0
Местное управление и самоуправление

Маленькія гісторыі пра вялікія пачуцці

…Некалі бацька казаў: » Не пішы нічога з Барава, Мікалаева, Латэўкі. Ні кепскага, ні добрага не пішы. Ты тут расла. Тут людзі, як сваякі. А сваіх пакрыўдзіць так лёгка і так цяжка часам прабачэнне атрымаць…».

Я амаль што і не пісала. А зараз… Зараз большасць маіх землякоў глядзяць вачыма вечнасці з медальёнаў на помніках. Як па вясковай вуліцы ідзеш, успамінаючы кожнага. І памяць  вырысоўвае, чамусьці вельмі часта, яшчэ халаднаваты веснавы вечар на Вялікдзень, калі з розных бакоў вёскі даносілася гучнае і прыгожае спяванне «Святы сягодня дзень настаў». Потым яно заціхала. Спевакі падыходзілі да другога акна, стукалі ў яго, а калі гаспадары адкрывалі, віталіся: «Дзядзька, цётка, ці можна вашу хату павесяліць, з Вялікдзенем павіншаваць?». А далей былі спевы… І несліся яны наўкол, адгукаліся ў блізкіх дубровах і хвойніках, гойдаліся на хвалях бацькі- Нёмана. І нічога дзіўнага: у спеваках хадзілі народныя артысты — удзельнікі Бараўскага народнага хору, якія і маскоўскую публіку ў 1971 годзе здзіўлялі  прыгажосцю і сілай сваіх галасоў…

…Шапаценне восеньскага лісця пад нагамі на вясковай вуліцы пакрыху заглушае ў памяці тыя песні, якія, здаецца,  вырвуцца зараз з душы, загучаць па-сапраўднаму. Іду па Мікалаеве. Лічылася асобнай вёскай, а дзяўчат і хлопцаў іранічны настаўнік хіміі Ігнацій Панцялеевіч называў местачкоўцамі, але зараз праз гады здаецца,  што былі яны адзінай вёскай — Слабада, Барава, Латэўка, Мікалаева. З людзьмі вольнымі, прыгожымі, часам ганаровымі, свабодалюбівымі, якія, па іх жа словах, не вельмі падпарадкоўваліся ні палякам, ні немцам, ні Саветам. Ну, Саветам усё ж падпарадкаваліся. Жылі, працавалі ў калгасе. А вось немцы за ўсю вайну ніводнага разу не былі, хоць гарнізон стаяў  зусім побач — у Лугамавічах. І баяліся — побач пушча Налібоцкая з партызанамі. І стараста разумны быў у весцы. Умеў іх супакоіць, адгаварыць ад візітаў. А тым часам партызаны былі пастаяннымі гасцямі…

Як шмат думак роіцца ў галаве. А хаджу ж тут па канкрэтнай справе, чалавека шукаю, аднаўляю памяць…

 

Па вуліцы Агафонаўскай сумуе маёр з Калодзішчаў…

…Старая вуліца-брукаванка яшчэ памятае і гульню ў «чыжыка», і валейбольную сетку, расцягнутую на грудку, што размяшчаўся ў цэнтры вёскі Мікалаева, і бясконцыя паездкі на веласіпедах вялікай колькасці хлапчукоў і дзяўчынак. Спачатку дзяцей вёскі, а потым яе ўнукаў, якія ўжо прыязджалі з Мінска, Ліды, Гродна, Смаргоні, Маладзечна, Масквы, Ленінграда… І не патрэбны ім былі ні мора з пальмамі, ні піянерлагеры ў цудоўных мясцінах. Толькі б свяціла ранкам сонейка ў вокны бабулінай хаты, стаяла на стале міска з бульбянымі блінамі, сквірчэла на пліце патэльня з яйкамі і кавалачкамі сала, і зваў да сябе Нёман. Зялёныя гуркі з градкі і шматок сала з хлебам. І гатовы ласунак, каб узяць з сабой на рэчку.  Вечарам пацягне з хаты водар бульбы з кропам. І якая яна была смачная з халадніком са шчаўя, прыбеленага хатняй смятанай!

Наша памяць — у такіх вось абразках дзяцінства, юнацтва, праведзенага ў вёсках бабуль і дзядуль, у хатах бацькоў.

Мой пляменнік, дарослы мужчына, паспяховы ў жыцці і працы, масквіч, якому не з’яўляецца праблемай адпачыць на экзатычных астравах і ў далёкіх краінах, раз — пораз знянацку зрываецца з работы, бярэ адпачынак на некалькі дзён, адключае сотавы тэлефон і едзе ў Барава, у пустую халодную кватэру, сярод зімы.  Ён маўчыць, ходзіць па заснежанаму саду, глядзіць далёка ў бок лесу і могілкаў, дзе пахаваны дзядуля з бабуляй, ходзіць па вёсцы, а потым праз дзень-другі кажа: «Усё. Перазагрузіўся. Можна далей жыць і працаваць».

Якая ж сіла была ў нашых бацькоў, якая сіла была ў нашай вёсцы! Якое цярпенне і любоў, якія сапраўдныя пачуцці, калі дзеці і ўнукі праз гады і дзесяцігоддзі едуць у пустыя хаты, каб сагрэцца ўспамінамі, каб адчуць сябе маленькім і абароненым, каб успомніць той час, калі дрэвы былі вялікімі, а мы малымі, а асобныя дрэвы ў нашай вёсцы былі волатамі, бо садзілі іх яшчэ ў 1911 годзе  юнакі і падлеткі разам з мікалаеўскім бацюшкам.

Хіба будзе дзе на свеце больш яркае сонца і сінейшыя аблокі?! Хіба ёсць што — небудзь мякчэйшае, чым шурпатыя ад працы рукі бабулі, калі яна гладзіць цябе па галоўцы і расказвае казку! Хіба можа хто-небудзь зрабіць лепшы караблік, чым дзед? І хіба ёсць сёння больш балючыя, чым дзедаў, рамяні для неслухаў?

… Іду па Мікалаеву. Раптам — вуліца Агафонаўская. Прыгожая завадская шыльдачка, не самаробная, а з майстэрні. На ёй нумар дома і назва вуліцы. Аглядваюся наўкол. Здаецца, ніколі назваў вуліц тут не было. А з хаты, усміхаючыся, спяшаецца пажылая жанчына. Памятаю, што называлі яе Тасяй Агафонавай у весцы. Наогул, не ведаю, як дзе, а ў нас людзей па-сапраўднаму прозвішчу толькі ў афіцыяльных момантах называлі. А так былі свае, вулічныя прозвішчы. Так, Хількевічы былі Лебедзевымі, а Побалі — Ганавымі і г.д.

Дык вось Тася Агафонава ці то Таісія Аляксандраўна Чакавая расказала нам такую цёплую, сардэчную гісторыю. Яна маці чатырох дзяцей: двух сыноў і двух дачок, мае ўнукаў.

Усе яны праводзілі лета ў бабулі ў прынямонскай вёсцы. Але па-асабліваму вёску любіў адзін унук, сын дачкі Ганны — Жэнька.

Зараз 30-гадовы ўнук, маёр дэсантных войскаў з Калодзішчаў Яўгеній Бойка ў сэрцы застаўся ўсё тым жа хлапчуком, якому так соладка спалася на бабуліных мяккіх падушках кароткімі летнімі начамі падчас канікулаў, якому так не хацелася вяртацца пасля лета ў Слуцк да мамы і таты. Таму кожную вольную хвіліну ён прыязджае да бабулі. Дзеда няма ўжо ў жывых. Яўгеній штогадовы адпачынак ці частку яго імкнецца правесці ў Мікалаеве.

А памяць дзеда Агафона ён увекавечыў на гэтай шыльдачцы — «вуліца Агафонаўская», вуліца дзяцінства, вуліца дзядулінай і бабулінай любові.

Каб бабулі не было страшна ў такі няпросты час жыць адной, на плоце таксама з’явілася шыльдачка «Стой! Ахоўваемая зона». За сваім пачуццём гумару былы хлапчук, а зараз абаронца айчыны, хавае сваю бясконцую ўдзячнасць за шчаслівае дзяцінства і сваю любоў да бабулі і дзядулі.

Выйдзе бабуля на двор ды й усміхнецца, убачыўшы гэтыя шыльдачкі. А яшчэ адна -«Консул» —  вісіць на будцы, дзе пражывае вялікая аўчарка па мянушцы Консул — падарунак унука. І паўсюдна бачны яго клопат, яго работа. І  не старэе двор, вырастаюць на ім новыя пабудовы, як, напрыклад,  альтанка, якая яшчэ ў стадыі будаўніцтва, таму што «будаўніку»  дапамагае родны дзяцька, а ў яго самога вялікія абавязкі ёсць — Радзіму абараняць…

Працягваецца жыццё

Пакрыху даведваюся пра рэчы, якія мяне цікавяць, а сама радуюся, што змагла людзей гэтых зноў сустрэць, пагутарыць, успомніць. Памяць —  яна патрэбна не толькі мёртвым. Цяжка, калі зарастаюць яе сцежкі і да жывых.

Анастасія Аляксандраўна Журомская — мая наступная субяседніца — нядаўна адзначыла сваё 85-годдзе. Іншым часам я такіх людзей бабулямі называю. А тут — аніяк. Па -першае, маці майго аднакласніка, якую я памятаю, як цётку Насту, па-другое, хіба можна яе назваць бабуляй? Вось да юбілею і Грамату-благаславенне за руплівасць і старанную працу  ў славу святой праваслаўнай царквы атрымала ад архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя, і словы ўдзячнасці і прызнання ад свайго бацюшкі і благачыннага Іўеўскай праваслаўнагай акругі пачула І вернікі сардэчна віншавалі. На кожнай службе ў мікалаўскай Свята-Пакроўскай царкве гучыць яе сапрана, вылучалася яно ў свой час  і ў Бараўскім народным хоры.

Добры чалавек яна, прыгожы душой сваёй і ўчынкамі. Калі у царкве кветкі новыя з’явіліся, то гэта і яна пашчыравала. Амаль заўжды і пасля службы прыбярэ храм, парадак навядзе. Неафіцыяльная і ўборшчыца, і ключніца. І ўсё робіць хуценька, спорна.

З маленства царква ля самага дома яе бацькоў стаяла. У гэтым доме засталіся фотаздымкі, засталася памяць, пра якую мы сёння гаворым: памяць пра родных, памяць пра блізкіх, пра суседзяў, аднавяскоўцаў.

…На фотаздымку вельмі прыгожая, зусім не сялянскага аблічча жанчына.

— Гэта мама наша, — кажа 85-гадовая дачка, — яна з Казаковага двара была.

З якім гонарам і сумам было гэта сказана. Напэўна, той двор, тая сям’я карысталіся павагай ў вёсцы. Бацька Аляксандр Побаль быў членам царкоўнай 20-кі. Гэта быў савет з самых разумных і паважаных сялян, якія вырашалі праблемы царквы. Вернікаў жа было вельмі шмат. Свёкар Сяргей Ільіч Журомскі быў псаломшчыкам, а яны з мужам спявалі ў народным хоры. І сыны спявалі.

Іх у Анастасіі Аляксандраўны — 4,  унукаў шасцёра, дзевяць праўнукаў і, калі дасць Бог, хутка будзе 10. Усе яны віншавалі маці і бабулю з днём нараджэння, усе жадалі здароўя, усе жадалі жыцця. Усе гаварылі пра сваю любоў, таму што ведаюць, як цяжка жылося маці, колькі яна працавала, як імкнулася падняць на ногі сваіх хлопчыкаў, якой клапатлівай заўжды была.

Так, такія людзі — клад сапраўдны і для дзяцей, і для нас усіх. Іх, на жаль, усё менш.

Яна адна з нямногіх, яшчэ жывых жыхароў Мікалаева. Я выказалася наконт дачнікаў, што будуюцца на месцах старых дамоў. Маўляў, добра, людзі жывыя будуць побач.

Анастасія Аляксандраўна сумна ўсміхнулася. Па яе словах, дачы будуюцца, ды людзей не бачна. Схаваліся яны за высокімі агароджамі. Не толькі саміх не бачна, але і дамоў не разгледзіш. Некалі глянеш у акно,  а там свет у вокнах суседа з’явіўся. А калі не, то трэба бегчы глядзець, ці не здарылася чаго. А зараз не бачна ні свету, ні дыму, што высока-высока ўздымаўся марозным ранкам у неба з коміну…Але прыязджаюць дзеці, унукі, і жыццё працягваецца…

Я перад вамі з памяццю сваёй…

Анастасія Аляксандраўна, расказваючы пра храм, успомніла і прыпісную царкву ў Бараве. Так называлі раней невялікія храмы — капліцы, службы ў якіх праводзіў святар з суседняга храма. Царква насіла імя Ражаства Прасвятой Багародзіцы і была прыпісана да мікалаеўскага  Свята-Пакроўскага храма.

Капліца была закрыта напачатку 60-х гадоў. Яшчэ крыху раней на могілках, дзе яна стаяла сярод магутных таполяў і паху  прыгожых ландышаў, перасталі хаваць пакойнікаў.  Пакрыху і сама царква, і могілкі пачалі зарастаць  бэзам, ландышамі і наогул хмызняком. А потым і царква схілілася долу перад  неразумнасцю чалавечай. І стаяла яна, кінутая, разломаная, забытая перад вясковым клубам, які гудзеў моладдзю і весялосцю.

Спачатку гэта вельмі непакоіла людзей, выклікала сум і жаль. А потым змірыліся. Ды й людзей таго часу амаль не засталося.

Але заўжды было няёмка і перад тымі, хто там пахаваны, і перад самім сабой.

Летась я прыехала ў Барава, і вачам адкрылася незнаёмая і ўжо нязвыклая карціна. Могілкі былі вычышчаны, з’явіліся з бур’яну каменныя помнікі і жалезныя крыжы, на якіх яшчэ бачны даты пахаванняў у 19 стагоддзі, а таксама прозвішчы. Між іншым, людзей з сям’і таго француза Шыторле, які некалі застаўся жыць у Бараве, ранены у Айчыннай вайне 1812 года, і пра якога пісала раённая газета дзесяцігоддзе ці нават больш назад.

Яшчэ праз некаторы час, ужо летась, вакол старой драўлянай царквы ці таго, што ад яе засталося, з’явіліся будаўнічыя рыштаванні.

І гэта яшчэ больш здзівіла бараўчан. Даходзілі асобныя чуткі пра жынчыну, карані якой з Латэўкі, якая цалкам ўзяла на сябе ўзняцце з небыцця царквы Ражаства Прасвятой Багародзіцы.

Вось я і хадзіла па Мікалаеве, Латэўцы, Бараве, званіла ў розныя гарады, каб хоць крыху сабраць звесткі.

І сёння маю магчымасць нешта расказаць. Праўда, тэлефонную трубку ў Растове -на-Доне так ніхто і не падняў. Але, я вельмі спадзяюся, што яшчэ пазнаёмлю нашых чытачоў з той незвычайнай жанчынай. І гэта будзе іншая гісторыя. А зараз пра тое, што вядома.

… У 60-х гадах мы, малыя з Барава, бегалі на круты мікалаеўскі бераг Нёмана, каб памахаць рукамі параходу, які праходзіў тут і вёз людзей і грузы з Гродна ў Стаўбцы. Вось такі, прынамсі, Нёман быў тады.

Капітан, угледзеўшы на беразе чародку дзяцей, даваў гудок, а мы ледзь рукі не адрывалі, махаючы яму ў адказ. І я памятаю той дом, дзе мы праходзілі, як ішлі на рэчку, дзе жыла сям’я Свёклаў: маці, бацька і чацвера дзяцей. Тры дзяўчынкі і адзін хлапчук. Адна з дачок яшчэ малой утапілася ў Нёмане. А потым, кажуць, здарыўся пажар. І дом згарэў. А сям’я выехала, як тады казалі, на цаліну…

Дзяўчаты прыязджалі да сваякоў, потым сталі радзей бываць на малой радзіме. І вось адна з іх прыехала гады два назад, каб паставіць новыя помнікі на магілах родных.

Яна не убачыла не толькі магіл, але і самой царквы. І тады Галіна Мікалаеўна Сасс (Свякла) — дырэктар ААТ «Прамапрацоўка» з Растова-на-Доне вырашыла вярнуць памяць і сабе, і землякам. Ці хоць тым, хто яшчэ прыязджае як дачнік на малую радзіму.

І вось уздымаюцца царква, магілы. І асобныя людзі плачуць, бачачы ўсё гэта, і жадаюць Галіне Мікалаеўне здароўя і дабрабыту…

Некалькі гісторый, што я расказала, паказалі людзей — захавальнікаў памяці. Па-рознаму яны гэта робяць, але ад шчырага сэрца, ад усяе душы, так, як і патрэбна рабіць, каб быць чалавекам, хрысціянінам…

В. ГУЛІДАВА.

Фота аўтара.