Адраджэнне, захаванне і пераемнасць традыцыйнай культуры падрастаючаму пакаленню — такую мэту меў раённы семінар-практыкум «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання», які быў праведзены аддзелам метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу» на базе ўстаноў культуры аг.Геранёны.
У рабоце семінара-практыкуму актыўны ўдзел прынялі: Андрэй Пятрук, вядучы метадыст па промыслах аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Ульяна Мінюк, выкладчык па класу харэаграфіі і навучэнцы харэаграфічнага аддзялення Геранёнскай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі дзіцячых гурткоў па выцінанцы, ткацтве сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг.Геранёны, загадчыкі і спецыялісты аддзелаў і сектараў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Як адзначыла загадчык метадычнага аддзела Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель, выяўленне, аднаўленне, трансляцыя народнай культуры — шлях паступовы, сістэмны, шматузроўневы, які вядзе дзяцей і моладзь да сваёй мясцовай каранёвай культуры. Перш за ўсё, гісторыі і культуры свайго роду, затым роднага куточка — праз кантакты са старэйшым пакаленнем, уласную творчасць і пераемнасць традыцый у іх шматграннай разнастайнасці. Праз вандроўкі, экспедыцыі па зборы фальклорных матэрыялаў, праз сустрэчы з майстрамі рамёстваў фарміруецца любоў да роднага краю.
Народная мудрасць заклікае берагчы прыроду, зберагаць рукатворныя вырабы майстроў, вучыцца непасрэдна ад іх і засвойваць назапашаны імі вопыт. Усе гэтыя працэсы неабходна каардынаваць і пастаянна з гэтым працаваць на розных узроўнях.

Таму падчас семінара-практыкуму разглядаліся такія пытанні як традыцыйная культура беларусаў — аснова культурна-адукацыйнай дзейнасці ўстаноў культуры, а таксама — этнавыхаванне падрастаючага пакалення праз дзейнасць дзіцячых калектываў аматарскай творчасці. Асаблівую цікавасць у ўдзельнікаў выклікалі традыцыйныя рамёствы (вышыўка, выцінанка, саломапляценне, ткацтва), работа музейнай экспазіцыі па саломапляценні, беларускія традыцыйныя танцы побыту. Гаварылася аб народнай гульні як форме арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, аб ролі традыцыйнай лялькі ў этнавыхаванні дзяцей, аб адраджэнні народных святаў і абрадаў Іўеўшчыны, а таксама ішла размова аб рабоце па папулярызацыі страў традыцыйнай кухні і падрыхтоўцы матэрыялаў па наданні статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыі прыгатавання дранікаў у Гродзенскай вобласці».
Вядома, тэорыя без практыкі — мёртвая. Таму майстрамі і кіраўнікамі калектываў аматарскай творчасці з устаноў культуры аграгарадкоў Геранёны, Ліпнішкі і г.Іўе праведзены майстар-класы па традыцыйных рамёствах і народных танцах побыту. Гэта была самая насычаная частка мерапрыемства.
Удзельнікі семінара-практыкума наведалі музейную экспазіцыю па саломапляценні, выставы дзіцячай і народнай творчасці сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры, аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Геранёны.
Падрыхтавала
І. МІХАЙЛАВА.






