0
Главное

Сэрца, слухай званы, помні ўсё, не астынь… 22 сакавіка — Дзень памяці хатынскай трагедыі

Ёсць падзеі, забыцца пра якія ні ў якім выпадку нельга — памяць быццам бы аберагае нас ад іх паўтарэння. Няма для чалавека нічога больш страшнага, чым вайна. Гібель салдат — гэта, вядома, трагедыя і гора. Але нават на вайне страшным злачынствам з’яўляецца знішчэнне мірных жыхароў. Колькі б дзесяцігоддзяў не прайшло, на вочы наварочваюцца слёзы пры думцы аб дзецях, якім было не суджана вырасці, падлеткаў, якім не дадзена стаць дарослымі, віна якіх толькі ў тым, что іх дзяцінства прыйшлося на час вайны…

У бягучым годзе 22 сакавіка спаўняецца 79 гадоў, як фашысцкія карнікі знішчылі беларускую вёску Хатынь. 22 сакавіка 1943 года яны спалілі жывымі і расстралялі ўсіх жыхароў — 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Гэта вечная памяць і непазбыўны смутак Беларусі. Таму што Хатынь — гэта ўвасабленне і сімвал перанесеных пакут, якія дасталіся беларускай зямлі і народу ў чорныя гады гітлераўскай акупацыі. 
За 1941 -1944 гады акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш 140 буйных карных аперацый, пад час якіх было спалена каля 9200 вёсак і паселішчаў нашай краіны, і з іх 5292 раздзялілі лёс Хатыні, гэта значыць былі знішчаны разам з усім або часткай насельніцтва. Са спаленых вёсак 186 так і не адрадзіліся. 
У нашым раёне фашысцкія карнікі знішчылі 6 вёсак — 115 дамоў і 131 жыхара. Ятаўтавічы, Верашчакі, Матыкаўшчына, Юраўскія, Кавалёвы, Бакшты — іўеўскія сёстры Хатыні…

Вёска Бакшты — спалены 52 двары з 65, 
загінулі 3 чалавекі (жнівень 1943 года).

Вёска Верашчакі — спалены 12 двароў з 14, 
жыхары змаглі выратавацца (ліпень 1943 года).

Вёска Кавалёвы — спалены 4 двары з 4, 
загінулі 4 чалавекі (ліпень 1943 года). 
Вёска пасля вайны не адрадзілася.

Вёска Матыкаўшчына — спалены 6 двароў 
з 21 жыхаром (1943 год).

Вёска Юраўскія — спалены 7 двароў з 7, 
загінулі 20 жыхароў (верасень 1942 года). 
Вёска пасля вайны не адрадзілася.

Вёска Ятаўтавічы — спалены 34 двары з 34, 
загінулі 96 жыхароў (люты 1943 года).

Агульнае гора ў лічбах

На працягу трох гадоў акупацыі нацысты чынілі на тэрыторыі Беларусі зверствы. Згодна з высновамі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў на часова акупіраванай савецкай тэрыторыі, БССР страціла за гады вайны больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Прамы ўрон, нанесены германскімі захопнікамі народнай гаспадарцы Беларусі, склаў 75 млрд. рублёў (у цэнах 1941 г.). Акупанты ператварылі гарады і вёскі Беларусі ў груды развалін. Яны разбурылі і разрабавалі на тэрыторыі рэспублікі 209 з 270 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, знішчылі 10 338 прадпрыемстваў, што склала 85 працэнтаў ад іх даваеннай колькасці, абрабавалі і спустошылі больш за 10 тысяч калгасаў, 92 саўгасы і 316 машынна-трактарных станцый. Вывезлі ў Германію 90 працэнтаў станочнага абсталявання. Амаль тры мільёны чалавек (34 працэнты даваеннага насельніцтва) пазбавіліся прытулку.
З Беларусі ў Германію было сагнана 399 474 чалавекі, з якіх дзясяткі тысяч загінулі, не вытрымаўшы жорсткіх умоў эксплуатацыі. Не менш за 1,4 мільёна чалавек былі знішчаны ў месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва. За гады вайны рэспубліка страціла каля 3 мільёнаў чалавек, ці кожнага трэцяга свайго жыхара.

Трагедыя бакштаўскіх яўрэяў

… Сёлета было ўстаноўлена месца гібелі 48 яўрэяў з вёскі Бакшты, якіх карнікі з 118-га нацыяналістычнага батальёна (між іншым, імі была спалена Хатынь) знайшлі ў зямлянках на балоце, закідаўшы гранатамі. Месцазнаходжанне сваіх аднавяскоўцаў карнікам выдаў мясцовы жыхар. 
— На жаль, шмат гадоў таму, калі спрабавалі жыць у дружбе і згодзе з іншымі народамі вялікай савецкай дзяржавы, многія рэчы мы проста замоўчвалі, расказвае старшыня райвыканкама Ігар Генец. — І цяпер высветлілася, што маштаб трагедыі значна большы, чым мы яго сабе ўяўлялі.
Даехаць да месца трагедыі сёння амаль немагчыма: яно знаходзіцца сярод балот у Налібоцкай пушчы. Можна дабрацца толькі зімой, калі добры мароз. у Стоневічах дадаткова ўстанавілі помнік, на якім пазначаны каардынаты месца гібелі гэтых 48 чалавек. У 1973 годзе па дадзеным факце вялося расследаванне. Праводзіліся раскопкі, астанкі людзей перахавалі: куды канкрэтна, нідзе не зафіксавана. Дарэчы, падчас расследавання былі ўстаноўлены асобы карнікаў 118-га батальёна, якія мелі дачыненне да забойства мірных жыхароў. З матэрыялаў справы вядома, што пасля сваіх чорных спраў яны трапілі ў Францыю, ваявалі разам з французамі супраць сваіх былых гаспадароў, многія з іх атрымалі ўзнагароды і дажывалі свой век як удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Калі ж іх дачыненне да масавага забойства ўстанавілі, частку здраднікаў расстралялі, астатнія атрымалі вялікія тэрміны. Аднак зноў жа гэта прайшло амаль незаўважаным, вялікага грамадскага рэзанансу не было: мы не хацелі зняважыць нашых братоў па вялікай краіне.
— Бягучы, 2022 год, які аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці, праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа, — падкрэслівае кіраўнік раёна. — Значнасць тэмы гістарычнага мінулага беларускага народа знайшла сваё адлюстраванне ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падтрыманай народам на рэспубліканскім рэферэндуме.
У Канстытуцыю у тым ліку ўнесены палажэнні, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, масавым гераізме народа: «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (арт. 15); «праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь» (арт. 54).
Гэта зроблена для сучаснасці і будучых пакаленняў, для захавання духоўнага настрою беларускага грамадства, яго згуртавання і мабілізацыі на пераадоленне выклікаў, якія перад намі ўзнікаюць.

У памяці назаўсёды

Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны, выхаванне ў насельніцтва пачуцця павагі да памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, забеспячэнне захаванасці воінскіх пахаванняў, іншых форм увекавечання, як неад’емнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны Іўеўшчыны, з’яўляецца асаблівым напрамкам работы ідэалагічнай вертыкалі раёна, расказвае намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Носуль. Для падтрымання воінскіх пахаванняў і форм увекавечання ў належным стане, распараджэннем райвыканкама за імі замацаваны арганізацыі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы.
Па стане на 1 студзеня 2022 г. на дзяржаўным уліку ў Іўеўскім раёне знаходзіцца 45 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў. Агульная колькасць загінуўшых, улічаных у пахаваннях, складае 3396 чалавек, з іх вядомых — 3068.
Праводзіцца архіўна-даследчая работа па ўстанаўленні звестак аб загінуўшых. За мінулы год устаноўлены і ўнесены ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь» звесткі аб адным загінуўшым.
Абноўлена мемарыяльная пліта на брацкай магіле ў в. Такарышкі, устаноўлена новая мемарыяльная пліта ў мемарыяльным комплексе «Стоневічы».
Сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, вучобай, працай, службай, выхаваннем дзяцей кожны з нас абавязаны падтрымаць сістэмныя дзеянні дзяржавы, захаваць памяць аб загінуўшых і адказнае стаўленне да свайго гістарычнага мінулага для таго, каб зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы.

Ірына БУТУРЛЯ.
Фота з архіва рэдакцыі і інтэрнэта.