Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"



Дом - гэта там, дзе тваё сэрца…

Год малой родины / Пятница, 03 августа 2018 13:06 / Прочитано: 10843

Нагамі чалавек павінен урасці ў зямлю сваёй Радзімы, аднак вочы яго няхай аглядаюць увесь свет. Вось таму, імкнучыся быць грамадзянамі свету, наведваючы розныя краіны, нават калі жывём там, мы ў сэрцы пакідаем куточак Радзімы, куды імкнецца наша сэрца, дзе жыве наша вуліца дзяцінства, нашы сябрукі з той шчаслівай пары, хлопцы і дзяўчаты вясковай, местачковай вуліцы ці гарадскога двара. І таму па ўсім Сусвеце гучыць гэтая высокая туга пад назвай настальгія - туга па Радзіме. Па тэлефонных правадах і ў прасторах інтэрнэту ляцяць гудкі, паведамленні, каб на другім канцы адказалі землякі і родныя людзі.

Зусім нядаўна настальгія сабрала разам нашых землякоў, былых дзяўчат і хлопцаў з Садовай і Савецкай вуліц: Ядзвігу Юфераву, Тамару і Ілью Кошчараў, братоў Грыбавых - Георгія, Уладзіміра і Анатолія, іх сяброў і аднакласнікаў. Мы паспрабуем у нашай "Гасцёўні" пагутарыць з кожным з нашых землякоў, зараз і сапраўды грамадзян свету, іншых краін. А сёння наш госць - Георгій Міхайлавіч Грыбаў, кандыдат філасофскіх навук, прафесар, 17 год загадваў кафедрай філасофіі і культуралогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Напэўна, не проста так нараджаюцца філосафы на нашай зямлі. Яны ўмеюць думаць, яны ўмеюць аналізаваць, яны ўмеюць, адкінуўшы "шалупінне", вызначыць галоўнае і ў жыцці, і ў асобным дзеянні ці з'яве.
Яшчэ ніхто не адкідваў значэнне паходжання. А Георгій Міхайлавіч, між іншым, не толькі адзін з трох сыноў іўеўскіх інтэлігентаў, настаўнікаў Ніны Вікенцьеўны і Міхаіла Міхайлавіча Грыбавых, але і ўнук настаўніка-легенды яшчэ з польскіх часоў Вікенція Плескача, аб якім некалькі гадоў таму пісаў у раённай газеце краязнаўца-даследчык Алег Ігліцкі…

Г. ГРЫБАЎ:
- У пэўныя часы кожны з нас бывае філосафам, хоць аднойчы думаючы пра сэнс жыцця, пра сваё прызначэнне на зямлі і ў жыцці, пра іншыя рэчы, якія непакояць душу. І я, перш чым знайшоў сваё прызначэнне, паспрабаваў настаўнічаць (быў настаўнікам Карпавіцкай і Лукашынскай васьмігадовых школ), вучыўся завочна ў Гродзенскім педінстытуце на філалагічным факультэце. Праз год зразумеў, што гэта - не тое. Паступіў на гістарычны факультэт МДУ імя Ламаносава - галоўнага ўніверсітэта Савецкага Саюза. Там пратрымаўся тры семестры…

Карэспандэнт:
- Добраахвотна адказацца ад вучобы ў такой прэстыжнай ВНУ мог і сапраўды толькі філосаф. Хоць яшчэ і без адукацыі. Таму што гэта так важна, гэта так правільна - шукаць сваё. Нездарма ж кажуць, каб не скардзіцца на дарма пражытыя гады, патрэбна ў пачатку свайго дарослага шляху зрабіць два правільныя выбары - выбар будучай спецыяльнасці і будучага спадарожніка жыцця…

Г. ГРЫБАЎ:
- Я зноў забраў свае дакументы з універсітэта, стаў думаць. Мяне турбавала лішняе ў гісторыі. Розум быў накіраваны на эсенсіі, вяршкі думак, а не на вялікую колькасць часам непатрэбнай інфармацыі. Тым больш, што ў ламаносаўскім універсітэце я пасябраваў з хлопцамі з філасофскага факультэта. Быў вельмі ўражаны прадметамі, якія яны вывучалі, праграмамі курсаў. Аналітыка, пранікненне ў існасць. Я зразумеў, што нарадзіўся менавіта дзеля таго, каб займацца такімі навукамі, працаваць і думаць у такім стылі. А тут у БДУ імя Леніна толькі-толькі пачынаў дзейнічаць філасофскі факультет ці, правільней будзе сказаць, аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта. Толькі дваццаць чалавек набіралі штогод для навучання там. Туды я і накіраваўся. Мне было тады 23 гады.

Карэспандэнт:
- Пачаўся, як кажа сам Георгій Міхайлавіч, мінскі перыяд яго жыцця, пачалася сур'ёзная вучоба. Ён у адначассе зразумеў, што знайшоў тое "сваё", зрабіў адзін з двух правільных выбараў, аб якіх гаварылася вышэй. Яшчэ ў Маскоўскім універсітэце выкладчык Зоя Георгіеўна Кіслягіна, азнаёміўшыся з адной з першых яго курсавых работ па гісторыі, адзначыла наступнае. Маўляў, работа так сабе, можна нават назваць слабой, а вось вывады ў канцы яе і сапраўды годныя дарослага, разумнага філосафа.
Там жа, у Мінску, ён зрабіў яшчэ адзін правільны, лёсавызначальны выбар. Яго каханай абранніцай стала таксама студэнтка філасофскага факультэта Ірына. Пасля заканчэння БДУ муж і жонка Грыбавы сталі выкладаць філасофію студэнтам Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, зараз - Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.
У сям'і філосафаў выраслі дзеці: дачка Вераніка закончыла лінгвіс-тычны ўніверсітэт, выкладае замежную мову таксама ва ўніверсітэце, у якім ўсё жыццё працавалі бацькі, сын Уладзіслаў - айцішнік, працуе і жыве ў Германіі.
Сям'я сустракаецца, карані застаюцца. Як і з малой радзімай - горадам Іўе.

Г. ГРЫБАЎ:
- Малая радзіма толькі называецца малой. Насам- рэч займае агромістае месца ў душы і сэрцы кожнага чалавека. Гэтага не растлумачыць, не зразумець. Гэта і сапраўды нешта звязанае з душой, з падсвядомасцю. Сацыёлагамі Беларусі было праведзена апытанне наконт таго, што ж такое Радзіма. І ніхто не адказаў, што гэта дзяржава, краіна. Людзі казалі, што гэта месца, дзе ты нарадзіўся, гэта твая вёска ці двор у горадзе, гэта хата сярод бэзу і чаромхі, гэта рэчка, куды бегалі ў дзяцінстве басанож, гэта звыклая воку прырода наўкол. Мая малая радзіма кліча мяне зноў і зноў выйсці на бераг іўеўскага возера (яно ж за плотам двара бацькоўскай хаты). Гэта мае сябры дзяцінства, з якімі лёс да гэтае пары дазваляе яшчэ сустракацца. Малая радзіма - гэта і вёска Морына, дзе жылі мае дзед Вікенцій і бабуля Дарья Плескачы, надзвычай інтэлігентныя, разумныя, добрыя людзі…
Наогул, лічу, што мне пашчасціла жыць у мястэчку. Так называлі Іўе раней. Заходнія беларускія мястэчкі - гэта незвычайная з'ява ў нашай гісторыі, унікальнае асяроддзе пражывання людзей з асаблівай культурай, якая з'яўляецца гарманічным спалучэннем культуры мусульман, іўдзееў, беларусаў, палякаў…
Колішні прэзідэнт Германіі Йаганэс Рау сказаў: "Адпраўляючыся ў іншыя краіны, важна мець Радзіму ўнутры сябе. Таму што ў таго, у каго яе не будзе там, не можа быць і суседзяў". А суседзі - гэта тое звяно, якое звязвае нас з дзяцінствам, юнацтвам, з нашымі сябрамі, сваякамі, людзьмі аднаго месца…

Карэспандэнт:
- Георгій Міхайлавіч ужо пяць гадоў, як не выкладае ва ўніверсітэце. Аднак ціхі, заслужаны адпачынак зусім не да спадобы гэтаму чалавеку. Сёння ён - гаспадар аграсядзібы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці "Млынок", дзе ёсць магчымасць камфортна і ціха адпачыць сям'ёй у доміку на беразе рэчкі Лясная, дзе разам з гаспадаром можна паспрабаваць прайсці водным шляхам на байдарках, паспаць на лежаках з духмяным сенам, пакатацца на веласіпедах, перапраўляцца на міні-пароме на другі бок рэчкі, пасядзець ля кастра цёплым летнім вечарам, паспытаць ні з чым не параўнальнага чаю з белавежскіх траў, наведаць "сенавал-гатэль" . Так Георгій Міхайлавіч назваў месца, дзе раней захоўвалася ў былых гаспадароў хаты сена. А зараз тут ёсць магчымасць на ўтульнай канапе паглядзець тэлевізар. Тут жа знаходзіцца і музей рэчаў сялянскага побыту былых стагоддзяў, дзе на ганаровым месцы знаходзяцца рарытэты з Морына: маслабойка, карціна, дошка для раскаткі цеста, 125-гадовая швейная машынка "Зінгер". Наогул, у "Млынку" можна забыцца сярод прыроды і добрых, разумных гаспадароў. Такое цудоўнае спалучэнне адпачынку і прыемнага турызму. Як сказаў Георгій Мійлавіч, яшчэ раней, працуючы выкладчыкам ва ўніверсітэце, ён стварыў свой паралельны свет - турызм як форму адпачынку, а затым і від дзейнасці, які стаў прыносіць сям'і прыбытак. Дача ў Камянецкім раёне стала аграсядзібай, у якой сёння ёсць чатыры аб'екты.

Г. ГРЫБАЎ:
- Я зноў звярнуся да Йаганэса Рау: "Пастаянная гатоўнасць адправіцца ў дарогу - гэта адзіная форма быцця між "тут" і жыццём "там". Філасофскае такое выказванне. А я, між іншым, так і жыву. Яшчэ ў дзяцінстве, седзячы на беразе Нёмана, наглядаў, як паромшчык выбіваў штопары, каб апусціць на дно лінь (канат, па якім цягнуўся паром) і дазволіць плытагонам прай-сці сваім "караванам" . Я тады думаў, што вырасту, змайструю сабе плыт і адпраўлюся ажно да Балтыйскага мора. Пасля 8 класа ўпершыню з сябрамі, атрымаўшы бацькоўскі дазвол і некалькі рублёў, адправіліся на Свіцязь, каб паплаваць з маскамі. Ішлі пешшу і ехалі на папутных машынах. Паплавалі, замерзлі ноччу, начуючы на кучы галля без палаткі, вярнуліся дамоў, аб'едзеныя камарамі, аднак шчаслівыя.
Плыт, на якім па хвалях Нёмана я даплыву да Балтыйскага мора, канешне, застаўся марай. Аднак турызм і актыўны адпачынак сталі звыклай з'явай для мяне і маёй сям'і. Былі ў нас двухтыднёвыя паходы на байдарках, пераадольвалі мы разам 3-тысячныя вышыні на Каўказе… Было кароткае падарожжа і на плыце ў Паўднёвай Якуціі
24 гады назад, калі Брэст святкаваў Дзень горада, стартаваў веласіпедны марафон, ініцыятарам якога я з'явіўся. Я, мае сябры, загадчыкі кафедрамі ўніверсітэта, і знаёмыя турысты-брэстчане, за 39 дзён прайшлі ад Буга да Атлантыкі, ад беларускага Брэста да Брэста французскага. Наш шлях прайшоў праз Польшчу, Славакію, Аўстрыю, Германію. Да гэтае пары ніхто ў Брэсце не паўтарыў нашага веламарафону.
Веласіпед - гэта маё асаблівае хобі. Калі зусім ўжо стамляюся, саджуся і еду. У 47 гадоў праехаў неяк у адзін дзень 160 кіламетраў. Летась у гонар 44-годдзя сумеснага жыцця з жонкай Ірынай праехаў "за дваіх" 88 кіламетраў. У гэтым годзе траса складзе ўжо 90 кіламетраў…

Карэспандэнт:
- Георгій Міхайлавіч Грыбаў - адзін з першапраходцаў беларускага аграэкатурызму. І сёння ён ужо не проста суб'ект гэтай цудоўнай з'явы, але і грамадскі дзеяч гэтага накірунку адпачынку - член праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" ад Брэсткай вобласці, старшыня грамадскага савета па аграэкатурызму. Ён уключаны ў кансультацыйны савет пры Міністэрстве спорту і турызму па спецыфіцы аграэкатурызму, каардынатар дробных і вялікіх праектаў па турызме. Трэці год Георгій Міхайлавіч жыве ў вёсцы, актыўна супрацоўнічае з мясцовым Відамлянскім сельвыканкамам. Разам напісалі і выйгралі мноства праектаў. Пры сельвыканкаме створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіццці, які стаў месцам правядзення семінараў, "круглых сталоў", праекта "Лабараторыя Сонца", каардынатарам якога ён з'яўляецца. Ініцыятыва з такой назвай па праекце ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на месным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" рэалізавана ў Відомлі сёлета. У працэсе ажыццяўлення праекта на тэрыторыі старога сада, які размяшчаецца ў самым цэнтры аграгарадка, з'явілася рэкрацыённа- абвучаючая пляцоўка, галоўнае прызначэнне якой - папулярызацыя альтэрнатыўных крыніц энергіі. Сад пераўтварыўся ў парк з пешаходнымі дарожкамі, месцами адпачынку, устаноўлены ліхтары, ёсць устаноўкі для падзарадкі мабільных прыбораў. Сонечную энергію накопліваюць шэсць спецыяльных панэляў. Праект "Лабараторыя Сонца" самы дарагі: дзесьці 28 тысяч долараў выдаткаваў Еўрасаюз, у сафінансаванні ўдзельнічалі - ОАО "Відамлянскае" і сярэдняя школа аграгарадка, у якой адкрыўся класс па энергазберажэнні.
Вось такія добрыя справы на рахунку нашага земляка, які годна на працягу ўсяго жыцця прадстаўляе сваю малую радзі-му на прасторах Беларусі і ўсяго свету.

В. ГУЛІДАВА.
Фота
С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
Считаете ли Вы, движение студенческих отрядов популярным?
Какой профиль студенческих отрядов Вы считаете самым популярным?
Выберите на свой взгляд плюсы студенческих отрядов, из предложенных

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 2 руб.;
– на три месяца – 6 руб.; 
– на шесть месяцев – 12 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.