У час Каляд паўсюдна (напрыклад, у Гродзенскім раёне часцей у праваслаўных) наладжвалі калядаванне і рабілі так каля двух тыдняў.
Удзельники свята вадзілі «казу», каб на полі быў добры ўраджай, «мядзведзя», каб у сям’і ўсе былі здаровыя і багатыя. Віншавалі гаспадароў. Наладжвалі варажбу, розныя забавы і гульні, спявалі песні — калядкі, шчадроўкі. Сярод калядоўшчыкаўабавязкова быў і зорканоша, які насіў зорку — сімвал дабра і свята.

На Гродзеншчыне другі год запар рыхтуюцца да маштабнага падзейна-культурнага праекту “Сход калядоўшчыкаў”. Упершыню ён адбыўся напрыканцы 2020 года ў “сялянскай хаце” – музейным пакою Абухаўскага цэнтра культуры, і стаў новай культурнай падзеяй у раёне. Лепшыя калядоўшчыкі з усяго раёна прыехалі ў Абухава, дзе іх чакалі ў народных строях гаспадар Віктар Саковіч і гаспадыня Ірына Стральчэня. Спявалі, калядавалі, жадалі людзям ладу ды шчасця ў новым годзе. А потым варажылі, выконвалі народныя танцы: “Дробна полька”, “Чорна галка”, “Ойра”, вальсок, “Падыспан”, “Кадрыля”.

Кожная вёска і яе жыхары маюць асаблівасці святкавання калядавання. Напрыклад, у Адэльску на Куццю рабілі ламанцы, а ў сапоцкінскім рэгіёне – «кокоры» – спецыяльна прыгатаваная на вігілійную вячэру страва з бульбы. Напрыканцы снежня калядоўшчыкі ўжо пабывалі ў Зарачанцы Гродзенскага раёна. І не толькі жадалі прысутным шчаслівага, удалага, багатага Новага года, але і праспявалі мясцовы адметны распеў “Многая лета”!

Падыходзячы да хаты, адзін з калядоўшчыкаў, звычайна той, што носіць звязду, заходзіць у двор, стукае ў вакно і пытае: «Ці пусціце звязду?». Калі гаспадары даюць дазвол, то ўсе заходзяць у хату, становяцца насупраць чырвонага кута і пачынаюць спяваць. Цікава, што «Зорка» абавязкова заходзіць у хаты першай, а выходзіць апошняй. Мясцовыя фалькларысты лічаць, што яна прыносіць шчасце і дабрабыт. На Гродзеншчыне на калядаванне вельмі распаўсюджаным быў вобраз Бусла. У гурце калядоўшчыкаў ён сімвалізуе вышэйшы свет, дзядоў, разам з усімі ён нясе дабрабыт у хату. У Бусла роля даволі простая: ён маўкліва ходзіць, мог прытанцоўваць, дзяўбсці гаспадароў і іх дзяцей, вызываючы ў іх смех, заглядваць у гаршкі з ежай, а гаспадары яго частавалі альбо гарэлкай, альбо давалі на талерцы жыта.
Імправізаваную галаву бусла прымацоўваюць на палку. Чалавек носіць яе над сабой уверсе, а сам хаваецца пад белай прасціной. У афарбоўцы касцюма бусла дамініравалі тры колеры — белы, чырвоны і чорны. Гэта наогул старажытная колеравая трыяда Гарадзенскай вопраткі. Як раз у гэтым годзе Бусел упершыню будзе ўведзены ў абрадавыя дзеянні.










