Главное

Наканавана лёсам і пасадай — аберагаць жыццё вёскі. З праектам “IK” «Дзень старшыні сельвыканкама» завіталі да Валянціны Філон

…Мы па запрашэнні кіраўніка справамі сельвыканкама зайшлі ў кабінет старшыні Суботніцкага сельскага выканаўчага камітэта. Валянціна Станіславаўна Філон нас не чакала, хоць і дамаўляліся сустрэцца а дзясятай гадзіне… Ды хіба ж можна ўсё дакладна спланаваць гаспадыні такога вялікага рэгіёна. Усё роўна нешта ці нехта падкарэктуе планы. Так яно і здарылася. З самага ранку прыйшла тэхніка, каб знесці фундаменты пустых дамоў, справы аб якіх ужо разгледзеў суд. Дзень старшыні пачаўся з сур’ёзнай і патрэбнай работы.

Парадак на зямлі — спакой у душы

…І вось яна не ўвайшла, а амаль уляцела ў кабінет. Як і заўжды, прыгожая, прыветлівая, хуткая на справы і суадносіны. І мы пачалі гутарку. Валянціна Станіславаўна расказала, што ў вёсцы Васілевічы толькі што зруйнавалі фундаменты пяці дамоў, гаспадары якіх памерлі, а нашчадкаў няма.
Безумоўна, шкада дамоў, шкада вёсак, але калі хаціна развальваецца, на падворках стаіць сцяной трава, карціна атрымліваецца яшчэ больш засмучальнай. Таму ў сельсавеце, як і па ўсім раёне, вядзецца вялікая работа на навядзенні парадку на зямлі, у пустых вёсках, а таксама ў адносінах да сядзіб, дзе ўжо ніхто не жыве.
Работа набыла сістэму. Як сказала Валянціна Станіславаўна, яны аналізуюць становішча і бяруцца за адну з такіх вёсак. Гутараць з гаспадарамі, працуюць з нашчадкамі. А спачатку шукаюць іх. Менавіта так. Ёсць такія грамадзяне, што не адмаўляюцца ад гэтых хацін, але і спадчыну не афармляюць. Калі чалавек усё ж вырашыў выракціся бацькоўскага дома, то гэта ў абавязковым парадку робіцца па законе, праз суд.
І яшчэ. Калі дом “жывы” (хоць і без гаспадароў, без нашчадкаў), яго ні ў якім разе не зносяць.
На сённяшні дзень, па словах старшыні сельвыканкама, у сельсавеце ёсць дзевяць такіх хацін. Яны ў добрым стане, і ёсць жадаючыя набыць іх. Тым больш, што, дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2021г. «Об отчуждении жилых домов в сельской местности и совершенствовании работы с пустующими домами», дамы прадаюцца на спрошчанай праграме і нядорага.
Застаецца дадаць, што такія хаціны маюцца ў Суботніках, Вадолях, Васілевічах. Ёсць і на хутарах. І яны цікавяць пакупнікоў.
Гэта, як бальзам на душу для старшыні. Прыедуць новыя гаспадары, абжывуцца, пацягнецца дымок з комінаў, зазелянеюць агароды. Цудоўна! Жыццё пойдзе далей, не замрэ.
І хвалюе Валянціну Станіславаўну гэта не толькі як кіраўніка мясцовай улады. Яна ж — тутэйшая, нарадзілася ў гэтых мясцінах. У прыгожай вёсачцы Мажулі, дзе шыкоўны лес стаіць па-суседску з садамі і агародамі. Тут вырасла, тут нейкі час працавала дырэктарам Жамыслаўльскай школы. І вось ужо шосты год — на пасадзе старшыні сельвыканкама. То каму ж, як не ёй, хвалявацца і непакоіцца за кожны кавалачак роднай зямлі, за кожную вёску і хутар. Як пагадзіцца, што знікнуць яны з твару зямлі?! 

Тандэм “старшыня” — людзі
Працаваць, па яе словах, са сваімі людзьмі і лёгка, і адначасова цяжка. Вяскоўцы ведаюць цябе яшчэ змалку, бацькоў тваіх ведаюць. Не апраўдаць такі давер зусім не хочацца. Неяк не па-людску атрымаецца. Таму стараецца, таму і атрымаўся тандэм «старшыня- вяскоўцы».
Яшчэ ў школе яна зразумела і цвёрда верыла ў тое, што кіраўніка павінны слухацца, і кіраўнік павінен мець аўтарырэт. Але ён сам не прыходзіць. І яго так лёгка, нават маючы, страціць. Вучылася кіраваць, заставіць чалавека слухаць і чуць. Аднак не сілай, не рвучы адносіны. Умее патрабаваць, умее заставіць, аднак умее і свае памылкі прызнаць. Неяк пакрыўдзіла адну з настаўніц прылюдна. Вечарам зразумела, што не зусім мела рацыю. Таму прабачэння на другі дзень прасіла таксама перад усімі. Людзі ацанілі.
…Мы гутарылі, а жыццё, дзе патрэбна прысутнасць старшыні мясцовай улады, працягвалася. Звінеў тэлефон, заходзілі людзі. Іх не трымалі ў прыёмнай. Гэта прынцып не толькі Валянціны Станіславаўны, але і нас — карэспандэнтаў раённай газеты. Мы прыехалі за матэрыялам для публікацыі. І мы яго возьмем, аднак не перашкаджаючы людзям, якім патрэбна дапамога прадстаўніка дзяржавы.
Вырашылася пры нас пытанне аб шпіталізацыі пажылога адзінокага чалавека для абследавання з мэтай уладкавання яго ў дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей.
Тэлефанавалі і прыходзілі людзі па асобных пытаннях добраўпарадкавання могілкаў у Суботніках. Зроблена велізарная работа. Людзі сабралі грошы і нанялі спецыялістаў, якія спілавалі большую частку аварыйных дрэў, якіх на могілках было больш як чатыры сотні. А потым на працягу амаль чатырох месяцаў прайшло пяць суботнікаў, на якія дружна выйшлі жыхары аграгарадка, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, мясцовага КСУПа, культуры, усе сацыяльныя работнікі, работнікі РУП ЖКГ. Сумеснымі намаганнямі сабралі і вывезлі распілаваную драўніну, галіны і г.д. Размеркавалі дрэвы, якія сталі дровамі, між кацельнай, КСУП, не абышлі і людзей, якія мелі патрэбу ў пячным паліве…
Вырашала старшыня і просьбу былога сакратара сельсавета, пенсіянеркі Марыі Мікадзімаўны Пабудзей, якой патрэбна было ехаць у Іўе да кантралёра газавых венціляцыйных каналаў, каб падпісаць патрэбны акт. Як жа адкажаш?! Чалавек усё жыццё працаваў у сельсавеце. Таму ў той дзень планавала Валянціна Станіславаўна і паездку ў Іўе па гэтым пытанні. Так бывае, што бярэ яна на сябе тыя ці іншыя клопаты пажылых вяскоўцаў, калі трэба іх вырашаць толькі праз паездку ў райцэнтр.

Боль на адлегласці працягнутай рукі
Калі ж крыху паспакайнела ва ўтульным кабінеце старшыні, мы закранулі надзвычай важную, адну з асноўнейшых тэм яе работы, адзінай такой на тэрыторыі Іўеўшчыны. Пачалося ўсё тады, калі старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Генец запрасіў у райвыканкам прадстаўнікоў адной з груп супольнасці ананімных алкаголікаў з Ліды. Прысутнічалі на той сустрэчы старшыні сельвыканкамаў, намеснікі краўнікоў па ідэалогіі ўстаноў і арганізацый, святары храмаў раёна.
У лідскую супольнасць уваходзіць 6 груп. Гэта трэці паказчык па колькасці створаных груп на тэрыторыі Беларусі. Тры чалавекі з групы ананімных алкаголікаў расказвалі пра сябе, пра людзей, якія аб’ядналіся ў супольнасць, каб падтрымаць адзін другога, падзяліцца сіламі, вопытам і надзеяй, дапамагчы сабе і іншым алкаголікам вярнуцца да цвярозага жыцця, вярнуцца да родных людзей, якім (як і сабе) яны сапсавалі жыццё, вымалявалі яго ў шэры ці чорны колеры.
Мужчыны не саромеліся называць сябе алкаголікамі. І гэтае слова гучала не як абраза, а як цяжкае, не заўжды вылечваемае захворванне.
“Алкагалізм,- казаў адзін з гэтых людзей, — можа быць доляй адзінокіх. Мы нярэдка пілі, каб утрымаць жыццёвы боль на адлегласці выцягнутай рукі, а калі гэты боль нас даганяў усё ж, мы пілі, каб пазбавіцца ад яго. І здавалася, што нічога тут няма такога страшнага. А мы можам кантраляваць сваю выпіўку. А затым зразумелі, што нічога не можам. І жыццё было б зусім іншым, каб мы змаглі пазбавіцца ад гэтай напасці, не дастаўляць боль ні сабе, ні іншым…”.
Шмат добрых і разумных слоў было сказано, шмат негатыву пра сябе, а потым названа мноства шляхоў духоўнасці, пераадолення бяды і болю…
Валянціна Станіславаўна слухала, успомніла, што ў Суботніках пры касцёле 18 гадоў таму назад дзейнічала падобная група. Па 6-8 гадоў цвярозасці было ў людзей, якія яе наведвалі…
І вырашыла яна, што трэба паспрабаваць. Запрасіла гасцей райвыканкама прыехаць з той жа місіяй у Суботнікі. Яны з задавальненнем згадзіліся.
Потым старшыня гутарыла з кожным чалавекам, якому патрэбна дапамога ў праблеме з алкагалізмам. І яны прыйшлі на сустрэчу ў актавай зале сельвыканкама…
…Лідчане расказвалі пра свой шлях болю, дзікасці ў паводзінах і пра тое, як з’явілася гэтае святло ў канцы тунэля. Іх суботніцкія «сябры» па праблеме вялі сябе па-рознаму. Адны, слухаючы, іранічна ўсміхаліся, другія — падымаліся і выходзілі з залы. А трэція — паслухалі і…засталіся.
Ксёндз Аляксандр Лебядзевіч прадаставіў памяшканне для сустрэч членаў супольнасці. А для пачатку дазволіў лідчанам выступіць у касцёле перад вернікамі. І вось ужо чацвёрты месяц 8 чалавек з Суботнікаў пры дапамозе лідчан спасцігаюць па-новаму цвярозае жыццё. Прынамсі, групу назвалі «Новый путь». І па гэтаму «новаму шляху» дапамагае ім ісці мясцовая ўлада: свецкая і духоўная (Валянціна Станіславаўна і ксёндз Аляксандр).
Старшыня сельвыканкама вазіла сваіх падапечных у Ліду на форум з нагоды 20-годдзя лідскай супольнасці ананімных алкаголікаў.
З кожным з гэтых людзей размаўляла яна індывідуальна.Запэўнівала, душу, як кажуць, выкладвала, шмат чаго растлумачвала, прыклады прыводзіла, прасіла. Вядома, разумеючы, што самае галоўнае, каб магчымай цвярозасці гэтыя людзі захацелі, хоць і з яе дапамогай, аднак — самі.
— Мы, — кажа мая суразмоўца, — спадзяёмся, што людзі, якія наведваюць заняткі «Нового пути», адчуюць падтрымку канфесіі, улады, сваіх аднавяскоўцаў. Зразумеюць, што тое, што ўсе лічаць шкоднай звычкай, на самой справе — страшная хвароба, з якой патрэбна змагацца, пакуль яшчэ не зусім позна. Няхай іх толькі 8 чалавек, а колькі радасці ўжо з’явілася ў іх сем’ях, у сяброў, у родных, ва ўсіх добрых людзей наўкол. Мы вельмі рады дзейнасці гэтай групы. І заўжды падтрымліваем яе. Так будзе і надалей.
…Вось такі дзень выдаўся ў старшыні Суботніцкага сельвыканкама Валянціны Станіславаўны Філон: напружаны, насычаны, радасны і хвалюючы, як і само жыццё, якое на вёсцы ёй наканавана лёсам і службовымі абавязкамі захоўваць, аберагаць і рабіць камфортным.

Вера ГУЛІДАВА. Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.