Редакция газеты "Iўеўскі край"

Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Як прыедзеш у Дуды…

Год малой родины / Понедельник, 20 августа 2018 14:11 / Прочитано: 12126

На вуліцы жнівень сёлетняга спякотнага лета. Усе вёскі выглядаюць аднолькава - стомленыя, змораныя, знябыўшыся без дажджу. Заканчваюць сваё цвіценне гладыёлусы, якім час цвісці толькі ў канцы жніўня - пачатку верасня. Жоўтыя галоўкі ўкропу заўчасна пасохлі і счарнелі, прыгажуні - флоксы спрабуюць несці свой водар людзям, а без дожджыку ён таксама не той… Ва ўсім адчуваецца спякота. На платах дасыхаюць сплеценыя вянкі жоўтабокай цыбулі, а менш дасціпныя гаспадынькі сушаць яе на покрыўках на зямлі. Людзі крыху збіраюць да кучы ўзрошчанае на палетках і гародах. Пахне на падворках расоламі і марынадамі. Свае пары пакуль не дачакаліся гарбузы, якія падстаўляюць яшчэ ў гародчыках аранжавыя бакі сонцу. А вечарамі падаюць у жнівеньскія травы садоў зоркі-знічкі і яблыкі. Жнівень жа - час зоркападу. І плыве пакрыху ў Сусвеце надыходзячы восеньскі сум.
…У такі вось спякотны дзень з водарам ураджаю прыехалі мы ў вёску з цікавай назвай Дуды. Захацелася пабачыць людзей, пагаварыць з імі, расказаць сваім чытачам пра іх жыццё-быццё.
Здаецца, побач з райцэнтрам гэтая вёска, а я ў ёй толькі праездам па галоўнай дарозе бываю. І аднойчы заязджала па справах да добрых людзей. І толкам неяк не разгледзела гэтага населенага пункта. А зараз усвядоміла, што вёска вялікая, асаблівая. Ніколі раней не бачыла я так аформленых і забудованых падворкаў. Яны адрозніваюцца ад падворкаў іншых населеных пунктаў раёна. Будыніны выстраіваюцца ў адну лінію. На вуліцу вокнамі і фасадам выходзіць хата, да яе лепяцца следам сені, розныя хляўчукі, гаспадарчыя пабудовы, свіраны, гумны. Часам бачыш дзве хаты, якія выходзяць сваімі дзвярыма на адзін двор. Аказваецца, так браты будаваліся ці так дзялілі бацькаву спадчыну.
А яшчэ падворкі і будыніны пачатку і першых дзесяцігоддзяў 20 стагоддзя гавораць пра тое, што людзі тут жылі заможныя. І, патрэбна сказаць, шляхетныя. Будаваліся грунтоўна, двары гаспадарчыя аддзялялі ад астатняга падворка, каб чыста было, каб жывёліна і куры не брудзілі.
Галоўная вуліца ў беларускай вёсцы спрадвеку вяла да храма. І дудская вуліца не стала выключэннем ў гэтым плане. Па ёй мы і пад'ехалі да адзінага ў раёне драўлянага каталіцкага храма - касцёла Нараджэння Свяцейшай Марыі Панны…
Імша ўжо была скончана, і мы паехалі далей па вёсцы, каб сустрэцца з ксяндзом-настаяцелем…

Даць людзям
радасць

…Ён выйшаў са свайго дома (дом добры, парафіянальны, дзе заўжды жыве святар). Без адзення святара наогул здаўся звычайным маладым мужчынам прыемнага вонкавага выгляду, з добрымі вачыма, якія свяціліся агеньчыкамі. А ўжо праз колькі хвілін мы зразумелі, што сустрэліся з чалавекам інтэлігентным, адукаваным, такім сапраўдным вясковым філосафам. Бадай, нічога і дзіўнага. Такім і павінен быць той, хто вядзе людзей да веры, да жыцця з Богам, хто імкнецца ім даць радасць. Менавіта ў гэтым бачыць сваё галоўнае прызначэнне, як святара, і ксёндз Вячаслаў Матукевіч.
Даць радасць людзям… Бог ёсць любоў… А любоў - гэта вялікая ахвяра. І яе не можа быць без радасці. Навучыцца разумець, што выйсце ёсць нават з самага непрадказальнага становішча, што патрэбна жыць, радавацца кожнаму дню і верыць.
…Выпускнік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі да Дудаў нёс сваю духоўную службу вікарыем у прыходах Жалудка, Ваўкавыска, Астраўца і Ліды. Чатыры гады, як ён стаў ксяндзом-настаяцелем дудскага касцёла. Лічыць, што яму дасталася вялікая духоўная спадчына ад іншых святароў, што служылі да яго ў касцеле Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны. І сапраўды, ксёндз Вячаслаў служыць у храме, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь і абараняецца дзяржавай. Пабудаваны храм разам са званніцай у 1772 годзе ў стылі барока ( у драўлянай версіі). У пачатку 17 стагоддзя у вёсцы (тады мястэчку) Дуды дзейнічаў іншы касцёл. Той храм падтрымліваў Ян Кароль Хадкевіч - польска-літоўскі палкаводзец і дзяржаўны дзеяч канца 16 і 1-й чвэрці 17 стагоддзяў, якому належалі Дуды. Затым валоданне вёскай Дуды перайшло да Гераніма Зянкевіча, які разам з жонкай Барбарай пабудаваў новы касцёл замест разбуранага ў 1772 годзе. Менавіта гэты касцёл упрыгожвае зараз вёску і з'яўляецца тут апорай веры і надзеі для людзей.
На пытанне, чаму касцёл такі вялікі (толькі сесці ў ім можа 120 чалавек, а ўсіх размяшчаецца да 500), ксёндз Вячаслаў расказаў, што раней працягласць Дудскай парафіі Віленскай архідыяцэзіі была ад Стоневічаў да Бакштаў. Фактычна, ад Іўя да канца сучаснай Гродзенскай вобласці.
Калі яго будавалі, парафіян было вельмі шмат. У часы фэсту, а ён спрадвеку праводзіцца тут 15 жніўня, у дзень Небаўзяцця (Успенія) Найсвяцейшай Марыі Панны, некалі ў касцёл прыходзілі і прыязджалі (а з Наварудка йшлі пешшу) некалькі тысяч вернікаў. Сёлета, між іншым, пешшу прыйшлі на свята ў касцёл 600 вернікаў з Іўя на чале са сваім святаром ксяндзом Янам Гавецкім.
Такія асаблівыя адносіны да гэтага храма склаліся даўно. Тут знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Дудскай. Ходзіць легенда, што менавіта яе цудоўнае з'яўленне і стала прычынай збудавання храма на тым месцы. А дапамогі ў цудатворнага абраза прасілі многія. Людзі йшлі і ехалі, каб знайсці паратунак ад хвароб і немачы. І знаходзілі. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўдзячнасці - вакол абраза прыладжаны металічныя выявы рук і ног, маленькіх сэрцайкаў. Што чалавек вылечыў, тое і майстраваў з металу, каб прынесці да абраза Маці Божай.
У касцёле, безумоўна, ёсць арган.. Ён, як кажа ксёндз Вячаслаў Матукевіч, 1893 года вырабу, як амаль усе такія інструменты ў Гродзенскай вобласці. Яны былі зроблены ў Вільні майстрам Астрамэцкім.
Многа цікавых рэчаў засталося ў расказах людзей пра гісторыю храма. Так, яго любіў наведваць лугамавіцкі пан Самуэль Воўк. Лютэранін, пратэстант, ён прыязджаў сюды са сваім аркестрам, сядаў перад алтаром, ля якога ставілі самых прыгожых дзяўчат. Пан слухаў музыку аркестра, аргана і глядзеў на прыгажунь. Пра жорсткасць гэтай гістарычнай асобы, упраўляючага лугамавіцкім маёнткам піша нават Адам Міцкевіч у паэме "Пан Тадэвуш".
Пан Воўк не толькі любіў глядзець на прыгожых паненак. Яму належала і права першай ночы з кожнай прыгоннай сялянкай, якая ўзяла шлюб.
Прынамсі, ля дудскага касцёла, на яго тэрыторыі, пахавана Ганна з Шваньскіх-Ланеўскіх, жонка пана Воўка. І сёння яшчэ на каменным памятніку бачны гэтыя запісы, а таксама словы аб тым, што аплакваюць добрую пані яе пляменнікі, якім яна замяніла заўчасна памерлую маці.
Тут жа, ля касцела, ёсць яшчэ шмат магіл ксяндзоў былых часоў (мы прачыталі імя Казіміра Альшэўскага, які памёр у 1894 годзе), другіх паважаных у наваколлі людзей. Таму што ля храма звычайна хавалі толькі годных землякоў, людей, якія шмат зрабілі для іншых, для касцёла, парафіі.


…Малады ўзростам і сталы розумам святар стаў захавальнікам памяці пра былое каталіцкага храма ў Дудах і пра зусім яшчэ нядаўнія падзеі, якім таксама ўжо наканавана стаць гісторыяй, гісторыяй неразумнасці былых улад.
…У 1956 годе касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны быў закрыты. І размясцілі ў ім калгасны склад. Аднойчы пайшлі чуткі, што прыедзе трактар, каб вырваць з храма галоўны алтар. Трактар насамрэч прыйшоў. Ды толькі людзі ляглі на зямлю на яго шляху, пачалі плакаць, крычаць. Трактарыст выйшаў і прапанаваў міліцыянеру сесці за руль трактара. Той таксама адмовіўся. І алтар выратавалі.


На працягу ўсіх гадоў забыцця гэтай святыні, вернікі шмат пісалі прашэнняў, ездзілі па розных інстанцыях (нават у Маскву), прасілі за храм. І дабіліся свайго - у 1980 годзе касцёл адкрылі. А ў 1986 годзе сюды з Іўя адпраўляць богаслужэнні стаў прязджаць светлай памяці ксёндз Леанід Нясцюк.
Потым Дуды атрымалі свайго святара. Вячаслаў Матукевіч, сённяшні духаўнік парафіян дудскага касцёла, духоўная ўлада вёскі. Сімвалічным прадстаўніком дзяржаўнай улады з'яўляецца ў вёсцы Моніка Іванаўна Дудоўская - дудскі стараста…

Шляхетная вёска
шляхетных людзей

…Рыпнулі веснічкі, прапусцілі нас на чысты падворак, такі, як і па ўсіх Дудах, з гаспадарчым дваром, з мноствам кветак, з абавязковымі кветкавымі атрыбутамі жнівеньскай вёскі - флоксамі. У верандзе гаспадыня стол накрывала. Там стаялі талеркі з халадніком.
- Вось рыхтую абед. Мужчыны мае косяць, зараз карміць буду.
Неяк адразу ўспомнілася дзяцінства і тое, як завіхаліся жанчынкі, каб сытней і смачней накарміць касцоў - работа цяжкая і важная. Аказалася, мужчыны Монікі Іванаўны (муж і дарослы сын, які прыехаў з горада) касілі на падворку. Касілі трымерам. Канешне, не ўдалося пабачыць, як ідуць касцы з косамі на плячах. Ды нішто. Работа застаецца работай. І трава скошана сучасным і лягчэйшым спосабам…
У прахалодзе вясковай хаты, дзе ўсё ззяла чысцінёй і парадкам, мы пачалі сваю гаворку з вясковым старастам.
Я, пабачыўшы Моніку Іванаўну, здзівілася, таму што заўжды лічыла, што гэтая жанчына жыве ў Іўі. Доўгі час працавала ў гандлёвых прадпрыемствах спажывецкай кааперацыі раёна, потым справаводам і інспектарам па заявах і скаргах грамадзян у райвыканкаме. Заўжды ў цэнтры ўвагі.
А насамрэч гэтая прыгожая жанчына да таго, як з сур'ёзным тварам заняцца сваёй работай, разам з мужам, электрыкам сельэнерга, а затым камунгаса Эдуардам Іосіфавічам штодня і ранкам, і надвячоркам дзесяцігоддзямі ехалі на працу і з яе на веласіпедах з Дудаў і назад.
А дома была гаспадарка немалая, двое дзяцей, яшчэ і буракі калгасныя бралі палоць. Гэта было звычайнай справай. Палолі не толькі калгаснікі, але і вясковаая інтэлігенцыя. Дзе прымушалі, дзе людзі самі йшлі, каб атрымаць своечасова сенакосы (настаўнікам і медыкам давалі іх у апошнюю чаргу), а дзе і буракі для жывёлы атрымлівалі ў канцы сезону. Працавала вёска ад цямна і да цямна. І Дудоўскія таксама.
…Старастамі ў вёсках абіраюць людзей найбольш арганізаваных, актыўных, гаспадарлівых. І то… Яны ж паўнамоцныя прадстаўнікі ўлады на вёсках. А больш проста сказаць, цераз іх звязваюцца сельвыканкамы і вышэйшыя ўлады з вёскай, наладжваюць сустрэчы з людзьмі, цікавяцца справамі, высвятляюць праблемы. Стараства сёння ў беларускай вёсцы, якая, на жаль, старэе, вельмі важная і неабходная справа.
Моніка Іванаўна амаль што з гонарам гаворыць аб тым, што Дуды яшчэ вёска жывая, шляхетная, якая захоўвае традыцыі колішніх часоў, у якой яшчэ па суботах падмятаюць вуліцы без прымусу ўлад, прыбіраюцца ля вулічных крыжоў.
Большая палова сядзіб (26 двароў) сёння ў вёсцы працягваюць сваё жыццё. Сярод іх - шэсць сем'яў працаздольнага ўросту. І хоць старэе народ вёскі, аднак імкнецца годна трымаць марку мястэчка, якім была раней вёска. У Дудах, між іншым, працавала школа-сямігодка, дзе навучаліся дзеці са шматлікіх навакольных вёсак, жылі рамеснікі і гандляры- яўрэі, працавала міні-пякарня, дзве карчмы і іншыя аб'екты вясковай цывілізацыі.
Моніка Іванаўна кажа, што больш за іншых вяскоўцаў для Дудаў яна нічога не робіць. Разам людзі завіхаюцца. Вось ужо не першы год просяць адрамантаваць вуліцу да касцёла - гэта невялічкі кавалачак шляху ад галоўнай асфальтаванай дарогі. Аднак, калі непагадзь і зіма, тут немагчыма прайсці. А ў касцёл жа нярэдка прыязджаюць турысты са ўсёй Беларусі і з-за мяжы, паломнікі здалёк прыходзяць і едуць.
Усе справы дудчане ў асноўным са старшынёй сельвыканкама Таісіяй Валянцінаўнай Лось абмяркоўваюць і са сваім святаром ксяндзом Вячаславам. Моніка Іванаўна кажа:
- Да нас Боскае слова даходзіць з яго вуснаў. Ён разумны і добры, ён гаспадарлівы, непакоіцца і пра вёску, і пра касцёл.
Так, як мы даведаліся, дудскі ксёндз сам косіць тэрыторыю вакол храма, удзельнічае разам з прыхажанамі ў яго рамонтах і прыбіранні. Ля касцела па яго ініцыятыве і пры яго ўдзеле спілаваны старыя дрэвы і пасаджаны маладыя сеянцы.


Ксёндз Вячаслаў нярэдка збіраецца і едзе ў аддаленыя населеныя пункты - іх жыхары час ад часу хочуць памаліцца разам са сваім святаром у роднай вёсцы, таму што, бывае, што і няма чым даехаць да касцёла. А яшчэ пагутарыць з духоўнікам, паспавядацца.
Шмат увагі, па словах прыхаджан, ксёндз надае дзецям і моладзі, сустракаецца з тымі, хто збіраецца прыйсці вянчацца ў касцёл, прымае турыстаў і расказвае ім пра Дуды і храм.
… Пра чалавечнасць жыхароў вёскі і настаяцеля мясцовага касцёла гавораць не толькі адносіны да жывых. Ёсць месца, якое скажа і пра высокую мараль, і пра сумленнасць. Безумоўна, гэта могілкі і нашы адносіны да іх. Моніка Іванаўна сказала, што людзі вёскі ні на кого не спадзяюцца ў гэтай святой справе - памяць і клопат пра родныя пагосты. Збіраюць грошы, наймаюць тэхніку. Убіраюць, вывозяць смецце. Няма ў дудскіх вернікаў паняцця "чужыя" і "свае" магілы. Сама Моніка Дудоўская ахвяравалася прыбіраць тыя магілы, за якімі няма каму ўжо даглядаць, і моліцца яна за тых, хто ляжыць пад гэтымі помнікамі. Хіба ж гэта не чалавечнасць?! Гэтаму Дудоўскія заўжды вучылі сваіх двух сыноў, а тыя зараз выхоўваюць сваіх дзетак. У бабулі з дзядуляй чацвера ўнукаў. Самаму старэйшаму 21 год, а самай маленькай яшчэ 9. Жыццё працягваецца. І, безумоўна, Дуды ў падсвядомасці новых парасткаў сям'і Дудоўскіх застануцца месцам, дзе, у першую чаргу, цёпла душы…

Сапраўдны
цэнтр Сусвету

…Хаты на вясковай вуліцы шмат могуць сказаць. І, у першую чаргу, пра сваіх гаспадароў. Я ўжо казала, што ў Дудах яны ўсе асаблівыя. Усе падворкі акуратныя, чыстыя, прыбраныя, запоўнены кветкамі. Аднак жа, адна хаціна кінулася не толькі ў вочы, але і ў сэрца. Перад фасадам дома вілася ўверх драўляная лесвіца, амаль на кожнай прыступцы якой стаялі рознакаляровыя пятунні. А наверсе, на гарышча вялі дзверы, уваход у мансарду, летні пакой. Мы ступілі на двор дома і зноў замілаваліся нейкім асаблівым "царством-государством", якое стварылі для сябе гаспадары гэтага дома з дудскай вуліцы, што вядзе да касцёла. На двары шмат кветак, расце ляшчына, на якой штогод бываюць арэхі, утульная альтанка, пограб, як у сапраўдных гаспадароў, асобна ад дома; чатыры высокія пні, якія яшчэ зусім нядаўна былі прыгожымі стагадовымі, але, на жаль, ужо небяспечнымі вязамі. І вось пад гэтымі вязамі і ў гэтым прасторным доме жылі доўга людзі, дзяцей выхоўвалі, унукаў песцілі. І адна з дачок (зараз Марыя Валер'еўна Стадольнік, намеснік дырэктара Іўеўскай гімназіі па гаспадарчай рабоце, а раней - інжынер МПМК-171), разам са сваім мужам Мікалаем Яўгенавічам не змагла кінуць бацькоўскую хату. Спачатку жылі разам з маці, потым атрымалі інтэрнат, затым кватэру пабудавалі ў Іўі. І ўсё роўна вярнуліся ў Дуды, як дзеці школу скончылі. Праўды, муж больш часу жыў у Дудах - працаваў загадчыкам участка ў мясцовым калгасе , потым у Лелюках на вытворчасці. Зараз Марыя Валер'еўна яшчэ працуе. Таму, на жаль, мы і не засталі яе дома. Ды гаспадар паказаў сваю "фазэнду", дзе прысутнасць ладнай гаспадынькі існуе паўсюдна - у дагледжаных пакоях хаты, у вялікім мностве кветак, цыбулі, што сохла на траве побач з градамі, спеючых на цёплым сёлетнім сонцы памідорах, гурках, што ўжо засушвае жнівень…
Як прыгожа зараз у вясковых дварах, як пахне зямля багаццем і ўраджаем! Падаюць яблыкі, слівы поўняцца сокам. А за грунтоўным плотам - гаспадарчы двор. І паўсюдна прыгажосць такая, што хочацца застацца. Адразу за такімі думкамі з'яўляюцца іншыя - як жа шмат працы тут, як гэтыя людзі паспяваюць усё зрабіць, калі адпачываюць. А адпачыць, між іншым, ёсць дзе. І прыгожыя арэлі, і яшчэ адна альтанка далёка ў садзе, і лазня за тым плотам, аб якім вышэй гаварылася. Там жа стаіць міні-замак, які пабудаваў сын. Там самаробны басейн, дзе добра ў спякоту паплаваць унукам і дзе ўключаецца фантан, калі яны прыязджаюць. А далей, у самым канцы гэтай сядзібы - сапраўдная сажалка. І рыба ёсць, і жабы квакаюць вясновымі вечарамі. Вось туды, як кажа Мікалай Яўгенавіч, ён ходзіць, калі зусім ужо стоміцца - сядзе, ногі ў ваду апусціць. Але ні разу яны з жонкай не пашкадавалі, што жывуць у вёсцы, маючы трохпакаёвую кватэру ў горадзе. Людзям, якія нарадзіліся ў сваёй хаце, у вёсцы, цяжка звыкнуцца з путамі кватэры на высокім паверсе.
Такія гаспадары, як Стадольнікі, ёсць, бадай што, у кожнай вёсцы - асаблівыя, што цягнуць свае клопаты з рання да вечара. Таму што такая прыгажосць і такая ўтульнасць самі па сабе не з'явяцца. Гэта шматгадовая праца разумнага, масцеравога гаспадара і руплівіцы-гаспадыні. Гэта як доказ таго, што сям'я тут жыве сапраўдная, што тут не дзеляцца на галоўнага і не галоўнага. Тут двое, муж і жонка, абое галоўныя, намеснікаў няма, як сказаў гаспадар дома. Яны і сапраўдныя бацькі, да якіх так любяць прыязджаць дзеці і ўнукі. У Стадольнікаў трое дзяцей. Дачка Наталля - эргатэрапеўт, Вольга - эканаміст, Андрэй - інжынер-будаўнік.


На такіх бацьках жыццё заўжды трымаецца, дзецям жыць лягчэй, а на працаўніках такіх спрадвеку - вёска. Асабліва гэта важна цяпер, калі яна старэе, калі маладых няма. А хто і ёсць, то імкнецца лягчэй пражыць. Стадольнікам жа, як кажа Мікалай Яўгенавіч, у вёсцы, як рыбе ў вадзе. Таму што жыве вёска-руплівіца па сваіх законах, захоўваючы традыцыі дзядоў і бацькоў, дыхаючы сваім паветрам, знаходзячыся ў сваім, асаблівым асяроддзі.
Гаспадар так гаварыў пра вёску, пра прыроду, што мне здалося - вось бы людзям такім прапанаваць у школе прадмет выкладаць пра любоў да малой радзімы, да вёскі, зямлі. Моладзь заставалася б больш ахвотна. Ды гэта толькі мары. Проста шчасце, што людзі такія яшчэ жывуць у нашай вёсачцы, не даюць ёй парасці бур'яном, яшчэ бачаць сапраўдныя світанкі і чароўныя прыцемкі, сустракаюць сваіх дзяцей і ўнукаў на парозе роднага дома…
… Некалі па раёне прымаўка хадзіла: "Як прыедзеш у Дуды, то ні туды і ні сюды". Не разумею, чаму так калісьці і хтосьці сказаў. Я зараз упэўнена: як прыедзеш у Дуды, то, здзівішся ўбачанаму, замілуешся і вёскай, і людзьмі. І яшчэ раз упэўнішся ў тым, як гэта цудоўна - быць гаспадаром у сваёй хаце, на сваёй зямлі і ў сваёй малой радзіме. Яна толькі называецца малой, а на самай справе для кожнага - гэта сапраўдны цэнтр Сусвету…

В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

 

Оставить комментарий

Ивье

Облачно
2°C
ЮЮВ - 33.80 км/ч
Среда
3°C / 6°C
Четверг
2°C / 4°C
Пятница
-1°C / 2°C
  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 1 руб. 80 коп. (18 тысяч рублей); 
– на три месяца – 5 руб. 40 коп. (54 тысяч рублей); 
– на шесть месяцев – 10 руб. 80 коп. (108 тысяч рублей).

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки

Президент Республики Беларусь


Ивьевский районный исполнительный комитет

\

 

 

Please publish modules in offcanvas position.