Культура и творчество

Слова Скарыны — спадчына чалавецтва

У Іўеўскай дзіцячай бібліятэцы зноў падзея. Падзея з ліку тых цудоўных мерапрыемстваў, якіх на працягу апошніх двух гадоў было восем. І праходзяць яны ў рамках выставачнага праекта «Зазірнуць у мінулае». Ідэю стварэння гэтага праекта можна назваць нават геніяльнай. Той, хто наведаў восем выстаў, якія прайшлі, безумоўна, пагодзяцца з такой характарыстыкай. Гэта і сапраўды атрымаўся погляд у мінулае — і вельмі далёкае, і такое, якое адносіцца да часоў навейшай гісторыі. 

У тое мінулае зазіраюць супрацоўнікі бібліятэкі разам з яе загадчыцай Таісай Іванаўнай Грыкень. А дапамагаюць ім экспанатамі, кансультацыямі раённыя краязнаўцы, выкладчыкі гісторыі і проста людзі, захопленыя той ці іншай справай, якая мае дачыненне да гісторыі роднага краю.

Менавіта дзякуючы Івану Мечыслававічу Буйко, Алегу Міхайлавічу Ігліцкаму, Андрэю Віктаравічу Валчку, Аляксею Станіслававічу Гушча прайшлі выставы, прысвечаныя 100-годдзю да пачатку Першай сусветнай вайны, партызанскаму руху на Іўеўшчыне, даваеннай архітэктуры  нашага горада, колішнім навагоднім цацкам і паштоўкам і г.д.

Аднак і бібліятэка дапамагае гэтым людзям. Дзе яшчэ яны ўбачылі б  калекцыі сваіх артэфактаў, старых фотаздымкаў, розных экспанатаў, аформленых з мастацкім густам у такія непаўторныя выставы (!?)

Восьмая выстава, аб якой сёння ідзе гутарка, урачыста адкрыта напрыканцы жніўня і прадоўжыцца да 15 верасня.

Для арганізацыі і правядзенння гэтай выставы знайшлася такая надзвычай значная нагода — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

«Слова Скарыны — спадчына чалавецтва» — агульная праца супрацоўнікаў бібліятэкі, яе дырэктара і мясцовага краязнаўцы Івана Мечыслававіча Буйко.

Як адзначае Таіса Іванаўна Грыкень, кожная выстава — гэта вялікая работа. Перш за ўсё, патрэбна акрэсліць мэты, вырашыць, што і як будзе прадастаўлена ўвазе наведвальнікаў, на што акцэнтаваць увагу, дэталёва прадумаць усё. А потым пачынаецца афарміцельская справа, вязуцца  куфэркі з экспанатамі прыватнага музея  Івана Мечыслававіча, дастаецца літаратура з кніжнага фонду раённай цэнтральнай і Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі, нешта шукаецца ці робіцца з дапамогай Інтэрнэта. Да ўсяго дадаецца плённы творчы патэнцыял, уменне, мастацкі густ бібліятэкараў.

Першымі наведвальнікамі выставы сталі вучні выпускнога класса Лелюкінскага дзіцячага сада- сярэдняй школы. Яны і іншыя наведвальнікі змаг-лі ўбачыць і падзівіцца глыбінёй і колькасцю літаратуры, інфармацыі, фотаілюстрацый.

Уся літаратура з часоў Францыска Скарыны і да нашага часу, якая мелася ў фондах Іўеўскай раённай і дзіцячай бібліятэкі, перамясцілася на паліцы выставы. А гэта: факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, якая выдадзена вялікім беларускім кнігадрукаром у 1517 — 1519 гадах у трох тамах, факсімільнае ўзнаўленне яго кніжнай спадчыны, у якое ўвайшлі выданні беларускага першадрукара, што захоўваюцца ў розных краінах свету. Гэтыя выданні знайшлі месца  ў раздзеле, які так і называецца «Кніжная спадчына Ф. Скарыны». Другі раздзел выставы «Ад Скарыны  да нашых дзён» утрымлівае ўсю літаратуру, якая датычыць  кнігавыдавецкай справы на Беларусі на працягу ўсёй яе гісторыі.  У кніжным фондзе бібліятэк такой літаратуры шмат. Яскравы таму доказ — кнігі на паліцах выставы, сярод якіх «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года», факсімільнае ўзнаўленне  самага старажытнага кніжнага помніка Беларусі ХІ стагоддзя — Тураўскага Евангелля з каментарыямі на рускай,  беларускай і англійскай мовах.  

У раздзеле «Францыск Скарына — друкар, мысліцель і творца» выстаўлены рэпрадукцыі гравюр з Бібліі пражскага выдання. А таксама знакамітых скарынаўскіх ініцыялаў-буквіц для гэтых выданняў. Яны былі зроблены мастакамі сяреднявечча. І маюць рознае напісанне ў Бібліях пражскага і віленскага выданняў. Яны непаўторныя. Нідзе ў іншых выданнях іх не ўбачыш. 

Гарманічным дапаўненнем гэтай выставы сталі малітвасловы з калекцыі Івана Мечыслава-віча Буйко, а таксама з фонду бібліятэкі (іх знайшла на  пакінутым хутары жанчына з Іўя і падарыла бібліятэцы), асобныя з якіх датуюцца 1873 годам, гадамі 19-20 стагоддзяў.  З калекцыі краязнаўцы і кнігі з бібліятэкі вядомага іўеўскага ксяндза, пісьменніка і асветніка Ідэльфонса Бобіча, вершы Адама Міцкевіча,1888 года выдання, мастацкі раман на французскай мове 1817 года, трохтомнік-даведнік аб раслінным свеце 1787 (!) года выдання і іншае.   

Узбагаціла дадаткова гэтую выставу змястоўнае суправаджэнне яе, якое зрабіла Таіса Іванаўна.  Яна расказала пра творчы і жыццёвы шлях вялікага першадрукара, пра паходжанне яго прозвішча, пра дату выхаду першай  «Малой падарожнай кніжыцы», пра Скарыну-мастака, пра яго манаграму, пра яго працу ў якасці каралеўскага садоўніка чэшскага караля Фердынанда, пра яго нашчадкаў. Вельмі цікавым аказаўся адзін з гэтых расказаў.

Мы, сучаснікі,  прывыклі, дзякуючы раману Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», у поспехах кожнага творчага мужчыны шукаць след яго «маргарыты» — жанчыны, якая натхняе на творчасць. Аказалася, ёсць такая «маргарыта» і менавіта з імем Маргарыта і ў жыцці першадрукара.

Насуперак меркаванню аб тым, што ў жыцці вядомых асоб, у іх біяграфіях не можа быць белых плямаў, у Скарыны амаль усё, што датычыць яго асабістага жыцця, засталося таямніцай нават для самых  дасведчаных. І толькі некалькі намёкаў на моцнае, прыгожае каханне да жанчыны па імені Маргарыта. Яна была жонкай аднаго з бліжэйшых сяброў віленскага купца Юрыя Адверніка. Адвернік разам з двумя віленскімі мецэнатамі Якубам Бабічам і Багданам Онькавым далі грошы Скарыне для стварэння ў 1517 годзе першай друкарні ў Празе. Менавіта ў гэтай пражскай друкарні наканавана было з’явіцца на свет бессмяротнай, самай славутай працы асветніка — Бібліі — на яго роднай мове. Калі ўважліва ўгле-дзецца ў  старонкі кнігі, сярод вобразаў на гравюрах мы часта сустракаем адзін чароўны жаночы лік. Мастак дастае гэты вобраз з глыбінь сваёй памяці і ўпарта прымушае ўдзельнічаць у самых драматычных біблейскіх падзеях, робячы безымянную гераіню, апранутую ў сціплае адзенне беларускай гараджанкі, наперсніцай самых вялікіх з біблейскіх жанчын. На правах даверанай дамы са світы царыцы Эсфір яна падтрымлівае яе шлейф. Разам з дачкой фараона назірае за тым, як з Ніла рабы вылаўліваюць карзінку з немаўлём Маісеем…

Наўрад ці выпадкова доктар Скарына змяшчае выяву той жа таямнічай незнаёмкі на гравюру, якая сімвалізуе самую паэтычную частку Бібліі — «Песню песняў» цара Саламона.Менавіта яе схіленую галоўку вянчае тут зіхатлівай каронай прамудрасці сам Гасподзь. Ля ног незнаёмкі — славуты герб Францыска Скарыны.

З Маргарытай Скарына пазнаёміўся значна раней, чым з яе мужам. Потым ён ператварыўся у сябра сям’і. А Адвернік стаў аднадумцам Скарыны і яго мецэнатам. Маргарыта, пэўна, стала той музай, што натхняла асветніка на новыя працы.

У 1523 годзе здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Захварэў і памёр Юрый Адвернік. І Скарына атрымаў ад нябёсаў права быць шчаслівым з каханай жанчынай. Іх сямейнае жыццё не было доўгім, але было шчаслівым. Маргарыта, якая не мела дзяцей з Адвернікам, нарадзіла Скарыне двух сыноў. А ў 1530 годзе памерла ад мору. Скарына пакінуў Вільню назаўжды…

Шмат цікавага прагучала ў той дзень у бібліятэцы. Ізноў мерапрыемства выставачнага праекта пераўтварылася ў значную падзею культурнага жыцця.

Застаецца дадаць, што названая выстава працягвае дзейнічаць да 15 верасня. Паспяшайцеся яе наведаць. Напэўна, можна папрасіць  і дадатковы той экскурс, які зрабіла загадчыца бібліятэкі ў жыццё вялікага беларускага першадрукара.

В. ГУЛІДАВА.

Фота аўтара 

і супрацоўнікаў бібліятэкі.

Культура и творчество

СЛОВА СКАРЫНЫ — СПАДЧЫНА ЧАЛАВЕЦТВА

У 2017 годзе спаўняецца 500 гадоў з дня выхаду ў свет першай беларускай кнігі, якую выдаў наш суайчыннік, першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, пісьменнік, тэолаг, вучоны, лекар, грамадскі дзеяч Францыск Скарына.

Францыск Скарына нарадзіўся і жыў у цікавы час, які сёння мы называем эпохай Адраджэння. Тады адраджаліся краіны і народы, людзі пачалі больш глыбока спасцігаць сваё мінулае, вывучаць і ўзнаўляць культурнагістарычную спадчыну.

Скарына быў адным з першых дзеячаў Усходняй Еўропы, які добра зразумеў вялікую гістарычную місію друкаванай кнігі як магутнага сродку культурнага прагрэсу чалавецтва і глыбока адчуў, што кніга патрэбна яго народу не менш, чым хлеб. Янанеацэнны скарб чалавечай мудрасці, «маці і настаўніца ўсіх добрых спраў«, гаючыя «лекі для душы«, — так казаў Скарына.

Пабываўшы ў многіх краінах, шмат чаго пабачыўшы і спазнаўшы, дасягнуўшы вяршынь еўрапейскай адукаванасці і вучонасці (у 1506 годзе Скарына скончыў Кракаўскі ўніверсітэт, у 1508 годзеатрымаў званне доктара вольных навук, а ў 1512 годзе ў італьянскім горадзе Падуя ён бліскуча здаў экзамены на годнасць доктара медыцыны), сын полацкага купца аддаў усе свае сілы, веды і энергію той вялікай справе, якую палічыў самай высокай і ў якой убачыў галоўны сэнс свайго жыцця, — перакладу Бібліі на родную мову і заснаванню ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Ён хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннiкаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць i навуку. У сваёй друкаванай «Бібліі» побач з біблейскімі словамі Скарына змясціў свой уласны партрэт. Гэты ўнікальны ў еўрапейскім кнігадруку гравюрны партрэт захаваў нам праз стагоддзі сапраўдны воблік беларускага гуманіста.

Дзякуючы нашаму першадрукару ўсходнеславянская кніга атрымала сучасны выгляд: з тытульным лістом і пранумараванымі старонкамі, са змястоўнай прадмовай і пасляслоўем, з ілюстрацыямі і чырвоным радком.

Bыданнi Ф. Скарыны з боку тэхнiчнай дасканаласцi, з боку мастацкай апрацоўкi выкананы на ўзроўнi лепшых еўрапейскiх выданняў XVI ст. Высокi палiграфiчны ўзровень кнiг доўгi час не маглi пераўзысцi галандскiя i германскiя друкары. Па гэтай прычыне кнiгi шырока распаўсюджвалiся ў Еўропе i мелi вялiзны ўплыў на чытачоў у многiх краiнах свету.

У 2017-м годзе Беларусь адзначае адну з найважнейшых дат сваёй гісторыі і культуры — 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. 6 жніўня 1517 года ў пражскай друкарні пабачыла свет кніга «Псалтыр» Францыска Скарыны. Гэта значная дата будзе шырока адзначацца не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

З гэтай нагоды супрацоўнікамі бібліятэк ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка» праз інфармацыйнабібліятэчнае абслугоўванне і розныя формы масавай работы праводзіліся ў першым паўгоддзі і будуць праводзіцца ў другім наступныя мерапрыемствы: літаратурнамузычныя вечары, інфармацыйныя гадзіныТытан усходнеславянскага кнігадруку«, «Францыск Скарынасын зямлі беларускай«), гутаркі, урокі ведаўАд папіруса да друкаванай кнігі«), слайдвандроўкіФранцыск Скарына: што, дзе, калі? «), круглыя сталыФранцыск Скарына: беларускае кнігадрукаванне праз прызму часу«), гістарычнапазнавальныя віктарыныНевядомыявядомыя першадрукары«), дні інфармацыі, агляды літаратуры, афармляліся і афармляюцца кніжныя выставыФранцыск Скарынаімя, праслаўленае ў стагоддзях«, «Францыск Скарынадрукар, мысліцель, творца«) і тэматычныя паліцы.

Так, у лютым для вучняў 7-х класаў Іўеўскай сярэдняй школы супрацоўнікі Іўеўскай дзіцячай бібліятэкіфіліяла правялі інфармацыйнапазнавальную гадзіну «Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць…» і прэзентацыю ілюстраванага трохтомнага выдання А. Сушы «Францыск Скарына» (з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя«).

У пачатку сакавіка супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі правялі інфармацыйнапазнавальную гадзіну «З кнігай да вытокаў духоўнасці«, прысвечаную Дню праваслаўнай кнігі.

Бібліятэкары пазнаёмілі навучэнцаў 11 класа з гісторыяй і сэнсам свят, падкрэслілі, што ў гэтым годзе ўрачыстасць прымеркавана да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, распавялі пра жыццё і дзейнасць заснавальніка беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання Францыска Скарыны, пра тое, як пабачыла свет яго першая беларуская друкаваная кніга — «Псалтыр«.

У красавіку Іўеўская дзіцячая бібліятэкафіліял і Іўеўская раённая бібліятэка прынялі ўдзел у абласной акцыі «Чытаем разам» творы Францыска Скарыны і прысвечаныя яму.

Прысутныя даведаліся шмат новага пра жыццёвы і творчы шлях беларускага і еўрапейскага культурнага дзеяча, гуманіста, асветнікаФранцыска Скарыны. У іх выкананні прагучалі ўрыўкі з прадмоў да кніг Скарыны, шэраг вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных беларускаму першадрукару.

Супрацоўнікі бібліятэкі звярнулі ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на кніжную выставу «Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. 1517 — 2017″, на якой была змешчана літаратура аб гісторыі беларускага кнігадрукавання і аб жыцці і дзейнасці Ф. Скарыны.

У чэрвені бібліятэкары Іўеўскай дзіцячай бібліятэкіфіліяла наведалі прышкольны лагер «Улыбки детства» Іўеўскага ясляўсадапачатковай школы, дзе правялі інфармацыйную хвіліну «Скарына крочыць па планеце«, таксама прымеркаваную да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пазнаёмілі з гісторыяй кнігадрукавання на Беларусі, расказалі пра Скарыну, прапанавалі дзецям «выступіць» у ролі «друкароў«.

Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі выхаванню ў дзяцей і моладзі пачуцця патрыятызму, гонару за нашу Бацькаўшчыну, за беларускую кнігу.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. І наш славуты зямляк Францыск Скарына ў гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Нам жа застаецца толькі кіравацца яго прыкладу і прасляўляць імя асветніка і першадрукара ў вяках.

 

В. Кепель, аддзел бібліятэчнага маркетынгу ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка«.