Редакция газеты "Iўеўскі край"

Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Рэгіён. Ліпнішкі: сучаснасць на годным гістарычным фоне

Год малой родины / Понедельник, 12 февраля 2018 09:59 / Прочитано: 5555

Ліпнішкі - адзін са старажытных населеных пунктаў Беларусі, размешчаны на рацэ Апіта.Многія беларускія даследчыкі адносяць Ліпнішкі да самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі рэспублікі; лічаць, што яго росту садзейнічала выгаднае геаграфічнае размяшчэнне паміж лясістай і забалочанай Налібоцкай пушчай і шматлікімі балотамі па рацэ Гаўя. Таму праз Ліпнішкі праходзілі шляхі на ўсход, поўнач і поўдзень.
Сучасная Іўеўшчына з Х да першай паловы ХIII стагоддзя знаходзілася ў межах Кіеўскай Русі і з'яўлялася ўскраінай Полацкага княства ў бліжэйшым суседстве з літоўскімі плямёнамі. Першае вялікае збудаванне ў Ліпнішках - касцёл св. Ганны - быў пабудаваны ў 1411 годзе. Згарэў у час вайны са шведамі. Патрыёты Ліпнішак ратавалі ў час пажару ўсё, што маглі. Многія з іх загінулі на гэтым месцы. Сярод іх - Рафал Раманоўскі. На месцы ахвяр адразу была пабудавана капліца, якая захавалася да сённяшняга часу. Стаіць на скрыжаванні трох дарог - Лідскай, Геранёнскай, Літоўскай (Віленскай).
30 мая 1610 года Жыгімонт III (Ваза) даў вёсцы Магдэбургскае права, якое было пацверджана ў 1792 годзе каралём Уладзіславам IV. Ліпнішкі атрымалі права называцца мястэчкам і мець свой уласны герб - Пагоня ў чырвоным полі.
З 1849 года Ліпнішкі належаць роду Вольскіх. Праз Ліпнішкі праходзіла дарога Пінск-Вільня і Гарадзішча-Навагрудак-Гальшаны. Па дарогах рухаліся багатыя экіпажы купцоў. Гэта садзейнічала развіццю гандлю і будоўлі ў Ліпнішках, росту насельніцтва.
Пан Вольскі распачаў будаўніцтва магазінаў у цэнтры мястэчка. У 19 стагоддзі ў Ліпнішках было пабудавана больш 20 магазінаў ("Галі"), майстэрні для вырабу скур, пашыву скуранога адзення, для пашыву шапак, абутку; тры піўныя, рэстаран, гасцініца, тры пякарні, дзве аптэкі, двухпавярховая школа. Усе дарогі былі брукаваныя, тратуары былі вылажаны каменнем і цэглай. У мястэчку падтрымліваўся парадак. Кожны жыхар павінен быў трымаць чысціню каля свайго дома і прыбіраць тую частку тэрыторыі, якая праходзіла вакол пабудовы…

Трэба помніць, адкуль ты родам… 

… Прайшлі стагоддзі, а, здаецца, нічога не змянілася ў гэтым накірунку (да гэтай высновы я прыйшла, калі гутарыла са старшынёй Ліпнішкаўскага сельвыканкама Янінай Уладзіміраўнай Бузар). Цяперашні гаспадар рэгіёна таксама патрабуе ад ліпнішкаўцаў таго ж, што і былыя ўладары - паны - чысціні і добраўпарадкавання сваіх тэрыторый, а агульныя прыводзяць да ладу агульнымі ж сіламі. Напрыклад, як могілкі ў Ліпнішках. Доўга гэтая тэма была балючай, доўга шукала старшыня магчымасці, думала, як вырашыць праблему. Выйсце знайшлі разам з ліпнішкаўскім касцёлам святога Казіміра. Парафіяне сабралі грошы, былі выкліканы спецыялісты, так званыя альпіністы, і старыя аварыйныя дрэвы перасталі быць небяспечнымі аб'ектамі для могілкавых пастаментаў. Галоўным жа ў гэтай справе стала тое, што людзі перасталі чакаць, што дзяржава за іх прыбярэ месцы апошняга супакойвання іх прашчураў. Таму што доўгія гады гэта так і было…
Наогул, апошнім часам тут шмат што зроблена ў плане добраўпарадкавання. І менавіта агульнымі сіламі. Адказвае за ўсё сельвыканкам. Ды адказнасць тая не падмацавана фінансавымі сродкамі. Таму шукае старшыня памочнікаў. Кажа, што часам і не зусім па законе атрымліваецца (не, нічога крымінальнага). Але, на маю думку, найлепшы закон той, які дапамагае зрабіць жыццё вяскоўцаў камфортнейшым, а душы і сэрцы людзей дабрэйшымі і міласэрнымі. Жывуць жа разам у агульным доме - аграгарадку Ліпнішкі. Таму вельмі ўдзячна старшыня за дапамогу старшыням КСУПаў: "Агра -Ліпнішкі" - Уладзіміру Яўгенавічу Ціткову, "Суботнікі" - Сяргею Міхайлавічу Бажыну, імя Баума - Дзмітрыю Мечыслававічу Буйко і іншым. Яны заўжды адгукнуцца на просьбы, дапамогуць, знойдуць час і магчымасці, як, напрыклад, гэта бывае, калі пачынаецца знос чарговых безгаспадарчых пабудоў. Ліпнішкаўскі старшыня пачынае гэтую справу заўжды зімой, калі лягчэй знайсці і тэхніку, і людзей. А вясной ўжо прыводзяць у парадак вызваленыя ад кінутых будынін участкі. Наогул, Яніна Уладзіміраўна ўмее вырашаць гаспадарчыя справы, даводзіць іх да лагічнага завяршэння.
Не, не адразу так ўсё атрымлівацца стала. Дзяўчынка з шматдзетнай сям'і з вёскі Чычынаўшчына не змагла сабе дазволіць вучыцца на дзённым аддзяленні. Шкада было бацькоў. Невялікія грошы зараблялі яны ў калгасе, каб яшчэ і яе вучыць, карміць, адзяваць. І яна паступіла на завочнае аддзяленне інстытута замежных моў. А працаваць стала піянерважатай у Кладніках. Потым - Некрашанская базавая школы. Там яна выйшла замуж. Адразу пасля заканчэння інстытута яе паставілі працаваць намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, затым два гады, да закрыцця школы ў 2006 годзе, Яніна Уладзіміраўна кіравала педкалектывам Некрашанскай школы.
Перайшла працаваць у сацыяльную службу, калі ў Некрашах адкрылася першае ў раёне аддзяленне кругласутачнага пражывання сталых людзей і інвалідаў. З 2007 па 2011 год была загадчыцай аддзяленя. І… будавала яго. Аддзяленне пабудавана гаспадарчым спосабам самімі сацыяльнымі работнікамі пры дапамозе мясцовых арганізацый, калгасаў. І калі ўсё было зроблена адмыслова, ёй стала нецікава, планам яе - цесна. Хацелася нечага большага. Такі ўжо характар у старшыні - не трывае шэрасці, патрабуе руху, работы амаль што ў экстрэмальных умовах. Тады яна раскрываецца, калі наўкол віруе жыццё разам з яго цяжкасцямі, задачамі, планамі, праблемамі, якія патрэбна вырашаць… Працавала якісьці час у ТЦСАНе, а потым прыйшла старшынёй сельвыканкама ў Ліпнішкі. Прыйшла, як яна кажа, з вялікім вопытам работы з людзьмі, вопытам рамонту, будаўніцтва, веданнем куды і як звярнуцца, у каго дапамогі папрасіць, як весці справы гаспадарчыя.
Пазнаёмілася з людзьмі, рэгіёнам. І адразу ж пачала добраўпарадкаванне мікрараёна, які ў Ліпнішках называюць “сельгастэхнікай”. Паставілі бетонныя платы, пачысцілі вуліцы. І людзі зразумелі - прыйшоў гаспадар. За ўсе гэтыя гады яны ні разу ў гэтым і не засумняваліся.


…Людзей патрэбна любіць. Так лічыць старшыня сельвыканкама. Камусьці дапамагчы, кагосьці падтрымаць маральна ці матэрыяльна, а некага крыху і паўшчуваць.
Яна ў дні прыходу аўталавак (не чакаючы планавай сустрэчы з вяскоўцамі) прыязджае ў адну з вёсак, сустракаецца з людзьмі, звяртае ўвагу, што нехта не прыйшоў да крамы на калёсах. І тады абавязкова завітае да чалавека, каб пацікавіцца, ці ўсё ў яго добра. Часам старшыні здаецца, што яна працягвае працаваць у сацыяльнай службе. Таму што рэаліі дня такія, што вёскі старэюць, іх састарэлым жыхарам патрэбна ўсё больш увагі і клопату менавіта мясцовых улад і розных службаў, якія забяспечваюць бяспеку жыццядзейнасці. Працы камісій, якія дзейнічаюць па плане раз на два тыдні, як лічыць старшыня, недастаткова. У рэгіёне 1258 гаспадарак, грамадзян, якія старэй працаздольнага ўзросту - 814 чалавек, адзінокіх - 76, адзінока пражываючых - 331. Калі камісія будзе выязджаць раз у два тыдні, то проста немагчыма быць у курсе спраў вяскоўцаў, можна згубіць кантроль над сітуацыяй. Таму Яніна Уладзіміраўна выкарыстоўвае кожную магчымасць, просіць прадстаўнікоў служб часцей бываць у людзей па вёсках. У гэтым, безумоўна, дапамагаюць ёй сельскія старасты. Такіх памочнікаў у старшыні 27 чалавек на 48 населеных пунктаў. Яны патэлефануюць, раскажуць пра абставіны. І ёй лягчэй.
Шмат добрых, адказных людзей займаюць гэтыя грамадскія пачэсныя пасады. І сярод іх - фельчар ФАПа з Некрашоў Лідзія Фядотаўна Высоцкая…

Як стаць сваёй у чужым краі… 

… Край і сапраўды быў зусім іншым. Здаецца, суседнія вобласці адной і той жа савецкай рэспублікі, а ўсё тут, на Гродзеншчыне, адрознівалася ад звыклага ўкладу жыцця ў родным Пінскім раёне на Брэстчыне. І там Заходняя Беларусь, і тут. А вось жа больш сціпла жылі палешукі, і каштоўнасці нейкія іншыя былі. Цяжка сказаць чаму, але, напэўна таму, што там, дзе дрыгвы было заўжды больш, чым ворыўнай зямлі, людзі жылі бядней. Але не адчувалі асабліва таго. Таму дзяўчына, якая пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча прыехала па размеркаванні ў Іўеўскі раён, адразу заўважыла, што і сем'і тут меншыя, і строі, уборы ў дзяўчат багацейшыя, і людзі крыху іншыя.
Вельмі захацелася тады ёй дамоў, да матулі. Вось і сядзела на сваім ФАПе з заплаканымі вачыма.


- Як ваша новая фельчарыца? - пыталі суседзі ў жыхароў Некрашоў. А тыя адказвалі: "От! Прыслалі дзіця з косамі, сядзіць, плача"…
… Яна разумела, што бацькі вучылі, кармілі, адзявалі, сям'я вялікая. Таму кідаць работу нельга было. І ўсё ж яна сказала маці;
- Там людзі іншыя, паняцці іншыя. Нашы лепшыя, дамоў хачу.
А мудрая матуля адказала, што людзі аднолькавыя паўсюдна. Ёсць добрыя, ёсць дрэнныя, а працаваць, тым не менш, патрэбна ўсюды.
Гэта былі такія першасныя дарослыя "універсітэты" ад маці, простай калгаснай працаўніцы, якая разам з бацькам выхоўвала, акрамя яе, Ліды, яшчэ чатырох дзяцей. Гэта былі людзі, якія ўмелі шанаваць жыццё. Бо яно цяжка далося. Бацька, яшчэ дзіцем, разам з сям'ёй быў вывезены на працу ў Германію. Калі вярталіся дамоў пасля Перамогі, па дарозе, на тэрыторыі Заходняй Украіны, усю сям'ю забілі бандыты. Ён застаўся адзін. А вырас такім ідэйным, такім адданым патрыётам савецкай краіны. Цаліну ездзіў уздымаць…
Маці працавала жывёлаводам. Гэтыя людзі і дзяцей выхоўвалі не толькі ў любові, але і вартымі жыць у рэчаіснасці, не перабольшваючы магчымасцей, не чакаючы "манны нябеснай…" Гэта так важна, калі ў хвіліны роздуму, нейкіх расчараванняў цябе падтрымаюць і скажуць патрэбнае, важкае слова бацькі…
Сёння загадчыца Некрашанскім ФАПам з 1981 года, стараста вёскі Некрашы Лідзія Фядотаўна Высоцкая толькі мудра ўсміхаецца, успамінаючы свае першыя крокі ў вёсцы, якая стала роднай на ўсё жыццё. І людзі сталі самымі лепшымі, і звычаі сваімі, і юнака сустрэла самага прыгожага і любага. Ужо праз паўгода пасля прыезду "заплаканае дзіця" стала жонкай.
Калгас адразу ёй даў жыллё ў новым асабняку. А калі дзяўчына выйшла замуж за працаўніка калгаса, увесь дом аддалі маладой сям'і. Пакрыху і вёска, і яе людзі сталі найлепшымі. А ў новым доме зазвінелі званочкі-галасочкі сына і дачушкі. Зараз у бабулі з дзядулем трое ўнукаў. Аднак, пакуль гэта здарылася, яна ўспрыняла і людзей, і іх звычаі, і ўменне жыць і працаваць па-асабліваму.
Як і суседзі-вяскоўцы, заўжды трымала сям'я Высоцкіх і жывёлу (дзве каровы, конь, свінні, куры і іншая хатняя жывёліна). Шмат працы патрэбна было прыкласці, шмат клопатаў, хацелася не аднойчы праспаць ад стомленасці суткі. Аднак гэта заўжды дазваляла мець на стале ежу (незалежна ад наяўнасці яе на паліцах крамы), што прадаць і мець грошы для сямейных патрэб.
Безумоўна, нялёгка. Таму што праца фельчара на вёсцы - гэта работа і днём, і ноччу. Па спецыяльнасці Лідзія Фядотаўна акушэрка. Аднак, мела навыкі і права працаваць і фельчарам. А калі скласці гэтыя дзве магчымасці для аднаго сельскага медыка, то і надта добра атрымліваецца. Таму што найперш менавіта сельскі ФАП аказвае дапамогу хвораму ці жанчыне, якой прыйшла пара раджаць. Двое родаў, не дачакаўшы хуткай дапамогі, прыняла яна ў хатах.
На ўчастку Некрашанскага ФАПа было 13 вёсак, дашкольнікі ў кожнай вёсцы. У Некрашанскай базавай школе - 90 вучняў. Кіпела жыццё, жыла і будавала планы на будучыню вёска…
Так здарылася, што вёска састарэла, апусцела Сёння на ўчастку толькі двое дзетак. Але работы і зараз шмат. Гэта ўжо работа з людзьмі нямоглымі, састарэлымі, хворымі і адзінокімі. І калі раней яе называлі сапраўдным і найлепшым "дзіцячым доктарам", то зараз фельчар Некрашанскага ФАПа спяшаецца на веласіпедзе па розных вёсках ўжо да людзей сталых. Адна з яе падапечных Галіна Станіславаўна Карчэўская, якую мы сустрэлі на ФАПе, кажа:
- Такога чалавека, такога доктара да Лідзіі Фядотаўны мы не ведалі. Усё ведае, кожнаму дапаможа, да кожнага прыйдзе. Нашы хваробы добра ведае. І лекі заўжды прывязе. Таму што зараз аўтобусы не ходзяць. Дабрацца ў Ліпнішкі ці то ў Іўе нам нялёгка. А яе сустрэнеш і зразумееш, што дапамога будзе. Я часам саромеюся выклікаць да сябе фельчара, шкадую яе ногі, а потым сама прыйду, дык яна яшчэ і пасварыцца, што нельга мне далёка хадзіць…
Лідзія Фядотаўна расказвае, што ведае не толькі хваробы сваіх пацыентаў на ўчастку, але і заплюшчыўшы вочы можа ўявіць кожны твар, кожны пакой і абстаноўку іх жылля. Яны свае, яны, як родныя. І яна рада, што патрэбна ім.
А зараз яе запатрабаванасць яшчэ больш павялічылася.Трэці год сельскі фельчар з'яўляецца старастам Некрашоў, звязваючым ланцужком між вёскай і сельвыканкамам. Стараства існуе не дзеля "галачкі", а ў імя таго, каб палепшыць жыццё людзей вёскі, зрабіць яго больш камфортным і бяспечным. І на гэтай грамадскай пасадзе патрэбны менавіта такія адказныя і працавітыя людзі, як Лідзія Фядотаўна Высоцкая.

На кожным кроку - творчая асоба… 

…Наконт асоб у аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі (так мудрагеліста зараз называецца былы Дом культуры) надзвычай цікавыя абставіны складваюцца. Гэтых асоб не патрэбна неяк шукаць ці вылучаць. Яны сустракаюцца тут у кожным пакоі, на кожным кроку. Яны спяваюць, яны танцуюць, яны шыюць, яны майструюць мудрагелістыя лялькі, сцэнічныя касцюмы, яны ладзяць між сабой, могуць некалькі разоў за дзень пасварыцца на фоне творчага пошуку і тут жа выказаць адна другой любоў і захапленне. Гэта так. Таму што вы трапілі не абы куды, вы трапілі ў Ліпнішкі, дзе культурнае жыццё віруе, зіхаціць, дзе пануе Яе Вялі-касць творчасць.

Зараз буду вас запэўніваць, што гэта менавіта так.
Адным з першых лаўрэатаў прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Дубко "За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" на Іўеўшчыне стала Таццяна Станіславаўна Захарэвіч - загадчык Ліпнішкаўскай бібліятэкі. Раней гэтая бібліятэчная ўстанова насіла такое пачэснае найменне - "Бібліятэка - краязнаўчы цэнтр". І было тое найменне вынікам вялікай і творчай працы Таццяны Станіславаўны ў краязнаўчым накірунку. І, наогул, ва ўсіх творчых, яркіх накірунках. Яе своесаблівым дэвізам было выказванне "не перамагчы сорамна". Таму перамагалі заўжды і ўсюды: 1998 год - лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры, 2006 год - пераможца гэтага конкурсу, 2000 год - пераможца раённага конкурсу "Бібліятэкар года", 2001 год - пераможца абласнога конкурсу маладых краязнаўцаў, 2007 год - пераможца абласной акцыі "Пішам гісторыю вёскі", 2007 год - пераможца раённага мерапрыемства, прысвечанага 125-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа… Пераможца, пераможца… Карацей кажучы, не перамагчы сорамна. На тым і трымаюцца.
З 1995 па 2016 год дзейнічала пры бібліятэцы аматарске аб'яднанне "Карані", у якім не адно пакаленне ліпнішкаўскіх дзяцей і падлеткаў вучылася патрыятызму, любові да зямлі роднай, пазнанню свайго, нацыянальнага. Тут выхоўваліся беларускасць, людскасць, павага да гісторыі роднай краіны і малой радзімы. Толькі адзін вядомы летапіс - вялікая і шыкоўная сумесная работа Таццяны Станіславаўны і яе выхаванцаў - ужо мог бы без усяго астатняга апраўдаць існаванне і аматарскага аб'яднання, і жыцця гэтай асобы. А зараз пры бібліятэцы працуе аб'яднанне для людзей сталага ўзросту, якія тут маладзеюць увачавідкі.
Як кажа Таццяна Станіславаўна, без дапамогі клубных работнікаў яна так не наладзіла б тыя пасяджэнні.
Вось я і сказала тое галоўнае, што прыносіць поспех ліпнішкаўскім работнікам культуры. Яны - разам. Іх цяжка раздзяліць - клуб і бібліятэку. Таму што, на іх погляд, задачы і мэты ў іх агульныя. Значыць, і працаваць патрэбна разам.
Гэта пачалося яшчэ пры былым кіраўніку Дома культуры Марыі Францаўне Пякша. Пяць гадоў назад гэтая асоба аддала сваё кіраўнічае крэсла хормайстра ўстановы Анастасіі Грыбоўскай. Угаварыла маладога спецыяліста пагадзіцца, паабяцала дапамогу ўсіх і кожнага. А сама засталася кіраўніком гурткоў. Таму што любімая справа патрабавала шмат часу. І дырэктар не хацела раскідваць свае творчыя сілы на розныя справы. Зараз Марыя Францаўна кіраўнік гурткоў "Беларуская лялька”, "Маленькія майстры" і аматарскага аб'яднання "Чараўніцы". Гэта дзіўны свет творчасці, які яна стварыла для хлопчыкаў і дзяўчынак аграгарадка. Але, моцна расказваць пра тое мы сёння не будзем. Марыя Францаўна паабяцала рэдакцыі стаць госцем яе "Гасцёўні". Таму вялікі і змястоўны расказ пра яе творчасць - яшчэ наперадзе.
Ёсць пры аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы фальклорны калектыў "Весялуха", які ўзначальвае яшчэ адна асоба - хормайстар Ганна Аляксандраўна Гарбачэўская - сапраўдны знаўца і песень рэгіёну, і яго фальклору. Таму, дзе "Весялуха" , там заўжды весела і цікава.
Цяжка ўявіць установу культуры ў Ліпнішках без танцаў і харэаграфічных кампазіцый прафесіянальнага харэографа, загадчыка аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы Анастасіі Грыбоўскай. Гэта таксама ліпнішкаўскі брэнд. Таму што, каб пералічыць культурныя ўстановы раёна, якія культывіруюць у сябе танцавальнае мастацтва, дастаткова пальцаў адной рукі. Ці, правільней будзе сказаць, нават зашмат. А ліпнішкаўскія танцоры, выхаванцы Анастасіі - удзельнікі кожнай значнай падзеі, кожнага вялікага канцэрта і свята ў раёне.
Пра Марыну Скрыпскую можна сказаць адно. Не дзіва, што і пасада яе - мастацкі кіраўнік. Яна не толькі, так сказаць, кіруе па-мастацку. Яна заўважана на працягу многіх гадоў у кожным творчым праекце ўстановы культуры, у складзе "Весялухі". А апошнія гады - у складзе яшчэ аднаго сапраўднага "брэнда" культработнікаў аграгарадка - квартэта "Варажэя". Гэта - культурная з'ява ўсяго раёна. Гэта плённы сплаў творчасці, іскрамётных талентаў, урэшце, прыгожых і спакуслівых звонку маладых жанчын, якія, як сапраўдныя варажэі, зачароўваюць гледачоў. Між іншым, не толькі мужчынскага полу. Іх песні выклікаліся на"біс" у гарадах-пабрацімах нашага Іўя-Азнакаева (Татарстан), Кайшадорыс (Літва) і іншых. Яны ўпрыгожваюць сабой і сваімі талентамі розныя канцэрты і розныя сцэны.
Таму гэтых асоб мы называем разам: Анастасія Грыбоўская, Марына Скрыпская, кіраўнік квартэта Таццяна Палтарак (мясцовая настаўніца, якая працуе на паўстаўкі акампаніятарам у аддзеле культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі, і дэфектолаг мясцовага дзіцячага сада-сярэдняй школы, незаменная вядучая ўсіх мерапрыемстваў у клубе Таццяна Керней.
Канешне, душой гэтага маленькага калектыву з'яўляецца Таццяна Палтарак. Ёй належаць усе аранжыроўкі песень, якія выконваюць "Варажэя". Яны не паўтараюць акцэнты выканаўцаў твораў, якія бяруць у свой рэпертуар. Яны іх падладжваюць пад сябе. А потым нясуць і песні, і сябе, як чароўны падарунак са сцэны, гледачам. І няхай не ўсе яны з Ліпнішак, аднак, стаўшы "местачковым брэндам", таксама трымаюць марку гэтага незвычайнага месца, як сваю, родную…

Кіраўнік малады, справы - сталыя… 

У Ліпнішках шмат цікавых месцаў, людзей, асаблівых абставін, служб. Яны тут прыжываюцца канчаткова, каб працягваць багатую гісторыю мястэчка з магдэбургскім правам. І няхай гэта ўжо не мястэчка. Але і не вёска - аграгарадок.
І ў ім у мінулым годзе з'явілася яшчэ адно незвычайнае месца, незвычайнае збудаванне, якое проста ўпрыгожыла Ліпнішкі. Я вяду гутарку пра новы адміністрацыйны будынак, гаспадарчыя памяшканні і саму тэрыторыю наўкол Ліпнішкаўскага лясніцтва, якое з'яўляецца структурным падраздзяленнем Іўеўскага лясгаса.
Апошнім часам нікога ў раёне не здзівіш новымі будынкамі лясніцтваў раёна. Яны невялікія, але вельмі функцыянальныя, прыгожа аздобленыя сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі з эстэтычна падабранымі і гарманічна злучанымі колерамі сцен, дахаў і г.д.
У Ліпнішках жа не проста пабудавалі новы будынак, тут стварылі нейкі асаблівы, прыгожы, чароўны куток аграгарадка. Не пройдзеш, не спыніўшы погляд, не захапіўшыся ўбачаным. Так, як і паўсюдна, быў зроблены стандартны праект, які зацвердзілі ў лясгасе, усё падлічылі, усё прадумалі. А далей - справа густу і асаблівых адносін да ўсяго, што наўкол, ляснічага Віталія Іванавіча Пясецкага, вельмі маладога па ўзросце кіраўніка, але сталага па сваіх справах і з немалым вопытам працы ў лясной гаспадарцы раёна.
Амаль дзесяць гадоў назад, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітетэта імя Кірава, ён па запыту Іўеўскага лясгаса вярнуўся працаваць на сваю малую радзіму - дзяцінства правёў у Князікоўцах, у Ліпнішках закончыў сярэднюю школу.
Спачатку працаваў памочнікам ляснічага ў Ліпнішках, у тым жа годзе ўжо ўзначаліў Лелюкінскае лясніцтва, а з 2013 года - ляснічы Ліпнішкаўскага структурнага падраздзялення лясгаса.
Віталій Іванавіч - яскравы доказ таго, што не кожны вопытны працаўнік пераважней маладога спецыяліста. У апошніх, як правіла, гарыць і іскрыцца душа ў жаданні даказаць сваю префесійную годнасць, па-новаму "вынайсці веласіпед" і, вобразна кажучы, паехаць на ім у бок далягляду. Каб дагнаць яго. А калі гаварыць афіцыяльна, маладыя больш сучасна думаюць, рэагуюць, працуюць.
Вось Віталій Іванавіч і даказаў гэта за такі кароткі тэрмін. Выбар прафесіі ў яго быў свядомым, жаданым. Таму і працаваць атрымліваецца з асалодай. А гэта такое шчасце - з задавальненнем ісці на працу.
На тэрыторыі лясніцтва 10 тысяч 600 гектараў лесу. Па агульнай плошчы гэта самае буйное лясніцтва раёна. І займае яно тэрыторыю трох сельсаветаў: Ліпнішкаўскага, Суботніцкага і Геранёнскага. Працуе ў лясніцтве 35 чалавек, пяць з іх - гэта брыгада лясгаса па пагрузцы вагонаў на станцыі Гаўя.
Большасць людзей калектыву спраўджваюць разуменні кіраўніка аб тым, якімі павінны быць працаўнікі - ініцыятыўнымі, з творчымі іскрынкамі, якія валодаюць прафесіяналізмам і жаданнем даказваць яго на справе.
І адзін з іх той, хто дапамог ляснічаму аздобіць стандартны праект асаблівай прыгажосцю. Нядаўна стаў працаваць у Ліпнішкаўскім лясніцтве перасяленец з Украіны Аляксандр Дзмітрыевіч Пашэль, здатны майстар разьбы па дрэве. Яго майстэрства і агульныя з Віталіем Іванавічам задумкі і сталі той асаблівай "фішкай" створанай прыгажосці новага памяшкання арганізацыі.
Каб нашы чытачы не падумалі, што тут толькі і робяць, што прыгажосць ствараюць, хачу дадаць, што калектыў, які ўзначальвае малады разумны кіраўнік, за мінулы год па выніках вытворчага спаборніцтва стаў чацвёртым сярод ста лясніцтваў Гродзенскай вобласці.
Нарыхтавана 40 тысяч 400 кубаметраў драўніны. Ад лесагаспадарчай дзейнасці атрымана 683300 рублёў, пасадзілі 16,3 гектара новага лесу.
А яшчэ Ліпнішкі ў захапленні наглядаюць, як шмат кветак на тэрыторыі лясгаса. І бачаць, як часам іх высаджвае на клумбы і кветнікі сам ляснічы.
Наогул, Віталій Іванавіч чалавек ініцыятыўны, творчы, які заўжды ў калаўроце грамадскага жыцця аграгарадка. Ён - дэпутат сельскага Савета, дапамагае мясцовай уладзе ў розных пытаннях. Добрыя адносіны ў маладога кіраўніка і з іншымі арганізацыямі і ўстановамі аграгарадка. Напрыклад, ён разам з жонкай і дачушкай прадстаўлялі Ліпнішкі на раённым свяце "Іўеўскі памідор".
Найлепш ахарактарызавала ляснічага старшыня сельвыканкама. Яніна Уладзіміраўна сказала: "Без такіх людзей, як Віталій Іванавіч, свет быў бы нецікавым, шэрым".

Простая формула -
жыць хораша… 

"Хораша жывуць, - казалі некалі на вёсцы, канстатуючы добрыя адносіны ў сям'і, гаспадарлівага мужа, добрую жонку, выхаваных дзяцей. Безумоўна, шмат такіх сем'яў і зараз, аднак каларытны вясковы ўклад жыцця, здаецца, схаваўся за дальнімі далямі. Малако прадаюць у крамах, на паперцы, у якую загорнута масла, пішуць, што выраблена з "слівак" (як быццам, можна было раней зрабіць з іншага чаго), кіслае малако зараз кефірам ці ёгуртам клічуць… У сельскай краме прададуць вам і сала, і мяса, і каўбасу… Могуць і капусту квашаную. А раней квашанне капусты было цэлым рытуалам у хатах. Уся сям'я на кухні збіралася, дзежкі і бочкі прапальваліся гарачымі камянямі. Дзеці чакалі, каб пахрумкаць качарыжкамі, а бацькі ўвесь вечар шаткавалі і пераціралі капусту. А як каўбаску сваю рабілі! Якія пахі несліся не толькі па хаце, але і за дзверы выляталі. А як суседзям свежанінку насілі, частавалі!..
Няма больш той вёскі. Аднак, што б вы думалі, я днямі сустрэла ў Ліпнішках сям'ю, якую, здаецца, з тых мінулых часін узялі ды й перакінулі машынай часу ў наша 21 стагоддзе. Так, так. Таму што вельмі цяжка паверыць, што сёння яшчэ зусім маладая сямейная пара можа жыць зусім не па-сучаснаму, не шкадуючы сіл, не апраўдваючы бяздзеянне жаданнем "пажыць для сябе", а трыманне гаспадаркі - пустым пераводам грошай.
Аляксандр Феліксавіч і Наталля Вячаславаўна Біблісы - пара, якая здзівіла не толькі мяне. Яна здзіўляе і мясцовы люд. Толькі адны імі захапляюцца, а другія лічаць ненармальнымі, кулакамі. Ёсць, напэўна, і тыя, што зайздросцяць. Аднак, у кожнай медалі ёсць другі бок. Паглядзеўшы на іх здабыткі, дзяцей, умовы жыцця, можна і сапраўды пазайздросціць. А паспрабуйце так папрацаваць, як працуюць гэтыя "кулакі"! ..
Ад вясны до позняй восені - спаць яны ідуць а поўначы, ранкам падымаюцца ў 5 гадзін. У мінулым годзе ў гаспадарцы былі чатыры каровы. Ад кожнай здалі мясцоваму КСУПу па чатыры тоны малака - 16 тон з аднаго двара! Ёсць свінні, куры, бываюць маленькія цяляткі. Ёсць усё, каб у крамах купляць толькі асобныя прадукты.
Яны арэндуюць тры гектары зямлі, садзяць бульбу, зерне, не карыстаюцца фабрычнымі ўгнаеннямі. Хапае гною са сваіх хлявоў. На мае словы, што ў такіх хатніх угнаеннях яшчэ больш нітратаў, Біблісы адказалі, што нітраты бываюць толькі ў свежых угнаеннях, а калі іх падрыхтаваць як належыць, калі яны перагніюць, паляжаць пэўны час, то прыносяць палеткам і культурам толькі карысць.


Сёння ў гаспадарцы ёсць трактар, прыцэп-падборшчык "Potinger"(збірае скошанае сена і салому, здрабняе іх на корм), камбайн па копцы бульбы, камбайн "Ніва", касілка, граблі, прыцэп…

Адным словам, гаспадарка сапраўдная. А пачыналі яны, як кажуць, з "адной кабылкі, вазка і двух каровак".
Хаця, усё пачалося значна раней. Аляксандр Феліксавіч лічыць, што гаспадарлівасць, напэўна, з'явілася ў яго таму, што ўжо ў 14 гадоў, калі памёр бацька, ён стаў гаспадаром. Папрасіў у маці купіць жарабя, вырасціў тую кабылку, стала яна памочніцай. А калі пасля арміі ажаніўся з суседкай-прыгажуняй, гэта і быў яго асабісты пасаг. Жылі з маці спачатку, але адразу ж пачалі самі гаспадарыць. Дваццаць гадоў жыла на падворку тая памочніца. Апошнія гады ўжо зусім не працавала. І на пытанне жонкі:"Што яна ў нас робіць?", муж адказваў, што яна - пачэсны член сям'і.
Усё, што маецца ў гаспадарцы, куплена на свае заробленыя грошы не адразу. Пакрыху падымаліся, вельмі шмат працавалі і працуюць.
Аляксандр не мае адукацыі. Ён усё ўмее, усё можа, ён так разумна разважае пра свае магчымасці і пра жыццё. Мужчына лічыць, што гаспаром ён стаў, бо бацька рана памёр. Але ж, згадзіцеся, нярэдка менавіта недахоп бацькі робіць з падлеткаў і злачынцаў, і хуліганаў. Яшчэ Аляксандр успамінае свайго прадзеда, які быў заможным чалавекам, шляхетным. Можа яно і так. Але, я упэўнена, гэта менавіта яго асабісты жыццёвы стрыжань. Не маючы адукацыі, ён атрымлівае ўраджайнасць, якой могуць пазайздросціць і спецыялісты. Ён лічыць, што мацюкамі і крыкам нельга нічога зрабіць.
Ён цудоўны бацька і муж такой жа цудоўнай жанчыны. Трэба паважаць, любіць, шкадаваць і жонку, і мужа, і дзяцей. Іх у Біблісаў трое. І яны, як кажа Наталля Вячаславаўна, маюць усё, але і ведаюць, як цяжка гэта ўсё даецца сям'і. Яны працуюць разам з бацькамі. Але на першым плане ў іх асабістая галоўная праца - вучоба.
Старэйшы сын Яўген з'яўляецца студэнтам 2 курса факультэта экамедыцыны ў БДУ, Аляксандр вучыцца ў 7 класе, Мілене чатыры гадкі. І бацькі з гонарам кажуць, што іх студэнт напачатку нават малако браў з сабой, каб каву разбавіць, не мог аніяк прывыкнуць да магазіннага.
Аляксандр дадае:
- Я працую, у першую чаргу, для дзяцей сваіх. Яны павінны ўсё мець. Іх павінны забяспечыць бацькі. Але не выхоўваць гультаёў і тунеядцаў. Калі я бачу ў краме дзіця з праблемнай сям'і, якое, сціснуўшы ў кулачку капейкі, купляе толькі хлеб, у мяне душа рвецца ад болю. Яму ж хочацца цукерку купіць і іншыя прысмакі. А бацькі не могуць тое даць ці проста не стараюцца гэта зрабіць.
Кажуць, шчаслівыя дзеці ў тых бацькоў, якія кахаюць адзін другога. Так, гэтая пара пабралася менавіта па каханні і зусім маладымі. Зараз мужу толькі 40 год, жонцы 35, а разважаюць яны, як сталыя, мудрыя людзі аб тым, што каханне перайшло ў іншую якасную фазу, калі адзін другога разумееш, паважаеш, шануеш, калі маеш адну справу, калі вакол цябе твая сям'я, у якой кожны адзін другому патрэбен, і кожны незаменны.
Біблісы, мне здалося, тыя дзве палавінкі, якія, кажуць, абавязкова стварае Бог дзеля таго, каб атрымалася адно сапраўднае цэлае. Ды вось незадача, тыя палавінкі могуць разысціся ў стагоддзях ці дзесяцігоддзях і ніколі не сустрэцца. А гэтыя палавінкі, я ўпэўнена, сустрэліся. На радасць сабе і людзям, што іх акружаюць.
…Так шмат зроблена, так шмат дасягнута. І дзяцей нарадзілі, і зямлю дагледзелі, і сад пасадзілі. А зараз дом будуюць. Зноў жа, па сваім праекце, па сваіх задумках. І стаіць ён на сваях, і вабіць погляды людзей, што едуць ці йдуць ля яго, і чакае сям'я, калі змогуць усе разам сесці за адзін вялікі стол у новым доме. Шмат яшчэ працы, шмат планаў. Няхай і здароўя будзе шмат, каб усё здзейсніць…

ПАСЛЯСЛОЎЕ:
Ліпнішкі - вёска з слыннай гісторыяй. Цікавыя гістарычныя асобы жылі тут і часова, і пастаянна, ствараючы населены пункт, выхоўваючы яго людзей, працуючы на імідж мястэчка. кажуць, што тут людзі асаблівыя. Шляхетныя, з пачуццём асаблівай годнасці. Маўляў, кажуць там, прыйдзе ліпнішковец у касцёл у драным кажуху, а стаіць так, як быццам пан заморскі завітаў. Гэты гонар быў не пустым. Гэты гонар ад месца, ад людзей, ад жадання адпавядаць гісторыі і роду свайму.
Людзі, пра якіх мы сёння вам расказалі, таксама ствараюць гісторыю аграгарадка Ліпнішкі. Навейшую гісторыю, аб якой некалі таксама напішуць у летапісах…

В. ГУЛІДАВА.
Фото С. ЗЯНКЕВІЧА.

Оставить комментарий

 

Ивье

Переменная облачность
19°C
ЮВ - 11.27 км/ч
Среда
2°C / 17°C
Четверг
5°C / 18°C
Пятница
5°C / 13°C
  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 1 руб. 80 коп. (18 тысяч рублей); 
– на три месяца – 5 руб. 40 коп. (54 тысяч рублей); 
– на шесть месяцев – 10 руб. 80 коп. (108 тысяч рублей).

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки

Президент Республики Беларусь


Ивьевский районный исполнительный комитет

\

 

 

Please publish modules in offcanvas position.