Самая галоўная каштоўнасць кожнага чалавека — гэта здароўе. Таму яшчэ ў дашкольным узросце надаецца вялікая ўвага выхаванню здаровага дзіцяці. Вырасці здаровым, дужым, моцным дапамагае спорт. Займацца фізкультурай карысна, а вясёлай фізкультурай — удвая.
У апошні дзень восені ў старшай дашкольнай групе «Сонейка» ДУА «Ліпнішкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» было шумна і весела. Дзяўчынкі і хлопчыкі ўдзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве «Падарожжа да бабулі Ганулькі».
Раніцай паштальён даставіў дзецям ліст ад бабулі Ганулькі, у якім паведамлялася, што бабулі вельмі сумна і што яна з нецярпеннем будзе чакаць іх у сябе ў гасцях. Рабяты з вялікім задавальненнем адправіліся ў дарогу. Каб дабрацца да вёскі, у якой жыве бабуля, дашкольнікам давялося пераадолець нямала перашкод: прабрацца праз «густы лес», па мастку прайсці праз «ручаёк», а самым складаным было пераадоленне «балотнай багны». Але нашы спрытныя выхаванцы змаглі паспяхова справіцца з усімі цяжкасцямі.
Вельмі радасна і ветліва сустрэла ўнукаў бабулька Ганулька. Яна запрасіла дзяцей пагуляць з ёй у беларускія народныя гульні «Міхасік», «Пярсцёнак».
Гульні суправаджаліся музыкай, якая спрыяла развіццю ў дзяцей рухальных уменняў, садзейнічала ўспрыняццю прыгожага. А самым прыемным, запамінальным і яркім момантам стала частаванне салодкімі хатнімі яблыкамі, якія сабрала бабуля ў сваім садзе.
Спартыўнае «падарожжа» ў дзіцячым садзе прайшло вельмі цікава, ярка і весела. Хлопчыкі і дзяўчынкі развілі ў сабе такія якасці, як спрыт, сілу, уменне пераадольваць цяжкасці. Дзеці атрымалі велізарнае задавальненне і шмат уражанняў ад гэтага мерапрыемства.
Т. Здончык, выхавальнік.






