0
не рабочая

На трывалым падмурку заканадаўства

Паважаныя іўяўчане! Шаноўныя выбаршчыкі!

Набліжаецца да завяршэння тэрмін дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Як дэпутат па Іўеўскай выбарчай акрузе № 53 я выступаю перад вамі са справаздачай аб рабоце, выкананай мною амаль за чатыры гады працы ў Парламенце. Раблю гэта, адказваючы на пытанні, якія паступілі да мяне ад выбаршчыкаў падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі.

Аб заканатворчай дзейнасці…

Якую заканатворчую дзейнасць на працягу чатырох год вёў беларускі Парламент? Над удасканаленнем якіх заканадаўчых актаў працавалі дэпутаты пятага склікання?

Сапраўды, сёння Нацыянальны сход, выконваючы сваю найважнейшую заканатворчую функцыю, займаецца ўдасканаленнем заканадаўчай базы з улікам практыкі прымянення законаў, з улікам выклікаў і патрабаванняў часу.

Падкрэслю, што за гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь створаны трывалы заканадаўчы падмурак, які забяспечвае эфектыўнае рэгуляванне ўсіх сфер дзейнасці дзяржавы і грамадскіх адносін. Наша заканадаўчая база ўтварае адзіную, унутрана ўзгодненую прававую прастору. Пра гэта сведчыць і працэс кадыфікацыі беларускага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае 25 кодэксаў, якія забяспечваюць поўнае сістэмнае рэгуляванне пэўных абласцей грамадскіх адносін. Тры кодэксы — Водны, Лясны, Аб культуры — гэта вынік дзейнасці дэпутатаў пятага склікання. Дарэчы, паводле ацэнак экспертаў, удасканаленне падыходаў да лесакарыстання дазволіць штогод атрымліваць дадаткова ў рэспубліканскі бюджэт больш за 20 млн. дэнамінаваных рублёў.

Калі казаць лічбамі, то дзевяць дэпутацкіх сесій пятага склікання — гэта прыняцце 225 законапраектаў у першым чытанні, 414 — у другім, з іх — ратыфікацыя больш за 200 міжнародных пагадненняў. Для чатырохгадовага парламенцкага цыклу першаснымі былі пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, павышэння эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу краіны.

На дзявятай сесіі, напрыклад, намі былі прыняты два ключавыя комплексныя нарматыўныя прававыя акты- новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Здавалася б, зусім разнапланавыя дакументы, але яны адзіныя ў адным самым важным пастулаце: Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава ў цэнтры Еўропы, са сваім характарам, з багатай культурай і непаўторнай гісторыяй, умее жыць у глабальным свеце на прынцыпах добрасуседства і заўсёды здолее абараніць свой суверэнітэт як найвышэйшую дзяржаўную каштоўнасць. У рэалізацыі культурнай палітыкі Беларусі дзейнічаюць прынцыпы прыярытэту развіцця беларускай нацыянальнай культуры і павагі культур усіх народнасцяў, якія пражываюць у краіне.

Прымаючы заканадаўчыя рашэнні аб рэгуляванні пытанняў рэалізацыі міграцыйнай палітыкі, аб атрыманні беларускага грамадзянства, мы былі накіраваныя на ўмацаванне іміджу Беларусі як дзяржавы, якая праводзiць паслядоўную палітыку ў гуманітарнай сферы. Яркі прыклад: Беларусь адчула сур’ёзнае павелічэнне колькасці мігрантаў з Украіны, але змагла даць ім прытулак, магчымасць вучыцца і працаваць. У дадзеным накірунку ўдасканальвалася заканадаўства ў сферы барацьбы з тэрарызмам.

Дэпутатамі пятага склікання прыняты вялікі блок законапраектаў па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва. На прынцыпова новым узроўні развіваюцца адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай: ужо ратыфікаваны Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве, а таксама тры пагадненні аб узаемадзеянні ў асобных сферах паміж нашымі краінамі.

На адказ выклікам, якія стаяць перад беларускай эканомікай, накіравана прыняцце законапраектаў па пытаннях падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, развіцця спажывецкай кааперацыі, турыстычнай сферы, законапраекта «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», ратыфікацыя Дамовы аб ЕАЭС.

Удасканальвалася і справядліва стала больш жорсткім заканадаўства, накіраванае на выкараненне такога грамадскага зла як наркаманія і распаўсюджванне спайсаў, алкагалізм і кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, карупцыя і адсутнасць вытворчай дысцыпліны, чорнае капальніцтва і незаконны абарот археалагічных артэфактаў.

Прагрэсіўныя нормы прынятага «Закона аб медыяцыі», якія адкрываюць для бакоў магчымасць самастойна з дапамогай незацікаўленых асоб урэгуляваць канфлікт, пазбягаючы судовага разбору, публічна не агучваючы наяўныя праблемы ў вядзенні бізнесу, у сямейных і працоўных адносінах.

Выбаршчыкам трэба ведаць, што да працы над законапраектамі мы прыцягваем экспертаў, навукоўцаў і практыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і бізнес-супольнасці. Праводзяцца юрыдычная і крыміналагічная экспертызы разглядаемых актаў. Актуальнай задачай для парламентарыяў з’яўляецца павышэнне якасці прымаемых законапраектаў, прагназаванне наступстваў іх прыняцця. Думаю, што распрацоўка і выкарыстанне механізму ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўнага акта — бліжэйшая перспектыва нашага нарматворчага працэсу. Вельмі важным з’яўляецца і грамадскае абмеркаванне законапраектаў. Памылкі ў сферы заканатворчасці недапушчальныя, таму што ўзровень заканадаўства наўпрост уплывае на якасць нашага жыцця, на эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання і ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Ці завершана работа Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы над праектам Кодэкса аб культуры? Якія вынікі будзе мець прыняцце гэтага заканадаўчага акта?

Некалькі дзён таму дакумент падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і, такім чынам, праект стаў сапраўдным кодэксам, па нормах якога мы пачнём працаваць, жыць і ўдзельнічаць у культурным жыцці з 2017 года

Я ўдзячна лёсу за тое, што мне выпала магчымасць працаваць над гэтым эксклюзіўным юрыдычным дакументам: быць у групе распрацоўшчыкаў праекта, а потым і ўзначаліць рабочую групу па яго падрыхтоўцы да разгляду ў першым і другім чытанні.

Кодэкс аб культуры ў сродках масавай інфармацыі ўжо названы Канстытуцыяй і нават Бібліяй у сферы культуры. У МПА СНД ёсць прапановы на яго аснове (а гэта першы на постсавецкай прасторы комплексны юрыдычны дакумент, які рэгулюе сферу культуры, сістэмна і сучасна) распрацаваць для краін садружнасці Мадэльны кодэкс аб культуры. Для парламентарыяў новага склікання — цікавы ўчастак працы.

Аб’яднаўшы палажэнні 60 нарматыўных дакументаў рознай юрыдычнай сілы, увабраўшы ў сябе дваццацігадовую практыку рэгулявання сферы культуры і ўключыўшы ў сябе інавацыйныя палажэнні, Кодэкс, на мой погляд, адпавядае сучаснаму стану грамадскіх адносін у сферы культуры. Яго прыняцце на працяглы час здольна забяспечыць паступальнае развіццё сферы культуры і якасную рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзяніна на ўдзел у культурным жыцці. Упэўнена, што і сацыяльна-эканамічныя, і юрыдычныя наступствы прыняцця Кодэкса аб культуры пазітыўна адаб’юцца на нашым жыцці, таму што эфектыўна запрацуюць сучасныя механізмы (арганізацыйныя, эканамічныя, прававыя) развіцця сферы культуры, адкрыюцца дадатковыя магчымасці культурнага развіцця грамадства і асобы.

Дэпутатам шостага склікання трэба будзе актыўна вывучаць правапрымяняльную практыку дзеяння Кодэкса ў сваіх акругах, збіраць так званыя «прапановы з жыцця», якія потым становяцца адной з крыніц ўдасканалення заканадаўства. Напрыклад, пры падрыхтоўцы праекта Кодэкса аб культуры да разгляду ў другім чытанні мы ўключылі ў яго нормы пяці ўказаў кіраўніка дзяржавы і некаторыя з іх скарэкціравалі з улікам сучаснага моманту на падставе вывучэння правапрымяняльнай практыкі, атрымаўшы ва ўстаноўленым парадку згоду Прэзідэнта на гэтыя змены. Так, для абароны нашых правоў як спажыўцоў культурных паслуг скарэкціраваны тэрміны вяртання ўваходных білетаў на культурна-відовішчныя мерапрыемствы (па ініцыятыве грамадзяніна — за 1 каляндарны дзень да правядзення), прадугледжана магчымасць вярнуць уваходныя квіткі ў выпадку змянення складу ўдзельнікаў канцэрту, змены месца (часу) правядзення мерапрыемства і атрымаць поўную кампенсацыю кошту білета не пазней за 7 каляндарных дзён з дня падачы заявы.

І такі скрупулёзны аналіз практыкі вёўся нашай рабочай групай пры працы над кожнай з 27 глаў і кожнага з 257 артыкулаў праекта Кодэкса аб культуры. Сімвалічна, што Кодэкс аб культуры падпісаны ў Год культуры. Гэта ўнёсак законатворцаў у Год культуры.

Аб агульначалавечых, жыццёвых і дэпутацкіх каштоўнасцях…

Што, па Вашым меркаванні, для ўсіх беларусаў самае важнае? Аб чым галоўным трэба помніць беларускаму дэпутату, прымаючы законы?

Наша Беларусь — дзіўнае светлае месца на зямлі. «На Беларусі жыве Бог», — так кажуць у народзе. Гэта праўда. Наша геаграфічнае становішча «на скрыжаванні шляхоў» у цэнтры Еўропы абумовіла нашу складаную гісторыю: знаходзячыся «на скрыжаванні інтарэсаў суседніх дзяржаў», Беларусь пакутавала, цярпела і паступальна ішла па няпростым шляху фарміравання сваёй дзяржаўнасці, заваёвы свабоды і незалежнасці.

Мы ментальна разумеем, што свет, свабода, Радзіма, сям’я — галоўныя агульначалавечыя каштоўнасці.

Беларусы ўмеюць жыць у грамадзянскай, палітычнай і міжканфесійнай згодзе і вельмі цэняць такое жыццё. Мы ўмеем дамаўляцца, паважаючы адрозненні і абапіраючыся на агульначалавечыя каштоўнасці. Сёння Беларусь мае статус сусветнай перамоўнай пляцоўкі па пытаннях ўрэгулявання ваеннага канфлікту менавіта таму, што ў нас магутны каштоўнасны базіс. Трагедыя ў Ніцы, стральба ў Мюнхене, спроба перавароту ў Турцыі, узброеныя сутыкненні ў Арменіі, мігранцкі крызіс у Еўропе — з жудаснай мазаікі складваецца карцінка толькі аднаго тыдня. Згадзіцеся, як хочацца, каб палітра сусветных навін кардынальна памянялася.

Сёння ўсё часцей гавораць пра культурную бяспеку нацыі, актуалізавана разуменне каштоўнасці культуры як стваральнай і аб’ядноўваючай сілы. Разбурэнне культуралагічных асноў, страта духоўных каштоўнасцей прыводзяць да страшных наступстваў — знішчаецца цывілізацыйны код нацыі, падрываюцца асновы дзяржаўнасці. Нездарма радыкальныя ісламісты руйнуюць на Блізкім Усходзе матэрыяльныя помнікі культуры. Сцёршы гістарычную памяць, на чыстым аркушы значна прасцей укараняць новую ідэалогію, усталёўваць свае правілы паводзін.

Таму нам важна памятаць: быць беларусам — падстава для гонару. Рост цікавасці да беларускай гісторыі і культуры, літаратуры і мовы мяне радуе.

Які тэзіс V Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога Вы былі, для вас самы значны?

Народны форум праходзіў пад лозунгам «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!». Лічу вельмі важнай такую трансфармацыю лозунга, які прагучаў яшчэ на другім Усебеларускім сходзе. «Разам» — гэта пра нас з вамі, гэта па-беларуску —  талакой, гэта сіла кожнага ў агульнай справе. Сапраўды, у рэалізацыі ключавых напрамкаў пяцігодкі: экспарт, інвестыцыі, занятасць, інфарматызацыя, моладзь — павінен быць пасыл ад кожнага грамадзяніна. Што ты асабіста робіш у імя сваёй краіны, у імя сваёй малой радзімы, сваёй сям’і? Ніякія правільныя словы і ніякія лозунгі не будуць працаваць, калі не будзе выконваць сваю справу сумленна, творча і ініцыятыўна кожны з нас.

Ці змяніліся за гады дэпутатцтва ваш асабісты погляд на жыццё? Якія вашыя асабістыя каштоўнасці?

Бачанне жыцця не змянілася, а, мабыць, паглыбілася і пашырылася. Яшчэ ў сваёй перадвыбарнай праграме я пісала пра сваё дэпутацкае бачанне жыцця: «Чалавек павінен быць паспяховым і запатрабаваным, сям’я — шчаслівай і дабрадзейнай, краіна — дынамічна развіваючайся  і камфортнай для жыцця, узровень жыцця — годным і сучасным, дзяржава — моцнай». Каштоўнасці ранейшыя: сям’я, дом, мір, Радзіма.

Галоўная каштоўнасць — само жыццё, якое можна зрабіць кіслым ці прэсным, а можна — сакавітым і цікавым. Ёсць жартоўны, але абсалютна справядлівы выраз: «Человек — кузнец, творец и …конец своего счастья».

Мае сённяшнія жыццёвыя прынцыпы простыя. Свет уратуе дабрыня. Рабі справу сумленна. Цягніся за лепшымі, вучыся і развівайся. Будзь удзячнай. Лепшы настрой — пазітыўны, лепшая размова — канструктыўная. Цяжкасці, праблемы — гэта новы шанс. У адной праблемы ёсць не менш за дзесяць варыянтаў рашэння: аналізуй і выбірай аптымальны. Бог вядзе і дае падказкі.

Аб дэпутацкіх ініцыятывах і працы ў акрузе…

Якія вашы ініцыятывы рэалізаваны і маюць рэальны вынік?

Рэальны вынік не толькі маёй дзейнасці, але і ўсіх членаў нашай Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы сумесна з Міністэрствам адукацыі — вяртанне профільнага навучання ў старэйшую школу, зняцце некаторых неўласцівых функцый з настаўніка, ўключэнне шэрагу змяненняў і дапаўненняў у законапраект аб карэкціроўцы Кодэкса аб адукацыі. Гэта і ўключэнне ў законы аб бюджэце артыкулаў, якія вызначаюць абсалютную велічыню сумы расходаў на адукацыю па рэгіёнах, забарона на нямэтавае выкарыстанне дадзеных сродкаў і магчымасць выкарыстоўваць сэканомленыя ў працэсе аптымізацыі сродкі на павелічэнне заработнай платы педагогам. Гэта і ўнясенне змяненняў у Правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: ужо другі год медалісты і пераможцы абласных алімпіяд ў педагагічныя ВНУ залічваюцца без экзаменаў. Падтрымана мая прапанова аб стварэнні электроннай рэспубліканскай базы дзяцей да 18 гадоў, якія падлягаюць навучанню ў сярэдняй школе, — так званай электроннай базы ўсенавуча.

Як намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы я курыравала пытанні культуры і магу сказаць, што мае прапановы, якія тычацца будаўніцтва музейнага квартала ў Мінску, стварэння ў Полацку прафесійнага тэатра, будаўніцтва рэспубліканскага дэпазітарыя для захоўвання калекцый музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея, гучалі ва ўнісон з прапановамі кіраўнікоў устаноў культуры, прапановы пачуты і некаторыя з іх паспяхова рэалізуюцца. Вынік ініцыятывы нашай камісіі і маёй асабіста — зрабіць больш жорсткімі заканадаўства аб ахове археалагічнага спадчыны Беларусі.

Якія дабрачынныя акцыі Вы ініцыіравалі ў акрузе?

У заканадаўчых актах не прапісана абавязковая дабрачынная дзейнасць дэпутата. Але гэта загад душы — дапамагаць тым, у каго ёсць патрэба, паказваць, што мір прыгожы і разнастайны, рабіць добрыя справы дзеля доўгатэрміновых вынікаў — выхавання духоўна-багатага чалавека, грамадзяніна і дзеля развіцця рэгіёна.

З задавальненнем рэалізоўвала ініцыятывы ў акрузе. Вельмі ўдзячна за дапамогу ў арганізацыі акцый на Іўеўшчыне маім памочнікам — Ганароваму жыхару горада Іўе Тамары Пятроўне Соі і дырэктару ТЦСАН Іўеўскага раёна Лідзіі Вайцехаўне Носуль. Напрамкі нашых мерапрыемстваў — дабрачыннасць і патрыятычнае выхаванне: акцыі «Падары партфель першакласніку», «Нашы дзеці», «Спартыўнае лета», «Лета з кнігай», «Новы год у цырку» і «Сустрэчы на Каляды» для выхаванцаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў і дамоў сямейнага тыпу, наведванне на даму дзяцей-інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, фотапраект «Вялікай Перамозе прысвячаецца», наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і музея археалогіі школьнікамі-лідарамі, добраупарадкаванне мемарыяла ў Стоневічах.

Вельмі хачу, каб выхаванцы шасці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Ашмянскага, Лідскага, Іўеўскага раёнаў, з якімі мы часта сустракаліся на канцэртах, спектаклях, цыркавых прадстаўленнях і спартыўных святах, сталі крышачку шчаслівейшымі і больш упэўненымі ў сваіх сілах, дзякуючы рэалізацыі майго дэпутацкага праекта «Акадэмія «Сям’я».

Для абмеркавання сацыльна вострых праблем, з якімі сустракаліся падчас працы ў акрузе, і выпрацоўцы шляхоў іх вырашэння мы ладзілі круглыя сталы «У дэфіцыце душэўная цеплыня і спагадлівасць»(праблема састарэлых бацькоў, якіх не даглядаюць дарослыя дзеці), «Наш вектар — развіццё» (пытанні сацыльнага развіцця Іўеўшчыны, раскрыцця яе інтэлектуальнага і лідарскага патэнцыялу), «Як выхаваць сапраўднага чалавека?» (пытанні выхавання моладзі), «Удасканаленне заканадаўства аб бібліятэчнай справе» (прапановы іўеўскіх бібліятэкараў у адпаведны законапраект).

Як чалавек, які перажывае за развіццё сістэмы адукацыі, для настаўнікаў арганізавала майстар-клас вядомага на Беларусі матэматыка Міхаіла Волкава, дапамагла арганізацыі на Іўеўшчыне археалагічнага летніка для дзяцей, якія цікавяцца гісторыяй, запрасіла ва ўстановы адукацыі «Зорны паход» студэнтаў галоўнага педагагічнага ўніверсітэта краіны.

Атрымала добрыя водгукі ад выбаршчыкаў аб правядзенні раённых святаў «Не старэюць душой ветэраны», «Мае гады — маё багацце» і канцэртаў-падарункаў да свята горада першага капітана крэйсера «Пётр Вялікі» Яўгена Добрушава, да Дня настаўніка -калектыва студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ імя Танка. Добрыя ўражанні пакінулі культурныя акцыі: наведванне Беларускай філармоніі і музея Уладзіміра Мулявіна ветэранамі працы Іўеўшчыны, дэльфінарыя і цырка, Музычнага і Вялікага тэатраў — іўеўскімі школьнікамі і выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага прытулку.

Дзякуючы супрацоўніцтву з Прэзідэнцкай бібліятэкай, Іўеўскі дз/с-пачатковая школа і дом сямейнага тыпу атрымалі ў падарунак падборку дзіцячай літаратуры з абменнага фонду бібліятэкі, а для іўеўскіх бібліятэкараў на базе Прэзідэнцкай бібліятэкі прайшоў навучальны семінар.

Мною праведзены шэсць інфармацыйных сустрэч для выбаршчыкаў Іўеўскай акругі ў Палаце прадстаўнікоў (лічу важным для ўмацавання іміджу ўлады — паказаць выбаршчыкам заканатворчую дзейнасць парламентарыяў непасрэдна ў Парламенце). Для іўяўчан адбыліся тры сустрэчы: з супрацоўнікамі райвыканкама і дэпутатамі Іўеўшчыны абмяркоўваліся навацыі ў заканадаўстве аб дзяржаўным будаўніцтве, аб эканамічных і сацыяльных пытаннях; з членамі Маладзёжнай палаты пры Іўеўскім раённым Савеце дэпутатаў — аб асновах маладзёжнай дзяржаўнай палітыкі, з супрацоўнікамі ўстаноў культуры разважалі аб навацыях у заканадаўстве аб культуры.

Якія пытанні выбаршчыкаў Іўеўчшчыны, што браліся на дэпутацкі кантроль, вырашаны?

Дзейнасць у акрузе — няпросты абавязак дэпутата. Праца з выбаршчыкамі патрабуе цярпення, душэўных сіл і ўважлівага падыходу, умення суперажываць, пераконваць, растлумачваць і вырашаць канфліктныя сітуацыі.

Як дэпутат па Іўеўскай выбарчай акрузе за чатыры гады я правяла 259 інфармацыйных сустрэч з працоўнымі калектывамі Ашмяншчыны, Іўеўшчыны, Лідчыны, арганізавала 73 прыёмы грамадзян і 22 прамыя тэлефонныя лініі, разгледзела 414 зваротаў грамадзян. Удакладню, што па Іўі праведзена 15 прамых ліній, 29 прыёмаў грамадзян, разгледжана 246 зваротаў.

За гэтымі лічбамі — людскія праблемы і крыўды, няпростыя жыццёвыя сітуацыі: хваробы блізкіх, складанасці працаўладкавання, рашэнні суда, пытанні прыватызацыі жылля), нявырашанасць бытавых праблем, просьбы растлумачыць палажэнні законаў, прапановы па паляпшэнні жыцця ў раёнах і нават па ўдасканаленні заканадаўства.

Па многіх зваротах дадзены тлумачэнні, частка з іх (прыблізна 63 %) накіроўвалася на выкананне па кампетэнцыі. Менавіта гэтыя звароты бяруцца на дэпутацкі кантроль. Вырашыць пытанні выбаршчыкаў можна толькі пры ўзаемадзеянні з мясцовай уладай. Я прымала ўдзел у 19 пасяджэннях раённых выканаўчых камітэтаў і 9 сесіях Саветаў дэпутатаў акругі. Вопыт чатырох год маёй працы на Іўеўшчыне пацвердзіў, што старшыні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў умеюць слухаць, чуць і вырашаць праблемы жыхароў раёна. Некалькі прыкладаў. Выкананы капітальны рамонт сістэмы падачы халоднай вады ў вёсцы Жамыслаўль, праведзена добраўпарадкаванне ранейшай тэрыторыі бані ў аграгарадку Морына, адрамантавана вуліца ў вёсцы Урцішкі, устаноўлены аўтобусны прыпынак у мікрараёне «Райсельгастэхніка», адрамантавана дарога ў вёсцы Шчучы Бор. Вырашаны пытанні капітальнага рамонту жылога фонду ваеннага гарадка ў Трабах, правядзення каналізацыі ў адным з мікрараёнаў Іўя. Зняты праблемы паляпшэння якасці прадуктаў ў аўталаўках, здачы малака насельніцтвам…

За гэтыя і іншыя справы я чула ад людзей словы падзякі. Самая пяшчотная і нечаканая падзяка — гэта квітнеючая фіялка ад дзяўчыны, якой дапамаглі працаўладкавацца. Вельмі прыемна было атрымаць ліст падзякі ад мам-выхавальнікаў.

Зразумела, што дэпутат працуе не для падзякі — канкрэтнае рашэнне пытанняў выбаршчыкаў прыносіць сапраўднае задавальненне.

Дзякую Тамары Пятроўне Соі, якая да зваротаў выбаршчыкаў ставілася як да пытанняў найпершай важнасці і дапамагала мне даводзіць рашэнне праблем па кожным звароце да лагічнага завяршэння — разгляду па сутнасці, якая рабіла значна больш, чым патрабуюць службовыя абавязкі памочніка дэпутата.

Ад імя выбаршчыкаў я шчыра дзякую ўсім кіраўнікам раённых службаў, якія рэальна дапамагалі ў вырашэнні жыццёвых праблем насельніцтва, асабліва: дырэктару Іўеўскага ДРБУ-156 С. А. Шукаву, дырэктару Іўеўскага РУП ЖКГ А. А. Шляхотка, дырэктару філіяла «Азот Агра» УСП «Новы Двор-Агра» А. П. Бухаловічу, старшыням сельвыканкамаў В.М. Марусавай, Ф.П. Варанюку, Т. В. Лось, Э. Э. Юхневічу, начальнікам аддзелаў Іўеўскага райвыканкама В. І. Усс, А. І. Горбач, В. Ч. Борка, калектыву раённай газеты «Іўеўскі край», кіраўніку Іўеўскай цэнтральнай раённай бальніцы Л. Ф. Горбач, дырэктару Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі С. А. Мірончык, дырэктару ТАА «Тэлекампанія «Іўе» У. І. Комсе. Удзячна іўяўчанам, якія шчыра далучаліся да нашых дабрачынных акцый:  старшыні раённай арганізаціі ГА «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане» С. І. Станілка,  дырэктару ТАА «БурМантаж» Д. У. Кулакову, дырэктару ПТУП «Віцязь» В. І. Жыдзелю, дырэктару ПТУП «ВалянцінаТранс» А. В. Задарожыну, дырэктару ПТУП «Геранёнскія кветкі» Т. В. Шаталавай, індывідуальным прадпрымальнікам Т. Т. Янец, Я. П. Жэбрык, А. І. Кузьміч, Г. А. Лянга, А. В. Тацкойнавай.

Аб Іўеўшчыне і планах на будучыню…

Ці стала для Вас за гэтыя гады Іўеўшчына роднай?

Скажу адным словам — так. Я сапраўды палюбіла гэты край, дзе жывуць працавітыя творчыя людзі, дзе разумеюць, што такое сапраўднае сяброўства, дзе ў міры і згодзе жывуць вернікі розных канфесій, дзе выхоўваецца таленавітая моладзь і з павагай адносяцца да старэйшага пакалення. Я шчаслівы чалавек, якому давялося пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю Іўеўшчыны і працаваць на яе карысць.

Як плануеце сваю далейшую працоўную кар’еру?

Я шчыра і адказна працавала ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўляючы інтарэсы выбаршчыкаў сваёй акругі. Галоўны заканатворчы вынік маёй асабістай працы — прыняцце Кодэкса аб культуры.

Зараз я планую працягнуць прафесійную кар’еру, працуючы ў сферы адукацыі. Наперадзе сур’ёзная работа па ўдасканаленні і ўмацаванні беларускай адукацыі, пра гэта гаварылася  і на V Усебеларускім народным сходзе. Мне гэта цікава.

Звяртаючыся да выбаршчыкаў, хачу сказаць вялікі дзякуй за сумесную працу. Наперадзе сур’ёзная палітычная кампанія — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Будзьце актыўнымі яе ўдзельнікамі і выбіраючы свайго дэпутата, памятайце, што менавіта гэты чалавек будзе прадстаўляць вашы інтарэсы ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны. Менавіта яму трэба будзе працаваць з выбаршчыкамі ў акрузе, аналізаваць правапрымяняльную практыку і з пазіцыі свайго вопыту ўдасканальваць заканадаўства. Таму свой голас трэба аддаваць за кандыдата з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, патрыёта, прафесіянала сваёй справы.

З павагай, дэпутат па Іўеўскай выбарчай акрузе № 53 Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 

Рэспублікі Беларусь 

пятага склікання Наталля КУЧЫНСКАЯ.