Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

 

Рэгiён. Гісторыя і сучаснасць Драўляных Геранён

Год малой родины / Вторник, 02 июля 2019 12:57 / Прочитано: 2033

Для тых, хто мала ведае гісторыю нашага краю, напомнім, што Драўлянымі ці Старымі Геранёнамі называлі некалі Суботнікі ў адрозненні ад недалёкіх Геранёнаў, якія мелі назву Мураваныя. Сучасную назву Суботнікі носяць с 1545 года. Да таго звычайна ўспамінаюцца яшчэ (з часоў вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта), як Геранёны Манівідавы.
Ад часоў свайго заснавання паселішча ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводства. У 1636 на сродкі князя Альбрэхта Радзівіла ў Геранёнах Драўляных збудавалі драўляны касцёл.
Але мы прыехалі не толькі за гісторыяй рэгіёна. Хаця, канешне, кранём яе крыху ніжэй. Як жа інакш, калі знаходзімся мы, бадай што, у былым самым шляхетным краі Іўеўшчыны. Прынамсі, такім ён і застаўся, дзякуючы працавітым і добрасумленным людзям, якія добра ведаюць значэнне слоў «людскасць» і «годнасць».

Ведаць цану людскасці і годнасці...

Паколькі гутарку мы павядзем пра рэгіён, то і прыйшлі перш-наперш да гаспадыні рэгіёна – старшыні Суботніцкага сельскага выканаўчага камітэта Валянціны Станіславаўны Філон. Яна – тутэйшая, у гэтых мясцінах нарадзілася, вырасла, нейкі час з’яўлялася дырэктарам Жамыслаўскай школы. А цяпер вось чацвёрты год узначальвае мясцовую выканаўчую ўладу. Працаваць лёгка і адначасова цяжка. Лёгка, бо людзей ведае вельмі добра. Цяжка таму, што і яны яе ведаюць, паважаюць. І не апраўдаць такі давер зусім не хочацца, не па-людску атрымаецца. Гэта, як згубіць часцінку сябе. Ды, дзякаваць Богу, тандэм “старшыня – вяскоўцы” працуе спраўна. Хоць бы такі маленькі нюанс.Напярэдадні нашага візіту гэтая, яшчэ маладая і прыгожая жанчына, стала бабуляй. І ў той жа дзень Суботнікі наведалі дэпутаты выязной сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Валянціна Станіславаўна трымала ў сакрэце гэтую радасную навіну, баялася, што віншаванні перашкодзяць ёй працаваць. Ды што можна ўтаіць на вёсцы? Мясцовы люд “дарваўся” да тэлэфонаў у дзень нашага прыезду. Яе віншавалі, зычылі здароўя немаўлятку, ёй асабіста, дзякавалі за разумнае кіраванне рэгіёнам. Ведаеце, такія словы не толькі прыемна самому чуць, але і прысутнічаць там, дзе іх гавораць зусім і не табе. А калі іх гавораць кіраўніку мясцовай улады, значыць ён і на самой справе на сваім месцы.
Як я ўжо неяк казала ў адным з матэрыялаў цыкла “Рэгіён”, сельвыканкам сёння – гэта тая класічная «камізэлька», куды зараз плачуць і жаляцца сталыя вяскоўцы. Адпрацавалі, дзяцей у горад выправілі і засталіся адзін на адзін і са старасцю, і з нямогласцю. Таму адным з асноўных накірункаў дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца работа з насельніцтвам. Са сталым – асабліва. Але, каб старым стала хоць крышачку і лягчэй, і прытульней, патрэбна задзейнічаць людзей працаздольных. Ад гэтага, як кажа старшыня, у многім залежыць і ўладкаванасць, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, і выкананне сацыяльных стандартаў, і бяспека людзей, і павышэнне якасці іх жыцця.
У 33 населеных пунктах сельсавета налічваецца 815 домаўладанняў, у якіх пражываюць 1664 чалавекі. З іх — 932 працаздольнага ўзросту. Ёсць і дзеткі. Іх 203.

Старшыня радасна паведаміла нам, што калі ў мінулым годзе ў іх нарадзілася 12 малых, то сёлета толькі за 5 месяцаў у сельсавеце з’явіліся 8 новых маленькіх жыхароў. Ім рады. Адметна тое, што нарадзіліся яны ў добрых, надзейных сем’ях. У вёсках рэгіёна ёсць 24 шматдзетныя сем’і , дзе выхоўваюцца 97 непаўнагадовых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Формы работы па вырашэнні праблем і пытанняў жыццязабеспячэння разнастайныя: сельскія сходы, выязныя прыёмы грамадзян, сустрэчы дэпутатаў з выбаршчыкамі. Дапамагаюць сельвыканкаму і грамадскія аб’яднанні “Белая Русь”, жансавет, Чырвоны Крыж, БРСМ.


— Як гэта цудоўна, — кажа кіраўнік мясцовай улады, — што ў дзяржавы нашай ёсць такая магчымасць – дапамагаць старым людзям дажываць свой век годна. Канешне, найлепш было б з дзецьмі, з унукамі. Але, калі так не атрымалася, то нельга пераацаніць такі клопат дзяржавы і адкрыццё сацыяльных устаноў тыпа дамоў сумеснага самастойнага пражывання, аддзяленняў кругласутачнага пражывання для сталых людзей і інвалідаў.
Як і паўсюдна, прыжыўся такі вопыт і ў Суботніцкім сельсавеце: у халодную пару года такія вяскоўцы жывуць у гэтых інтэрнатах, а ўлетку вяртаюцца пад свае стрэхі і на свае падворкі. Дома ж і сцены дапамагаюць. А калі тыя сцены настываюць зноў ад холаду, старшыня сама развозіць сваіх падапечных па спецыяльных дамах.
На шчасце, усё ж працаздольных і маладых людзей у рэгіёне пражывае больш, чым пенсіянераў і сталых вяскоўцаў. І яны дапамагаюць жыць вёсцы, не траціць надзеі на тое, што будуць тут звінець дзіцячыя галасы, спраўляцца вяселлі, нараджацца дзеці — працягвацца жыццё.
Другім, не менш важным накірункам работы сельвыканкама, па словах Валянціны Станіславаўны, з’яўляецца павышэнне аўтарытэту органаў мясцовага самакіравання, стварэнне ўмоў для іх паспяховай дзейнасці.
Вялікую дапамогу сельвыканкаму аказваюць і добраахвотныя памочнікі – старасты. Іх абіраюць усім мірам. І яны абавязкова самыя паважаныя, самыя добрасумленныя і надзейныя людзі вёскі. Ды што дарма гаварыць. Давайце завітаем амаль што ў лясную вёсачку, у трох кіламетрах ад Суботнікаў, дзе і жыве адна з памочнікаў сельвыканкама — стараста вёскі Дабраўляны Ганна Людвікаўна Аніскевіч…

Стараста на вёсцы,
што гаспадар у хаце

…Старая вуліца-брукаванка, на якой сям-там ужо прарастае трава, прастаяла не адно і не два дзесяцігоддзі. Можа стагоддзе, калі не больш. Такія брукаванкі яшчэ пры Польшчы масцілі. У Дабраўлянах гэтую вуліцу, як і ў мінулыя часы, падмятаюць у суботу. Аднак, трава ўсё ж расце. Мала людзей ходзіць, не бегае вялікае мноства дзіцячых ножак… Крыху больш дваццаці чалавек зараз жывуць пад стрэхамі дамоў. Сталыя ўсе. Ёсць апусцелыя хаты, якія гарадскія дзеці, каб не апусціць бацькаўшчыну (так у Дабраўлянах называюць бацькоўскі дом), зрабілі дачамі, даглядаюць і ўчасткі, і хаціны.. Таму запусценне ў Дабраўлянах яшчэ не моцна адчуваецца. І ўсё ж былая лясная прыгажуня-вёска крыху пацьмянела. Аднак летам, калі шырока раскідваюць свае лісцяныя шатры яблыні і ад спёкі так адчайна соладка напаўняе наваколле водар хвоі, яна зноў уражвае сваёй зялёнай, сонечнай прыгажосцю.

Такой жа сонечнай усмешкай сустрэла нас і стараста вёскі— малажавая, гаваркая, шпаркая жанчына Ганна Людвікаўна Аніскевіч. І адразу стала зразумела, чаму менавіта яна прадстаўляе ў Дабраўлянах інстытут беларускага вясковага стараства. Прынамсі, такой важнай, такой патрэбнай справы. З карты населенага пункта могуць знікнуць пошта, ФАП, клуб, школа і нават крама, але покуль там жыве хтосьці актыўны і неабыякавы, яшчэ не ўсё згублена. Людзі на вёсцы жывуць небагата, аднак душа ў іх — сапраўдная скарбніца.
Вось і наша субяседніца здзіўляе сваёй любоўю да жыцця. І хоць было яно зусім нялёгкім, а яна лічыць, што шчаслівым, хоць і цяжкім. Нарадзілася ў гэтых мясцінах, у Гіравічах. Нікуды з вёскі не з’ехала. Там працавала ў краме, потым у суседніх Раманах — у бібліятэцы. Там у іх утварылася фальклорная група, ў якой удзельнічалі жанчыны з Раманоў і Гіравіч. Дзе толькі ні спявалі яны цудоўныя песні сваіх матуль і бабуль. І на творчых аглядах-конкурсах (раённых і абласных) перамагалі. І струменіла жыццё ў гэтых вёсачках.
Апошніх гадоў пятнаццаць перад выхадам на пенсію Ганна Людвікаўна была малаказборшчыкам у мясцовым калгасе. Кароў было шмат. Толькі ў Дабраўлянах статак налічваў 150 галоў. А яшчэ ж ехала яна па малако ў Шаркуці, Жамыслаўль. Раненька, а трэцяй гадзіне ночы ўздымалася з ложка, даіла сваіх двух кароў і адпраўлялася ў шлях. Таму ведала кожную гаспадыню, і яе ўсе ведалі. З’яўлялася яна ў вёсках, калі яшчэ толькі – толькі займаўся золкі ранак, і прамяні сонца не былі бачны, а потым ужо ехала і бачыла, як вялікім чырвоным яблыкам уздымалася з-за далягляду сонейка.
Прыязджала дамоў, карміла дачушку, мужа і зноў у шлях — у лес па ягады, грыбы, якія потым на веласіпедзе везла за 12 кіламетраў у літоўскія Дзявенішкі (граніц яшчэ не было), каб прадаць. Так і іншыя вяскоўцы рабілі. Ганна Людвікаўна кажа, што і аўтамабіль, і трактар, і мотаблок, і іншыя, патрэбныя ў жыцці і гаспадарцы рэчы, купілі яны за кошт сваёй працы на асабістай гаспадарцы, нарыхтоўкі лясных дароў.
Зараз з мужам Іосіфам Іосіфавічам, лясніком па прафесіі, таксама трымаюць хатнюю гаспадарку: ёсць свінні, куры, каты, сабакі. Яшчэ, як смяецца гаспадыня, збіраюцца паесці да яе на падворак усе каты, якія засталіся без гаспадароў. Так што працы хапае і да гэтае пары.
Гадоў 20, як яна стараста вёскі. Кажа, што і нягледзячы на гэтую грамадскую нагрузку, рабіла ўсё жыццё тое самае. Убачыла, што ў халодную пару года не йдзе ранкам дым з коміна хаты суседзяў, ужо бяжыць глядзець, ці ўсё добра. Не загараецца вакно ранкам – зноў грукае ў вокны ці дзверы: “Усё добра?” - і супакойваецца душа, калі ў адказ пачуе: “Жывыя. Жывыя. Ляжым проста, няма чаго рабіць”.
В паўнамоцтвах старасты — выносіць на разгледжанне мясцовых органаў улады прапановы па пытаннях, якія адлюстроўваюць інтарэсы жыхароў населеных пунктаў, прысутнічаць пры іх разгледжанні, дабівацца выканання. Стараста – твар вёскі. Ад умелых яго дзеянняў і асабістых якасцей залежыць дабрабыт населенага пункта. Жыць з праблемамі людзей і дапамаць адраджэнню беларускай вёскі – штодзённыя справы і клопаты вясковага старасты.
Ёй і зараз сну няма. Уздымаецца ў палове пятай, таму што муж ідзе на працу на 6 гадзін. Патрэбна сняданне зрабіць, сабраць з сабой абед. І пачынаецца пасля працоўны дзень вясковай гаспадыні, які доўжыцца да ночы. А яшчэ могуць з’явіцца вельмі важныя, самыя чаканыя госці — унукі. У дачкі Ганны Людвікаўны, якая жыве ў Суботніках, чацвёра дзяцей. Старэйшыя дзве дачкі – медыцынскія работнікі, сын Павел – супрацоўнік аднаго з Гродзенскіх падраздзяленняў Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь. І малая яшчэ Дашка, якая жыве з бацькамі. Калі яны толькі з’явяцца на падворку, бабуля не ведае, куды кінуцца, чым частаваць. Хоць, канешне, ёсць у яе такія стравы, якія ніякім чынам не знойдзеш ні ў кафэ, ні ў “макдональдсах” — аладкі, бліны, хатняя каўбаска, халаднік… А затым салодкі сон, які старэйшыя ўнукі любяць праводзіць на…сенавале. І гэтую ежу, і гэтыя бабуліны “апартаменты з усімі выгодамі” яны будуць памятаць усё жыццё. А яшчэ любоў і пяшчоту гаспадароў роднай хаціны. І гэтыя ўспаміны ім заўжды будуць грэць душу. Таму што на такіх людзях адвечна трымалася і зараз трымаецца і беларуская вёска, і сям’я, і традыцыі, і пяшчота ў адносінах да родных і блізкіх.

Па - суседску мы жывём...

26 гадоў назад у інфра-структуры аграгарадка Суботнікі адбылася сапраўдная з’ява. У Беларусі з’явілася Дзяржаўная граніца з суседзямі-літоўцамі. І на тэрыторыі раёна, у тым ліку і ў Суботніках, былі заснаваны пагранічныя пасты. З’явіліся служывыя людзі, вайскоўцы. А затым прыехалі за імі сем’і, атрымалі жыллё, сталі нараджацца дзеткі.
Як кажуць, на веры і воінстве заўжды трымалася і трымаецца кожная дзяржава. То што ж казаць пра маленькі населены пункт! Армію ў нас любяць адвечна, як абаронцаў, як надзею і выратаванне ад нягод. Зрэшты, і зараз ідуць у ваенныя ўстановы адукацыі самыя выхаваныя, самыя мужныя і з высокімі патрыятычнымі ідэаламі юнакі. Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць. І яна заўжды будзе патрэбна людзям і дзяржаве.

… Пагранічнікі сталі сваімі ў рэгіёне. У Суботніках нават вуліца носіць назву Пагранічнікаў.
Мы зусім не збіраемся ўнікаць у тонкасці службы на граніцы. Нас зацікавіла пытанне супрацоўніцтва пагранічнага пункта з мясцовай уладай, суадносіны з насельніцтвам, тое месца, якое занялі вайскоўцы ў жыцці рэгіёна і паняццях людзей. Гэта важна, яны ж тут назаўсёды, яны – частка жыцця і існавання сельсавета.
Калі ў кабінет старшыні сельвыканкама зайшоў намеснік камандзіра пагранічнага паста па аператыўнай дзейнасці старшы лейтэнант Ігар Коваль, стала зразумела, што сустрэліся людзі, якія рэгулярна бачацца, вырашаюць асобныя пытанні, узаемадзейнічаюць. Усе разам мы і пагутарылі на тэму, якая цікавіла журналістаў раённай газеты ў рамках праекта “Регіён”.
Па-першае, кожны трэці чацвер месяца вайскоўцы праводзяць сустрэчы з насельніцтвам рэгіёна, на якіх знаёмяць людзей з заканадаўствам, якое датычыць Дзяржаўнай граніцы, расказваюць аб тым, што ў ім змянілася, што з’явілася новае.
Сур’ёзнай задачай з’яўляецца і прафілактычная работа сярод кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, іншых арганізацый і калектываў, якія дзейнічаюць на гэтай тэрыторыі. У сваю чаргу кіраўнікі даводзяць усе аспекты і тэмы размовы з пагранічнікамі да сваіх людзей.
Мясцовае насельніцтва абавязкова паведамляе вайскоўцам аб незнаёмых людзях, якіх яны часам сустракаюць у лесе, недалёка ад Дзяржаўнай граніцы, калі ідуць туды за ягадамі ці грыбамі. Гэта вельмі важна, асабліва ў такія перыяды, як гэтыя дні, калі ў Мінску праходзяць Еўрапейскія гульні. Хтосьці едзе паўдзельнічаць у гэтай значнай падзеі, як спартсмен, пасол добрай волі, балельшчык, а хтосьці пад тую марку робіць свае незаконныя справы.
Ігар Коваль адзначыў, што асабісты склад пагранічнага пункта нярэдка наглядае за дарогай, якая вядзе за мяжу, разам з членамі добраахвотнай дружыны, што дзейнічае пры праваахоўным пункце сельвыканкама.
Прадстаўнікі пагранічнага пункта прымаюць удзел у рабоце глядзельных камісій сельвыканкама, шэфствуюць над помнікам воінаў і партызан, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Садзейнічаюць дадатнаму іміджу вайскоўцаў і рэгулярныя выступленні ў Суботніках і Жамыслаўлі канцэртнага ансамбля Лідскага пагранатрада. Залы, дзе праходзяць канцэрты, заўжды перапоўнены.
Яскрава пра адносіны насельніцтва да сваіх адносна новых суседзяў гаворыць выпадак, пра які нам расказаў старшы лейтэнант Коваль. 28 мая, калі свята адзначаюць тыя, хто ахоўвае рубяжы сваёй Айчыны, ён ішоў па вуліцы аграгарадка. Спыніла яго сталая жанчына, гадоў за 80, былая настаўніца. Яна сказала, што людзі рады таму, што ў аграгарадку стаяць ваенныя. Яна падзякавала ім за тое, што ахоўваюць Дзяржаўную граніцу, пажадала поспехаў у службе, здароўя, павіншавала са святам (па тэлевізары пачула пра тое), папрасіла перадаць найлепшыя пажаданні сябрам па службе. Ігар Коваль расказаў, што адчуў сапраўднае свята ў душы і яшчэ раз зразумеў, якую высокую місію даручыла ім дзяржава.
І яшчэ пра адно нельга не расказаць. Старыя вяскоўцы, калі патрэбна ім прававая дапамога, перастаюць тэлефанаваць у міліцыю. Нядаўна бабулька, дзверы дома якой спрабаваў зламаць п’яны мужчына, патэлефанавала ім і папрасіла дапамогі. І хоць такія дзеянні не адносяцца да паўнамоцтваў пагранічнікаў, хіба ж маглі яны адказаць. Хуценька прыехалі і паставілі на месца дэбашыра. І людзі ўдзячны ім! Яны ўспамінаюць савецкія часы, калі ў ваколіцы, у лесе стаяла невялікая воінская часць, салдаты і афіцэры якой таксама былі галоўнымі абаронцамі, памочнікамі і насельніцтву, і праўленню мясцовага калгаса…

Памятаюць гісторыю,
захоўваюць веру...

Вышэй я ўжо казала, што кожнае грамадства і кожная дзяржава трымаецца на ўладзе, веры і воінстве. Пагаварылі мы і пра воінства, і пра мясцовую ўладу і паволі падыходзім да, бадай што, маральнай апоры гэтага тэндэма — веры. Гэтую старонку жыцця рэгіёна забяспечвае, калі можна так сказаць, суботніцкі касцёл Святога Уладзіслава. Між іншым, толькі-толькі вернікі адзначылі свята святога Уладзіслава Венгерскага, парафіяльны атпуст (фэст). Гісторыя касцёла налічвае без малога 400 гадоў.

Як піша ў сваёй кнізе “Мае Суботнікі” польскі краязнаўца і даследчык, выхадзец з вёскі Суботнікі Казімір Нехвядовіч, у 1809 г. жонка маршалка Ганна Умястоўская дабудавала да драўлянага касцёла мураваную капліцу, у якую былі пакладзены астанкі яе мужа Якуба. Нягледзячы на няўмольны час, капліца трымалася добра, але стары касцёл прыходзіў у заняпад, дрэва трухлела. 

Уладзіслаў Умястоўскі, гаспадар знакамітага Жамыслаўскага палаца, з таго часу, як стаў гаспадаром Жамыслаўля і Суботнік, прыкладаў усе намаганні, каб улады дазволілі яму пабудаваць новы мураваны касцёл. Цагельня ў Жамыслаўлі не магла выпрацоўваць цэглу ў неабходнай колькасці. Таму граф Уладзіслаў вырашыў купіць у Францыі машыны для вырабу цэглы і чарапіцы, якую называлі «марсылькамі». Іх пачалі рабіць у Дабраўлянах.
Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія часта прыязджалі на месца будоўлі, цікавіліся ходам спраў. Будаўніцтва закончылася ў 1904 годзе. У той год касцёл быў і асвенчаны. Падчас будоўлі разбіралі стары касцёл. І з яго фрагментаў пабудавалі капліцу на могілках у Суботніках. Там жа былі труны памерлых членаў роду Умястоўскіх, якія перанеслі ў сямейны склеп новага касцёла.
Пасля смерці князя Уладзіслава (16. 01. 1905 г.) заканчэннем працы ў касцёле занялася яго жонка графіня Яніна.
Касцёл пабудаваны ў чыстым гатычным стылі ў форме крыжа, з прыгожай чырвонай цэглы. Вакол касцёла знаходзяцца могілкі, абгароджаныя высокім мурам з камення, які быў зроблены ў 1885 г. на грошы прыхаджан. У муры, на роўнай адлегласці ёсць 6 маленькіх мураваных каплічак без вокнаў і дзвярэй. Перад імі чытаюць Евангелле і моляцца падчас працэсіі Божага Цела. І праз стагоддзі храм уражвае сваёй велічнай прыгажосцю. Ля яго адчуваеш, здаецца, вечнасць. А яшчэ тое, што толькі добрыя справы чалавека могуць пакінуць памяць пра яго на вякі. Касцёл – не толькі аплот веры, гэта яшчэ і вялікая памяць пра графскую сям’ю Умястоўскіх, пра тое, які дар гэтай зямлі і яе людзям яны пакінулі.
… Па просьбе Яніны Умястоўскай мастак - скульптар з Варшавы выканаў помнік яе памёрлага мужа. Помнік зроблены з мармуру, пліта з прозвішчам- бронзавая, над ёю — партрэт маладога графа ў ваенным мундзіры. Ён выкладзены каляровай мазаікай майстрамі з Венецыі, вакол яго - прыгожая рамка з пазалочанай бронзы. Над рамкай размешчана стужка з дэвізам Уладзіслава Умястоўскага і яго карона.

Умястоўскія не толькі сталі фундатарамі святыні. Тут знайшлі сваё вечнае супакаенне многія з іх роду. Скляпенне падзямелля было заказана таксама ў Венецыі. На галоўным месцы тут знаходзяцца гербы Умястоўскіх і гербы радоў іх жонак ці мужоў. Падлога выкладзена чорнымі і шэрымі каменнымі плітамі, столь блакітная, усыпаная зоркамі. Алтар у выглядзе стала з крыжамі з каменя. Па правым баку ў ніжнім радзе пакояцца астанкі маршалка Якуба Умястоўскага і яго жонкі Ганны, вышэй — суддзі Умястоўскага і Альберта Умястоўскага. Паміж імі пахавана Канстанцыя Умястоўская, сястра графа, якая памерла, калі не мела і годзіка. Тут спачываюць маршалак Казімір Умястоўскі і яго жонка Юзэфа, граф Уладзіслаў, а каля яго ёсць пустое месца для яго жонкі Яніны. У другім, меншым падзямеллі, якое знаходзіцца пад алтаром Маткі Божай Шкаплернай,спачываюць нашчадкі ўпраўляючага Антонія Умястоўскага і ён сам.

1-2 лістапада, калі каталіцкія вернікі адзначаюць дні памерлых, перад прэзбітэрыумам (алтарная частка храма, якая адведзена для святара і правядзення богаслужэння) адчыняюцца спецыяльнымі прыстасаваннямі вялікія, цяжкія металічныя дзверы, і па мармуровых прыступках у склеп апускаюцца святар і людзі, каб запаліць, памінальныя свечкі. Апошні тыдзень кастрычніка, як сказаў нам ксендз-пробашч касцёла Святога Уладзіслава Аляксандр Лебядзевіч, праходзіць у храме, як тыдзень ўдзячнасці Пану Богу і ўсім тым, хто прычыніўся да гэтай святыні, хто на працягу ўсяго існавання храма дапамагаў яму, ахвяраваў сродкі.

Касцёл Святога Уладзіслава — гэта яшчэ і месца выхавання душ малых парафіян. Тут працуе Нядзельная школа для катэхізацыі дзяцей. Цяпер вось дзейнічае летні лагер для 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім тут цікава і весела. І гэта спрыяе таму, што дзеці з большай ахвотай наведваюць богаслужэнні.
Памяць пра графскі род — гэта яшчэ і жамчужына краю – жамыслаўскі палац, зменшаная копія помніка сядзібна – паркавай архітэктуры XVIII–ХIX стагоддзяў, каралеўскага палаца Лазенкі ў Варшаве. Жамыслаўскія “Лазенкі” узводзіў італьянскі архітэктар Леанард Марконі.
У савецкія часы ў палацы размяшчаліся бібліятэка, пошта, праўленне калгаса, клуб…Потым тут завалодалі ўсім абсягам руіны, сапраўдныя графскія разваліны. І стаяў палац ужо помнікам чалавечай абыякавасці і безгаспадарлівасці. І ўсё ж “засвяціла сонца і ў гэтае ваконца”. Палац Умястоўскіх (правільней будзе сказаць, тое, што ад яго засталося) набыў кіраўнік групы будаўнічых кампаній “Гмах” з Мінска Міхаіл Афанасьевіч Глінскі . І ажыў графскі парк, і справа зрушылася з мёртвага месца. Палац абавязкова вонкава будзе мець былы выгляд. Гэта культурна-гістарычная каштоўнасць і падыход да яе рэстаўрацыі і рамонту асаблівы: і ў плане адказнасці, і ў плане адпаведнасці арыгіналу. І тады, вобразна кажучы, напэўна супакояцца душы тых, хто ствараў гэтую прыгажосць, і перастануць балець душы сучасных жамыслаўцаў, якія так непакоіліся за свой палац…Надзея на гэта з’явілася. І то добра…

Самая дзіцячая вуліца...

Вуліца гэтая ў Суботніках вялікая, з прыгожымі дамамі, асаністымі, зусім яшчэ новымі. Вось толькі дарога на гэтай вуліцы напамінае дошку даўніх часоў для мыцця бялізны. Такія ямы, такія няроўнасці, што галаву можа адтрэсці, калі кідае аўтамабіль па тых выбоінах. Што самае дзіўнае, асобныя жыхары вуліцы і слухаць не хочуць пра рамонт яе. Маўляў, добрая, самая лепшая вуліца ў аграгарадку. Машын няма. А як адрамантуюць яе, і тут будуць насіцца са звышгукавой хуткасцю. А гэтага дапусціць аніяк нельга. І ведаеце чаму? Гэта самая вясёлая, самая дзіцячая вуліца. Амаль усе маладыя сем ‘і. І дзяцей тут жыве найбольш.

Пра тое мы дазналіся, калі наведалі сям’ю Трубіцкіх з дома №41, дзе сустрэлі нас прыгожая маладая жанчына і трое такіх жа прыгожых дзетак: Алена Генрыхаўна, дзевяцігадовы Мікіта, 6-гадовая Паліна і гадавалая Ксюша. Вось толькі гаспадара Аляксандра Іосіфавіча ўлетку дома не застанеш. Ён механізатар мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва. А ў гэтых працаўнікоў пачалася такая пара, што і выхадных дзён няма. Усе сілы, усе намаганні дзеля будучых кармоў для грамадскага статку, дзеля ўраджаю, дзеля хлеба 2019 года.
Таму так рады ў хаце, калі тата і муж прыходзіць. А так галоўны зараз мужчына ў хаце Мікіта. Ён маме дапамагае грады палоць, за малымі сястрычкамі прыглядае. Калі дзяцей у сям’і некалькі, бацькам, як ні дзіўна, лягчэй. Яны гуляюцца разам, яны даглядаюць адзін другога. Такая малая дзіцячая суполка родных людзей. Так, мы сядзелі, гутарылі, калі 6-гадовая Паліна зрабіла нам заўвагу, што мы замоцна гаворым, а там жа, у суседнім пакоі, заснула Ксюша. А Ксюша тая ранкам, калі яшчэ старэйшыя брацік і сястрычка спалі, запаўзла ў іх пакой, незразумела, якім чынам залезла на ложак і разбудзіла. Маўляў, уставайце, мне адной сумна…
І вось ужо звініць дом дзіцячымі галасамі, бы званочкамі.
Трубіцкія з тых сем’яў, аб якіх з такім задавальненнем гаварыла старшыня— разумныя, памяркоўныя, гаспадарлівыя, маладыя. Абжываюцца грунтоўна, дамы строяць, бацькоўскія рамантуюць, не перакаці поле, а новыя, надзейныя гаспадары зямлі. І дзеці ў іх такія ж падрастаюць.
Што казаць, зараз у вёсцы асэнсавана мала хто застаецца – шукае моладзь лягчэйшага жыцця, цікавейшага, ці што.
Калі яны сустрэліся, Аляксандр вярнуўся з тэрміновай службы ў войску. Алена, таваразнаўца па адукацыі, працавала прадаўцом, а затым загадчыкам прадуктовага магазіна.
Было лета, пачалося жніво. І Аляксандр пайшоў часова папрацаваць камбайнерам, грошы зарабіць. На жніве ж , калі працуеш добра, добра і зарабляеш. Не здарма кажуць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Прыкіпеў ён да працы на зямлі нават за невялікі адрэзак часу. І не захацеў нікуды ехаць. А калі яны пажаніліся, сельскагаспадарчы кааператыў выдзеліў ім жыллё – агромісты, прасторны новы дом з усімі выгодамі, з гаспадарчымі прыбудовамі, з зямельным участкам. Дом зроблены быў, як кажуць, “пад ключ”. Можна сабе ўявіць, што адчула маладая сям’я. Гэта такое шчасце — з вяселля вярнуцца ў свой дом. Гэта стала асноўным стымулам застацца ў Суботніках.
— Калі такі клопат пра маладую сям’ю,—кажа Алена,— хочацца адказаць дабром на дабро.
Пакрыху абжываліся, радаваліся разам кожнай новай рэчы з мэблі, бытавой тэхнікі. А потым з’явілася і самае галоўнае — дзеці. Жыццё набыло сэнс. І яны зразумелі, што нікуды і не паедуць. Добра там, дзе добра разам.
І зараз, як паслухаеш Алену, то у іх ўсё найлепшае: вежа стаіць на самой вуліцы, і вада з крана цячэ не толькі празрыстая ад чысціні, але і смачная, бы крынічная. Вуліца самая дзіцячая ў аграгарадку.
Гаспадарку трымае сям’я. Свінні, кролікі, куры… Алена пералічвае сваю жыўнасць, а Мікіта дадае:” Сабака, дзве кошкі і дзесьці схаваныя імі кацяняты…”
Агарод, вялікя цяпліца, кветкі наўкол, чысціня, Фізічна, канешне, цяжка.
— Імкнемся ўсё сваё мець, — кажа маладая гаспадыня,— каб дзяцей карміць чыстымі, карыснымі прадуктамі. Трэба працаваць, каб ім было добра, каб накормленыя былі, адзетыя…
Вучаць яны іх і людзьмі быць, вучаць бачыць мяжу між дабром і злом, каб выраслі добрымі і справядлівымі. Вучаць быць удзячнымі і людзям. і дзяржаве. Некалі яны прыватызавалі сваё жыллё. І банк перавёў крэдыт КСУПа на пабудову гэтага дома на рахунак Трубіцкіх. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, дзяржава плаціць 75 працэнтаў іх штомесячнай пазыкі. Дзіцячы сад таксама яны аплочваюць у 50 –працэнтным памеры. Канешне ж, для шматдзетнай сям’і гэта вялікая падмога.
Дзеці ў такіх умовах павінны вырасці людзьмі. Гэтага жадаюць Алена з Іосіфам і адвечная філасофія сапраўдных бацькоў. Прыемна, што яны такія ёсць і, здаецца, нічым не адрозніваюццав ад людзей той працаўніцы вёскі, што, у нашым разуменні, засталася дзесьці за даляглядамі новага, так сказаць, цывілізаванага жыцця, калі ўсё можна купіць… Яны разумеюць сэнс вясковага, сапраўднага, хоць і такога нялёгкага жыцця. Яго з цягам часу ацэняць іх дзеці і іх унукі. Таму што не знойдзеш на гарадскім асфальце такога лета, а на падворку такой расы на траве, не прачнешся ад пеўня на світанку, не выйдзеш на ганак, каб убачыць, як разрывае неба маланка і дзесьці ажно за даляглядам спыніла свой нябесны шлях вясёлка… Гэта наша вёска, гэта нашы маляўнічыя далягляды. І іх можна пабачыць толькі дзякуючы такім цудоўным людзям і бацькам, якія застаюцца ў вёсцы, каб не даць ёй згаснуць…

Рэгіён наведалі: В. ГУЛІДАВА
і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

 

Оставить комментарий

  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 2 руб.;
– на три месяца – 6 руб.; 
– на шесть месяцев – 12 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.