Расшукваючы падрабязнасці баёў на Іўеўшчыне ў першыя дні Вялікай Айчыннай, я пазнаёміўся (праз Інтэрнэт) са Сцяпанам Сарокіным з Новасібірску. Яго дзядуля — Пётр Іванавіч Сарокін — напярэдадні вайны служыў у ваколіцах Іўя ў адным з падраздзяленняў механізаванай дывізіі. У чэрвеньскія дні 1941 г. яму прыйшлося адыходзіць разам са сваімі сябрамі па зброі на ўсход. Час ад часу ўспыхвалі баі з перадавымі нямецкімі часцямі. Адзін з такіх паядынкаў адбыўся непадалёку ад вёскі Трабы. Пазней у лісце дадому Пётр Сарокін некалькі разоў успамінаў тыя гарачыя часы. Франтавыя лісты воіна не вельмі добра захаваліся да нашых дзён, да таго ж былі напісаныя алоўкам, таму асобныя радкі сёння проста не чытаюцца. Аднак сёе-тое Сцяпану Сарокіну ўдалося разабраць. Яго дзядуля пісаў, што ў баях пад Трабамі нашай пяхоце вельмі дапамагалі танкісты. Ён нават назваў прозвішча аднаго з іх — Гаўрылаў і абазначыў яго ў лісце так: «паэт-танкіст». «Паэт?» — перапытаўся я. Сцяпан Сарокін пацвердзіў: «У лісце напісана менавіта так».

У паўсядзённай справе пошуку бываюць такія моманты, калі адчуваеш вялікую радасць, як вынік карпатлівай працы. Так было і са мной у гэты момант. Імя Леаніда Гаўрылава ў маім нататніку з’явілася яшчэ некалькі гадоў назад. Гэты самабытны беларускі паэт у 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў пад Слонімам, потым — непадалёку ад заходняй мяжы, быў механікам-вадзіцелем танка, магчыма, у 47-м танкавым палку 29-й механізаванай дывізіі. Сяржант Гаўрылаў лічыцца прапаўшым без вестак з ліпеня 1941 г. Па адных дадзеных, ён быў цяжка паранены ў Лідскім раёне, па іншых — загінуў на тэрыторыі Мінскай вобласці. Увогуле, звестак пра вайсковую службу паэта аказалася настолькі мала, што ў пасляваенны час вядомыя беларускія пісьменнікі, якія хаця бы штосьці ведалі пра сяржанта Гаўрылава, падпісвалі адпаведныя паперы, якія мне давялося расшукаць у архіве. Дзе канкрэтна загінуў Леанід Гаўрылаў, і да гэтага часу невядома. І вось, дзякуючы сведчанню Пятра Сарокіна, высвятляецца, што ў чэрвені 1941 г. танкіст ваяваў на іўеўскай зямлі. Чаму ў лісце дадому чырвонаармеец Сарокін назваў яго «паэтам»? Відавочна, штосьці такое прамільгнула ў размове паміж імі, альбо Леанід Гаўрылаў проста прачытаў некаторыя свае паэтычныя радкі ў кароткія хвіліны зацішша. Так ці іначай, я амаль не сумняваюся, што гаворка ідзе менавіта пра беларускага паэта Леаніда Гаўрылава.
Ён нарадзіўся 2 лютага 1918 года ў в. Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім белпедтэхнікуме, пасля — у Мінскім інстытуце народнай гаспадаркі. У 1936 г. стаў студэнтам літаратурнага факультэта Гомельскага педінстытута, які скончыў у 1940 г. Свой першы верш ён надрукаваў у калектыўным зборніку «Аднагодкі» у 1935 г. Пазней творы Л.Гаўрылава з’яўляліся на старонках часопіса «Полымя рэвалюцыі», у газетах «Чырвоная змена» і «Літаратура і мастацтва». Паэзія аўтара — вельмі лірычная і напеўная, у чымсьці — іранічная. Часам здаецца, што паэт вельмі лёгка выхоплівае з дзеясяткаў іншых слоў тыя, што найбольш яскрава адлюстроўваюць яго пачуцці. Аднак, канешне, за гэтай лёгкасцю — напружаная літаратурная праца. Вось толькі некалькі радкоў з яго верша «Радасць», у якіх добра відаць прафесійнае майстэрства аўтара і адначасова яго непаўторны почырк:
Не шкадую, што аддаў для друга
Шчырасць сэрца, ласкі і цяпла…
Зноў вясна па сцежках і яругах
Цёплымі дажджамі пацякла.
Сонечным аблітая праменнем,
Зноў зямля зялёная цвіце.
Песнямі-вяснянкамі струменіць,
Лістам лапушыцца ўсё гусцей,
Сочная ў нязмераных разорах,
Сілай нестрыманаю гудзіць…
Вечарам рассыпаліся зоры,
І адна ў акно маё глядзіць.
Можа, менавіта гэтыя, зусім мірныя і прыгожыя, радкі прачытаў сваім франтавым сябрам Леанід Гаўрылаў, калі бой каля в.Трабы крыху сцішыўся…
Ю. КАМЯГІН.






