між рознымі канфесіямі і нацыянальнасцямі, якое доўжыцца ўжо больш як шэсць стагоддзяў. Я веру, што наш горад знойдзе сілы і сродкі для большага росквіту, для таго, каб заставалася тут жыць моладзь, каб з’явіліся новыя рабочыя месцы. Зрэшты, каб было каму і далей ствараць нашу асабістую гісторыю.
Валянцін Мікалаевіч Пракопік — былы старшыня Іўеўскага райвыканкама:
— Свята — гэта заўжды цудоўная падзея. А вось на такія мерапрыемствы, як паказвае жыццё, людзі ідуць сем’ямі. Ідуць старыя і малыя. Гэта свята горада, свята кожнаго яго жыхара. Нельга не заўважыць, як змяніўся горад з тае пары, як я працаваў тут. Зроблена шмат. І асабліва мне да спадобы гэтае новае месца для правядзення масавых гулянняў, святаў. Некалі мы аб гэтым думалі, аднак не сабраліся зрабіць. Вельмі добра, што гэтае месца добраўпарадкавалі, зрабілі такім прыгожым, утульным. Прыемна было пабачыць знаёмыя твары, паразмаўляць з іўяўчанамі. Жадаю ўсім дабрабыту, здароўя, росквіту гораду і кожнай сям’і.
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.






