Редакция газеты "Iўеўскі край"

Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Рэгіён. Радзімы промнямі сагрэтыя, ідзём, нястомныя, па свеце мы

Год малой родины / Понедельник, 09 апреля 2018 08:28 / Прочитано: 2745

Праект раённай газеты “Рэгіён” – гэта і ёсць даніна павагі малой радзіме, яе людзям, яе вёскам і вёсачкам, месцу, дзе нарадзіліся, дзе знайшлі сваё асабістае “я”, дзе спазналі каханне і цяжкую долю, шчасце і журботы, аднак, усё роўна — шчасце, бо жыццё – яно і ёсць гэтае паняцце.
Сёння мы запрашаем сваіх чытачоў у навакольныя вёскі сельсавета, у Юрацішкі, якія некалі былі цэнтрам Юрацішкаўскага раёна. Такія былыя цэнтры - асаблівыя месцы, з асаблівымі людзьмі і асаблівым укладам жыцця. Прывыклі быць галоўнымі, лепшымі, значнымі, а потым — гістарычныя перабудовы і змены… І вось разуменне асаблівасці засталося, а месца пакрыху губляе свой статус, губляе былую асаблівую ўвагу ўлад. І з цягам часу губляе і выгляд цэнтра. Юрацішкі - не выключэнне. Удалося нядаўна пабачыць колішні план генеральнай забудовы пасёлка. Як ўсё цудоўна планавалася, якія мікрараёны з шматпавярховых будынін павінны былі ўзняцца на месцы бліжэйшых невялікіх вёсак!..
Не стала раёна, не стала і тых планаў. Аднак Юрацішкі занялі годнае месца, сталі гарадскім пасёлкам Іўеўскага раёна, дзе засталіся жыць людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, партыйныя і савецкія работнікі, якія ехалі з усходу ўздымаць народную гаспадарку, будаваць новае жыццё. Гэта былі людзі, якія веру сваю прымалі аднойчы і на ўсё жыццё, якія верылі ў заўтрашні светлы дзень і рабілі ўсё дзеля яго на працягу свайго жыцця.
…Тут дзейнічала і зараз дзейнічае адна з лепшых сярэдніх школ раёна, якая заўжды вылучалася і настаўнікамі, і здольнымі вучнямі. Адміралы флоту СССР, дыпламат высокага ўзроўню, першаадкрывальнік радовішча алмазаў у Еўропе, навукоўцы, генералы арміі і Міністэрства ўнутраных спраў СССР, урачы, настаўнікі, афіцэры, працаўнікі сельскай гаспадаркі – выпускнікі школы працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі краіны і краін блізкага замежжа.У Юрацішках і культурная сфера заўжды прадстаўлена самымі таленавітымі, самымі творчымі. Складваецца ўражанне, што да гэтае пары пасёлак і яго людзі імкнуцца адпавядаць былому статусу цэнтра раёна і яго насельнікаў…
Сёння Юрацішкаўскі сельсавет — гэта 38 населеных пунктаў, сярод якіх сем хутароў. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца: КСУП “Юрацішкі”, Юрацішкаўскае лясніцтва, лесапункт “Юрацішкі” Іўеўскага лясгаса, аддзяленне Беларусбанка, Гродзенская міжраённая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў “Вымпел”, ТАА “Дэльтакамерс”, ТАА “ІВЮ”, ТАА “Цехнагранэкспа”, ТАА “Юраттэхбуд”, Ляпёшскае лясніцтва Іўеўскага лясгаса, Іўеўскі вытворчы ўчастак “Лідахлебапрадукт”, чыгуначная станцыя “Юрацішкі”, Бакштаўскі ўчастак лесанарыхтоўчага цэнтра ААТ “Мостадрэў”, прарабскі ўчастак №2 (дарожна-рамонтнае падраздзяленне ДРБУ-156). Гандлёвыя паслугі насельніцтву аказваюць чатыры магазіны Іўеўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і 6 прыватных крамаў. Бытавыя паслугі, як і па ўсім раёне, перайшлі ў рукі індывідуальных прадпрымальнікаў.
Новых будучых выдатных асобаў і гонар малой радзімы рыхтуюць дзве ўстановы адукацыі: Юрацішкаўскі яслі-сад- сярэдняя школа і Чарнэльскі дзіцячы сад – базавая школа.

…Аб усім гэтым з задавальненнем расказаў нам старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Кірылавіч Казановіч, які зусім нядаўна заняў гэтую пачэсную, а яшчэ больш — надзвычай адказную і цяжкую пасаду, аднак у курсе ўсіх сельсавецкіх спраў. Таму што з першых жа крокаў на новай пасадзе ён адчуў вялікую дапамогу сапраўднага профі ў пытаннях працы сельвыканкама, якім з’яўляецца ўпраўляючы справамі сельскага выканаўчага камітэта Ірына Іосіфаўна Лапата. У курсе спраў ён і таму, што нарадзіўся тут, тут жыве ў былой бацькоўскай хаце, тут выхаваў разам з жонкай Сабінай Сцяпанаўнай сваіх дзяцей і адправіў у вялікі свет; тут спазнаў усе цяжкасці жыцця дзіцяці, якое рана засталося без бацькі (ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік штурму і ўзяцця Берліна, які меў баявыя ўзнагароды і медаль “За отвагу”, Кірыл Іосіфавіч Казановіч заўчасна памёр), а маці змагла, тым не менш, адбыцца як маці, як працаўніца – мела надзвычай пачэсную ўзнагароду – ордэн Пашаны…
…Сяргей Кірылавіч у Юрацішках свой, тутэйшы. Гэта, з аднаго боку, добра: ведае людзей, хто чым, як кажуць, дыхае. З другога – цяжка, бо надзвычай далікатна трэба ставіцца да кожнага – свайму прабачыць за памылкі цяжэй. А галоўнае – кожнага пачуць. Трэба ўмець вылучыць прафесіянальных “жалобщиков”, якія сваё жыццё прысвяцілі скаргам па ўсякім выпадку і без яго. І тых, каму сапраўды патрэбна дапамога. Чалавек павінен пайсці з кабінета прадстаўніка дзяржаўнай улады з надзеяй. Сяргей Кірылавіч адзначае, што часам атрымліваецца падштурхнуць кагосьці на тое, каб самому паспрабаваць вырашыць асобныя пытанні, не чакаючы, што ўсё за яго зробіць дзяржава.
Вось, напрыклад, скардзіліся людзі на дрэннае жыллё. Сям’я іх прызнана сацыяльна небяспечнай. А па сельсавеце, як і ў іншых вёсках раёна, зносяць безгаспадарныя хаціны. Асобныя з іх, калі падысці па-гаспадарску, яшчэ на нешта могуць спатрэбіцца. Вось і прапанаваў старшыня гаспадару той сям’і ўзяць адзін такі дом, разабраць яго і падрамантаваць, пашырыць свой. І той прыслухаўся, узяўся за справу.
Упэўніць чалавека ў старшыні атрымліваецца. Нездарма ў свой час працаваў шмат менавіта з людзьмі: у сельскай гаспадарцы раёна, узначальваў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іўеўшчыны, працаваў у лесапункце…
Сельсавет не знаходзіцца ў стане “адзіночнага плавання”. Заўжды гатовы дапамагчы яму ў асобных пытаннях розныя арганізацыі і прадпрыемствы. Асабліва ўдзячны старшыня кіраўніку прарабскага участка №2 Іўеўскага ДРБУ -156 Уладзіміру Мікалаевічу Смушко, які ніколі не марудзіць з дапамогай па добраўпарадкаванні дарог і вуліц у рэгіёне, нават у снежныя дні сёлетняй зімы да юрацішкаўскіх дарожнікаў не было аніякіх пытанняў. Усё рабілася своечасова, хутка, адказна.
ДАЦ “Юрацішкі” (Валерый Іванавіч Базык), па словах старшыні, аказвае незаменную дапамогу насельніцтву ў нарыхтоўцы паліва. На яго ідуць так званыя дровы- адходы, якія прадпрыемства на сваім транспарце дастаўляе пажылым людзям.
Сапраўднымі партнёрамі ў агульных клопатах сталі для сельвыканкама і два лясніцтвы рэгіёну (Юрацішкаўскае і Ляпёшскае), якія ўзначальваюць Валянцін Іванавіч Гурын і Іван Вацлававіч Забела.


Васіль Іванавіч Каспяровіч, начальнік Іўеўскага вытворчага участка “Лідахлебапрадукт”, дэпутат сельвыканкама, намеснік старшыні па дэпутацкім корпусе, таксама дапамагае вырашаць усе ўзнікаючыя праблемныя пытанні. Напэўна, так і патрэбна сярод суседзяў, сярод кіраўнікоў, сярод людзей, адзначаных дзяржаўнай справай і ўладай.
Яшчэ да таго, як заняў Сяргей Кірылавіч гэтую пасаду, неяк быў ён на адным сходзе ў Няфёдках. Там прысутнічала сляпая жанчына, якая сказала: “Калі б тут быў Казановіч (ён працаваў тады ў ДАЦы)), я папрасіла б у яго паставіць прыдарожны крыж замест таго, што састарэў і ўпаў”. І гэта было, як заклік да дзеяння. Таму ў юрацішкаўскага старшыні ёсць справа, зробленая для ўсіх – на свае асабістыя сродкі ён паставіў крыж з лістоўніцы, якую, як аварыйнае дрэва, знеслі ў былым панскім садзе аграгарадка Лаздуны. Людзі ацанілі такі ўчынак і паверылі яму, як чалавеку слова. На сённяшняй пасадзе гэта асабліва важна.


…Канкрэтна на дзень сённяшні ў сельвыканкаме дзве неадкладныя справы, якія ўжо пачалі вырашаць. Гэта, канешне ж, добраўпарадкаванне ў рамках маючых адбыцца “Дажынак-2018” , другая ж справа, на маю думку, нічым не менш важная. Людзі прыслалі ліст. Там каля 300 подпісаў. Просяць яны адкрыць у Юрацішках міні-супермаркет “Брусничка” – еўраоптаўскую гандлёвую кропку. Спасылаюцца на артыкул у газеце “7 дзён” і хочуць, каб “і наша малая радзіма была больш сучаснай і прывабнай для жыцця”. Як жа прамаўчаць у адказ на такі ліст?! Сабраў старшыня ўсе дакументы, звароты грамадзян, акты, даведкі, звярнуўся ў райвыканкам і да кіраўніцтва “Еўраопту”. Работа ў гэтым накірунку працягваецца. Застаецца чакаць яе вынікаў.
Як і паўсюдна, быць дасведчаным наконт спраў у рэгіёне дапамагаюць старшыні сельвыканкама вясковыя старасты. Асабліва адзначыў Сяргей Кірылавіч Валянціну Васільеўну Канонік з Мілек, Мікалая Уладзіміравіча Клінцавіча з Косцяў. Яшчэ да аднаго старасты мы адправіліся асабіста. І мэтай наведвання была зусім не грамадская работа Ірыны Іосіфаўны Шавялы, а прадмет яе захаплення, яе тонкага душэўнага ўспрымання. Карацей кажучы, наш далейшы шлях ляжаў у Пасеку…

Цвітуць кветкі ў Пасецы

Для кветак тым халодным, зусім не вясновым красавіцкім днём было зусім рана. Аднак мы знайшлі іх у адной з хацін гэтай невялічкай, але яшчэ жывой вёсачкі, якая прымасцілася сярод палёў і лясоў у кіламетрах дзесяці ад Юрацішкаў. Жывой яе называюць самі жыхары. І сапраўды (абы не ўрачы) сярод адзінаццаці яе жыхароў – пяць мужчын. Гэта дзіўна. Бо нашы вёскі часам напамінаюць вёскі ўдавіц…

Т. Шавяла

І. Шавяла

У Пасецы жывуць парамі, як пахвалілася наша субяседніца Ірына Іосіфаўна Шавяла. Тая самая актыўная і сапраўдная стараста вёскі. Яна і без пасады заўжды была першым памочнікам сельскай улады – працавала ажно 25 гадоў у Чарнэльскай бібліятэцы. А хто больш, як ні вясковыя настаўнікі і працаўнікі культуры, неслі ў “людзі” рашэнні ўлад, урада, праводзілі перапісы і людзей, і хатняй жывёлы, насілі па хатах кнігі для тых, хто жадаў чытаць, але ўжо не меў сілы дайсці да бібліятэкі… Адвечныя працаўнікі – культработнікі.
На гэта патрэбен асаблівы характар. І ён у яе ёсць. Жывая, спрытная, хуткая ў справах хатніх і на рабоце, дзе толькі ні была яна разам з самадзейнымі артыстамі Чарнэльскага Дома культуры. І спявала, і чытала, і святы вёсак разам з загадчыцай Рэгінай Длужнеўскай ладзілі, і разам з мужам у хоры спявала. І яшчэ задоўга да таго, калі народныя промыслы і рамёствы сталі сапраўдным, як зараз кажуць, брэндам культуры Беларусі, выносіла яна на розныя святы свае вышыванкі. А калі ў калгасе патрэбна было накрыць стол, яго абавязкова ўпрыгожваў настольнік з яе вышыўкай. Ён зараз, як асаблівы рарытэт (каштоўная, рэдкая рэч), у калекцыі творчых работ Ірыны Іосіфаўны.
Яны і сапраўды творчыя, хоць вышывалі некалі многія. Аднак, калі ўлічыць, што падлеткавы ўзрост і юнацтва яе прыйшліся на канец 60-70-ых гадоў, то ўжо крыху здзіўляе захапленне вышыўкай. Хутчэй гэтым займаліся маці і бабулі дзяўчат такога ўзросту. Але... Мала таго, дзяўчына яшчэ і прала, ткала. На суседнім хутары Пірата, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва, у бацькоўскай хаце яшчэ стукалі вечарамі кросны…
Я сёння буду расказваць толькі пра яе, як народную майстрыцу. Зусім нядаўна ў нашай газеце быў вялікі матэрыял пра Ірыну Іосіфаўну, яе сям ‘ю, яе родных і блізкіх. А мы возьмем цёплую старонку жыцця гэтай светлай жанчыны — усё, што звязана з яе майстэрствам, яе захапленнем.
…У гэтай вёсцы пры-выклі працаваць спрадвеку. У суседняй Якуні жыў за польскім часам пан Дмухоўскі, а ў Пасецы – яго работнікі. Завіхаліся, шчыравалі і на панскіх палетках, і на асабістай гаспадарцы. Цяжка ўявіць, калі адпачывалі, аднак, так было.
Чаму вёска носіць назву Пасека, цяжка сказаць. Можа пчол шмат трымалі, можа месца было лясное, светлае… Аднак і сёння цэлых пяць пчаліных пасек у такой маленькай вёсцы!
Сям’я Шавёлаў таксама гаспадарлівая, разумная. Абое (і муж, і жонка) не прывыклі без справы сядзець. Траіх дзяцей выхавалі. Аднаго, на жаль, пахавалі ўжо дарослым.
А калі яны маленькімі былі, калі трэба было ночы не спаць, яна вышывала і не зважала ўвагі на стому. Усё атрымлівалася, усё ад сэрца шчырага ішло. І муж умеў з захапленнем паглядзець на яе чароўных птушак, папугаяў, ружы, васількі, вяргіні, анюціны вочкі, галінкі вінаграду, што рассыпаліся па прасцінах, настольніках, сурвэтках, навалачках. Яны і зараз пераўтвараюць хату ў нейкі асаблівы музей прыгажосці і творчасці. Ірына Іосіфаўна лічыць, што 27 гадоў назад, калі яна перанесла аперацыю на сэрца, рэабілітацыі дапамагла менавіта вышыўка.
Вышыванкі, фота-здымкі дзяцей і ўнукаў, іконы, самадзельны камод з ясеня, які дастаўся ёй ад бабулі і якому можа больш, як 200 гадоў, падзоры ад мачыхі… Гэта памяць, гэта прыгажосць, гэта свой асабісты душэўны свет. У яго таксама гарманічна ўпісваецца гаспадар Тадэвуш Францавіч, які, напэўна, каб даказаць, што і ён “не лыкам шыты”, дастаў са сваіх схронаў гармонік, і мы замілаваліся беларускай полькай. А яшчэ ён пляце такія прыгожыя, такія спрытныя кошыкі. У адным з іх (маленькім, упрыгожаным кветкамі і сурвэткай) гаспадыня носіць да касцёла на Вялікдзень свенціць яйкі, пірагі і тое, што пойдзе на святочны стол.
Напэўна, тут месца такое. Як кажа Ірына Іосіфаўна, у іх вёсцы няма сварак, няма боек, не прыязджае міліцыя, не разбіраюцца ні з чым улады. Бо Пасека – вёска добрых, разумных, гаспадарлівых людзей, самаму старэйшаму з якіх — 90 гадоў, а самая малодшая – яна. Пра ўзрост жанчыны не гавораць. Скажам толькі, што яна заўжды маладая, прыгожая, творчая, цудоўная гаспадыня. А ў вёсцы сёлета пачынаюцца залатыя вяселлі. І адно з іх – у сям’і Шавёлаў. То любоў і лад маладым! І ўсёй Пасецы.

Дом, дзе жыве міласэрнасць

Ён знаходзіцца ў Юрацішках. І ён на ўвесь раён адзіны такі. Менавіта ў Юрацішкаўскай участковай бальніцы, дзе раней знаходзілася аддзяленне кругласутачнага пражывання людзей сталага ўросту і інвалідаў Іўеўскага ТЦСАНа, пачынаючы з 1 верасня мінулага года размясцілася адзіная ў раёне бальніца сястрынскага догляду, куды перавялі нямоглых старых людзей, калі закрылі такія бальніцы ў Трабах і Бобравічах.

40 чалавек, 40 цяжкіх лёсаў – адзінокія, адзінока пражываючыя грамадзяне, дзеці якіх ці вельмі далёка, ці не маюць магчымасці даглядаць іх, ці іх наогул няма. І не трэба, як кажуць медыцынскія работнікі гэтай міласэрнай установы, ганьбаваць усіх агулам, што кінулі сам на сам бацькоў. Ёсць розныя сітуацыі, ёсць дзеці, за якімі ўжо таксама патрэбен догляд…
80 працэнтаў пенсіі, якую аддаюць гэтыя людзі на сваё ўтрыманне, складаюць толькі крыху больш 30 працэнтаў ад таго, што траціць дзяржава дзеля таго, каб гэтым людзям было цёпла, утульна, каб яны былі накормлены і дагледжаны, каб чыстымі былі іх ложкі і іх бялізна, каб не мерзлі і не паміралі яны ў адзіноце…
Медыцынскія работнікі, якія замянілі ім сям’ю, выконваюць пачэсны абавязак, які ўсклала на іх дзяржава. Ён заключаецца ў доглядзе і першай неабходнай дапамозе.
У калектыве аддзялення сястрынскага догляду 26 чалавек: загадчыца аддзялення Галіна Іванаўна Андрэева, старшая медсястра Наталія Станіславаўна Санг, восем медсясцёр з двух пастоў. Раз у месяц прыходзіць доктар, галоўны ўрач бальніцы Віталій Аляксандравіч Казакоў.
Большая частка персаналу – санітаркі. Людзі ў асноўным тут ляжачыя. Трэба і памыць, і накарміць, і пераадзець. Работы шмат. Але, нягледзячы на тое, што яна цяжкая, у гэтых людзей шмат і дабрыні, і цярпення, і міласэрнасці. Інакш, канешне, нельга, калі хочам мы людзьмі звацца. Кажуць жа, што па адносінах да старых і нямоглых можна меркаваць пра маральны стан грамадства і краіны.
У аддзяленні ёсць пакой з іконамі, дзе можна памаліцца Богу і праваслаўным, і католікам, куды прыходзяць два юрацішкаўскія святары. У іх можна папрасіць аб споведзі і прычасці. І часцей споведзь тая носіць яшчэ і характар духоўнай размовы. Людзі ж жыццё пражылі, ім патрэбны і слова дабрае, і падтрымка духоўная.
А яшчэ святары ні-колі не забываюць павін-шаваць нямоглых людзей са святамі, прынесці падарункі: і духоўныя, і звычайныя, як простыя людзі. Вось на Вялікдзень сёлета ксёндз – пробашч Віталій Чурган прынёс у аддзяленне шмат падарункаў, якія сабралі для пацыентаў вернікі. Настаяцель праваслаўнага храма пратаіерэй Сергій Казачок у той жа дзень, у які праваслаўныя адзна-чалі Вербніцу (Уваход Госпада ў Іерусалім), уручыў кожнаму з сарака хворых і нямоглых людзей па слоіку мёду і апельсіны. Знайшоўся спонсар, які штогод на Ражаство і Вялікдзень дапамагае бацюшку кожнаму з жыльцоў аддзялення ўручыць гэты духмяны падарунак. Ён адмовіўся назваць сваё імя, таму што сапраўдная міласэрнасць і дабрачыннасць не патрабуюць рэкламы і падзякі.
Галоўнае, што тыя, каму гэтая дапамога адрасавана, адчуваюць сябе не кінутымі, цяплеюць душамі ад таго, што іх памятаюць.
Бываюць тут канцэрты, прыязджаюць дзеці і ўнукі да асобных, ёсць свая Дошка гонару, на якой размешчаны фотаздымкі тых, хто ў аддзяленні жыве даўно, хто лічыцца доўгажыхаром. Кажуць, што фотаздымкі сям’і павінны быць на сценах. Яны дапамагаюць жыць, падтрымліваюць нас духоўна. Вось ў гэтай незвычайнай сям’і заведзена такая добрая традыцыя. Няхай яна будзе на добрае. Інакш нельга.

Ганна Ануфрыеўна
з “рэйхстага”…

Нядаўна адзначыла сваё 85-годдзе жыхарка Юрацішак Ганна Ануфрыеўна Гіруць. Калі спытаць у мясцовых жахароў, дзе яна жыве, вам абавязкова адкажуць: “Ведаеце, дзе рэйхстаг? Вось там і жыве”.
Рэйхстаг… Хто першым назваў і чаму так назвалі гэтую вялікую будыніну, зараз цяжка сказаць. Аднак, прыжылася і жыве. А між іншым, гэты дом на сем кватэр – былы маёнтак паноў Радкевічаў.
Пра гэта асабліва не задумваліся да тае пары, пакуль не пачалі прыязджаць сюды нашчадкі Радкевічаў, каб яшчэ раз пастаяць на зямлі ля роднага дома, каб зайсці і памаліцца ў пакоі пані Веранікі, каб убраць родныя пагосты, раскіданыя па могілках раёна, і пагутарыць з людзьмі, якія іх сардэчна прымаюць у гэтым доме.
А прымаюць польскіх гасцей менавіта Ганна Ануфрыеўна і дачка яе Жана Яўгенаўна.
Ды і не толькі іх прымаюць. Зацікавіўся помнікам Першай сусветнай вайны, што ўзведзены кайзераўскімі салдатамі, штаб дывізіі якіх стаяў ля гэтага дома, вядучы перадачы канала СТБ “Путешествие дилетанта” Юрый Жыгамонт і таксама трапіў да Гіруцёў, раз-пораз завітвае на чай валанцёр Хельмут з Германіі разам са сваімі сябрамі. Яны таксама прыйшлі да гэтага помніка. І, як і заўжды, Гіруці прывецілі вандроўнікаў.
Сустрэць чалавека, накарміць з дарогі, даць адпачыць – даўняя традыцыя славян. І хоць яна пакрыху сышла з жыцця, Гіруці ад яе не адмаўляюцца.
Ганна Ануфрыеўна веруючы чалавек. Храм Свяціцеля Мікалая Чудатворцы – гэта адзінае месца, куды яна яшчэ абавязкова выходзіць. А раней была пеўчай царкоўнага хору, спявала ў ім яшчэ дзіцем, яшчэ тады, калі настаяцелем быў пратаіерэй Барацінскі (ён памёр у 40-я гады).
Чалавек адданы Богу, веры, чалавек, які вельмі шмат чытае. Апошнім часам на яе століку – літаратура духоўная. Шмат кніг ёй дорыць і дае пачытаць айцец Сергій, настаяцель мясцовага храма.
Яна і сама, як кніга жыцця. Шмат памятае, шмат ведае з гісторыі мясцовага рэгіёну. Таму так даспадобы прыйшлася ёй новая кніга «Под омофором святителя Николая Чудотворца» – манаграфія, прысвечаная праваслаўнаму храму гарадскога пасёлка Юрацішкі. Яе напісаў выхадзец з Юрацішак, доктар гістарычных навук,прафесар Сяргей Мікалаевіч Стрэнкоўскі.
У пакоях сям’і шмат ікон. Ікон цікавых, ікон з гісторыяй. Ганна Ануфрыеўна і Жана Яўгенаўна ганарацца, што ў іх ёсць ікона з выявай Бога. Такіх абразоў зараз не пішуць іконапісцы. А некалі частку іконаў у 1867 годзе прывёз з Масквы дзядуля Ганны Ануфрыеўны. І яны адносяцца да сямейных каштоўнасцей, перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
…Яе вера фарміравалася з самага дзяцінства. Памятае жанчына, як разам з маці былі яны на адкрыцці і асвяшчэнні касцёла ў Юрацішках у 1937 годзе, як йшлі туды па пыльнай дарозе з Лабачоў, узяўшы з сабой вільготную анучку, каб выцерці забруджаны абутак.Ёй так хацелася ў храм, што маці часта прасіла суседзяў узяць дзяўчынку з сабой.
Напэўна, менавіта вера навучыла яе людскасці, добрым адносінам да людзей. Сёння яна частуе чаем нямецкіх вандроўнікам, а некалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны маленькай, разам з вясковымі дзеткамі, хадзіла яна да нямецкага бункера, што знаходзіўся побач з Лабачамі, каб за яйкі ці сметанковае масла купіць у салдат цукерак…
Кажа, што салдаты тыя былі менш страшнымі, чым бандыты-нацыяналісты, якія пасяліліся ў лясах пасля вайны, выразалі міліцыянераў, савецкіх і партыйных работнікаў, іх сем’і, рабавалі людзей…
Толькі вера, напэўна, дапамагае прабачыць, забыць, паверыць…Толькі вера напаўняе сэрца і душу чалавечымі лепшымі пачуццямі. І такія людзі ў нашым жыцці, як лакмусавая паперка для вызначэння нашай асабістай годнасці.

Жыццёвыя ўніверсітэты Ніны Авакумаўны

…У кожным месцы, у кожным населеным пункце ёсць людзі, якія чырвонай ніткай праходзяць праз лёсы многіх пакаленняў, людзі, якія маюць дачыненне да многіх добрых спраў і падзей вёскі ці горада, без якіх нельга ўявіць тое ці іншае месца, якіх памятаюць і якіх заўжы рады сустрэць праз гады землякі.
У Ніны Авакумаўны Струк, настаўніцы, былога дырэктара на працягу многіх гадоў Юрацішкаўскай сярэдняй школы менавіта такі лёс – быць знакавай асобай роднага пасёлка. І тут больш адказнасці, чым гонару. Калі цябе паважаюць, шануюць, калі ты – прыклад, то, безумоўна, ты не можаш сабе дазволіць безадказна ісці па жыцці. Кожны крок – абдуманы, кожны крок – мэта.
Зрэшты, сказаць, што педагогіка была мэтай, будзе не зусім правільным. Разумная дзяўчынка разумных бацькоў, якія ў 1951 годзе прыехалі з Турава ў Юрацішкі (бацьку прапанавалі стаць галоўным бухгалтарам Іўеўскага раённага спажывецкага таварыства), у 1956 годзе скончыла Юрацішкаўскую сярэднюю школу. І тым жа часам прыйшоў у школу да дырэктара Міхаіла Іванавіча Касяка рэдактар юрацішкаўскай раёнай газеты Станіслаў Рыгоравіч Шут, які папрасіў назваць лепшага сярод выпускнікоў знаўцу – філолага.
Ніну Авакумаўну запрасілі працаваць у рэдакцыю газеты “Новае жыццё”. Тры гады яна аддала працы, якая, прынамсі, стала падабацца. Карэктар, літсупрацоўнік…Завочна навучалася ў БДУ на адзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта. Гэта потым журналістыка будзе мець асобны факультэт, а ў нашы дні наогул стане інстытутам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Цівавыя абставіны, работа з творчымі, разумнымі людзьмі. Раённая рэдакцыя была сапраўднай школай і прафесіі, і жыцця. Давялося працаваць і сябраваць з намеснікам рэдактара Анатолем Міхайлавічам Русаковічам, які пазней стаў загадчыкам сектара друку ЦК КПСС у Маскве, але ўсё жыццё, сустрэўшыся, быў прыветлівым і шчырым з сябрамі з маленькай “раёнкі”. Час такі быў – час інтэлігентных, добрасумленных і прыстойных людзей, якія сяброўства ацэньвалі не пры дамазозе рангаў і службовага становішча.
— Ёсць кнігі, — кажа Ніна Авакумоўна, — якія прачытаеш і адчуеш, што набыў штосьці каштоўнае.
Ёсць і людзі такія, кожная сустрэча і кожная гутарка з якімі ўзбагачае душу, сагравае сэрца, застаўляе па-іншаму глянуць на жыццё і сябе самога ў ім…
Аднак, у 1961 годзе раёны аб’ядналі. І Юрацішкаўскі раён, як адміністрацыйная адзінка, перастаў існаваць. А з ім і газета “Новае жыццё”. Аднак, падшыўкі яе за былыя часы кожны жадаючы можа і сёння знайсці ў рэдакцыі газеты “Іўеўскі край”, дзе захоўваюцца ўсе падшыўкі Іўеўскай і Юрацішкаўскай газет, пачынаючы з 1944 года.
Скасавалі многіх работнікаў. І Ніна Струк аўтаматычна пазбавілася магчымасці навучацца на аддзяленні журналістыкі. Такі быў парадак. Калі не працуеш у газеце, навучаешся далей на філалагічным адзяленні. І дыплом адпаведны атрымліваеш.
Але пакуль яна прыйшла ў школу, жыццёвыя ўніверсітэты працягваліся ў райкаме камсамола, дзе працавала інструктарам, другім сактараром, а затым – першым сакратаром Воранаўскага ЛКСМБ.
І ўсё ж у 1964 годзе яна зноў пераступіла парог сваёй роднай Юрацішкаўскай школы. Ужо педагогам.
І зноў ёй пашчасціла, зноў было ля каго спасцігаць сэнс жыцця, вучыцца быць чалавекам, кіраўніком, патрыётам, грамадзянінам. Такім быў тагачасны дырэктар мясцовай школы Яўген Рыгоравіч Пласковіч, выключна адданы ідэі, Радзіме.
Гэта разам яны сачынялі скаргі на дрэнныя ўмовы для навучання дзяцей у старой школе. Ніна Авакумаўна, як былы журналіст, пісала прыгожую “шапку” (так журналісты называюць запеўку артыкула ці афармленне верха паласы (старонкі). У гэтай “шапцы” пісалася, які цудоўны населены пункт Юрацішкі, ях хадзілі тут шведы, немцы, як гналі іх абаронцы Айчыны, як шануюць людзі сваю гісторыю. Далей Яўген Рыгоравіч працягваў скардзіцца, як немагчыма выхоўваць і навучаць дзяцей у аварыйным будынку, у цеснаце… 540 вучняў было ў Юрацішкаўскай сярэдняй школе.
…У 1974 годзе ў новы шыкоўны будынак школы зайшлі вучні. І гэта было праз шэсць год з таго дня, калі Ніна Авакумаўна Струк стала дырэктарам.
20 гадоў — з 1968 па 1988— вяла яна гэты карабель ведаў, не звяртаючы ўвагі ні на рыфы, ні на штормы. Змагалася за веды і за душы падрастаючага пакалення. Быў сабраны багацейшы матэрыял для школьнага музею баявой і працоўнай славы, склаўся мудры, адукаваны калектыў. І ва ўсім гэтым была безумоўная заслуга Ніны Авакумаўны. Ужо ля яе вучыліся, спасцігалі жыццёвыя ўніверсітэты настаўнікі і дзеці.
За бездакорную, самаадданую працу, за вялікія веды, вялікую адданасць справе выхавання і навучання падрастаючага пакалення Ніна Авакумаўна адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн “Знак Пашаны” і званне “Выдатнік народнай адукацыі Беларусі”.
Галоўная ж узнагарода - гэта тое, што яе паважаюць і дзеці, і іх бацькі, яе паважаюць жыхары роднага пасёлка. А гэта так прыемна – быць сваім сярод сваіх і быць паважаемым.

Дарога да храма…

Яна так даўно доўжыцца. Яна была такой часам цяжкай, такой балючай, такой забароненай. Адны захопнікі (шведы) спрабавалі зрабіць у гэтым храме канюшню, аднак сама Багародзіца стала на яе абарону. Як гаворыць паданне, непрыяцельскаму салдату з’явілася жанчына (Дзева Марыя) з храмавай іконы і сказала, што не трэба гэтага рабіць. Другія ворагі (немцы ў Першую сусветную вайну) закрылі храм і наладзілі ў ім працу ваеннага шпіталю. Ды вось жа незадача — ніхто не ачуньваў у тым шпіталі. Раненыя паміралі нават ад самай дробязнай раны. І тады шпіталь перанеслі ў іншы будынак. А магілы памёрлых у царкве салдат да гэтае пары знаходзяцца на тэрыторыі ля храма, і іх даглядаюць прыхаджане.
Потым прыйшлі свае “ворагі”. І амаль усе праваслаўныя храмы ў 60-ыя гады былі зачынены, пераўтвораны ў зернесховішчы, у сховішчы для мінеральных угнаенняў. А храм Свяціцеля Мікалая Чудатворцы працягваў дзейнічаць. Тут цішком хрысцілі дзяцей з усяго раёна і з іншых месц, тут самыя “смелыя” вянчаліся, сюды вясновымі вечарамі спяшаліся на Усяночную бабулькі з навакольных і нават аддаленых вёсак…
А яшчэ кажуць, што храм не закрылі менавіта таму, што вельмі паважаным, значным чалавекам нават для партыйных улад быў мясцовы бацюшка, пратаіерэй Васілій Гаўрылавіч Цімохін, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, сапраўдны інтэлігент, выхаваны, адукаваны чалавек, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям, які годна працягнуў справу пастырскага служэння сваіх папярэднікаў, пачынаючы з 16 стагоддзя…Гэта ўзносы яго прыхаджан у раённы Фонд міра заўжды былі самымі вялікімі і значнымі. А потым, у старасці, ён аддаваў туды раз-пораз сваю пенсію… Як бы даказваючы адвечную выснову, што мір і дзяржава трымаюцца на воінстве і веры… Васіль Гаўрылавіч быў узнагароджаны Граматай Паўнамоцнага по справах рэлігій і нацыянальнасцей БССР.
…Яго памятаюць да гэтае пары, за спакой яго душы моляцца прыхаджане, памятаюць яго пропаведзі і наказы. Тамара Уладзіміраўна Валько, якую мы сустрэлі ў храме, расказвае, як ездзіла да бацюшкі ў іншы раён, дзе ён, хворы і ў вельмі сталым узросце, дажываў свой век каля ўнучкі. Бацюшка наказваў верыць і берагчы праваслаўную веру.
…У храме ў дзень нашага прыезду ў Юрацішкі ішла ўборка. Жанчыны рыхтавалі царкву да вялікага, галоўнага свята хрысціянства – Вялікдзеня. Быў з імі і айцец Сергій. Зараз ён вядзе людзей па дарозе да храма. Да сімвалічнага храма. Бо ў царкву яны прыходзяць самі, а потым належыць кожнаму здзейсніць сапраўдны духоўны подзвіг – пабудаваць свой асабісты храм, якім павінна быць душа хрысціяніна.
Айцец Сергій з 2000 года з’яўляецца настаяцелем храма. І гэта дастатковы час, каб прырасці душой да храма, да людзей. Як кажа сам святар, да кожнага прыходу прывыкаеш. І кожны пакідаеш са слязьмі. Аднак, святары, як ваеннаслужачыя – едуць туды, куды іх накіроўваюць. І паўсюдна яны павінны быць на сваім месцы, на сваім прыходзе, са сваімі людзьмі. А яны, прыхаджане храма Свяціцеля Мікалая Чудатворцы, кажа пратаіерэй Сергій Казачок, самыя лепшыя, самыя светлыя. Дзеля іх і на славу Божую нясе сваё пастырскае служэнне бацюшка, у імя гэтага звіняць званы храма. Зараз іх ажно пяць. І яны напоўняць заўтра наваколле святочным звонам, вялікодным звонам.
Новые званы новага старога храма. Агульнавядомая трагедыя, калі агнём было знішчана памяшканне храма, ніколі не забудзецца, ніколі не пакіне душы і сэрцы. Аднак, як кажуць святар і Тамара Уладзіміраўна, з якой мы таксама гутарылі, не згарэла галоўная старынная ікона храма. Тая самая, якая не дапусціла ворагаў з іх канюшняй, не згарэлі іншыя іконы і каштоўнасці царквы. Яны засталіся “на сваім месцы, са сваім прыходам”, па словах настаяцеля Сергія Казачка…
Гэты было сапраўднае выпрабаванне і для бацюшкі, і для прыхаджан. І яны яго вытрымалі. Таму што ўсё тут робіцца з любоўю. І людзі прыходзяць з любоўю, дапамагаюць з любоўю. І сустракаюць іх тут з любоўю. І гэта самае галоўнае. Раскідалі па СМІ і ў гутарках высокія словы Фёдора Дастаеўскага накот таго, что прыгажосць уратуе свет. Хто як яго разумее, але зусім не так і не ў такім кантэксце, як вялікі пісьменнік. Нядаўна прачытала меркаванне адносна гэтага выразу сербскага пісьменніка Міларада Павіча. Ён кажа:” У вашым свеце, дзе прыгажосці заўжды больш, чым любові, ніхто вас не ўратуе”. Таму любоў і прыгажосць душы, учынкаў выхоўваюцца і культывіруюцца бацюшкам і самімі прыхаджанамі.
…Мы пакідалі Юрацішкі, адчуваючы, што сапраўды, як сказала Ніна Авакумаўна Струк, набылі для сваёй душы і свайго сэрца нешта надзвычай каштоўнае. І зараз спяшаемся падзяліцца ім са сваімі чытачамі.

В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

 

Оставить комментарий

Ивье

Облачно
23°C
С - 17.70 км/ч
Вторник
18°C / 26°C
Среда
17°C / 24°C
Четверг
18°C / 26°C
  • Популярное
  • Коммент.

Способы оплаты

Наши соцсети

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 1 руб. 80 коп. (18 тысяч рублей); 
– на три месяца – 5 руб. 40 коп. (54 тысяч рублей); 
– на шесть месяцев – 10 руб. 80 коп. (108 тысяч рублей).

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

в РКЦ № 14 в. г. Ивье филиала
ОАО "Белагропромбанк" -
Гродненское областное управление,
расположенном по адресу:
231337, г. Ивье, ул. 50 лет Октября,
21а, код BAPBBY24457,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки

Президент Республики Беларусь


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.