Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

 

Дарога да святыняў

Главное / Пятница, 13 мая 2016 13:52 / Прочитано: 1041

Вітаю цябе, паважаны чытач "Іўеўскага краю"! Жывыя ўспаміны пра духоўнае падарожжа да Гары Крыжоў і іншых святых месцаў на землях Літвы зноў паклікалі ў дарогу. На гэты раз мне пашчасціла ўбачыць і наведаць святыні і іншыя гістарычныя помнікі на зямлі нашай заходняй суседкі - Польшчы.

Прысядзем побач, каб падзяліцца ўбачаным і перажытым. Спадзяюся, што і табе будзе цікава.

І вось першая сустрэча. Мы ў Сакулцы. Атулены першымі ласкавымі промнямі ранішняга сонца. Велічна і ўрачыста паўстаў перад намі Калегіяцкі касцёл Св. Антонія, месца аб'яўлення Пана ў эўхарыстыі. У гэтым жа горадзе праваслаўныя вернікі змаглі наведаць царкву Аляксандра Неўскага, убачыць і адчуць прыгажосць яе архітэктурнага зместу. З вуснаў мясцовага святара пачулі цікавую гісторыю гэтага праваслаўнага храма.

Наступная сустрэча - санктуарый НМП Ружанастоцкай у м. Ружаны Сток. Уваход у святыню таксама сімвалізуе Браму Міласэрнасці. Акрамя таго, што мы з цікавасцю разглядалі афармленне святыні, запамінальным момантам для нас стала сустрэча  з пілігрымамі з Літвы і сумесная малітва праз Ружанец то на літоўскай, то на польскай, больш зразумелай нам мове. Цудоўна, калі людзі яднаюцца ў адзінай малітве на розных мовах! Перад абразам Маці Божай Ружанастоцкай мы запалілі свечкі і ў ціхай малітве пакінулі просьбы - кожны свае, але з глыбокай верай быць пачутымі.

Доўга будуць у нашым сэрцы прыемныя ўспаміны аб наведванні санктуарыя Маці Божай Свенталіпскай. Знаходзіцца святыня ў даволі сціплай мясціне, з усіх бакоў акружанай лясамі, нізінамі і балотамі!

Можа, таму такой сонечнай і светлай бачыцца яна на гэтым фоне. Пачулі цікавую легенду пра святыню.

Коратка

Вязню, які быў асуджаны на смерць, аб'явілася Маці Божая і папрасіла стварыць падобную да Яе фігурку. Што вязень і зрабіў: за адну ноч ён змайстраваў фігурку, падобную да Маці Божай і якая была вельмі прыгожай. За гэта і атрымаў у дар жыццё і свабоду. А потым знайшоў у гэтай мясціне самае прыгожае дрэва - ліпу - і змясціў на ёй выразаную фігурку.

Гэта ліпка і цяпер "расце" пад купаламі святыні.

Не хапае ніякіх слоў, каб апісаць прыгажосць велічнай касцельнай залы, аздобленай мастацкімі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты.

Асобы гонар святыні - арган. Ён таксама аздоблены мноствам біблейскіх рэліквій, якія падчас гучання музыкі рухаюцца, нібы выконваюць кожны сваю музычную партыю. "Авэ, Марыя", "Паланэз” Агінскага гучаннем аргана стваралі такі асаблівы настрой, з якога цяжка было выйсці, каб пераключыцца на Святую Імшу, якую праводзіў у гэтай святыні наш ксёндз-пробашч Ян Гавецкі.

На другі дзень мы мелі цудоўную магчымасць наведаць даволі адметны па сваім архітэктурным унутраным і знешнім выглядзе санктуарый Маці Божай Фацімскай і Святога Яна Паўла ІІ у Стагневе. Сустрэча пачалася з Эўхарыстычнай Імшы, якую ізноў праводзіў наш ксёндз Ян. Тут мы сталі неспадзяванымі сведкамі ўрачыстага моманту з жыцця нашых пілігрымаў Марыны і Уладзіміра, якія аднавілі сакрамэнт сужэнства з нагоды свайго юбілею сумеснага жыцця.

Прадоўжылася наша пілігрымка ў Мальбарку. Тут мы наведалі Мальбарскі замак - помнік гісторыі ХІІІ стагоддзя, помнік славы і велічы Тэўтонскага ордэна, з якім звязана і гісторыя нашага краю. Слухаючы экскурсавода, пераходзячы з аднаго месца на другое, то падымаючыся, то апускаючыся па вузкіх стромкіх лесвіцах з адной башні ў другую, кожны з нас усёй істотай адчуў экзотыку старажытнага помніка: убачылі тоўстыя магутныя сцены забудоваў, пасядзелі на троне вялікага магістра Ордэна і зрабілі фотаздымак на памяць, прайшліся па пакоях, дзе жылі і спалі манахі-тэўтоны, убачылі кухню і стравы, якімі жывіліся жыхары замка. Адным словам, дакрануліся да гісторыі дзяржаўных і людскіх межаў.

На кароткі час затрымаліся ў старажытным Гданьску. Яшчэ здалёк прыцягнуў увагу да сябе сваімі высокімі вежамі касцёл "марыяцкі" Найсвяцейшай Панны Марыі. Некаторыя,  самыя смелыя з нас, скарысталі магчымасць падняцца на самую высокую з іх, каб зверху з глядзельнай пляцоўкі палюбавацца панарамай горада, убачыць фантан Нептуна і ратушу. Візуальна азнаёміліся з унутраным зместам святыні- прыспешваў час. Паспелі адчуць нядзельны каларыт вуліцы Длугай, змаглі прыпыніцца каля самадзейных артыстаў, паслухаць іх песні і музыку. Пры жаданні можна было і патанцаваць.

Яшчэ зрабілі кароткі прыпынак у Гетшвалдзе. Памаліліся каля каплічкі аб'яўлення Маці Божай, папілі і набралі з сабой вады са святой крыніцы.

Крыху стомленыя, але шчаслівыя, вярнуліся мы дадому. Стомленыя, бо дарога, у прамым сэнсе гэтага слова, для некаторых з нас была няпростай. Добра ўладкаваныя, але даволі вузкія і звілістыя дарожныя стужкі патрабавалі фізічных сіл і цярпення. Яны, часцей нагадваючы змейку, бесперапынна паварочвалі то ўлева, то ўправа, то падымаліся на ўзгоркі, то нечакана рэзка ныралі ў нізіну, ці пад нейкі мосцік, то цесна паўкругам агібалі ляскі і пералескі, нібы хацелі трывала застацца ў нашай памяці, пакінуўшы ўспаміны пра адметнасць і прыгажосць мясцовых пейзажаў.

Шчаслівыя! Бо гэта была духоўная дарога, якая пакінула ў нашых сэрцах шмат неспадзяваных уражанняў, трапяткіх пачуццяў, выклікала мноства разважанняў. Мы вярнуліся дамоў крыху іншымі, думаю, лепшымі, святлейшымі, напоўненыя жаданнем удзельнічаць ў жыцці Касцёла.

Шчаслівыя! Бо змаглі дакрануцца да жывой гісторыі каталіцкага касцёла. Бо ў Год Міласэрнасці скарысталі асаблівы спосаб наведаць Божыя святыні, а памяць надоўга захавае іх веліч і прыгажосць, іх архітэктурную адметнасць у знешнім і ўнутраным выражэнні.

Шчаслівыя! Бо змаглі ў гэтых святынях узнесці да Творцы ціхую малітву душы з надзеяй быць пачутымі ў сваіх просьбах, афярах і быць адоранымі Яго ласкай і міласэрнасцю.

Шчаслівыя! Бо маглі з даверам глядзець на аблічча Маці Божай, якая свеціць у згаданых святынях, выпраменьваючы цяпло, спагаду, дабрыню, любоў… І кожны з нас у ціхай малітве меў за што падзякаваць Ёй і выказаць свае асабістыя просьбы. Бо верым, што Марыя, паводле слоў святога Бярнарда, "ніколі не пакідае таго, хто да Яе імкнецца, не пакіне ў маўклівай цішыні і нашы малітвы".

Шчаслівыя! Бо мы былі разам - маладыя і старэйшыя, бацькі і дзеці. Праз сумесную малітву і спеў мы маглі ўбачыць і адчуць плён нашай духоўнай працы. Бо здаралася, што за вокнамі аўтобуса добра шчыраваў дожджык, нават часам мітусіліся сняжынкі. Але калі падыходзіў час чарговай сустрэчы ў святыні, хмары знікалі, і нас вітала сонейка. Хтосьці з пілігрымаў з радасцю зазначыў: "Дзе мы, там і сонца!". Дзякуй, Божа, за ўменне бачыць і адчуваць Тваю прысутнасць у зямным жыцці.

Шчаслівыя! Бо задаволілі імкненне напоўніць багаж сваіх кампетэнцый, дазнацца пра штосьці новае, быць больш дасведчанымі, бо няма на свеце такога чалавека, якому хапала ведаў раз і назаўсёды.

Шчаслівыя! Бо ў асобе кс. Яна Гавецкага, пробашча парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, мелі клапатлівага і духоўнага настаўніка і арганізатара.

Ад усяго сэрца адрасуем Вам, паважаны ксёндз Ян, словы шчырай удзячнасці і падзякі за пілігрымку. Жадаем Вам Божай прысутнасці ва ўсім і ўсюды: і ў вашым святарскім абавязку, і тады, калі Вы ў дарозе, і падчас цікавых сустрэч, і тады, калі Вы проста адпачываеце… Моцнага здароўя Вам, светлых думак і простага чалавечага шчасця!

Чакаем новых прапаноў!

Перадаю слова іншым удзельнікам пілігрымкі. Яны змястоўна дапоўняць мае ўражанні.

Таццяна Віршыч:

- Ад нашай пілігрымкі я атрымала найлепшыя ўражанні! Па-першае, мне вельмі хацелася пабываць у Сакулцы, у касцёле, дзе адбываўся цуд Эўхарыстычны, перамяненне Гостыі ў Цела Езуса. Аб гэтым шмат чула, але ніколі там не была.

Па-другое, хацелася зноў наведаць тыя мясціны, дзе была вельмі даўно з групай моладзі - Стагнева і Мальбарк.

Па-трэцяе, наша невялічкая група прадстаўнікоў з Іўеўскага райвыканкама атрымала магчымасць зрабіць крок наперад у наладжванні пабрацімскіх сувязяў з адміністрацыяй невялікай мясціны Дамбровы-Беластоцкай.

Акрамя таго, атмасфера малітвы ў дарозе, добразычлівасць сярод пілігрымаў, новыя ўражанні зрабілі паездку цудоўнай, яскравай і лёгкай, нягледзячы на далёкую адлегласць, якую мы пераадолелі за двое сутак. Дзякую ксяндзу Яну за арганізацыю і ўсім тым, хто быў са мной у дарозе!

Яўгенія Макуцэвіч:

- У такой пілігрымцы я толькі другі раз. Але ўпэўнена, што гэта патрэбна для кожнага чалавека, бо як роў напаўняецца вадой з чыстай крыніцы, так і вера патрабуе падтрымкі новых сіл, упэўненасці ў Божай справе. І ўсё гэта я тут  знайшла. А яшчэ атрымала вялікае задавальненне ад сузірання прыгожай гатычнай архітэктуры, атрымала магчымасць дакрануцца да старажытных сцен гістарычнага помніка.

Вольга Барко:

- Мне вельмі спадабалася падарожжа. З'явілася вельмі шмат уражанняў і пачуццяў. Таксама гэта была цудоўная магчымасць пакінуць справы і клопаты і прысвяціць пэўны час разважанням аб сваім духоўным жыцці і духоўным удасканаленні. Вялікі дзякуй ксяндзу Яну Гавецкаму за цудоўную арганізацыю, а таксама за магчымасць вырашыць пытанні, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю.

Данута Халява:

- Глыбокі след пакінулі святыні ў памяці, а ў душы - супакой і цяпло. Сапраўды, для веруючага чалавека важна не толькі адчуваць, але і дакрануцца да святасці, што мне і ўдалося здзейсніць. Незабыўныя ўражанні пакінуў старажытны замак ў Мальбарку, мела выключную магчымасць прайсці па вуліцах Гданьска. Але самае галоўнае для мяне ў гэтай пілігрымцы - духоўная праца над сабой.

Падсумоўваючы, хачу зазначыць, што наша духоўнае падарожжа да святыняў дапаможа будаваць святыню ў сваім сэрцы, не дазволіць духоўна збяднець, дапаможа не заблукаць ў жыццёвых дробязях і асабістых патрэбах, запрашае прыпыніцца, паслухаць сваё сумленне і даць адпачынак душы ў малітве, любові, міласэрнасці, запрашае шчыра працаваць на палетку сваёй душы, засяваючы яе зярнятамі дабра, спагады, суперажывання…

Вазьму на сябе смеласць, паважаныя ўдзельнікі пілігрымкі, сцвярджаць, што гэта наша агульная выснова, якую адзначылі для сябе ў гэтым падарожжы.

Спадзяюся, што і ты, паважаны чытач, не адкінуў газету ўбок і сапраўды быў побач. Дзякуй за ўвагу.

 С павагай,

М. Коркенец

і ўсе ўдзельнікі пілігрымкі.

 

 

 

Оставить комментарий

  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 2 руб.;
– на три месяца – 6 руб.; 
– на шесть месяцев – 12 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.