О малой родине

Учынак для малой радзімы

Беларусь бачыцца сонечнай, светлай, прыгожай, утульнай, адчуваецца нават водар бохана хлеба, бачацца абшары роднай старонкі, лясы, лугі, палеткі, дарогі…
Чамусьці такія вобразы наведалі маю душу і розум ля новага адметнага месца ў пасёлку нашым. Не, месца ранейшае — касцельны двор каля храма святых апосталаў Пятра і Паўла. А вось камень-памятнік з’явіўся толькі сёлета ў ліпені.

І гэта працяг тых асаблівых пашаны і павагі да зямлі роднай, да храма, да бацькоў Ядзвігі Юферавай і Іосіфа Бойсы, дзяцей іўяўчан Браніславы і Браніслава Халявы. Першым іх падарункам гораду і людзям стаў гадзіннік-куранты на франтоне касцёла. Гадзіннік у імя памяці бацькоў, які быў устаноўлены ў гадавіну смерці маці. Як шмат патрэбна даць сваім дзецям, каб яны так шчыра і так узнёсла дзячылі цябе! І гэта цудоўна, што дзецям хочацца назаўжды ўвекавечыць імёны тых, хто даў ім жыццё, хто ставіў «на крыло», хто шчыра і з верай абносіў крыжам, адпраўляючы ў самастойную жыццёвую дарогу.

Уладзімір Караткевіч сказаў у сваім творы «Беларускае мінулае»:

Не пагарджаць сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ і вартым быць яго…

І высакародныя ўчынкі Іосіфа Браніслававіча і Ядзвігі Браніславаўны менавіта на гэтую тэму. Як бы высока ты ні ўзняўся, як бы ні блукаў па жыццёвых скрыжаваннях, памятай імя сваё, сваіх бацькоў, месца, дзе нарадзіўся і вучыўся быць чалавекам.
Валун-помнік ля касцёла так гарманічна ўпісаўся ў інтэр’ер утульнага, спакойнага, намоленага месца. Словы, якія абрамляюць помнік па перыметры, з’яўляюцца дэвізам шляхты Вялікага княства Літоўскага: «Любі Айчыну сваю. Рабі дабро. Адказвай перад Богам».
Нічога не змянілася за гэтыя стагоддзі. Гэты дэвіз можа (ды і павінен) узяць для сябе любы чалавек сённяшняй Беларусі, таму што ў ім утрымліваюцца галоўныя хрысціянскія і чалавечыя маральныя нормы і этычныя запаветы.

Вось што гаворыць пра ўсё вышэй апісанае сам Іосіф Браніслававіч Бойса:

— Вы маеце рацыю. І на мой погляд таксама, вельмі гарманічна ўпісаўся камень на прыхрамавай тэрыторыі. Такі велічны (185 см і вага прыкладна 5 тон). Складана і небяспечна было перавозіць. А пры мантажы маніпулятар і стропы працавалі на мяжы сваіх магчымасцей. Усё атрымалася. Якія цудоўныя словы шляхты часоў Вялікага княства Літоўскага выбіты на камяні! Унізе на латыні «Мы ўхваляем Госпада».
І ікона Маці Божай Астрабрамскай (да якой наша любая бабуля хадзіла пешшу маліцца ў Вільню яшчэ за польскім часам), выліта з бронзы па індывідуальным заказе. Думаю, яна адзіная такая ў Беларусі. Я паўтара года выношваў гэтую ідэю.
З неверагоднымі цяжкасцямі, пераадолеўшы сотні кіламетраў, урэшце зусім выпадкова наткнуўся на патрэбны камень. Нават і думкі не дапускаў, што гэта будзе самым цяжкім — знайсці валун без трэшчын, з рабочай паверхняй, добрай формы, з магчымасцю пад’ёма і пад’езда да яго і транспарціроўкі.
Затым доўгая эпапея з ліццём іконы. І вось усё зроблена. І акрамя безумоўнага задавальнення і аблягчэння (урэшце ўсё удалося зрабіць), чамусьці адчуваю нейкае ўнутранае апусценне. А што далей? Што яшчэ можна паспець зрабіць для Беларусі і малой радзімы…

Я слухала Іосіфа Браніслававіча і думала аб тым, што кожны чалавек пакідае свой след на зямлі. Толькі адзін тым следам забруджвае дарогі і сцежкі, а другі — робіць свет дабрэйшым, а далі — больш яснымі і зразумелымі і для сучаснікаў, і для нашчадкаў.
Колькі будзе стаяць зямля, столькі будуць знаходзіцца людзі, якія ніколі не павераць, што нельга дасягнуць далягляда. І будуць упарта гнаць свайго жыццёвага каня.
То няхай на гэта хопіць і душэўных, і фізічных сіл.

Вера ГУЛІДАВА.
Фота аўтара.