0
Местное управление и самоуправление

Столькі зведаўшы гора й нягод, столькі слёз і крыві, і агню… Ты, Радзіма, на тысячу год заслужыла сабе цішыню…

… 70  гадоў гэтай мірнай цішыні плыве над абшарамі роднай зямлі, над яе сівымі курганамі і сучаснымі дамамі, над блакітам яе азёр і зялёным дываном дубраў і гаёў — Рэспубліка Беларусь адзначае 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкай навалы, Дзень  Незалежнасці. Рэспубліка адзначае свята памяці і гонару, свята болю і свята радасці. У той вайне, крывавай і няроўнай, загінуў кожны трэці беларус. Але ж нездарма назваў яе народ вайной свяшчэннай. Бо няма большага подзвігу і больш святой ахвяры, чым жыццё сваё аддаць за Айчыну, за зямлю родную, за дзяцей і бацькоў, за родных і блізкіх, за светлыя світанкі і прыгожыя захады сонца — за Жыццё на зямлі.   Мы перамаглі! І няма большага свята, чым Дзень Перамогі і Дзень вызвалення нашай краіны…

У Іўі, як і па ўсёй Беларусі, апошнім часам стала добрай і светлай традыцыяй адзначаць вялікія святы асаблівымі, значнымі падарункамі гораду, раёну і іх людзям. Такія падзеі, як правіла, адбываюцца ранкам, задаючы магутны акорд асноўнаму святу.

Вось і сёлетні Дзень незалежнасці пачаўся раніцой не ў цэнтры горада, а ля цэнтральнай аптэкі, у мікрараёне Маладзёжны і раёне вуліцы 50 год Кастрычніка. Там афіцыйна зацвердзілі вялікую і значную для гэтага мікрараёна падзею — будаўніцтва і адкрыццё бульвара і пад’язных шляхоў да асобных дамоў на тым месцы, якое было самым праблемным у Іўі і дастаўляла сваёй недабраўпарадкаванасцю шмат клопату ўсім, хто тут пражывае. А пражывае тут вялікая частка насельніцтва горада. І вось на месцы “векавога” балота з’явіўся пешаходны бульвар, пасаджаны дрэўцы і кусты, кветкі, засеяны зялёнай травой газоны, пастаўлены зручныя лаўкі, якія ўжо аблюбавалі для свайго адпачынку падчас прагулак пенсіянеры і маладыя мамы з дзеткамі.

Між іншым, калі пасля кароткай прамовы першага намесніка старшыні Іўеўскага райвыканкама  Віталія Станіслававіча Мілюнца была перарэзана чырвоная стужка, першымі па бульвары  прайшлі менавіта маладыя мамы з дзецьмі ў калясках. Гэта было прыгожа і глыбока сімвалічна… Па новай дарозе пайшла будучыня! Чым не ўверцюра да вялікага свята?!

На адкрыцці бульвара прысутнічалі і ветэраны — партызаны і салдаты-пераможцы  Вялікай Айчыннай вайны. Яны ехалі на адкрытых  машынах са сцягамі Перамогі і нацыянальнымі сцягамі нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь…

Святочны картэж ветэранаў, кіраўніцтва раёна, членаў райвыканкама, прадстаўнікоў грамадскасці, моладзі, працоўных калектываў адправіўся ў паездку памяці і славы — ад помніка да помніка.

Былі ўскладзены кветкі, прагучалі паэтычныя кампазіцыі, выступленні ля помнікаў: памятнага знака ў гонар усіх загінуўшых на тэрыторыі раёна ў гарадскім скверы, брацкай магілы воінаў і савецкіх работнікаў, якія загінулі ўжо пасля вайны, на гарадскіх могілках, брацкай магілы савецкіх воінаў у парку на Піянерскай вуліцы, мемарыяльнага комплексу закатаванай яўрэйскай абшчыны горада Іўе…

«О, мой смутак, мой боль, мая гаротная старонка! То не росы падаюць ранкам у твае травы, то слёзы памяці аб кожным загінуўшым,» — з гэтымі словамі вядучых мітынгаў-рэквіемаў да помнікаў ускладаліся вянкі і кветкі — апошні дар людзей тым, хто загінуў у імя міру і незалежнасці.

На канцэртнай пляцоўцы ля возера свята мела свой працяг. Пад гучны і ўрачысты марш іўяўчане сустракалі калону аўтамабіляў з ветэранамі і кіраўніцтвам раёна. Юнакі і дзяўчаты правялі ветэранаў да іх месцаў. Якія цяжкія гэтыя 10-15 метраў для тых, хто прайшоў доўгімі, крывавымі вёрстамі вайны?! Як моцна і трывала павінны мы захоўваць памяць пра іх подзвіг, пра тых, хто не вярнуўся з поля бою!

У імя Радзімы, міру, жыцця паплыў у неба Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. І на сцэну з літаратурнай баладай пра Беларусь падняліся культработнікі раёна. Іх словы гучалі лейтматывам усёй урачыстасці: » Мы — беларусы. Важна памятаць пра гэта, адчуваць сваю годнасць і імкнуцца зрабіць жыццё вартым спрадвечных народных мараў. Мы ганарымся роднай Беларуссю, яе разумным і незалежным народам. Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе. Хто забыў сваю мову — усё губляе».

Першы намеснік старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Віталій Станіслававіч Мілюнец павіншаваў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, усіх іўяўчан і жыхароў раёна з вялікім святам, адзначыўшы, што яно назаўжды стала сімвалам памяці і велічнасці народнага духу. Супраціўленне стала сапраўды ўсенародным. Пяць тысяч партызанскіх атрадаў, паўтара мільёна франтавікоў-беларусаў змагаліся з ворагам. У вогнішчы вайны згарэла жыццё кожнага трэцяга нашага суайчынніка. Было разбурана больш за 200 гарадоў, знішчана амаль дзесяць тысяч вёсак і пасёлкаў. Сотні з іх спалены разам з людзьмі. Забываць пра гэта нельга.

Як сказаў на ўрачыстым сходзе і канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, прысвечаных 70-годдзю з дня вызвалення Беларусі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, «Памяць — гэта трывожны звон гісторыі. Ён папярэджвае сусвет, што любая вайна — гэта вар’яцтва. Ён папярэджвае, што ні адна мэта не варта чалавечага жыцця. Ён папярэджвае, што любога агрэсара рана ці позна спасцігне ганебны крах… Барацьба з фашызмам выказала лепшыя рысы нацыянальнага характару — патрыятызм, свабодалюбства і стойкасць. Тое, што заўжды нам дапамагала пераадольваць любыя цяжкасці».

У сваім выступленні, як заўжды, глыбокім і мудрым, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Рыгоравіч Гончанка зрабіў сапраўдны экскурс у тыя страшныя часіны, напоўненыя высокім пачуццём любові да Радзімы, адказнасцю за яе лёс, гатоўнасцю аддаць жыццё ў імя перамогі.

За мужнасць, подзвіг, магчымасць жыць у мірнай краіне ад імя моладзі  дзякавала ветэранаў першы сакратар Іўеўскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Інэса Лебедзь.

Музычна-паэтычныя кампазіцыі «Ноч перад вайной» і «Спаленыя вёскі», балючыя і тонка-душэўныя, бы вярнулі прысутных у тыя страшныя часіны, калі гарэлі Ятаўтавічы і Кавалёвы, Юраўскія і Матыкаўшчына, Бакшты і Косці, Верашчакі — іўеўскія сёстры Хатыні; калі ў дзвюх ямах стоневічскага лесу знайшлі апошні прытулак больш 70 працэнтаў жыхароў Іўя — уся яўрэйская  абшчына, калі… Колькі гаротнага і цяжкага ў памяці народнай! А яшчэ ў ёй — годнасць і гонар, працаздольнасць і гераізм, патрыятызм і вялікае жаданне людзьмі звацца.

Таму і Дзень незалежнасці ў нас гарманічна спалучаецца з днём вызвалення ад фашызму. Таму аднолькава пачэснымі ў нашай краіне з’яўляюцца ўзнагароды і за бой, і за працу.

На свяце першы намеснік старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта В. Мілюнец уручыў узнагароды лепшым працаўнікам, а таксама пераможцам раённага конкурсу на лепшае падвор’е, якімі сталі: сем’і Казлоўскіх і Лавыш з аграгарадка Лаздуны, сям’я Федарака з горада Іўе, сям’я Барко з аграгарадка Ліпнішкі.

…Як заўжды, прыгожым і чароўным рабілі свята культработнікі раёна. Свае таленты, песні і напевы дарылі гасцям свята ўдзельнікі народных калектываў «Даўніна» (Геранёны) і «Юрацішкаўскі кірмаш». Тых, каго цікавіў спорт, чакалі лыжа-ролерныя спаборніцтвы на трасе, якая была адкрыта падчас святкавання Дня горада.

Музей нацыянальных культур адкрыў сваю выставу, дзе спалучыў тры тэматыкі: хрысціянскую, мусульманскую і іўдзейскую.

Працавалі гандлёвыя рады і гульнёвыя атракцыёны для дзяцей.

Надвячоркам іўяўчан віншавала са святам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Іўеўскай акрузе №53 Наталля Генадзьеўна Кучынская. Потым адбыўся канцэрт лаўрэата конкурсу шансона, першага камандзіра атамнага крэйсера «Пётр Великий» (Расія) Яўгена Добрышава.

А затым сцэну занялі калектывы сельскіх Дамоў культуры раёна з праграмай «Спявай, душа народная» і ўдзельнікі эстраднага канцэрта Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Не абышлося свята, безумоўна, і без дыскатэкі, якая так падабаецца моладзі.

Закончыўся знамянальны дзень святочнай рэспубліканскай акцыяй «Спяваем гімн разам».

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.