Редакция газеты "Iўеўскі край"

Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

РЭГІЁН. На прасторах вясковага жыцця

Год малой родины / Пятница, 22 марта 2019 14:44 / Прочитано: 865

…Сёння сельвыканкамы - менавіта тая класічная камізэлька, куды імкнуцца паплакацца вяскоўцы. Безумоўна, тыя вяскоўцы, хто мае сталыя гады, хто адзінокі, хворы, стары, каму няма з кім дажываць свой век. Аднак груз праблем, што ляглі на плечы сельвыканкамаў, - гэта не толькі работа са сталымі людзьмі. Гэта і "абавязаныя" грамадзяне, і тыя, хто моцна "сябруе" з гарэлкай, і тыя, хто не хоча працаваць, глядзець сваіх дзяцей, забяспечваць сем'і.
Цягнуць воз цяжкіх праблем, якія апошнім часам ляглі на плечы сельвыканкамаў, даводзіцца ў нашым раёне і жанчынам-старшыням. Груз той цісне не фізічна. Усё больш непакоіць ён сэрца, душу, застаўляе хвалявацца за людзей. Бо вёска сёння ўжо не тая. Яна старэе, губляе фізічныя сілы, а разам з імі і маральна гасне. І менавіта сельвыканкамам наканавана лёсам ці, правільней будзе сказаць, даручана дзяржавай дапамагчы старым людзям, не даць ім страціць надзею і веру ў дзяржаўную справядлівасць, у тое, што жыццё (такое цяжкае, такое самаадданае), пражыта нездарма. І калі адкінуць у бок пафас і сказаць простымі словамі, то трэба зайсці ў кожную хату, сказаць патрэбныя словы падтрымкі вяскоўцам, пацікавіцца, як ім жывецца, праверыць умовы жыцця і бяспеку жыццядзейнасці адзінокіх сталых людзей, пацікавіцца іх праблемамі, дапамагчы вырашыць іх, адвезці людзей у сацыяльныя прытулкі, ў шпіталі, аддзяленне сястрынскага догляду Юрацішкаўскай бальніцы…

Два гады назад у былога старшыні Морынскага сельвыканкама Таісіі Валянцінаўны Лось гэтага душэўнага, балючага клопату значна прыбавілася. Сельсавет, які яна ўзначальвала, быў далучаны да Іўеўскага. І ёй прапанавалі працаваць у ім.
І зараз рэгіён, у якім яна з'яўляецца гаспадаром ад імя дзяржавы, налічвае на сваёй тэрыторыі 50 населеных пунктаў, дзе ў 1214 гаспадарках пражывае 2330 чалавек. І сярод іх 840 пенсіянераў, тых, жыццё каго знаходзіцца ў асаблівым полі зроку выканкамаў.
Сёння рэгіён, які ўзначальвае Таісія Валянцінаўна, - вялікая тэрыторыя. Амаль усе вёскі “транзітныя”, многія ў цудоўных зонах адпачынку. Праз яго ідзе рэспубліканская траса, якая ў апошнія гады "акупіравана" дарожнікамі- рамонтнікамі і будаўнікамі і, здаецца, імгненна пераўтвараецца ў шыкоўную дарогу. Дарэчы, менавіта і таму ўзнікае шмат праблем. Даво-дзіцца з людзьмі збірацца, абмяркоўваць пытанні, якія ўзнікаюць з-за таго, што перакрываюцца асобныя з'езды да вёсак і іншае. Канешне, пытанні ў асноўным вырашаюцца.
Карацей кажучы, вельмі аб'ёмныя абавязкі старшыні. Яна пагаджаецца, што цяжка працаваць. Аднак, у гэтай няпростай жанчыны і характар не просты. Ёй падабаецца адчуванне рэзультатыўнасці пасля вялікай напружанай работы. Таму заўжды бярэцца за яе ахвотна.
На тэрыторыі сельсавета падтрымліваюцца 22 дзяржаўныя стандарты. Найбольш значнымі і запатрабаванымі з'яўляюцца стандарты ў галінах гандлю, медыцыны, забяспячэння транспартам. Працуюць чатыры ФАПы (у аграгарадках Морына і Дайліды, у вёсках Лукашына і Старчаняты); таварамі штодзённага попыту забеспечваюць людзей чатыры магазіны Іўеўскага філіяла Гродзенскага спажывецкага таварыства (аг. Морына, аг. Дайліды, вёскі Красоўшчына і Старчаняты, прыватны гандлёвы павільён у аграгарадку Морына).
Апошнім часам прыарытэтным накірункам работы сельвыканкама з'яўляецца добраўпарадкаванне. Па-першае, на тэрыторыі рэгіёна знаходзіцца 8 воінскіх пахаванняў (два ў вёсках Крывічы і Морына, тры помнікі загінуўшым воінам у вёсках Яталтавічы, Пятровічы, Красоўшчына, помнік ахвярам фашызму ў вёсцы Яталтавічы, помнік воіну-афганцу ў Яталтавічах, мемарыяльны комплекс ахвяр фашызму ў вёсцы Стоневічы). Прынамсі, летась на рамонт мемарыяльнага комплексу, дзе знішчана фашыстамі ўся яўрэўская абшчына былога мястэчка, выдаткавана 10 тысяч рублёў (5 тысяч з бюджэту сельвыканкама і пяць - з раённага). Пэўную дапамогу аказалі і члены іўеўскай абшчыны Ізраіля.
Працягваў сельвыканкам і работу, якая пачалася яшчэ пры папярэднім старшыні - навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Сёння да гэтага паняцця, на жаль, адносіцца і знос (ці, як цяпер кажуць, пахаванне) бясхозных хацін. Калі дом стаў кінутым, калі памерлі гаспадары і ніхто не хоча яго наследаваць, а будыніна развальваецца на вачах, прыходзіцца яе разбіраць, расчышчаць сядзібу. І гэта разумнае рашэнне часу. Таму што (мне даводзілася ехаць праз такія вёскі) засмучваюць істоту кінутыя хаты, якія стрэхамі правальваюцца ўнутр, а потым зарастаюць плюшчом, быльнікам. Мясціны атрымліваюцца страшныя звонку і, да таго ж, небяспечныя адносна пасялення ў іх змей, драпежных звяроў і г.д. Відовішча, калі зносіцца хата, цяжкае, аднак неабходнае. У 2017 годзе былі ўжо пахаваны 24 дамы. А летась яшчэ 14.
Цяжкім, аднак жа жыватворным, у плане добраўпарадкавання стаў мінулы 2018 год. Іўеўшчына прымала вялікае свята - абласны фестываль - кірмаш "Дажынкі". Былі выдаткаваны вялікія грошы. І добраўпарадкаваннем было так прыемна займацца. Змяніліся ў лепшы бок усе цэнтральныя вёскі і населеныя пункты, якія распасцерліся ўздоўж трас. Напрыклад, вялікі аб'ём работ праведзены ў аграгарадку Дайліды. Устаноўлены і пафарбаваны жалезабетонны плот - 1 кіламетр і 120 метраў. Вёска ажно памаладзела, прыасанілася.
Многія вёскі менавіта гэтага рэгіёна ратуюць ад небыцця і знікнення іх знаходжанне блізка ля трасы і рэчкі, якімі багата гэтая мясцовасць. З'явілася новая ў гэтых населеных пунктах праслойка - дачнікі. Дачнае пытанне вяртае жыццё вёсцы рэгіёна. У асноўным новыя жыхары сельсавета - гэта дзеці былых гаспадароў. Асобныя ўжо самі пенсіянеры. Таму ў адрамантаваных і дагледжаных хатах сваіх бацькоў яны бываюць не толькі ўлетку, падчас дачнага сезону, але і, пакінуўшы гарадскія кватэры дзецям, пераязджаюць жыць назаўжды ў родныя мяс-ціны. І гэта радуе мясцовую ўладу і мясцовых жыхароў. Зноў свецяцца вечарамі вокны дамоў, а гародчыкі палымнеюць летнімі і восеньскімі кветкамі. Гледзячы на прыгажосць сядзіб "дачнікаў", прыхарошваюцца і самі вяскоўцы, падгледзеўшы гарадскія ідэі ландшафтнага дызайну. Былая палітыка "панаехалі" даўно скончылася. Вёска зразумела, наколькі патрэбны ім гэтыя "пришлые".
Рэгіён, як я ўжо казала, асаблівы сваімі маляўнічымі краявідамі. І найбольш абжыты на Іўеўшчыне ў плане развіцця сельскага агратурызму. Ажно 8 сядзіб маецца на тэрыторыі сельсавета. Прымасціліся яны ля Нёмана, ля быстраводнай і чыстай Гаўі. Едуць сюды людзі, ладзяць тут свае святы. І ажывае рэгіён…

Смачна есці ў прыдарожным кафэ!

Канешне, усё тое, што належыць гораду Іўе, да Іўеўскага сельсавета не мае дачынення. Аднак мы вырашылі, што кафэ "На скрыжаванні" мае адносіны да кожнага, хто тут едзе ці ідзе. Камандзіроўка, у якую мы адпраўляемся за вялікім матэрыялам, патрабуе шмат часу. Увесь рабочы дзень у дарозе. І ў тых вёсках, дзе мы былі, няма сталовак. Таму, вяртаючыся з Залеек і трымаючы курс далей, мы зайшлі туды паабедаць. Не з'яўляюся аматарам харчавання ў прыдарожным кафэ, аднак прыйшлося.

У кафэ цудоўная кухня. І, безумоўна, як пачатак салатаў, першых і другіх страў - цудоўны повар. Ежа смачная, нейкая асаблівая, хатняя, нацыянальная. Здаецца, што наварысты, смачны боршч з часнаком і пампушкамі толькі што дасталі з рускай печы на гаршчэчніку, так ён напомніў супы дзяцінства. А дранікі з мачанкай з мяса і грыбоў наогул нешта неверагоднае па смаку. Прыемнае адкрыццё ў пункце грамадскага харчавання Іўеўскага філіяла Гродзенскага спажывецкага таварыства.
Працуюць у кафэ повар Наталля Чаславаўна Кішкель, бармэн Алена Тадэвушаўна Жукоўская і адміністратар Тамара Вацлаваўна Шахно. Прыемныя, добразычлівыя маладыя жанчыны, якія, на нашу думку, годна трымаюць марку Іўеўскага спажывецкага таварыства.
За дзень тут бывае ў сярэднім 150-200 наведвальнікаў. Ёсць у кафэ і тры пакоі для адпачынку і начлегу. Ніхто не пакідае кропку харчавання незадаволеным. Тры першыя стравы, тры другія і стравы на заказ. Усё хутка і якасна. Акрамя паўнавартаснага абеду, тут можна набыць смачнасці , якія выстаўлены на кандытарскай вітрыне (свая выпечка), можна заказаць каву на выбар (8 відаў яе ёсць тут). Вялікі асартымент цукерак, напіткаў, вады, спадарожных тавараў і г.д. Што вельмі прыемна, маецца вітрына з сувенірнай прадукцыяй, сярод якой тавары з іўеўскай сімволікай. Ужо маецца і вітрына з сувенірамі, што на думку кіраўніцтва Іўеўскага філіяла, павінны зацікавіць удзельнікаў і гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія абавязкова будуць ехаць ля кафэ і, як паказвае практыка, іх шлях сюды заверне абавязкова. Іх гатовы сустрэць і належным чынам абслужыць. Інакш у Іўі не бывае. І вельмі прыемна гэта адзначаць раз-пораз…

Пяць тысяч "дзе", сто тысяч “чаму”…

Як вядома, не хлебам адзіным жыве чалавек. Таму, падсілкаваўшыся, мы адправіліся туды, дзе даюць харчаванне розуму, дзе ў цішыні бібліятэкі растуць і фізікі, і лірыкі, дзе ўжо больш сарака гадоў гаспадыняй сапраўднага храма ведаў і асветы з'яўляецца Любоў Іванаўна Дзядуль. Мы адправіліся ў бібліятэку аграгарадка Дайліды, каб сустрэцца менавіта з ёй, з той, якая дапамагае і маленькім, і дарослым знайсці адказы на, гаворачы словамі вялікага Р. Кіплінга, "Пять тысяч “где”, семь тысяч “как”, сто тысяч “почему".

Яна робіць гэта вельмі старанна, яна імкнецца, як кажа сама, адваяваць (асабліва школьнікаў), у мабільных тэлефонаў, зразумець, як гэта цудоўна - яднанне з кнігай. Як утульна, знайшоўшы свой куток, чытаць.
- Калі ў дзяцей няма ў руках кнігі, - лічыць Любоў Іванаўна, - пакаленне атрымаецца згубленым.
...У 1973 годзе яна па накіраванні пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума прыехала працаваць на Іўеўшчыну, трапіла ў Дайлідскую сельскую бібліятэку. Вёска была яшчэ жывая, шумная, моладзі шмат. Ладзілі канцэрты, дзейнічаў хор, ездзілі на экскурсіі ў Маскву, Ленінград. Працаваць было цікава. Яна рабіла гэта творча, плённа, па-іншаму не магла. Аднак ёй, гарадской жыхарцы з Гомельскай вобласці, было так адчайна цяжка змірыцца жыць без гарадскіх выгод, у вёсцы, хоць бы сабе і немалой. Думалася, што абавязкова адпрацуе, вернецца… Ды з юнацтва нешта атрымлівалася не так. Паступала ў Магілёўскі педінстытут імя А. Куляшова. На першых двух экзаменах атрымала адну тройку. Спалохалася, не стала здаваць астатнія экзамены, забрала дакументы, хоць яе ў прыёмнай камісіі адгаворвалі гэта рабіць. Занесла іх у бібліятэчны тэхнікум, што знаходзіўся побач. Скончыла яго, потым завочна Мінскі інстытут культуры.
Усё жыццё шкадавала аб тым, што не стала настаўнікам. Спрабавала даказаць мне, што не прывыкла да справы бібліятэкара. Засталася таму, што выйшла замуж за мясцовага хлопца. А мне, пагутарыўшы, пабачыўшы,так і хочацца сказаць:
- Благаславенне такім, якія не прывыклі, не пагадзіліся з выбарам прафесіі, аднак працуюць так, што можа нават тыя, хто ішоў у яе з прызваннем, не змогуць зрабіць большага на гэтай ніве.
Любоў Іванаўна карпатліва і старанна рабіла і Летапіс вёскі Дайліды. Ён, як сапраўдны фаліянт, захоўваецца ў сельскай бібліятэцы.
Бібліятэка знаходзілася ўжо тады ў новым памяшканні, адна частка якога была праўленнем калгаса, а другая - сельскім клубам, бібліятэкай, поштай.
Яна расказвала пра жыццё, пра тое, як памёр заўчасна муж, а яна засталася адна з двумя дзецьмі. І тады зразумела, якія добрыя людзі ў Дайлідах. Суседзі і проста аднавяскоўцы часта дапамагалі ёй спраўляцца з праблемамі і рознымі жыццёвымі пытаннямі, якія ўзнікалі. Зараз усё інакш. Дзеці дарослыя. Дачка жыве ў Дайлідах, сын у Іўі. Ёсць на каго спадзявацца, у імя каго жыць. Ёсць пяцігадовая Яначка - самы любімы, самы прыгожы, самы найлепшы чалавечак у свеце - унучка.
А яшчэ ёсць людзі, якія працягваюць прыходзіць у сельскую бібліятэку. Любоў Іванаўна з задавальненнем расказвае, што актывізаваліся чытачы-пенсіянеры. З'явіўся час пачытаць, пасядзець з кніжкай на канапе. Яны, складваецца такое ўражанне, наганяюць упушчанае. Самая старэйшая і актыўная чытачка ў Дайлідах - 77-гадовая Яўгенія Іванаўна Латвіс.
Бібліятэка ўсё жыццё была толькі інфармацыйным цэнтрам, а зараз, як падкрэслівае Любоў Іванаўна, носіць яшчэ і сацыяльна-культурны характар. Напрыклад, дзейнічае ў Дайлідскай бібліятэцы аматарскае дзіцячае аб'яднанне "Лабірынт дзяцінства". Наведваюць яго дзеткі самага прытульнага для работы з імі ўзросту - з 6 да 11 гадоў. Праводзяцца мерапрыемствы на разнастайныя тэмы. Аднак ёсць у іх адзінае прызначэнне - развіваць навыкі чытання, прывіваць любоў да кнігі, да пазнання. Збіраюцца дзеці раз у месяц - у выхадныя дні. Таму што за школьны дзень і паездкі ў Іўеўскую школу ранкам і пасля ўрокаў стамляюцца яны. І Любоў Іванаўна гэта ўлічвае.
Наогул, гэтая разумная, мілая жанчына вельмі хвалюецца, каб кніга і бібліятэка не зніклі з нашага жыцця. Таму што ніякі камп'ютар не заменіць ціхага шалясцення старонак цікавай кнігі, не ахіне істоту пах свежай друкарскай фарбы… А яшчэ - цішы, якая заўжды пануе, так склалася гістарычна, у бібліятэках. Гэта як павага да таго, што там ідзе надзвычай важны і бясцэнны працэс - працэс пазнання і выхавання душы. І Любоў Іванаўна Дзядуль мае да гэтага самае непасрэднае дачыненне.

Стараста на вёсцы - чалавек паважаны

Гэтая выснова сумненню не падлягае. Тым больш, што і абіраюць старасту з самых паважаных вяскоўцаў. Гэта звязваючы ланцужок між людзьмі і сельвыканкамам. Таму і забяспечваць гэтую сувязь павінен чалавек надзейны.

Стараства - вельмі важная з'ява беларускай вёскі апошніх дзесяцігоддзяў, справа патрэбная, улічваючы, што вёска старэе, пусцее, страчвае тыя ці іншыя аб'екты інфраструктуры. А людзі, хоць іх і зусім мала, усё ж павінны жыць, быць забяспечанымі і таварамі штодзённага попыту, і бытавымі паслугамі, і медыцынскім абслугоўваннем, і лекамі. Ды і праблемы асобныя раз-пораз узнікаюць. Усё патрэбна вырашаць. І тады ідуць вяскоўцы да свайго старасты, а ён ці яна звязваецца с сельвыканкамам, расказвае аб тым, што непакоіць людзей, патрабуе тэрміновага ўдзелу ўлады.
Такім чалавекам, старастам вёсак Дзешавічы і Дзяманты з'яўляецца Яніна Францаўна Гудзень. Ведае тут кожную сцяжынку, кожнага чалавека, кожную хаціну, дрэўца ці куст у лесе, кветку ці лекавую расліну на навакольных лугах. Бо нарадзілася, вырасла ды і жыве ўжо нямала гадоў менавіта ў Дзешавічах.
Гэта зараз у Дзямантах жыве адна сям'я, улетку - дзве, а ў Дзешавічах і адзін мужчына. Чацвёра паехалі на зіму да дзяцей. А раней вёска была асаблівай. Зялёная, прыгожая. І моладзі шмат, і дзяцей. Працавітая вёска была, гаспадарлівая. Жывёлы хатняй шмат трымалі, кароў па некалькі на адным двары. І коні былі.
Не былі выключэннем і Гудзені. Спачатку дзяўчына пасля заканчэння школы працавала ў канторы калгаса "Шлях Леніна" касірам, бухгалтарам па зарплаце. Затым калгас адправіў разумную і кемлівую дзяўчыну вучыцца ў Смальянскі саўгас-тэхнікум. Вучыцца было цікава, стыпендыю добрую плацілі. Дамоў яна вярнулася ўжо дыпламаваным спецыялістам. Працавала памочнікам брыгадзіра, а потым 19 гадоў перад выхадам на пенсію была даяркай і загадчыцай мясцовай малочнатаварнай фермы. 200 галоў буйной рагатай жывёлы, а яшчэ і цялятак расцілі. Шмат людзей забяспечвала рабочымі месцамі тая ферма.
Калі ў 2000 годзе яе расфарміравалі, Яніна Францаўна яшчэ шэсць гадоў працавала малаказборшчыкам, збірала ў навакольнага люду малако ад асабістых кароў.
Зараз ужо і людзей мала. І кароў няма. Яна і сама зусім нядаўна развіталася з двумя сваімі рагулямі. Спачатку прадала адну, а ў мінулым годзе і другую. Цяжка стала ўтрымліваць іх адной. Мужа даўно няма ўжо ў жывых. Сын жыве ў аграгарадку Возера Уздзенскага раёна, дачка - у Лідзе. Напружваць іх з дапамогай не хочацца. Цяпер маладыя і самі цяжка працуюць, імкнуцца зарабіць на жыццё. А вось салам, паляндвічкамі ды калбасамі, яйкамі яна ім яшчэ дапамагае. Бо мае і свіней, і кур.
Пакінула крыху работы, кажа мая субяседніца, бо без яе зусім немагчыма. Калі толькі сядзець на канапе, то і жыць не захочацца.
Калі прыйдзе вясна, выходзіць гаспадынька на свой гародчык, засявае і цяпліцы, што маюцца на участку. І тады мяняецца двор, палымнеюць на ім кветкі, чырванеюць у ліпені-жніўні памідоры, гуркі заўжды гатовы “скласці кампанію” скварцы і хлебу. Ажывае вёска, і выходзяць, засядзеўшыся зімой у хатах, сталыя гаспадыні, прыязджаюць на дапамогу ім дзеці.
У Яніны Францаўны ёсць і дзве ўнучкі. Старэйшая навучаецца ў польскім юрыдычным вузе, малодшая яшчэ вучаніца 4 класа. Столькі бабулі радасці, столькі шчасця, калі яны прыязджаюць!
Яніна Францаўна кажа, што пакуль трымаюць ногі, пакуль зможа хадзіць і сама сябе даглядаць, нікуды не паедзе. Як жа пакінуць хату, як не выйсці на вясковую вуліцу, не павітацца з суседкамі?! Трэба жыць.
Вось яна і жыве. Зімой сачыла і непакоілася, каб дарогі не былі замецены. Тады і аўталаўка не прыйдзе, і іншым аўтамабілям праблематычна будзе даехаць да вёсак у гэтых мясцінах. Потым прыйшлі вяскоўцы наконт ямы на дарозе. Пачынаўся снег. І яма пад снегам была вельмі небяспечным месцам. Патэлефанавала Яніна Францаўна старшыні Іўеўскага сельвыканкама Таісіі Валянцінаўне Лось, расказала пра праблему. І дарогу адрамантавалі. Так і імкнуцца трымаць усё , што магчыма, у парадку. А яшчэ вясковы стараста - адмысловая швачка. Штосьці сабе падрамантуе, пашые, дзецям нейкія дробязі дапаможа зрабіць. І жанчыны з вёскі прыходзяць то фіранку зарубіць, то фартух ці спадніцу пашыць. Гэта так прыемна адчуваць сябе патрэбнай. І не толькі прыемна, але і адказна. Значыць, трэба жыць, каб не пакінуць суседак сам - насам з праблемамі рознага характару.

Месяц люты ў Саўгуцях

…Раскуты ад марозаў і завеяў, у былыя часы злейшы сусед вясны, месяц люты ўсміхаўся лагодна і цёпла. А ранкам нават туман замест інею быў. Вёска Саўгуці - наступны прыпынак нашага маршруту - таксама, здаецца, вясну сустракаць сабралася. Чыстыя двары, чыстая вуліца, як быццам ужо вясновы суботнік прайшоў. Сонца не было. Шэрань, але нейкая прыемная, прытульная, цёплая.

На падворку хаты, да гаспадароў якой мы сабраліся ў госці, нас сустрэлі ажно пяць катоў. Вялікія, шыкоўныя, самага рознага акрасу. Яны заўжды, як потым мы даведаліся, прыходзяць гуляць на гэты двор. А некаторыя, гаспадыні якіх зімуюць дзесьці ў дзяцей, прыходзяць яшчэ і падсілкавацца да гэтых добрых людзей. У вёсцы, як вядома, кот не прападзе. А мы праз гэты каціны запаведнік прай-шлі ў сенцы дома, адкуль ужо выглядваў гаспадар.
…Саўгуці, каб вы ведалі, некалі была такой дзіўнай вёскай, своеасаблівым раем для моладзі. Кансервавы завод, які тут размяшчаўся, збіраў на работу сюды моладзь з усяго раёна. Больш ста чалавек. Два цэхі - кансервавы і цукерачны - працавалі ў чатыры змены абодва. Уяўляеце, колькі тут было хлопцаў і дзяўчат, якое каханне тут панавала, якія вяселлі ладзіліся!
Клуба свайго не было, быў на заводзе чырвоны куток, там праводзіліся вечары і мерапрыемствы, а вось для танцаў месца там было мала. Для гэтага моладзь арганізоўвала вечарынкі па хатах. І музыка была, і абцасы зношваліся. Да пачатку 70-х былі такія вечарынкі. І не патрэбен быў юнакам і дзяўчатам Дом культуры ў Іўі.
Жыла моладзь у заводскім інтэрнаце. Асобныя здымалі кватэры ў мясцовых жыхароў. Жыла і ў сям'і Горбач сціплая прыгажуня з Лаздунаў, працавала, як і ўсе, на заводзе. Ды ў хуткім часе прыйшлося ёй вызваляць кватэру. Прыйшоў з войска, з тэрміновай службы сын гаспадароў. Прыйшоў ды й закахаўся ў кватарантку. Не будзеш жа сустракацца, як жывеш у адной хаце…
Тры гады бегалі яны на спатканні. І вось ужо паўстагоддзя гэтая прыгожая пара жыве разам. Я заўважыла, што ўсё тут у іх прыгожае, пачынаючы ад катоў, прыбрання дома і адносін між мужам і жонкай. Разам яны прыбіраюць у доме, разам хутка выйдуць на свой агарод. Разам будуць сеяць і разам палоць, вызваляць расліны ад пустазелля. Усё разам. І яшчэ Канстанцін Іосіфавіч кажа, што нельга задоўжваць сваркі, нельга насіць у сэрцах і душах крыўду. Усё разам і захавае сям'ю і аснову, на якой яна трымаецца - каханне.
… Кажуць, жыццё пражыць - не поле перайсці. І сапраўды. На полі тым жыццёвым, якое цяжка прайсці, разбіваюцца лёсы, не знаходзяць ладу між сабой блізкія людзі, губляюцца самі жыцці. Не ўтрымалася, спытала ў Яніны Уладзіміраўны і Канстанціна Іосіфавіча Горбач, што зрабіць трэба, каб і праз 50 год так шчыра ўсміхацца адзін другому, слухаць і чуць? Адказалі, што менавіта і трэба: слухаць адзін другога і чуць, паважаць, разумець.
Разам мы ўспомнілі прытчу. Побач жылі ў дамах дзве сям'і. У адной з ранку да вечара стаялі шум і крык, даходзіла амаль да боек. А ў другім доме - цішыня, прыгожая музыка, а калі выйдуць муж з жонкай на вуліцу, то ўсміхаюцца адзін аднаму, за рукі трымаюцца. І тады вырашылі небаракі з першага дома падгледзець пад вокнамі, у чым жа там справа.
У адзін з такіх падглядаў яны ўбачылі, як муж, праходзячы ля стала, зачапіў прыгожую вазу. Яна ўпала і разбілася. Ён пачаў прасіць прабачэння ў жонкі, абяцаць, што абавязкова купіць такую вазу. А яна адказала, што сама вінаватая, бо дрэнна паставіла вазу…
- Як жа ўсё проста,- схамянуліся тыя, што падглядвалі за імі, - у нас кожны правы, а ў іх - кожны вінаваты. І таму ніхто нікога не абражае, не даказвае сваёй праваты.
Муж і жонка лічаць, што жаніцца патрэбна абавязкова па каханні, а потым берагчы тое пачуццё, што сабрала іх разам.
Доказам кахання іх дарослыя дачушкі, якія выйшлі замуж па шчаслівым выпадку ў адну і тую ж вёску ў раёне. І зараз дзве родныя душы жывуць побач. У залатых вясельных юбіляраў два ўнукі і дзве ўнучкі, два праўнукі і адна праўнучка. Карацей кажучы, багатыя дзядуля і бабуля. І на кожнага наступнага члена вялікай сям'і хапае любові. Таму што сэрцы гэтых людзей ёю перапоўнены. Кажуць, што юначае каханне - гэта аванс, які нябёсы даюць дваім на шчасце. А ўжо потым яны самі ці робяць гэты аванс багаццем, ці бесклапотна марнуюць. Вось дзеці і ўнукі і сталі тым багаццем.
Зараз дзядуля з бабуляй чакаюць з войска ўнука. Канстанцін Іосіфавіч адзначае, што ў іх радні служыў кожны мужчына. І гэта было гонарам. Зараз вернецца ўнук, знойдзе сваё каханне. І зноў працягнецца стужка жыцця гэтай прыгожай і шчаслівай пары.

Там, дзе Нёман і Гаўя
між сабою гавораць…

Канешне ж, вы разумееце, што робяць гэта яны ля вёскі Залейкі. Менавіта туды мы і накіраваліся, каб расказаць вам пра адну з такіх сядзіб сельскага агратурызму, пра якія вялася гутарка вышэй. Знаходзіцца яна ў прыгожым і незвычайным месцы ля самай дарогі Мінск-Гродна. І заўжды прыцягвае погляды тых, хто едзе па трасе.

Вёскі ў гэтых мясцінах аднолькавыя. Зямля ніякая - пясочак жоўты, бы на беразе ракі стаіш. А на людскіх сядзібах растуць побач з яблынямі сосны, елкі. Нездарма спрадвеку займаўся мясцовы люд лоўляй рыбы ды сплавам лесу. На зямлі такой моцна не падымешся. І сям'ю не пракорміш. Аднак, апошнім часам зямля асабліва не хвалюе тых, хто едзе сюды адпачыць. Месца цудоўнае - траса побач, лес, рака, паветра можна, здаецца, піць глыткамі, а ў лесе - грыбы, ягады. Можна адвесці душу далей ад гарадскога шума і загазаваных вуліц. А калі ёсць запыт, будзе і прапанова. Таму і пачалі ўзнікаць у прынёманскім рэгіёне і ля ракі Гаўя сядзібы агратурызму.
Гаспадары аграсядзібы "Вікторыя" Марыя Антонаўна і Іосіф Адамавіч Шкурскія былі аднымі з першапраходцаў гэтага віду сямейнага бізнесу ў раёне. У 2006 годзе жанчына гасцявала ў свайго брата ў Літве. Там упершыню трапіла ў аграсядзібу. І была зачаравана той прыгажосцю, тымі цудоўнымі мясцінамі з элементамі жыцця ў вясковай хаце, што прапаноўвалі гаспадары сваім пастаяльцам, аматарам адпачыць у вёсцы.
Шкурскія абмеркавалі разам магчымасць заняцца такой дзейнасцю і пачалі шукаць месца.
Падчас паездак у Ліду, каля Залеек яны заўжды звярталі ўвагу на вялікі дом, які будаваўся на пясчаным узгорку бліз дарогі. Толькі дом раптам неяк "замарозіўся" у сваім будаўніцтве. Яны даведаліся, што гаспадары яго, жыхары Ліды, з самага пачатку ўзвялі дом аварыйным, зрабілі непапраўную памылку пры стварэнні праекта. І адмо-віліся ад свайго жадання мець гэты дом. Шкурскія купілі яго. А потым пакінулі толькі фундамент. І пачалося ўзвядзенне будыніны, якой наканавана было стаць аграсядзібай. Каб будаўнікам было дзе жыць зімой і халоднай парой года, купілі побач пустуючы дом.
Пацікавілася ў Іосіфа Адамавіча, чаму назва такая нязвыклая для турыстычнай сядзібы - "Вікторыя". А ён адказаў, што ўсё нездарма. Вікторыя - у перакладзе з грэчаскай мовы, як вядома, азначае "перамога". Гэта і была перамога і фізічных, і фінансавых, і маральных цяжкасцей і магчымасцей, якія мелі месца пры ўзвядзенні гэтага прыгожага, вялікага дома, дзе ўсё так разумна прадумана, дзе ўсё прасякнута інтэлігентнай утульнасцю. Зрэшты, рэчы, дамы, кватэры заўжды напамінаюць сваіх гаспадароў. Марыя Антонаўна - былая медсястра, Іосіф Антонавіч - былы ўпраўляючы банкам, старшыня камітэта народнага кантролю раёна. Людзі адукаваныя, людзі шляхетныя. Таму і "Вікторыя" іх такая атрымалася. І яе ўжо годным чынам ацанілі госці і турысты не толькі нашай краіны. Прымалі ў сябе Шкурскія англічан, расіян, вандроўнікаў з іншых краін блізкага замежжа.
Сёння сядзіба напамінае сапраўдны маёнтак. Двухпавярховы дом з банкетнай залай на 95 месцаў. На другім паверсе - пяць ізаліраваных пакояў, душавыя вугалкі, санвузлы, вада, электрычнасць, цяпло . Карацей кажучы, усе гарадскія выгоды ў шыкоўнай будыніне на прыродзе. Калі некаму захочацца падыхаць паветрам ліпеньскай ночы, заснуць пад "песні" цыкад, ёсць палаткі, якія па жаданні гасцей ставяцца на падворку. Ён, гэты падворак, вялікі. Там ёсць вялікая пляцоўка для танцаў і навес, дзе можна схавацца ад раптоўнага летняга дожджыку; ёсць стаянка для аўтамабільнага транспарту; там ёсць прыгожы звонку і вельмі функцыянальны ўнутры будынак лазні з парылкай, з душавымі кабінамі, барам-стойкай, вялікім пакоем для адпачынку, залай для гасцей, туалетамі і г.д. Да 40 чалавек можа пражываць (маецца на ўвазе і начлег) адначасова. Галоўнае, каб лета было, канешне, цёплым. Каб чэрвень, ліпень, жвівень памяталі, што яны і ёсць лета…
Кошт пражывання ў вясковым "атэлі", я лічу, вельмі прывабны - 15 рублёў за суткі. Не знойдзеш з такім коштам ніводнай гасцініцы. Тым больш, на прыродзе, сярод такой прыгажосці і благадаці.
Праўда, ежу вам тут не пададуць. Рыхтаваць прыйдзецца самім. Для гэтага, прынамсі, тут маюцца ўсе магчымасці: кухня з плітамі, усім посудам, сталовымі прыналежнасцямі, халадзільнікамі, маразільнікам і г.д. Калі заказчыкі жадаюць, каб было ўсё ўключана, хочуць атрымаць сядзібу з ужо накрытымі сталамі, у Шкурскіх ёсць сувязі з лепшымі кулінарамі і паварамі нашага раёна. І ўсё будзе зроблена па вышэйшым класе.
Прапануюць тут гасцям на пракат два веласіпеды, байдарку, што асабліва цікавіць і дзяцей, і дарослых.
У планах гаспадароў гэтага цудоўнага месца распрацоўка турыстычнага маршруту, які можна назваць прыкладна так - "Па шляху кахання вялікага Міцкевіча". Справа ў тым, што Марыя Антонаўна родам з Воранаўскага раёна, дзе знаходзіцца маёнтак графа Путкамера, мужа Марыі Верашчакі, жанчыны, якую Адам Міцкевіч кахаў з юнацтва ўсё сваё жыццё. Маёнтак знаходзіцца ў вёсцы Бальценікі. Там пахавана і Марыя. Адам Міцкевіч нярэдка наведваў тыя мясціны. Вось Шкурскія і хочуць правезці сваіх гасцей ад музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку да маёнтка графа Путкамера. Годная задумка.


Іосіф Адамавіч (а гутарылі мы менавіта з ім, таму што Марыя Антонаўна, якая афіцыйна лічыцца гаспадыняй аграсядзібы, адсутнічала ў той дзень) сказаў, што, безумоўна, іх дзейнасць дае пэўны даход сям'і, аднак нельга скідваць з рахунку тое задавальненне і тыя эмоцыі, якія прыносіць такая работа, жыццё сярод такіх цудоўных краявідаў. І я яму паверыла. Таму што, колькі будзе стаяць зямля, столькі будуць людзі, якія ўпарта будуць гнаць каня, каб дагнаць далягляд, спрачацца з лёсам дзеля хвілінкі прыгажосці і радасці…

Рэгіён наведалі В. ГУЛІДАВА і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

Оставить комментарий

Cannot get Minsk location id in module mod_sp_weather. Please also make sure that you have inserted city name.

  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 2 руб.;
– на три месяца – 6 руб.; 
– на шесть месяцев – 12 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки

Президент Республики Беларусь


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.