Редакция газеты "Iўеўскі край"

Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Зашыфраваная аповесць пра жыццё чалавека

Культура / Суббота, 04 ноября 2017 09:25 / Прочитано: 7277

У Іўеўскім музеі нацыянальных культур ёсць надзвычай цікавая форма работы з насельніцтвам. Гэта, як у той прыказцы: " Калі Магамет не ідзе да гары…" Дык вось. Не чакаючы наведвальнікаў - не кожны ж, напрыклад, з вёскі можа сабрацца і паехаць спецыяльна ў музей. Не так гэта проста зрабіць. Толькі калі аўтамабіль маецца.
Супрацоўнікі музея і прыдумалі свой цуда - праект "Музей у чамадане". А заключаецца ён у тым, што экспанаты па тэме збіраюць у скрыні і чамаданы, вялікія сумкі і едуць да сваіх наведвальнікаў.

Між іншым, летась з тэматычнымі выставамі і цікавымі аповедамі супрацоўнікі музея аб'ехалі ўсе аграгарадкі Іўеўшчыны. І выклікалі пэўную цікаўнасць у сельскіх жыхароў.
Сёлета стартаваў працяг гэтай важнай і цікавай справы. Ён носіць назву "Музей у чамадане для музея…"
Праект заключаецца ў наступным. Музеі школ раёна прывозяць у музей нацыянальных культур свае выставы. Безумоўна, тых музеяў, якімі славілася сістэма адукацыі ў 60-70-80-х гадах, ужо няма. Таму што напрыканцы 80-х і ў 90-я гады мінулага стагоддзя меўся намер стварыць раённы музей. Багатыя калекцыі экспанатаў, важных дакументаў па гісторыі баявой і працоўнай славы рэгіёнаў звезлі па загадзе райкама партыі ў Іўе. Далейшы лёс іх невядомы шырокай грамадскасці. А школы да гэтае пары не могуць апомніцца ад таго, што беззваротна страчана.
Так было і з адным з найлепшых школьных музеяў - музеем Юрацішкаўскай школы.
Юрацішкаўскі школьны музей (музей баявой славы) быў створаны ў 1964 годзе. У 70-ыя гады ён лічыўся адным з лепшых па колькасці і ўнікальнасці экспанатаў. У 1986 годзе музей часткова разабралі. Самыя каштоўныя экспанаты папоўнілі Гродзенскі гісторыка-краязнаўчы музей, вялікая колькасць экспанатаў была перададзена ў Іўеўскі райкам партыі для афармлення раённага музея, некаторыя экспанаты засталіся ў асабістых калекцыях, і толькі 45 экспанатаў засталося ў школе, якія былі выстаўлены ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Ад вялікага школьнага музея амаль нічога не засталося. З 1989 года пачалася карпатлівая праца над зборам матэрыялаў для новага музея. З кожным годам экспанатаў станавілася ўсё больш. У 1999 годзе пад музей быў выдзелены асобны пакой.
Асноўная мэта - вывучэнне культурна-гістарычнай спадчыны роднага краю. Музей Юрацішкаўскага дзіцячага сада- сярэдняй школы носіць назву "Вытокі".
На сённяшні дзень у ім налічваецца 999 экспанатаў. Работа па папаўненні музейных фондаў працягваецца. 

Менавіта музей "Вытокі" у кастрычніку прывёз сваю выставу "З гісторыі беларускага ручніка" у Іўе, прыняўшы ўдзел у праекце "Музей у чамадане для музея".
Цёпла і сардэчна вітала сваіх юных калег выконваючая абавязкі дырэктара музея нацыянальных культур Марына Пятроўна Пазняк.
- Я з задавальненнем магу сказаць, што краязнаўчы музей "Вытокі" - гонар нашай школы. Наш музей незвычайны,- сказала на адкрыцці выставы кіраўнік музея настаўніца школы Галіна Станіславаўна Мінаева. - Тут вы можаце ўбачыць шмат старадаўніх беларускіх рэчаў, пачуць пра кожную цікавы аповед.
Найбольш каштоўныя рэчы ў музеі - гэта ручнікі. "Мамін ручнік - белая дарога ў вечнасць", - так пісала паэтка Ніна Загорская. І сапраўды, хоць ручнікам больш за 50, 60 , а то і 100 год, яны не страцілі сваёй чысціні, прыгажосці і непаўторнасці. Прапанаваную калекцыю складаюць ручнікі, якія з'яўляюцца часткай экспазіцыі краязнаўчага музея "Вытокі", а таксама мае асабістыя, якія ткалі мая прабабуля, бабуля, маці. Да некаторых з іх і я ў дзяцінстве прылажыла рукі.
У музеі створана група экскурсаводаў, якія праводзяць разнастайныя экскурсіі.
У пацвярджэнне слоў Галіны Станіславаўны дзве дзяўчынкі - вучаніцы Юрацішкаўскага дзіцячага сада- сярэдняй школы Ганна Капачэўская і Адрыяна Стасяловіч пачалі свой расказ - экскурсію. Мне здалося, што патрэбна цалкам надрукаваць выступленне школьных экскурсаводаў. Такім чынам і вы пабываеце на гэтай незвычайнай выставе і экскурсіі.
Ганна Капачэўская:
- Усё жыццё нашага далёкага продка-земляроба звязана з прыродаю. Прырода давала яму ўсё неабходнае для жыцця: ежу, жытло, адзенне, лекі. І яшчэ яна дарыла яму прыгажосць. Блакіт неба, ранішняя i вечаровая зара, сакавітая зялёная трава, палявыя кветкі, дрэвы, сонца, зоры, месяц, пра якія спявала ў сваёй пecнi рукадзельніца, - усё радавала вока сваім хараством i гармоніяй. У прыроды браў свае ўpoкi народны майстар.
Нашы продкі былі людзі ўмелыя, практычна ўсё для свайго карыстання рабілі cваімi рукамі.
Па розных этнаграфічных крыніцах дзяўчына пачынала рыхтавацца да замужжа з дванаццацігадовага ўзросту і павінна была сваімі рукамі выткаць ад 25 да 40 ручнікоў, якія потым шырока выкарыстоўваліся ў многіх сітуацыях.
Ткалі ручнік звычайна ў пост. Ці перад тым, як закласці аснову для будучага "шляху жыцця", жанчына абавязкова 3 дні пасцілася. Нашы продкі мелі строгае патрабаванне - цела і душа павінны ачысціцца ад грахоў, напоўніцца святлом і дабрынёй, паводзіны павінны стаць стрыманымі і пачцівымі. Лічылася, што рукі за гэты час напаўняюцца энергетыкай Сусвету.
Адрыяна Стасяловіч:
- Адным з самых цікавых элементаў традыцыйнай беларускай культуры з'яўляецца ручнік. Ён суправаджаў чалавека ад нараджэння і да апошняга дня жыцця, аб'яднаўшы многія пакаленні кожнай сям'і, кожнага роду. Ранкам, пасля водных працэдураў, беларус выціраўся ручніком. Збіраючыся ў дарогу, ён абавязкова браў з сабой ручнік. З хлебам-соллю на ручніку сустракалі дарагіх гасцей. З ручніком ішлі ў сваты. На тонкі і мяккі ручнік павітуха прымала немаўля. Іконы ўпрыгожвалі і пакрывалі ручнікамі. На спецыяльных ручніках труну з памерлым выносілі ў апошні шлях і апускалі ў магілу. Ручнікамі ўпрыгожвалі надмагільныя і прыдарожныя крыжы.
Народная творчасць і ручнік з'яўляюцца бяздоннай крыніцай культурна-гістарычных ведаў, зашыфраваным пасланнем, якое трансліруе свой сэнс праз стагоддзі. Ручнік - гэта архаічныя пісьмёны нашай этнічнай культуры. Калі чалавек яшчэ не ўмеў пісаць, ён ужо мог пакінуць свае веды, мары і надзеі ў сімвалах, якія вякамі заставаліся нязменнымі. Часта арнамент на ручніку быў своеасаблівай малітвай - зваротам да Усявышняга аб ніспасланні поспеху і росквіту, аб вылячэнні хворага, аб дараванні дзяцей, аб паспяховым вяртанні з цяжкага падарожжа
Ганна Капачэўская:
- Адной з важных характарыстык ручніка быў яго колер. Як правіла, ручнік меў два складаючых колеры - чырвоны і белы, прычым узоры чырвоных палёў ручніка былі сіметрычныя ў адносінах адзін да аднаго. У традыцыйнай культуры славян белы колер сімвалізаваў "пераход" з аднаго стану ў другі. Чырвоны - наадварот, адпавядаў стабільнасці, спакою.
У беларускіх узорах самымі ўлюбёнымі былі знакі, прысвечаныя Сонцу: круг, крыж (святло, што разыходзіцца на ўсе чатыры бакі), круг з крыжам, кола з шасцю спіцамі, якія з цягам часу ператварыліся ў "зорачкі са шматлікімі варыянтамі".
Асноўны колер старых узораў- чырвоны, колер самога Сонца, колер агню, цеплыні, чалавечай крыві. І гарэлі знакі Сонца на белым полі палатна. Белы свет- гэта дзённае святло. Белы колер- гэта колер малака, вады, што наталяе смагу, колер чысціні. А спалучэнне белага і чырвонага паўстала як сімвал жыцця, шчасця, працвітання.
Адрыяна Стасяловіч:
- Спадчына роднага краю - жыватворная крыніца, якая дае жыццё нашай сучаснасці, нашай будучыні. Многія старажылы захоўваюць ручнікі, берагуць іх. Пра многія ручнікі жанчыны расказвалі цікавыя і павучальныя гісторыі. Адну з гэтых гісторый я хачу сёння расказаць. Нам яе паведала Ганна Ануфрыеўна Гіруць. Гэта адбылося летам 1943 года. Фашысты гаспадарылі ў мястэчку Юрацішкі. Рабавалі, забівалі, вёску Косці спалілі разам з усімі жыхарамі. І ў мястэчку запалілі некалькі хат. Самі ж, зрабіўшы чорную справу, паехалі на станцыю Юрацішкі. А мястэчка гарыць. Дзеці плачуць. Тады Наталля Прасняк, старэйшая з жанчын, узяла ікону, упрыгожаную ручніком, і абышла з ёй вакол царквы. Можна лічыць цудам, але ў гэтым пажары засталіся толькі пяць хацін, якія стаялі каля царквы, і сама Свята-Мікалаеўская царква 1518 года. Гэты ручнік і ікона цяпер захоўваюцца ў царкве. Сама ж Наталля Прасняк прыслужвала ў царкве да самай смерці.
Створаны па законах мастацтва ручнік упрыгожвае не толькі паўсядзённы быт, але і з'яўляецца сімвалічным напамінаннем пра нябачныя сувязі, якія злучаюць кожнага чалавека з Богам, яго родам, продкамі. Узоры вышытых і вытканых ручнікоў - гэта зашыфраваная аповесць пра жыццё народа, прыроду, людзей; кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў, гонар за чалавека і яго працу, кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву.

Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену рукам чалавечым прыходзяць машыны, створаныя тымі ж рукамі… Але пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага, сапраўднага - будзе жыць ручнік, бо спрадвечнае застаецца вечным.
Людзі, ведайце: ручнік жыве!
Памятайце, людзі: ручнік хоча жыць.
Няхай спрадвечнае застаецца вечным!
Гэтую цікавую экскурсію і надзвычай цікавы аповед школьных экскурсаводаў з задавальненнем наведалі і пачулі вучні 6а і 6 б класаў Іўеўскай сярэдняй школы і гімназіі № 1 горада Іўе. Гэта стала сапраўдным дакрананнем да вытокаў , да нацыянальнага этнасу, культуры беларусаў, сваіх каранёў.

В. ГУЛІДАВА.
Фота аўтара.

Теги

Оставить комментарий

Ивье

Облачно
-12°C
Ю - 22.53 км/ч
Четверг
-1°C / 2°C
Пятница
-2°C / 0°C
Суббота
-2°C / 0°C
  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 1 руб. 80 коп. (18 тысяч рублей); 
– на три месяца – 5 руб. 40 коп. (54 тысяч рублей); 
– на шесть месяцев – 10 руб. 80 коп. (108 тысяч рублей).

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY24457,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки

Президент Республики Беларусь


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.