…Шчырае сяброўства, талерантнасць, мір і згода, пранесеныя скрозь стагоддзі, памножаныя на добрыя сэрцы і працавітыя рукі — вось яна, характарыстыка майго горада, вось яны — складаныя часткі таго цэлага, таго адзінага, якое сёння стала візітоўкай горада Іўе — памятнага знака сяброўства і верацярпення, міру і згоды між нацыямі і веравызнаннямі. Аб гэтым мараць людзі добрай волі ўсяго свету. А мы падкрэслілі сваю асаблівасць, сваю годнасць, сваё жаданне заставацца людзьмі, не зважаючы на тое, блакітныя вочы ў цябе ці вішнёва-рудыя, кірпаты нос ці з гарбінкай таго далёкага-далёкага прашчура,што імчаў на легкакрылым кані татарскага воіна. І імчаў ён не забіваць літвіна, а біць крыжакаў разам з вялікім князем Вітаўтам… Нас аднолькава зачароўвае і вясёлая полька беларуская, і сумная мелодыя, якая ўвабрала ў сябе ўвесь смутак яўрэйскага народа…
Таму і свята наша, якое падараваў жыхарам Іўя і раёна сваім рашэннем райвыканкам тры гады назад, такое знакамітае, такое рэзананснае, так прыцягвае да сябе ўвагу гасцей, суседзяў па раёне, замежных грамадзян, свяшчэннаслужыцеляў розных рэлігій. А іўяўчане прaоста адпачываюць душой і, як зараз кажуць, «подзаряжаются» эмоцыямі і патрыятычнымі пачуццямі.
Стала традыцыяй, што раённыя ўлады ўсе гады святкавання Дня горада (з 2012 года) імкнуцца прысвяціць святу штосьці важкае, патрэбнае гораду і людзям. Гэта быў наш знак у цэнтры горада, гэта была гістарычная кампазіцыя «Кола гісторыі», гэта было выданне зборніка «Іўеўшчына літаратурная» і гэтак далей. Сёлетняе святкаванне — не выключэнне. Падзеі, падарункі доўжыліся цэлы тыдзень. Раённая газета ўжо пісала пра гэта.
А ранак 14 чэрвеня (за некалькі гадзін да адкрыцця свята) пачаўся надзвычай добрай, цёплай, сацыяльна значнай падзеяй — маладыя іўяўчане, дзеці-сіроты атрымалі кватэры ў сацыяльным доме. Ранкам адбылося яго адкрыццё. І Анастасія Гойдзь, адна з 24-х, хто атрымаў у гэтым доме кватэру, падзякавала раённым ўладам, падзякавала нашай дзяржаве за такі вялікі клопат, за падтрымку, за такое шчасце — мець сваё жыллё. А потым запрасіла ў кватэру. На наваселле без падарункаў хадзіць -паказчык дрэннага густу і дрэннага выхавання. Таму прадстаўнікі арганізацый, устаноў раёна, службаў райвыканкама дарылі дзяўчыне вельмі патрэбныя ў кватэры рэчы.
А тым часам у храмах Іўя йшло богаслужэнне за горад, за яго людзей, за яго ўлады. А 12-й гадзіне з розных накірункаў горада пайшлі працэсіі. Гэта вялі сваіх вернікаў да месца святкавання ўрачыстасці настаяцель праваслаўнага храма святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага пратаіерэй Вячаслаў Пашкевіч, настаяцель каталіцкага храма святых апосталаў Пятра і Паўла, ксёндз-дзекан Ян Гавецкі, імам мусульманскай мячэці горада Іўе Адам Радзецкі. Бы раўчукі веры, цярпення, гістарычнай народнай моцы сцякаліся на плошчу калоны іўяўчан розных канфесій, каб разам святкаваць.
На свяце нашага горада прысутнічалі: намеснік Надзвычайнага і Паўнамочнага пасла Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Усурой Амеш Мехмед, саветнік Надзвычайнага і Паўнамочнага пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва ў Мінску Віктар Львовіч Мічурын, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч, кіраўнік выканаўчага камітэта Азнакаеўскага муніцыпальнага раёна Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Айдар Халяфутдзінавіч Шамсундзінаў, мэр Кайшядорскага раёна Літоўскай Рэспублікі Рамуальдас Урмалявічюс, дырэктар цэнтра культуры, спорту і турызму гміны Клодзка Рэспублікі Польшча Кшыштаф Матысяк і супрацоўнікі гміны, дырэктар замежнага таварыства «Татбелнафтапрадукт» у Беларусі Ірэк Сунгаталавіч Гафіятулін, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Вячаслаў Аляксандравіч Апановіч, старшыні раённых выканаўчых камітэтаў і раённых Саветаў Астравецкага, Слонімскага, Навагрудскага, Воранаўскага, Ваўкавыскага раёнаў Гродзенскай вобласці.
Сапраўды, усе флагі ў госці да нас!
…Калона байкераў са сцягамі горада выехала на святочную плошчу, каб распачаць урачыстасць. А затым у блакіт неба ўзняўся сцяг горада Іўе, урачыстае права падняць які было прадастаўлена: старшыні раённага выканаўчага камітэта Міхаілу Міхайлавічу Валчэцкаму, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Аляксандравічу Хвасько і Ганароваму грамадзяніну горада Іўе Тамары Пятроўне Соя.
Міхаіл Міхайлавіч Валчэцкі павіншаваў іўяўчан і гасцей горада са святам горада, у якім, па яго словах, арганічна спляліся ў адзінае цэлае культурныя пласты беларусаў, палякаў, татараў, яўрэяў і іншых нацыянальнасцей. Гэта і прыдало гораду той незвычайны, адметны ад усіх каларыт. У гэтым сяброўстве наша сіла і наша будучыня.
Пратаіерэй Вячаслаў Пашкевіч адзначыў, што кожны, хто прыязджае ў наш горад, бачыць, як за апошнія чатыры-тры гады змяніўся яго выгляд, змяніліся адносіны ўлады да людзей. Усё гэта прыводзіць да думкі наконт нашай будучыні і перспектывы горада. Бо, сказаў свяшчэннік, калі слова скажацца з любоўю, дабром, верай, надзеяй, яно адгукнецца такім жа добрым і светлым рэхам у душы кожнага.
Ад імя каталіцкіх верні-каў слова меў дапаможны епіскап Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Ён пажадаў міру і росквіту гораду і яго людзям, Божага благаслаўлення на добрыя справы і думкі.
Адам Радзецкі — імам мусульманскай мячэці горада таксама выказаў свой гонар ад прыналежнасці да жыхароў цудоўнага месца — горада Іўе — сталі-цы талерантнасці і сяброўства, пажадаў гораду і яго людзям росквіту, міру і спакою.
Аб тым, што ў Іўі ніхто не хварэе беспамяцтвам, гаварыла ў сваім выступленні прадстаўнік іўдзейскай канфесіі Іўя, яе былая жыхарка, якая зараз жыве ў горадзе Нетанія (Ізраіль) Тамара Кошчар.
— Пакуль ёсць памяць — ёсць жыццё, — сказала Тамара Маісееўна. І пажадала жыхарам горада міру ў сэрцах, міру на зямлі, здароўя, а таксама татарскай працавітасці, хрысціянскага цярпення і яўрэйскай мудрасці.
…Плошчу запоўнілі ўдзельнікі тэатралізаванага шэсця «Плынь вякоў» (надзвычай годная, прафесіянальная работа рэжысёра Наталлі Уладзіміраўны Мудрык і выканаўцаў-работнікаў культуры, моладзі, дзяцей горада).
… На імправізаванай сцэне, на прыступках да памятнага знака з’яўляюцца паляк, беларус, яўрэй, якія і агучылі тое, што з’явілася перад вачыма гледачоў, вялікага натоўпу жыхароў горада і яго гасцей:
Гарыць касцёр гадоў тых апантаных
У роспачы, у скрусе, у надзеі,
Княгіня Ева, роду слаўных,
Табе вяршыць гісторыю надзеі…
Абвяшчаюцца прывілеі, падпісаныя вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Казімірам аб прызнанні мястэчка Іўе Вялікакняжацкім дваром у складзе Вялікага Княства Літоўскага. А ўладаркай зямель івейскіх прызначаецца вялікавяльможная княгіня Ева, жонка вялікага князя Гедыміна.
І на плошчы з’яўляецца яна — шыкоўная, яснавяльможная, шляхетная прыгажуня — княгіня Ева. Якая постаць, які пагляд, якая сіла і ўпэўненасць у голасе!
У гонар княгіні Евы адбываецца рыцарскі турнір Сяреднявечча, на якім за прыз княгіні змагаюцца рыцары з суседніх замкаў-крэпасцяў Навагрудка і Ліды.
…На хвілінку здалося, што сапраўды мы аказаліся ў той сівой даўніне, пачулі звон сталі рыцарскіх мячоў. Музыка Сярэднявечча, касцюмы дам той эпохі — усё было такім сапраўдным, такім захапляючым і ўражваючым. І танец тых часоў…
Быў паказаны і эпізод гістарычнай падзеі, якая адбылася ў Іўі ў 1495 годзе — сінод беларуска-літоўскіх і польскіх антытрынітарыяў з удзелам вялікага мысліўца і філосафа, асветніка Сымона Буднага.
У 1742 годзе Іўе атрымала статус мястэчка. Па дарозе Пінск-Вільня праз Іўе рухаліся купцы з багатым скарбам, а па магістральнай дарозе Нясвіж-Вільня заўсёды можна было сустрэць блукаючых шкаляроў-вагантаў, пілігрымаў, вандруючых артыстаў, княжацкіх пасланнікаў…
Рыначная плошча мястэчка запоўнілася гоманам люду мясцовага і тых, хто прыехаў на шумны кірмаш…
Прымала гэты шыкоўны своеасаблівы парад стагоддзяў яснавяльможная княгіны Ева. Менавіта да яе звярталіся ўсе, хто з’яўляўся на плошчы. Прыняла яна ў сваім мястэчку яўрэеў, якіх гналі па свету ветры стагоддзяў, гасцінна адчыніла дзверы татарам, калі хан Тахтамыш са сваёй дружынай, з жонкамі і дзецьмі, выгнаны ханам Цімурам Кутлугам, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Вялікім Княстве Літоўскім…
І гучала на плошчы сучаснага Іўя музыка Усходу, і йшлі прадстаўнікі тых прашчураў, нашчадкі якіх і зараз жывуць на нашай зямлі…
Толькі адна галінка іўеўскага Дрэва жыцця зламалася і засохла канчаткова падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі нямецкія захопнікі знішчылі ва ўрочышчы Стоневічы амаль усю яўрэйскую абшчыну мястэчка.
Вельмі тонка, праніз-ліва-глыбока была сыграна на плошчы сцэна самотнай споведзі тых, хто знайшоў свой апошні прытулак у стоневічскім лесе. Яны самі расказвалі пра той апошні дзень жыцця, пра тое, як ішлі вуліцамі роднага мястэчка ў небыццё, каб застацца назаўжды ў зямлі, у траве, у лісці, у шуме ветру…
…Па плошчы праехалі веласіпедысты са сцягамі Рэспублікі Беларусь, і высыпала на канцэртную пляцоўку наша будучыня — маленькая яшчэ пакуль, шумная, гарэзлівая, звонкагалосая — разам са сваімі выхавацелямі выйшлі выхаванцы дзіцячых садкоў.
Грацыёзныя, прыгожыя, непаўторныя барабаншчыцы завяршылі ўрачыстае адкрыццё свята, самае грандыёзнае і шыкоўнае, самае таленавітае па сцэнарыю за гэтыя тры гады святкавання Дня горада.
Гаспадыня горада і свята княгіня Ева запрасіла ўсіх на набярэжную іўеўскага возера, куды перамяшчалася ўрачыстасць.
У нашым горадзе жывуць працавітыя і духоўна багатыя людзі, творцы ва ўсім: у мастацтве, у сваіх адносінах да працы, да штодзённых спраў. Таму, напэўна, і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у нас таксама асаблівы — светлы, прыгожы вонкава і сваімі справамі чалавек — Наталля Генадзьеўна Кучынская. Гэта яна ўзяла пад дэпутацкае крыло дзіцячыя дамы сямейнага тыпу па ўсёй сваёй акрузе. Яе праект «Акадэмія «Сям’я» варты самых узнёслых і высокіх слоў за сваю высакароднасць і вялікую падтрымку дзяцей і дарослых, якія замянілі ім сям’ю. Таму і свята горада адвяло адну са сваіх старонак Наталлі Генадзьеўне, якая спачатку павіншавала Іўе і іўяўчан, а потым распачала сваю цырымонію ўзнагароджвання. На яе прыехалі ўсе дзеці і іх выхавальнікі шасці дзіцячых дамоў Лідскага, Ашмянскага і Іўеўскага раёнаў, якія адносяцца да Іўеўскай выбарчай акругі №53. У намінацыі «Лепшы вучань года» было ўручана 6 падарункаў, сярод якіх камп’ютарныя планшэты і ноўтбук. У намінацыі «Лепшы спартсмен» — таксама кожны з шасці дзіцячых дамоў атрымаў падарункі (6 веласіпедаў у тым ліку).
Усім дамам сямейнага тыпу ўручаны сталовыя сервізы на 12 персон шклозавода «Нёман». Бацькам-выхавальнікам свае падарункі ўручыла шведская кампанія «Арыфлэйм Касметыкс» у Беларусі. Набор касметыкі атрымала і адна з выхаванак Іўеўскага Дома сямейнага тыпу Екацярына Мацола, якая сёлета скончыла сярэднюю школу.
Колькі цяпла і радасці было ў гэтай акцыі, якая так гарманічна ўлілася ў святкаванне Дня горада, яго 570-годдзя!
Наталля Генадзьеўна Кучынская ўручыла Лісты падзякі ўсім добрым людзям, хто дапамагае ёй дапамагаць дзецям. Гэта калектыў філіяла №400 Гродзенскага абласнога ўпраўлення «Беларусбанк» і яго дырэктар Вольга Вячаславаўна Тур, калектыў вучэбна-педагагічнага комплекса «Іўеўскі яслі-сад-пачатковая школа» і яго дырэктар Алена Іосіфаўна Цімашэнка, калектыў таварыства «Тэлекампанія Іўе ТВ» і яго дырэктар Уладзімір Іванавіч Комса, настаўніца Іўеўскай сярэдняй школы Ірына Збігнеўна Задарожына, прадпрымальнік Аляксандр Іванавіч Лісай, намеснік дырэктара таварыства «БАТЭРС» Валянціна Васільеўна Кушаль, ксёндз-дзекан Ян Гавецкі, прадпрымальнікі Тарэса Тадэўшаўна Янец і Ядзвіга Пятроўна Жэбрык, старшыня Іўеўскай раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане» Сцяпан Іванавіч Станілка, незалежны кансультант кампаніі «Арыфлэйм Касметыкс» Наталля Мікалаеўна Комса, намеснік дырэктара прыватнага гандлёвага прадпрыемства «ЗахадХімгандаль» Сяргей Уладзіслававіч Кільчэўскі, начальнік Лідскага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавага вышуку камітэта дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці Аляксандр Станіслававіч Губко, дырэктар таварыства «БурМантаж» Дзмітрый Валер’евіч Кулакоў, генеральны дырэктар ААТ «МАПІД» Іван Баляслававіч Янчарскі.
…Далей свята працягвалася віншаваннямі і падарункамі далёкіх і блізкіх сяброў, суседзяў, якія прымаў кіраўнік раёна Міхаіл Міхайлавіч Валчэцкі. Прынамсі, менавіта старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта са сваёй камандай наладзіў пабрацімскія адносіны, якія пакрыху выліваюцца ў культурнае і эканамічнае супрацоўніцтва з гарадамі Азнакаева (Татарстан), Кайшядорыс (Літва), Клодзка (Польшча).
За высокія дасягненні ў розных сферах дзейнасці, за асабісты значны ўклад у стварэнне пазітыўнага іміджу горада, раёна, у сувязі са святкаваннем Дня горада, па прадстаўленні раённага выканаўчага камітэта рашэннем раённага савета дэпутатаў званне «Ганаровы грамадзянін горада Іўе» прысуджана: ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, старшыні Іўеўскага раённага грамадскага аб’яднання ветэранаў Аляксею Рыгоравічу Гончанка і намесніку галоўнага рэдактара газеты «Расійская газета» (г.Масква) Ядзвізе Браніславаўне Юферавай.
На свяце прысутнічалі дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў і іх лепшыя творчыя калектывы, якія разам з нашымі артыстамі прыдалі святу асаблівую прыгажосць і меладычнасць, шматнацыянальны каларыт. На адной пляцоўцы кружыў «Сабантуй» — тэатралізаваны паказ значнага свята татар (свята плуга), якое знамянуе заканчэнне веснавых палявых работ, а на другой — краналі за душу непаўторныя мелодыі яўрэўскага ансамбля «Шалом» з горада Ліды, групы народнага ансамбля песні і танца «Лідчанка», народнага ансамбля цыганскай песні «Джана-Рома» і народнага тэатра песні і танца «Імпульс» (Ашмяны). Шчырымі апладысментамі прымалі іўяўчане выступленне арт-групы «Беларусы»…
А колькі народных майстроў прыехала (нават з Мінскай вобласці), каб святкаваць разам з намі, а якімі непаўторнымі былі маёнткі-падворкі кожнага СВК раёна, як спявалі нашы артысты, работнікі культуры, удзельнікі народных ансамбляў! Якімі смачнымі каўбаскамі і аладкамі частавалі!
За гэты дзень столькі ўсяго значнага адбылося! Цікавага, сардэчнага, патрэбнага! Колькі захаплення ў дзяцей, моладзі, падлеткаў выклікала адкрыццё лыжа-ролернай трасы, дзе адразу ж адбыліся спаборніцтвы..
Дыскатэка, якую вялі дзіджэі з Мінска і Гродна, фаер-шоў «Усходняя казка», папера-пенна-пластыкавая дыскатэка для моладзі…
…Калі ў цемры вечара, што апусціўся на Іўе, раздаўся голас старшыні райвыканкама Міхаіла Міхайлавіча Валчэцкага (ён быў са сваімі грамадзянамі ўвесь дзень), які яшчэ раз павіншаваў Іўе і іўяўчан з цэнтральнай канцэртнай пляцоўкі і развітаўся з імі, стала сумна, што такі дзень закончыўся. Але ён зноў прыйдзе праз год, І мы будзем яго чакаць, як найвялікшую падзею нашага жыцця…
А тым часам над возерам пачалося водна-піратэхнічнае шоу. У пырсках вады маляваліся дзяржаўны флаг, дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, іншыя выявы і сюжэты, выклікаючы апладысменты жыхароў горада. Здавалася, што на беразе сапраўды сабралася ўсё Іўе. Прыгожы і працяглы салют стаў гімнам святу, гораду і яго людзям.






